Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Абрад "Юр’я" (Вясновы абрад "Юраўскі карагод") у в. Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 33БК000002
Дата ўключэння: 14/05/2007
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 23.11.2004 № 103. Пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 14.05.2007 № 578
Шыфр (у Інвентары): НКС-131023/02

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці. Адрас: вул. Кірава, д. 49, 246022, г. Гомель;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Абрад "Юр’я" (Вясновы абрад "Юраўскі карагод") у в. Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Карагод, Тураўскі карагод, карагод на Юр'я

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары в. Пагост, Азяранскі с/с, Жыткавіцкі р-н, Гомельская вобл.

Арэол распаўсюджвання:

Гомельская вобласць » Жыткавіцкі раён » в. Пагост Жыткавіцкі р-н Гомельская вобл.;  

Кароткае апісанне элемента:

Абрад "Юраўскі карагод" – гэта веснавы абрад, які ладзіўся некалі ў вёсках у наваколлі Турава на свята Юр'я 23 красавіка па старому стылю або 6 мая па новаму стылю. Удзел у гэтым абрадзе называюць словамі "карагодзіць" або "вясну гукаць". I зараз песні, прызначаныя да гэтага абраду, памятаюць і спяваюць у многіх вёсках на Тураўшчыне, аднак жывая традыцыя захавалася толькі ў вёсцы Пагост. Свята Юр'я ўключае ў сябе шэраг абрадаў, магічных дзеянняў і забаў. Пачынаецца падрыхтоўка да свята з папярэдняга дня, калі хаты і двары прыбіраюцца, а людзі рыхтуюць святочнае адзенне. Дзяўчаты – асноўныя дзеючыя асобы абраду (яны выпякаюць абрадавы хлеб, водзяць карагоды, спяваюць). У абрадзе ўдзельнічаюць і хлопцы, якія пры абыходзе вёскі рухаюцца ўслед за дзяўчатамі, а некалькі з іх ідуць спераду і нясуць зорку, ікону, карагод (абрадавы хлеб), граблі з фартухом, корагі (харугвы). Асноўны атрыбут абраду "карагод" – абрадавы абшчынны хлеб, прадукты на які павінны быць сабраныя ў складчыну. Спечаны і ўпрыгожаны карагод ставяць на века ад дзежкі, на якое сыплюць зерне жыта, пакрыўшы зверху надзежнікам, абкручваюць карагод чырвонай хусткай. Нясуць яго паперадзе карагоднага шэсця, ён – у сярэдзіне абрадавага карагоднага кола на полі і пры абыходах. Хлопец, які яго носіць, увесь час падвышае яго – падымае ўгору пры словах карагоднай песні: "Ото ж карагод, ото ж ваявод!" – і паварочваецца з ім па ходу сонца

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя цырымоніі » Абрады

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Веснавы абрад "Юраўскі карагод" выклікае пастаянную цікавасць з боку сродкаў масавай інфармацыі і не толькі беларускіх. Кожны год вёску Пагост падчас абраду наведваюць журналісты розных краін. Носьбітаў песеннай і танцавальнай традыцыі в. Пагост пастаянна запрашаюць на канцэрты аўтэнтычнай беларускай музыкі, якія штогод праводзяцца Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў. Мясцовыя абрадавыя спевы даследаваліся і запісваліся студэнтамі і выкладчыкамі Маскоўскага універсітэта (Расія) і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Абрадавы карагод на свята Юр'е выконвае сімвалічна-знакавую функцыю, спрыяе захаванню культурнай самабытнасці вёскі і выхаванню ў новых пакаленняў паважных адносін да звычаяў продкаў. Ён з’яўляецца формай калектыўнай памяці, якая транслюе досвед усталявання гармоніі паміж чалавекам і прыродай, адлюстроўвае эмацыянальную ацэнку гэтай практыкі мясцовай супольнасцю. Па сённяшні дзень ён выконвае функцыю перадачы ведаў, уменняў, творчых дасягненняў (мясцовыя песенныя і танцавальныя традыцыі) ад старэйшага пакалення малодшаму, кансалідуе супольнасць праз формы сумеснай дзейнасці

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Жыткавічскі раённы аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі

Паходжанне элемента:

