Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы” (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н, Гомельская вобл.)

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 33БК000003
Дата ўключэння: 14/05/2007
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Навукова-метадычнай рады ад 15.11.2006 № 125. Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.05.2007 г.№ 578
Шыфр (у Інвентары): НКС-131017/01

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы” (в. Казацкія Балсуны, Веткаўскі р-н, Гомельская вобл.)

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Стряла

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жанчыны вёскі Казацкія Балсуны Вяліканямкоўскага с/с Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Гомельская вобласць » Веткаўскі раён » в. Казацкія Балсуны, Вяліканямкоўскі с/с;  

Кароткае апісанне элемента:

Абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы”, звязаны з зямлёй, ураджайнасцю, накіраваны на уміласціўленне прыроднай стыхіі – маланкі-стралы, рэпрэзентуе лакальную культуру вёскі Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Абрадавая дзея адбываецца на 40 дзень пасля Вялікадня ў Чысты чацвер. Жанчыны збіраюцца ў цэнтры вёскі, спяваюць песні, водзяць карагоды. Затым святочнае шэсце, да якога далучаюцца іншыя жыхары вёскі, рухаецца на поле, дзе адбываецца асноўная абрадавая дзея – “пахаванне стралы”. Удзельнікі абраду закопваюць у зямлю на жытнім полі каласкі разам з дробнымі прадметамі, прамаўляючы магічныя формулы з пажаданнямі здароўя. Унікальную з’яву ў кантэкце абраду прадстаўляе комплекс абрадавых песен. Непарсэдныя носьбіты абраду – жанчыны ўдзельніцы фальклорна-этнаграфічнага гурта “Казачка”, які існуе ў вёсцы ўжо больш за 40 гадоў, выдатна валодаюць мясцовай спеўнай традыцыяй, для каторай характэрны багаты паэтычны змест, дасканаласць мастацкай формы, прыгажосць мелодый, што ўзбагачаюць абрад і надаюць яму непаўторнасць. Акрамя таго абрадавая дзея ўключае ўнікальныя ўзоры карагодаў, элементы тэатра, характэрныя для дадзенага рэгіёна, а таксама такія матэрыяльныя праяўленні рэгіянальнай культуры, як народны касцюм

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя цырымоніі » Абрады

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Абрад захаваў сакральную функцыю, якая звязана з захаванасцю сельскагаспадарчага ўкладу жыцця мясцовай супольнасці і з’яўляецца актуальным менавіта для вёскі Казацкія Балсуны. Таму патрэбна вельмі асцярожна ставіцца да допуску да ўдзелу ў абрадзе (нават у якасці назіральніка) знешніх суб’ектаў-спажыўцоў

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

1) Магічна-сакральная функцыя – абрад з’яўляецца своеасаблівым спосабам уміласціўлення прыроднай стыхіі – маланкі-стралы. Загаворваючыя ўпэўнены, што словы і рытуальныя дзеянні абавязкова выклікаюць у іх жыцці або прыродзе жадаемы вынік. У аснове магічных дзеянняў, песень, карагодаў знаходзіцца ахоўная магія ад маланкі, на якую наслаілася садзеянне росту збожжавых культур. 2) Бытаванне абраду ўтварае глебу для захавння сацыяльнага і культурнага мікраклімату вёскі Казацкія Балсуны яе жыхарамі. 3) Удзел у абрадзе, па словах носьбітаў, аказвае своеасаблівы тэрапеўтычны эфект: “А чыя спіна баліць, дак пакачаецца па жыту, ета ўродзе прымету такую людзі выдумалі. Жыта вырве, звяжа вузлом і падпіряжыцца, ета так. Ну, уродзе, спіна не баліць, ці што”

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

ДУА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”

Паходжанне элемента:

Па этнаграфічных запісах абрад вядомы з XVII ст. Старажылы вёскі Казацкія Балсуны расказваюць, што абрад існуе з “колішніх часоў”, а аднойчы, калі стралу не хавалі, паднялася вечарам страшная навальніца і спаліла стайню, таму жыхары Казацкіх Балсуноў збіраюцца штогод, каб увасобіць яго ў жыццё

Стан бытавання:

менш распаўсюджаны

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Абрад бытуе ў натуральных умовах. Актуальнасць абраду ў сучаснасці прадвызначае захаванасць сельскагаспадарчага ўкладу жыцця мясцовых жыхароў, бо адна з мэт абрадавай дзеі – спрыянне добраму ўраджаю. Менавіта сінкрэтызм прыроды і культуры, дазволіў сфарміравацца дадзенай традыцыі, а пастаяннае існаванне неабходных для абраду складовых частак садзейнічае захаванасці традыцыі ў часе і яе перадачы. Песні, прымеркаваныя да абраду, актуалізуюцца ўдзельнікамі абраду раз на год, таму для таго, каб яны заставаліся ў культурнай памяці вясковай супольнасці неабходна рэгулярнае правядзенне абрадавай дзеі

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Жаночы строй:- Кашуля пашыта з белай баваўнянай тканіны прамысловай вытворчасці, вышытая гладдзю ніткамі мулінэ. Ніткі вельмі разнастайныя па колеравай гаме – зялёнага, чырвонага, жоўтага, сіняга, фіялетавага, аранжавага, ружовага, салатавага і інш. колераў. На рукавах і на грудзях размешчаны раслінны арнамент (букеты, гірлянды). Каўнер кашулі адкладны або стойка. Каля шыі ў кашулі разрэз, абшлагі прамыя, з гузікамі і пяцелькамі прамысловай вытворчасці. Тканіна каля абшлагоў сабрана ў зборку. Каўнер і абшлагі арнаментаваны прамым швом (гірлянда). Полікі касыя, без ластавіц. - Спадніца чорнага колеру.- Фартух зроблены з белай баваўнянай тканіны прамысловай вытворчасці з раслінным арнаментам (букеты, гірлянды), вышытым гладдзю чырвонымі, зялёнымі, жоўтымі, фіялетавымі, салатавамі і інш. ніткамі мулінэ. Карункі прамысловай вытворчасці белага колеру з геаметрычным арнаментам, размешчаны па ніжняму краю.- Пояс чырвонага колеру з баваўнянай тканіны прамысловай вытворчасці з белымі карункамі з геаметрычным арнаментам таксама прамысловай вытворчасці

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Важнай складовай часткай абраду выступаюць песні. Носьбіты традыцыі з’яўляюцца ўдзельніцамі фальклорна-этнаграфічнага гурта “Казачка”, у рэпертуары якога ёсць песні абрадавыя і пазаабрадавыя, сямейна-бытавыя, каляндарнага кола, духоўныя вершы і псалмы, якія захоўваюць старадаўнія традыцыі песенный культуры вёскі

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Веды, звязаныя з абрадам, перадаюцца праз фармальную і нефармальную адукацыю: абрад падтрымліваецца студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (студэнты прымаюць удзел у абрадзе); таксама да святочнай дзеі далучаюцца прадстаўнікі розных маладзёвых суполак. У асяродку мясцовых жыхароў абрад перадаецца ад пакалення да пакалення

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Сталы ўзрост жанчын, якія з’яўляюцца непасрэднымі носьбітамі абраду, міграцыя насельніцтва вёскі ў гарады (асабліва маладых людзей), адсутнасць зацікаўленасці мясцовай моладзі ў перайманні традыцыі

Ключавыя словы

Абрад, Чысты чацвер, карагод, страла

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Фотафіксацыя

Відэафіксацыя

аўтары_Л.Шчыракова, І.Глушэц.avi