Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Традыцыя вырэзвання з паперы ў Навагрудскім раёне

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 43Б0000100
Дата ўключэння: 02/08/2016
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 22.01.2014 № 210. Пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 02.08.2016 № 607
Шыфр (у Інвентары): НКС-140730/01

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці. Адрас: вул. Савецкая, 8, 230025, г. Гродна, ;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Традыцыя вырэзвання з паперы ў Навагрудскім раёне

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

выцінанка-выбіванка

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Клімко Наталля Аляксандраўна – носьбіт рамяства выбівання на паперы (пражывае у г. Навагрудак); Клімко Вераніка Міхайлаўна – вучаніца майстра (пражывае у г. Навагрудак); Клімко Міхаіл Іванавіч – майстар па вырабу інструментаў для выбівання на паперы (пражывае у г. Навагрудак);Журавель Лілія Міхайлаўна – пераемнік рамяства выбівання на паперы ад Н. А. Клімко (пражывае ў в. Вераскава Навагрудскага раёна)

Арэол распаўсюджвання:

Гродзенская вобласць » Навагрудскі раён » г. Навагрудак;  

Кароткае апісанне элемента:

Навагрудская традыцыйная выцінанка-выбіванка – гэта адметная тэхніка “выбівання” пэўнага малюнка на паперы з дапамогай спецыяльных інструментаў: долата альбо расплюшчанага цвіка, металічнай трубачкі (пустой гільзы) альбо вострай алюмініевай трубачкі. Асновай такіх вырабаў з’яўляецца ромбавідная сетка, якая імітуе сабой ячэйкі гардзіннага палатна, вязанага з нітак. На ёй размяшчаюцца сіметрычныя буйныя кветкі або букеты, а па краях фіранак выбіваюцца зубчыкі паўмесяцам або вугольнікамі. Такія фіранкі ствараюць ілюзію гафтаваных вырабаў. Раней яны вешаліся на вокны, у чырвоны кут на абразы майстрыхі выбівалі ручнікі-набожнікі, якія на некаторы час замянялі тканыя або вышытыя ручнікі. Зараз вырабы ў стылі навагрудскай выцінанкі-выбіванкі выкарыстоўваюцца ў афармленні этнаграфічных куткоў як элементы дэкаратыўнага аздаблення сучаснага інтэр’еру. Папяровымі ўзорамі, створанымі ў жанры выцінанкі-выбіванкі ўпрыгожвалі інтэр’еры жытла ў некаторых вёсках на Навагрудчыне ў 1930–1950-х гг. XX ст. Спосаб вырабу выцінанак з дапамогай трубачак, долата, выразання нажом сустракаўся даволі рэдка. Гэта звязана з тым, што папера – матэрыял недаўгавечны, а ўзоры, выкананыя такой тэхнікай, вырабляліся адзінкавымі майстрыхамі, якія мелі асаблівыя здольнасці. Менавіта яны пакінулі свой след у памяці аднавяскоўцаў і людзей старэйшага пакалення, а праз гады гэта мастацтва стала асновай для аднаўлення традыцыйнай навагрудскай выцінанкі-выбіванкі, якая ў сувязі з незапатрабаванасцю на некаторы час была страчана. Аднавіла і перадала наступным пакаленням гэты ўнікальны від выцінанкі Ніна Пятроўна Шурак. Сёння асноўным носьбітам традыцыі выбівання выцінанак з’яўляецца адна з яе вучаніц Клімко Наталля Аляксандраўна, якая перадае свае веды незвычайнай тэхніцы выбівання на паперы ажурных узораў падлеткам, моладзі, людзям сталага ўзросту падчас майстар-класаў, семінараў-практыкумаў, на выстаўках і адкрытых занятках навучання рамяству