Свята Юр’я – старадаўняе земляробчае свята беларускага народнага календара, мае пастаянную дату правядзення 6 мая – дзень святога Георгія Пераможцы у праваслаўнай хрысціянскай традыцыі. Святы Юрый лічыўся заступнікам сельскай гаспадаркі, таму свята адзначалася з асаблівай урачыстасцю. Як свята веснавога цыкла Юр’еў дзень адзначаўся не толькі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, але і з’яўляўся складнікам еўрапейскай культурнай традыцыі. Свята лічылася значным і важным у народаў Югаславіі, Балгарыі, Сербіі, Чэхіі, Украіны і Расіі. Вядомая даследчыца Т.І.Кухаронак у 10 т. “Славянскія этнакультурныя традыцыі” выдання “Беларусы” апісвае лакальныя асаблівасці свята ў еўрапейскіх краінах, у тым ліку і Беларусі, у агульнаславянскім культурным кантэксце. Святкаванне Юр’я на тэрыторыі Беларусі ўяўляе сабой комплекс абрадаў і звычаяў, якія захаваліся да нашага часу. Адзін з абрадаў свята, «Юраўскі карагод» або абрад Карагод, у жывой традыцыі бытуе толькі ў в. Пагост Жыткавіцкага раёна. У энцыклапедычных выданнях, дзе апісваецца менавіта абрад Карагод на свята Юр’я як этнічная адметнасць жыхароў Тураўшчыны, даследчык народнага календара А.Ю.Лозка называе яго Тураўскі карагод. А.С.Фядосік адзначае, што фальклор Турава і яго наваколля сабраны і вывучаны недастаткова. І толькі В.С.Новак і А.Ю.Лозка звярнулі ўвагу на абрад “Карагод”, але яго песенная, карагодная традыцыя, змест, атрыбутыка і міфалогія цалкам не вывучаны. Асноўныя звесткі пра абрад, апісанне і выявы строяў ўдзельніц сабраны толькі ў пакеце дакументаў, прадстаўленых на разгляд Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай Рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ў 2004 г. Па сведчаннях носьбітаў, абрад Карагод у Пагосце адзначаўся з незапамятных часоў і не перарываўся нават у перыяды яго забароны. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. афіцыйныя ўлады забаранялі правядзенне абрадаў як праяў рэлігійнай культуры. Нягледзячы на гэта, вяскоўцы працягвалі ўпотай здзяйсняць абрад. Глыбокая павага жыхароў да сваёй спадчыны, запаветаў продкаў і вернасць традыцыям садзейнічалі захаванню абрада. Кацярына Панчэня, лідар жаночай супольнасці, якая пераняла і захоўвае мясцовыя звычаі і традыцыі. Апошнія 40 гадоў, дзякуючы яе намаганням, абрад “Карагод” захоўваецца ў жывой традыцыі: выпяканне абрадавага хлеба і выраб упрыгожанняў да яго з цеста (тры каласкі на хлебе, абкручванне галінак і выявы птушак на іх канцах), галінак пладовага дрэва і папяровых кветак, пад спеў абрадавай песні ўпрыгожванне гэтага хлеба і захаванне ўсіх атрыбутаў: века ад дзежкі, надзежнік, зялёны і чырвоны фартух на граблях, рушнік, калядная зорка, ікона. Усё, як было даўней, як рабілі старэйшыя за яе жанчыны. Абрадавыя песні (“Карагод, карагод, мы цябе наражаем”, з поля – “Ой у полі ніўка”) і абрадавы карагод (“Ідзе, ідзе карагод”, “Да урай, маці, жыта”), гульнёвыя карагоды, якія вадзілі ад Вялікадня да Юр’я (“Дрэма”, “Проса”, “Бабуся”, “А я по лугу”, “Селязень”). Забыты толькі архаічны карагод “Валадар” і рытуал першага выгану кароў на пашу, бо ў сяле ўжо няма ніводнай каровы. Гульнёвыя карагоды водзяць у цэнтры сяла ля клуба, дзе раней стаяла Сціхвінская царква — традыцыйнае месца. На жаль, няма цяпер той танцавальна-музычнай стыхіі і радасці свята, калі пагулянка адбывалася ў гэты дзень да позняй ночы, бо папросту мала моладзі, большасць жыхароў – людзі сталага ўзросту. Але па традыцыі гурт жанчын пасля абраду наладжвае сумеснае частаванне

Стан бытавання:

пад пагрозай знішчэння

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Абрад "Юраўскі Карагод" у "жывым" традыцыйным бытаванні сёння практыкуецца супольнасцю вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, з'яўляецца адлюстраваннем яе культурнай самабытнасці, а таксама ўвасабляе выразныя рысы і архетыпы беларускай традыцыйнай культуры. Гэта – невялікая веска, у якой сёння пражывае крыху больш 500 чалавек, у 5 км ад старажытнага беларускага г. Турава (заснаваны ў 10 ст, вядомы як цэнтр ранняга хрысціянства на беларускіх землях). Сваім абрад, аднак, лічаць і жыхары іншых вёсак вакол Турава. Яны яго ўжо не практыкуюць у сваіх вёсках, але ўдзельнічаюць у цырымоніі ў в. Пагост. З пункту гледжання геаграфічнай лакалізацыі в. Пагост месціцца ў цэнтры вельмі багатага ў экалагічным і прыродным аспекце фізіка-геаграфічнага рэгіёна паўднёвай Беларусі – Прыпяцкага Палесся. Рэгіён вядомы сваёй адметнай экасістэмай, якая ўключае найбуйнейшы ў Еўропе лесабалотны комлекс і пойму ракі Прыпяць. Фалькорныя традыцыі гэтага рэгіёну адрозніваюцца разнастайнасцю лакальных форм, элементаў і рысаў культуры, мовы, побыту і светапогляду

