Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Выраб велікодных вербаў (пальмаў)

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 43А0000095
Дата ўключэння: 02/08/2016
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 10.12.2014 № 222. Пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 02.08.2016 № 607
Шыфр (у Інвентары): НКС-140731/01

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці. Адрас: вул. Савецкая, 8, 230025, г. Гродна, ;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Выраб велікодных вербаў (пальмаў)

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Гродзенскія велікодныя пальмы, лапаткі

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары горада Гродна, аграгарадкоў Адэльск, Індура, гарадскога пасёлка Сапоцкін Гродзенскага раёна

Арэол распаўсюджвання:

Гродзенская вобласць » Гродзенскі раён » г. Гродна;   Гродзенская вобласць » Гродзенскі раён » г.п. Сапоцкін;   Гродзенская вобласць » Гродзенскі раён » а.г. Адэльск, Адэльскі с/с;  

Кароткае апісанне элемента:

Выраб гродзенскіх велікодных вербаў (дэкарыраванне вербных галінак) – гэта адметная тэхналогія вырабу раслінна-кветкавых кампазіцый да Вербнай (Пальмавай) нядзелі, якая адзначаецца за тыдзень да Вялікадня (Пасхі). Гродзенскія пальмы з’яўляюцца святочным атрыбутам і, адначасова, сапраўдным творам народнага мастацтва. У гродзенскіх вербах спалучаецца народны вопыт пазбаўлення ад хваробаў пры дапамозе зёлкавай магіі і хрысцыянскае царкоўнае благаслаўленне праз свянцоную ваду. Свянцоныя вербы кладуць на абразы парай (па дзве) на сямейнае шчасце. Лічыцца, што свянцоная вярба адганяе навальніцу. У сельскай мясцовасці свянцонай вярбой на Юр’я выганяюць жывёлу ў поле, а на Дзяды – адносяць на могілкі.У каталіцкай традыцыі іх спальваюць ў канцы вербнай нядзелі, попел збіраюць, нясуць ў касцёл і там пасыпаюць ім галаву. Сёння, акрамя хрысціянскага значэння, вербы маюць дэкаратыўны характар і часта служаць аздобай інтэр’ера жылля. Усе гродзенскія вербы – плоскія (“лапаткі”), робяцца абавязкова на трох галінках белай вярбы. Для іх вырабу выкарыстоўваюць бяссмертнікі, жытнія і аўсяныя каласкі, разнастайныя травы: цімафееўку, канапельку, мятлік і іншыя. Ствараецца дэкаратыўная вертыкальная рытміка. Майстры маюць шырокі выбар розных па фактуры, пластычных магчымасцях матэрыялаў каларыстычнай палітры. Побач з травамі натуральнай прыроднай афарбоўкі, рознакаляровымі бяссмертнікамі, якія вытворцы вербаў спецыяльна вырошчваюць, ужываюцца расліны, пафарбаваныя штучнымі анілінавымі фарбавальнікамі (часцей за ўсё ў чырвоны, зялёны, ліловы, жоўты, аранжавы колер). Вырабы маюць сярэднія памеры, каля 50 сантыметраў. Сёння асноўнымі носьбітамі традыцыі вырабу гродзенскіх велікодных вербаў з’яўляюцца чатыры сястры Сарасек (прозвішча дзявочае) з Гродна. Традыцыю перанялі ад продкаў і ў сваю чаргу далучаюць да яе сваіх родных, блізкіх, знаёмых

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя рамёствы » Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Выраб гродзенскіх велікодных вербаў сёння цікавіць як моладзь, так і людзей старэйшага пакалення. На думку носьбітаў традыцыі, менавіта гродзенскія вербы сваёй формай вырабу і атачэннем больш за ўсё імітуюць галінкі пальмаў, з якімі народ сустракаў Хрыста пры яго ўваходзе ў Іерусалім.Падчас свята, на выстаўках народнага мастацтва, кірмашах народных рамёстваў гродзенскія пальмы вылучаюцца вытанчаным хараством. Зрабіць арыгінальную аднакаляровую, двухкаляровую, шматкаляровую кампазіцыю даволі складана - тут патрэбна ўласная фантазія і добры густ. У гродзенскай вярбе выкарыстоўваецца шырокі спектр прыродных матэрыялаў, карысных для здароўя зёлак (зверабой, тысячаліснік, чабор, палын, кветкі-сухакветы). Як лічаць майстры, ў дом людзей з гродзенскай пальмай трапляе гаючая энергетыка леса, поля, агарода