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя рамёствы » Выцінанка

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Мастацтва выцінанкі сёння становіцца ізноў актуальным і карыстаецца попытам і зацікаўленасцю як у моладзі, так і ў людзей старэйшага пакалення. На Навагрудчыне спосаб вырабу традыцыйнай выцінанкі адрозніваецца ад іншых сваёй тэхнікай выконвання – на шчыльнай паперы выбіваецца ўзор, аснова якога складаецца з ячэістай сеткі, якая імітуе гардзіннае палатно. Самабытнасць і непаўторнасць такой унікальнай тэхнікі дае магчымасць выкарыстоўваць выбіванкі як у сучасным хатнім інтэр’еры, так і ў афармленні офісаў, кафэ-бараў, канцэртных пляцовак. Так, напрыклад, аздабленне агратурыстычнага аб’екта (аграсядзібы) у стылі “навагрудскай выбіванкі” будзе выглядаць па-сучаснаму стыльна і ў той жа час традыцыйна. Да таго ж папера – вельмі танны і экалагічна чысты матэрыял.Бялюткія ўзоры выцінанкі-выбіванкі, накладзеныя на розныя адценні цёмнага фону, аформленыя ў рамку, з’яўляюцца вельмі прыгожым элементам дэкору ў сучасным інтэр’еры.Такія вырабы могуць выкарыстоўвацца ў якасці святочных паштовак і разеткавых святочных сурвэтак

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Навагрудская выцінанка-выбіванка як кампанент народнай традыцыі запатрабавана ў сучасным грамадстве. 1) На сённяшні дзень выцінанка-выбіванка з’яўляецца ідэнтыфікатарам мясцовай культуры. Тэхніка выбівання на паперы трубачкамі, долатам, вырэзванне ўзораў нажом і нажніцамі была вядома і ў другіх рэгіёнах Беларусі, але менавіта тэхналогія выбівання цвіком на дошцы захавалася і працягвае сваё існаванне толькі на Навагрудчыне. 2) Мастацтва выцінанкі-выбіванкі выконвае эстэтычныя функцыі, выступае як творчае самавыяўленне майстра. Гэта арыгінальны элемент дэкору ў сучасным інтэр’еры (як у гарадскім, так і вясковым). 3) Выцінанка-выбіванка выкарыстоўваецца ў аздабленні музеяў і куткоў традыцыйнай культуры на Навагрудчыне, захоўвае сваё ўтылітарнае прызначэнне – упрыгожвання інтэр’ера. 4) Дадзены від мастацтва выконвае выхаваўчую ролю для малодшага пакалення навагрудчан. 5) Выцінанка-выбіванка мае функцыю рэсурсу турыстычна-рэкрэацыйнага развіцця рэгіёна. Прываблівае наведвальнікаў выставак і турыстаў сваёй незвычайнасцю і тэхнікай выканання

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”, аддзел па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі Навагрудскага райвыканкама, Навагрудскі раённы Цэнтр рамёстваў

Паходжанне элемента:

Папяровымі ўзорамі, створанымі ў жанры выцінанкі-выбіванкі ўпрыгожвалі інтэр’еры жылля ў некаторых вёсках на Навагрудчыне ў 1930–1950-х гг. XX ст. Так выконвалі ручнікі на абразы, фіранкі, вугалкі на палічкі, сурвэткі пад кулічы. Падрыхтоўка ўпрыгожванняў для інтэр’ера прымяркоўвалася да самых значных свят – Вялікадня і Ражства. Фіранкі, ручнікі, карункі, сурвэткі выразаліся нажніцамі. Асобныя гаспадыні дапоўнілі традыцыйную тэхніку вырэзвання ўласнымі прыёмамі – выбіваннем долатам, расплюшчаным завостраным цвіком, трубачкамі, аднак такі спосаб вырабу выцінанак сустракаўся даволі рэдка, бо папера – матэрыял недаўгавечны, а ўзоры, выкананыя такой тэхнікай, вырабляліся адзінкавымі майстрыхамі. Менавіта яны пакінулі свой след у памяці аднавяскоўцаў і праз гады іх мастацтва стала асновай для аднаўлення традыцыйнай навагрудскай выцінанкі-выбіванкі, што ў сувязі з незапатрабаванасцю на некаторы час была страчана. Аднавіла гэты ўнікальны від выцінанкі Ніна Пятроўна Шурак (гады жыцця 1932–2009). Нарадзілася яна ў в. Мілушава. З дзяцінства дзяўчынка бачыла, як старанна рыхтавалася яе маці да Вялікадня. Жылі бедна, купіць у краме гардзінную тканіну на вокны не маглі. Маці сама рабіла прыгожыя фіранкі з паперы на вокны, на палічкі – вугалкі, а на абразы – ручнікі. Яны нагадвалі фіранкі, якія куплялі ў краме, але ўзоры і ажурная сетка выбіваліся з дапамогай долата. У такой тэхніцы рабіліся фіранкі ў некаторых вёсках Навагрудскага і Карэліцкага раёна (са слоў Н. П. Шурак). Ніна Пятроўна паспрабавала зрабіць фіранкі і ручнік на абразы, калі стала працаваць захавальнікам фондаў у Навагрудскім гісторыка-краязнаўчым музеі (прыкладна ў 1993 г.). Яе работы і зараз упрыгожваюць куток экспазіцыі інтэр’ера сялянскай хаты 1930-х гадоў. Склаўшы ліст ватмана, яна намалявала ячэістую сетку, а па ёй – буйныя ружы, але выразаць такі ўзор нажніцамі было немагчыма. Дапамагла старэйшая сястра – расплюшчыла вялікі цвік і навастрыла яго. Дошку з дуба зрабіў загадчык гаспадаркі музея. Цвік, дошка і малаток сталі асноўнымі інструментамі ў творчасці майстрыхі. Ніна Пятроўна стварала ўзоры фіранак і набожнікаў найбольш набліжаныя да прыроды – гэта былі валошкі, каласкі, рамонкі, птушкі, матылькі. Сустрэчы з землякамі, неабыякавасць да мінулага, мэта захаваць узоры мастацтва для нашчадкаў паслужылі падставай, каб у сталым узросце Н. Шурак пачала адраджаць забытую тэхналогію вырабу мясцовых фіранак. Працавала Ніна Пятроўна ў асноўным зімой у сваёй гарадской кватэры, а летам жыла ў в. Падкасоўе ў сястры. Апошнія гады жыцця яна ўпрыгожвала там на Вялікдзень вокны выбітымі з паперы фіранкамі. У 2000 г. быў адкрыты Навагрудскі раённы Цэнтр рамёстваў, і Ніна Пятроўна стала сябрам і дарадцам яго калектыву. На гэты ж час (2002–2009 гг.) прыпадае росквіт яе творчасці. Майстрыха ўдзельнічала ў рэспубліканскіх і абласных святах народнай творчасці, выстаўках, дзе была ўзнагароджана шэрагам дыпломаў, праводзіла майстар-класы, дзялілася ведамі. Ніна Пятроўна стварыла больш за 50 розных фіранак, набожнікаў, спрабавала рабіць і невялікія пано. Калекцыя яе выбіванак захоўваецца ў Навагрудскім краязнаўчым музеі і ў Навагрудскім раённым цэнтры рамёстваў. Ёсць творы Н. Шурак і ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі, музеі Мінскага АЦНТ, Польскім музеі народнага мастацтва ў Атрэмбусах. У 2009 г. майстрыхі не стала. З адыходам Ніны Пятроўны мастацтва навагрудскай выцінанкі-выбіванкі не было страчана. Сёння яго практыкуе вучаніца Н. Шурак – Наталля Аляксандраўна Клімко. Яна дасканала вывучыла тэхніку выцінанкі-выбіванкі і перадае майстэрства сваім вучням

Стан бытавання:

менш распаўсюджаны

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

У 30–40 гг. XX ст. выцінанка займала сваё пачэснае месца ў сялянскім вясковым побыце, была важнай часткай культурнай традыцыі дэкаратыўнага ўпрыгожвання жылля на Вялікдзень, Каляды, Міколу. Гэта былі і самыя значныя святы і ў вёсках Мілушава, Падкасоўе, Харосіца, Весялова і шэрагу вёсак Навагрудскага раёна, якія месцяцца недалёка ад Мікалаеўскай царквы ў в. Нягневічы, дзе жывая памяць пра традыцыі перадавалася ад маці дачцэ. Гаспадыні, якія рыхтаваліся да свят, узоры на свае вырабы падбіралі адпаведна асабістаму ўяўленню аб прыгожым і мясцовым культурным ландшафце. Гэта былі букеты лугавых кветак з рамонкаў, валошак, макаў, каласкоў, лісця клёну і рабіны, птушкі і матылькі – тое, што яны бачылі кожны дзень за акном, што было ім блізка. Сучасны асноўны носьбіт традыцыі выцінакі-выбіванкі Наталля Клімко сюжэтныя кампазіцыі сваіх выбіванак таксама звязвае з мясцовымі каляндарнымі святамі, сцвярджаючы тым самым, што ўстойлівасць гэтага мастацтва звязана з традыцыйным культурна-прыродным асяроддзем. Сюжэты яе твораў запазычаны з матываў роднай прыроды – гэта буйныя букеты на фоне выбітай сеткі, птушкі, расліны

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Паўднёва-заходні дыялект беларускай мовы

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Папера, аловак, дошка, малаток, выбойнікі, разец, лінейка

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

На сённяшні час традыцыйная навагрудская выцінанка-выбіванка з’яўляецца вельмі важным элементам нематэрыяльнай культуры ў плане яго падтрымкі для Навагрудскага раённага Цэнтра рамёстваў, які ўзначальвае Наталля Клімко. Яна добра разумее неабходнасць захавання і перадачы гэтага элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны пераемнікам. Таму стараецца як мага больш распаўсюджваць веды аб гэтым унікальным і прыгожым відзе традыцыйнага мастацтва. Н. Клімко ўдзельнічае ў выстаўках, праводзіць майстар-класы, адкрытыя заняткі. У гэтым ёй дапамагаюць супрацоўнікі Цэнтра рамёстваў, асабліва метадыст-майстар Юшкевіч Вольга Міхайлаўна. Яна разам з Наталляй Аляксандраўнай ладзіла вечары-сустрэчы, выстаўкі Ніны Пятроўны Шурак, а зараз праводзіць цікавыя пазнавальныя экскурсіі для наведвальнікаў выставак Цэнтра рамёстваў, – чым папулярызуе традыцыйнае мастацтва Навагрудчыны. Мясцовыя школьнікі і моладзь з захапленнем слухаюць расповеды пра майстроў-землякоў. На майстар-класах і семінарах яны з задавальненнем і цікавасцю спрабуюць самі працаваць малатком і выбойнікам. Вельмі рады, калі ў іх атрымліваецца роўненькі ромбік. Мэта такіх заняткаў – перадаць веды, практычны вопыт, зацікавіць тым, што менавіта моладзь і дзеці могуць стаць пераемнікамі традыцыйнай культуры і павінны ганарыцца Навагрудчынай і яе ўнікальным мастацтвам. Навагрудскім раённым Цэнтрам рамёстваў выдадзены метадычны дапаможнік, які знаёміць усіх зацікаўленых з традыцыйнай навагрудскай выцінанкай-выбіванкай і тэхнікай яе выканання.На адным з семінараў падчас майстар-класа тэхнікай выцінанкі-выбіванкі зацікавілася загадчык Чарашлянскага клуба-музея партызанскай Славы Лілія Міхайлаўна Журавель – майстрыха на ўсе рукі, якая валодае рознымі прыёмамі рукадзелля, шытвом, вязаннем шыдэлкам і на спіцах, вышыўкай, саломапляценнем і аплікацыяй. Таму засваенне новага віду рамяства не стала складаным. Інструменты і дошку ёй зрабіў муж. Працаваць над выбіванкай Ліліі Міхайлаўне вельмі падабаецца. У 2012 г. яна зрабіла першыя вырабы: набожнік, вугалкі на палічкі і карнізы, на сцяну – пано з выявамі букетаў і аформіла этнаграфічны куток у сельскім клубе ў в. Чарэшля.Дзякуючы такім таленавітым людзям, як Л. М. Журавель, у вёску наведваюцца госці з горада і нават з-за мяжы. Унучка Валерыя з радасцю едзе ў в. Вераскава да бабулі-майстрыхі і хоча, як і бабуля, ствараць прыгажосць вакол сябе.Наталля Клімко навучае майстэрству выцінанкі-выбіванкі і сваю дачку Вераніку. Тое, чым займаецца маці, ёй вельмі падабаецца. Таму, калі ўзнікла пытанне, якім чынам лепей аформіць сцены ў інтэрнаце для хворых пражываючых, дзе маладая жанчына працуе інструктарам па працатэрапіі, яна вырашыла адразу: няма лепей, чым у стылі навагрудскай выцінанкі-выбіванкі. Папера – матэрыял танны, экалагічны, на ўзорыстай сетцы можна зрабіць любыя малюнкі, праявіць свае творчыя здольнасці. Паспрабавала і зрабіла. Зараз яе бялюткія, светлыя пано ўпрыгожваюць сцены інтэрната. Гэта яшчэ раз пацвердзіла тое, што і ў сучасным інтэр’еры ёсць месца для традыцыйнага народнага мастацтва выцінанкі-выбіванкі.Непасрэдна працэс перадачы тэхналагічных прыёмаў выбівання ўзору на паперы першапачаткова адбываўся вусным шляхам – Н. П. Шурак распавядала ва ўспамінах як рыхтавалася да Вялікадня яе маці, якім чынам яна ўпрыгожвала хату.Сёння перадача ведаў адбываецца праз сістэму пазашкольнай адукацыі ў Навагрудскім раённым Цэнтры рамёстваў: ад настаўніка да вучня. Супрацоўнікі Навагрудскага раённага Цэнтра рамёстваў, які ўзначальвае Наталля Клімко, ладзяць семінары-практыкумы, майстар-класы, адкрытыя заняткі па традыцыйных рамёствах, папулярызуюць мастацтва мясцовай выцінанкі-выбіванкі для школьнікаў горада і раёна, для навучэнцаў каледжаў, настаўнікаў. На сённяшні дзень у Н. А. Клімко толькі дзве вучаніцы, якія спрабуюць працаваць у тэхніцы выцінанкі-выбіванкі – Л. М. Журавель і В. М. Клімко

