Завяршаецца прыём заявак на ІІІ Кангрэс Беларусістаў

У межах Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі Інстытута культуры Беларусі выступае арганізатарам секцыі "Культурная спадчына Вялікага княства Літоўскага як ключавы фактар на шляху развіцця міжкультурнага дыялогу і еўрапейскай ідэнтычнасці" і панэлі "Нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі: выклікі ХХІ ст." у рамках секцыі "Ахова і аднаўленне гісторыка-культурнай спадчыны".

Запрашаем да ўдзелу. Больш падрабязна азнаёміцца з інфармацыяй пра Кангрэс і падаць заяўку можна на сайце http://www.icbs.lt/.

 На дадзены момант Інстытут культуры Беларусі рэалізуе два фундаментальныя праекты:

- па стварэнні Інвентару нематэрыяльнай культурнай спадчыны,  які мае ўяўляць базу дадзеных элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, уключаных у Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, а таксама тых, якім гэты статус можа быць нададзены. Праект рэалізоўваецца ў межах праграмы Фонду нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь;

- па стварэнні базы дадзеных і інтэрнэт-партала нацыянальных культурных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца за межамі Беларусі з мэтай выяўлення, вяртання, сумеснага выкарыстання і ўвядзення ў навуковы і культурны ўжытак нацыянальных культурных каштоўнасцяў, якія апынуліся за межамі Беларусі.

 

Сыходзячы з праблем рэалізацыі дадзеных праектаў, узнікла вострая неабходнасць канцэптуальнага вырашэння шэрага пытанняў і пошуку далейшых шляхоў іх інтэрпрэтацыі. Адным з мажлівых варыянтаў ўяўляецца дыялог у межах акадэмічнай супольнасці на адкрытай дыскусійнай пляцоўцы, якой можа стаць Міжнародны Кангрэс беларусістаў.

У межах праекта па стварэнні Інвентару нематэрыяльнай культурнай спадчыны (НКС) плануецца абмеркаванне канцэптуальных падыходаў, на якіх павінна грунтавацца інтэрпрэтацыя НКС. На сённяшні дзень у беларускай гуманітарыстыцы даволі трывала замацавана ўяўленне пра традыцыйную культуру і этнаграфію Беларусі як пра селяназнаўства канца ХІХ ст., калі навуковец-этнограф прыязджаў у вёску і даследаваў Чужога. Сучасная навуковая веда прынцыпова адрозніваецца ад "традыцыйнай" пашырэннем кола даследавання і зваротам у сваёй дзейнасці на новае поле – перад усім на горад, – а таксама аўтаэтнаграфічнай скіраванасцю даследаванняў і аналізам ўрбаністычнага ўплыву Мадэрнасці на традыцыйную беларускую вёску, пераасэнсаваннем семантычнага поля руральнай культуры.

Асобна стаіць пытанне не толькі захавання, але і культуралагічнага вывучэння спадчыны "прывілеяванай" культуры Беларусі – шляхты, набілітэту, "высокай" культуры і г.д. Асабліва востра гэта пытанне гучыць пры вывучэнні і метатэкстуальнага прачытання спадчыны Вялікага княства Літоўскага. Менавіта тут, як і пры даследаваннях НКС, паўстаюць пытанні пра "адэкватную" інтэрпрэтацыю культурнай спадчыны. Перад усім гэта тычыцца міфалагізацыі Вялікай Літвы, якая выступае як ключавы фактар на шляху развіцця міжкультурнага дыялогу і еўрапейскай ідэнтычнасці народаў-спадкаемцаў княства. Не менш востра стаіць пытанне і пра сувязь рэпрэзентатыўных "літоўскіх" артэфактаў і гістарычнай памяці.

 

У межах работы секцый плануецца:

- прэзентацыя Інвентару нематэрыяльнай культурнай спадчыны на секцыі "Нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі: выклікі ХХІ ст.";

- прэзентацыя праекта па стварэнню базы дадзеных і інтэрнэт-партала нацыянальных культурных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца за межамі Беларусі на секцыі "Культурная спадчына Вялікага княства Літоўскага як ключавы фактар на шляху развіцця міжкультурнага дыялогу і еўрапейскай ідэнтычнасці".


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.