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Гродзенскія велікодныя вербы як кампанент народнай традыцыі запатрабаваны ў сучысным грамадстве. Ідэнтыфікатар мясцовай культуры. Упрыгожванне галінак вярбы да свята вядома ў многіх мясцінах Гродзенскага рэгіёну: Мастах, Лідзе ,Шчучыне, Астраўцы, Ваўкавыску, Слоніме, Іўі. Аднак робяць ўсе па-рознаму – дадаюць да вербачак саламяных птушак, упрыгожваюць саламянымі кветкамі. Але менавіта ў Гродна і мястэчках Сапоцкін, Адэльск, Індура Гродзенскага раёна велікодная вярба - плоская, звычайна сярэдніх памераў, па форме нагадвае ліст пальмы. Функцыі сакральнага аб’екта: асвечаныя ў Храме падчас свята пальмы ўкладаюцца каля абраза парамі. Мастацтва вырабу гродзенскіх велікодных вербаў выконвае эстэтычныя функцыі, выступае як творчае самавыяўленне носьбітаў традыцыі.Гродзенская велікодная пальма - гэта не толькі атрыбут свята, але і арыгінальны элемент дэкору ў сучасным інтэр’еры (як гарадскім, так і вясковым) З мастацка-рамесніцкага пункту гледжання гродзенская вярба, створаная з раслінаў, уяўляе сабою сінтэтычны твор народнага мастацтва. У ім спалучаюцца пластычныя і арнаментальныя прыёмы, колеравае і фактурнае выраўэнне, блізкія да іншых відаў народнага мастацтва- ткацтва, разьбы па дрэве, а іх выкананне тэхналагічна роднаснае пляценню з лазы, каранёў, саломы

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Каталіцкія і праваслаўныя храмы г.Гродна і Гродзенскага раёна, установа культуры “Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі”, дзяржаўная ўстанова “Цэнтр культуры г.Гродна”, дзяржаўная ўстанова культуры “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”

Паходжанне элемента:

Цяжка дакладна адказаць на пытанне, калі ўзнікла традыцыя аздабляць галінкі вярбы (яна першая пачынае ажываць пасля зімы) разнастайнымі па колеры і фактуры прыроднымі матэрыяламі, надаваць ім мастацкую форму і рэалізоўваць на свята Вербніца. Існуе дакладная розніца паміж “гарадскімі” і “вясковымі” вербамі. Мяркуецца, што традыцыя вырабу вербаў на Віленшчыне і Гродзеншчыне мае вясковыя карані, арганічна паходзіць з народнай культуры. Традыцыя была пашырана ў Гродзенскім рэгіёне ў канцы XIX – першай палове ХХ ст., затым практычна заняпала, але актыўна развівалася ў суседняй Літве, дзе складае гонар літоўскага народнага мастацтва пад назвай “віленскія вербы”. Традыцыю вырабу гродзенскіх велікодных вербаў сёстры Сарасек з г.Гродна, перанялі ад сваёй маці, выдатнай майстрыхі - Гелены Іосіфаўны, 1907 г.н., жыхаркі вёскі Вялікая Капліца Гродзенскага раёна. Дзяўчынкі з маленства бачылі, як жанчыны іх вёскі рыхтаваліся да Вялікадня: упрыгожвалі галінкі вярбы, распісвалі яйкі, выразалі выцінанку, выпякалі велікоднае печыва і гатавалі святочныя стравы. Гэтыя веды яны нясуць праз жыццё, нягледзячы на розныя жыццёвыя калізіі, зберагаюць і перадаюць сямейныя традыцыі сваім дзецям і ўнукам, ўсім жадаючым пераняць уменні і навыкі. Жыццёвыя абставіны надоўга разлучылі родных людзей, таму толькі ў канцы 80-х гадоў ХХ ст. сёстры пачалі адраджаць старажытнае рамяство выканання велікодных вербаў згодна традыцыі і асабістага ўяўлення аб прыгажосці. Вось як распавядае носьбіт традыцыі вырабу гродзенскіх вербаў Альшэўская Данута Дамінікаўна, 1933 г.н.: “…Самую пэкную святочную пальму я гатовіла для маці - свякрові Юзэфы Юр’еўны, з якой жылі сям’ёй. Вярбу брала з лісточкамі. У хаце ад суфіту да полу рос ашпарагус. У гэты вясновы час абычна зацвітаў комнатны лукавічны амараліс, як лілія. Ветачкамі ашпарагуса з іголкамі аплятала вербачкі, вярхушку ўкрашала цвятнымі ніткамі і палоскамі яркай матэрыі, бывала дробнымі банцікамі і кветкамі з любой бумагі. Па нізе давала лілію. З гэтай пальмай мама ішла да касцёлу, каб асвяціць. Каля абраза цэлы год было дзве пальмы: зверху ці знізу альбо па баках. Трэба каб абавязкова былі дзве парныя плоскія пальмы, дзеля шчаслівай долі. Я ў тыя часы да касцёлу не хадзіла, бо працавала на пасадзе ў Гродзенскім сельгасінстытуце. Была забарона. У 1987 годзе выйшла на пенсію. У гэта врэмя наступіла “оттепель” в рэлігіі. З таго часу мы з сёстрамі вырабляем пальмы на продаж. Да 100 штук кожная іздае прадукцыі да свята. Стараемся адна перад адной. У кожнай з нас яны свае, адметныя…”