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Тураўская гаворка ўсходне-палескай зоны

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Для правядзення абрада неабходны рытуальны хлеб з упрыгожваннем галінкамі плоднага дрэва, штучнымі кветкамі і зялёнымі барвінкамі, а таксама ручнікі, ікона, васьміканцовая зорка

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Традыцыя выпякання абрадавага хлеба, традыцыя вырабу і нашэння строя

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Пераемнасць ведаў і навыкаў ад пакалення да пакалення адбываецца непасрэдна ў сям'і, а таксама падчас нефармальнага навучання ўнутры самой супольнасці (старэйшыя жанчыны навучаюць маладых людзей рытуальным дзеянням і творчым навыкам на працягу года). Працэс перадачы ведаў і навыкаў таксама адбываецца падчас вуснай камунікацыі вяскоўцаў розных пакаленняў, праз сумесную дзейнасць і ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні абраду, падчас мерапрыемстваў у мясцовым доме культуры і з дапамогаю спецыяльных адукацыйных праграм у школах Тураўскага рэгіёну. Песні, танцы і рытуалы в. Пагост пераймаюцца студэнтамі – сябрамі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства і этнаграфічнай суполкі "Талака" з г. Гомеля (абласны цэнтр) і перадаюцца падчас іх семінараў і публічных акцый

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Існуюць пэўныя рызыкі і небяпека для далейшага існавання абраду. 1) ДЭМАГРАФІЧНЫЯ ПРАБЛЕМЫ. Вёска Пагост адносіцца да ліку неперспектыўных вёсак. Насельніцтва старэе, моладзь ад'язджае ў гарады. Год таму ў вёсцы закрылі школу. На сённяшні дзень у вёсцы толькі 10 дзяцей. Многія дамы скупаюцца гарадскімі жыхарамі, так наз. "дачнікамі". 2) АДСУТНАСЦЬ ПРАЦЫ. Няма дадатковых рабочых месцаў, таму многія маладыя людзі не застаюцца тут на сталае жыццё, з'яджаюць. 3) ПАГРОЗА ПЕРАЕМНАСЦІ ТРАДЫЦЫІ. Нягледзечы на вышэйадзначаныя праблемы супольнасць па-ранейшаму практыкуе вусныя спосабы перадачы ведаў і навыкаў, звязаных з абрадам. Яны перадаюць іх сваім дзецям і ўнукам. Напрыклад, унук Кацярыны Панчэня, адной з актыўных захавальніц мясцовых традыцый, спявачцы і майстрыхі, актыўна ўдзельнічае ў абрадзе, агітуе іншых маладых людзей далучацца і берагчы традыцыі і культуру вёскі. Пажылыя ўдзельніцы абраду патаянна працуюць з маладымі дзяўчатамі і хлопцамі, вучаць іх песням і танцам, вышыўцы, мясцовай кулінарыі. Да мясцовых удзельніц абраду далучаюцца жыхары суседніх вёсак: музыканты, танцоры, якім вельмі падабаецца гэта дзейнасць і яны з задавальненнем далучаюцца да святаў Пагоста. Шэраг прыезжых, так званых дачнікаў, якія купілі дамы ў вёсцы і пераехалі сюды з горада, самі пачынаюць актыўна прымаць удзел у свяце. Тым не менш, пагроза пераемнасці ўсё ж існуе. Неабходна задзейнічаць установы адукацыі і культуры для вывучэння мясцовых традыцый і іх развіцця. 4) ГЛАБАЛІЗАЦЫЯ І СТАНДАРТЫЗАЦЫЯ ПАЎСЯДЗЁННАГА ЖЫЦЦЯ.Грамадства ўсё больш глабалізуецца, моладзь часта пераймае больш сучасныя формы правядзення вольнага часу, адыходзячы ад сваіх каранёў і абіраючы каштоўнасці іншай культуры. Неабходна распрацаваць механізмы заахвочвання і матывацыі для моладзі, каб яны з павагай адносіліся да культуры продкаў і не забывалі яе. 5) ФАЛЬКЛАРЫЗАЦЫЯ ЭЛЕМЕНТА. Гэта пагроза звязаная найперш з неабгрунтаванай эксплуатацыяй носьбітаў традыцыі элемента з боку мясцовых улад падчас розных афіцыйных мерапрыемстваў. Абрад "Юраўскі карагод" – гэта комплекс ведаў і практык, якія непасрэдным чынам звязаны з акаляючым прыродным асяроддзем, культурным ландшафтам, мясцовай архітэктурай і мясцовым светапоглядам і адаптацыяй супольнасці. Актыўныя носьбіты абраду, якія валодаюць у тым ліку песеннай і танцавальнай традыцыяй, тым не менш, арганічна могуць існаваць толькі ў сваім асяроддзі. Любыя сцэнічныя формы (выступленні ў афіцыйных канцэртах і іншых мерапрыемствах) вядуць да страты кантэксту элемента, дыскрэдытуюць носьбітаў, якія, натуральна, не з'яўляюцца прафесійнымі акторамі і не могуць годна выглядаць на сцэнічных пляцоўках. Аднак, пераймайнне, пераасэнсаванне і выкарыстанне песеннай і танцавальнай творчасці в. Пагоста цалкам мажлівае з боку сучасных маладзёжных творчых калектываў, у выпадку, калі гэта адмоўна не ўплывае на практыку самога абрада. 6) УСТОЙЛІВАСЦЬ ЭЛЕМЕНТА. Устойлівасць элемента цалкам залежыць ад устойлівага развіцця самой вёскі Пагост і паляпшэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў рэгіёне. Іншыя пагрозы не так моцна ўплываюць на яго існаванне, паколькі абрад з'яўляецца фактарам кансалідацыі мясцовай супольнасці і формай яе культурнага самавыяўлення, якой яны ганарацца. Ён змог захавацца ў савецкія часы, калі забараняўся, а носьбіты пераследаваліся, што сведчыць аб жыццяздольнасці і адаптыўнасці дадзенай традыцыі, зможа і сёння працягваць быць актуальным пры ўмове далейшай падтрымкі і ажыццяўленні сістэмы мераў па яго захаванні і папулярызацыі. Трэба таксама адзначыць, што вёска Пагост вядомая не толькі абрадам "Юраўскі карагод" але і багатымі кулінарнымі традыцыямі, песеннай і танцавальнай творчасцю, якія таксама адлюстроўваюць яе самабытнасць, сацыяльны і культурны патэнцыял. Папулярызацыя гэтых форм народнай культуры і іх распаўсюджванне будзе спрыяць вядомасці вёскі, павышэнню яе значэння для ўладавых структур і матывацыяй для інвестараў, а таксама пашырэнню ведаў непасрэдна пра абрад і яго ролю ў культурным ландшафце рэгіёна і краіны