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

• складанасць працы з завостранымі інструментамі і малаткамі не дазваляе займацца выбіванкай дзецям і падлеткам без кантролю з боку дарослых;• адсутнасць матэрыяльнага стымулу для моладзі (патэнцыяльных пераемнікаў)

Ключавыя словы

выцінанка-выбіванка, папера, узоры

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Дыплом.pdf

Дыплом.pdf

Дыплом_Вясновы_букет.pdf

Дыплом_Вясновы_букет.pdf

Дыплом_Лепшы_майстар.pdf

Дыплом_Лепшы_майстар.pdf

Дыплом_Скарбы_Гродзеншчыны.pdf

Дыплом_Скарбы_Гродзеншчыны.pdf

З выданняў_Бел і літ выцінанка312.pdf

З выданняў_Бел і літ выцінанка312.pdf

З выданняў_тэкст.pdf

З выданняў_тэкст.pdf

ПАГАДНЕННЕ.pdf

ПАГАДНЕННЕ.pdf

Пасведчанне_лаўрэата.pdf

Пасведчанне_лаўрэата.pdf

артыкул_Бумажные_кружева.pdf

артыкул_Бумажные_кружева.pdf

артыкул_Гродзенская_праўда.pdf

артыкул_Гродзенская_праўда.pdf

артыкул_Лідская_газета.pdf

артыкул_Лідская_газета.pdf

артыкул_Майстар_года.pdf

артыкул_Майстар_года.pdf

артыкул_Народны_майстар.pdf

артыкул_Народны_майстар.pdf

артыкул_Наша_слова.pdf

артыкул_Наша_слова.pdf

артыкул_Новае_жыццё.pdf

артыкул_Новае_жыццё.pdf

артыкул_Новае_жыццё_2012.pdf

артыкул_Новае_жыццё_2012.pdf

артыкул_Цуда-творы.pdf

артыкул_Цуда-творы.pdf

культура, 2007.pdf

культура, 2007.pdf

Фотафіксацыя

Відэафіксацыя

2013-12-12-Навагрудская выцінанка-выбіванка-Навагрудскі раённы Цэнтр рамёстваў (Скарочаннае).avi