Стан бытавання:

менш распаўсюджаны

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Гаспадыні (каталіцкіх і праваслаўных сямей) на Гродзеншчыне рыхтавалі святочную вярбу (пальму) зыходзячы з асабістага ўяўлення аб прыгожым і адпаведна мясцоваму культурнаму ландшафту. Вербныя галінкі збіраюць па берагах мясцовых рэк, аплятаюць зелянінай, дэкарыруцьі самаробнымі альбо штучнымі мастацкімі дэталямі: рознакаляровымі папяровымі і штучнымі кветкамі, стужкамі, ніткамі. Сучасныя асноўныя носьбіты традыцыі сёстры Сарасек выраб мастацкіх кампазіцый на вярбе звязваюць з хрысціянскім каляндарным святам Вербнай (Пальмавай) нядзеляй, калі ўвесь хрысціянскі свет урачыста ўслаўляе ўваход Хрыста ў Ерусалім. Тыя, хто сустракаў Езуса, у Яго славу зразалі пальмавае вецце і ўсцілалі перад Ім шлях. Таму гродзенскія велікодныя вербы па сваім вобразным падабенстве блізкія да сапраўднага ліста паўднёвай пальмы. Прамы ствол, увянчаны пышнай вярхушкай, сімвалізуе ўзняцце, узыходжанне, перамогу і адраджэнне, а каляровасць – сутнасць райскіх вобразаў. У вырабах майстры выкарыстоўваецца раслінны матэрыял мясцовага паходжання, сцвярджаючы тым самым, што ўстойлівасць гэтага рамяства звязана з традыцыйным культурна-прыродным асяроддзем. На дадзены момант элемент практыкуецца ў гарадскім (г.Гродна) і местачковым (г.п.Сапоцкін, аг.Індура і Адэльск Гродзенскага раёна) сацыяльных асяродках

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Паўднёва-заходні дыялект беларускай мовы

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Касцёл, сабор, царква, галінкі вярбы, барвінак, ядлавец, цімафееўка, аржаныя каласкі, зёлкі, сухавейкі

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

На Гродзеншчыны прыродныя ўмовы акрэслілі традыцыю асвячаць галінкі вярбы (яна першая пачынае ажываць пасля зімы), як сцверджанне праваслаўнай і каталіцкай веры (без выразнага этнічнага адрознення). Гэты сімвал у далейшым выкарыстоўваецца ў послесвяточны перыяд: служыць абярэгам жылля, гаспадарчых пабудоў, для выгану жывёлы на пашу

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Традыцыйная мадэль перадачы ад старэйшых да малодшых комплексу ведаў і навыкаў па вырабу святочных велікодных вербаў адбываецца ўнутры сям’іДзяржаўная ўстанова культуры “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”, Гродзенскі раённы метачны цэнтр народнай творчасці, народнае аматарскае а’яднанне майстроў і мастакоў “Гарадзенскі каларыт” дзяржаўнай установы “Цэнтр культуры г.Гродна”, установа культуры “Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі”, аддзел мастацтва ўстановы культуры “Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага” займаюцца вывучэннем і стварэннем ўмоў для перадачы ведаў і навыкаў па элементу НКС маладому пакаленню праз арганізацыю шматлікіх майстар-класаў. Мясцовыя СМІ (газеты “Гродзенская праўда”, “Вячэрні Гродна”, “Перспектыва”, “Аркуш”, тэлерадыёкампанія “Гродна”), часопіс “Талака”, газета “Рэспубліка” праз журналісцкія публікацыі і відэасюжэты спрыяюць папулярызацыі такога элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны, як выраб гродзенскіх велікодных вербаў

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

- недастатковая інфармаванасць грамадства пра мясцовую традыцыю “Выраб гродзенскіх велікодных вербаў”;- складанасці ў арганізацыіі пераемнасці мясцовага рамяства вырабу гродзенскіх вербаў у г.п.Сапоцкін, аграгарадках Адэльск і Індура Гродзенскага раёна;- складанасці ў нарыхтоўцы неабходнага расліннага маіэрыялу як для работы майстроў-носьбітаў, так і для адкрыцця гурткоў і студый па пляценню з прыродных матэрыялаў

Ключавыя словы

пальмавая (вербная) нядзеля, вярба, сухавейкі

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Фотафіксацыя

Відэафіксацыя

2014-04-04–У_пошуках_скарбу-Вербніца_Тэлерадыёкампанія_Гродна_аўтар А.Якусік.mp4