Ключавыя словы

Юр'е, карагод, Юраўскі карагод, в. Пагост

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Фотафіксацыя

Відэафіксацыя

Вясновы_абрад _Юраўскі_карагод_в. Пагост_.mp4

The_spring_rite_Yuravski_karagod.mp4

Аўдыёфіксацыя

Да урай, маці_гурт_ Міжрэчча_01.wma:

Да урай, маці_гурт_ Міжрэчча_01.wma

Ой, прыйшлі на поле_03.wma:

Ой, прыйшлі на поле_03.wma

Карагод,карагод,мы цябе наражаем_05.wma:

Карагод,карагод,мы цябе наражаем_05.wma

Ой_ у полі_07.wma:

Ой_ у полі_07.wma

Ой, суседочкі, вы галубочкі_08.wma:

Ой, суседочкі, вы галубочкі_08.wma

А мы ніўку оралі, оралі_09.wma:

А мы ніўку оралі, оралі_09.wma

Нашая дрэма ні прала, ні ткала_10.wma:

Нашая дрэма ні прала, ні ткала_10.wma

Ой, поросце, кропе_12.wma:

Ой, поросце, кропе_12.wma

Сэдыць, сэдыць коло огорода_13.wma:

Сэдыць, сэдыць коло огорода_13.wma

Песня пра цмока_Як была зямля да няхрышчаная_15.wma:

Песня пра цмока_Як была зямля да няхрышчаная_15.wma

в. Запясочча_Інтэрв'ю_1.wma:

в. Запясочча_Інтэрв'ю_1.wma

в. Запясочча_Інтэрв'ю з носьбітам_песня пра цмока_2.wma:

в. Запясочча_Інтэрв'ю з носьбітам_песня пра цмока_2.wma

Як мы Юр'я дажыдалі_16.wma:

Як мы Юр'я дажыдалі_16.wma

Як карагода, сын ваявода_18.wma:

Як карагода, сын ваявода_18.wma