Прэзентацыя серыі “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў”

Прэзентацыя серыі “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў”

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшла прэзентацыя шасцітомнага навуковага выдання “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў”, аўтарскі калектыў якога  (Алена Боганева, Тамара Варфаламеева, Мікалай Козенка) атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2014 года. На самай справе аўтарскі калектыў значна большы, але спецыфіка правілаў узнагароджвання не дазваляе прэміраваць больш за 3 чалавекі. Праца над серыяй распачалася ў 1993 годзе ў кабінетах Беларускага інстытута праблем культуры (цяпер рэарганізаваны ў Інстытут культуры Беларусі). За 20 гадоў да стварэння кніг серыі на розных этапах далучаліся каля 40 навукоўцаў, фатографаў і супрацоўнікаў выдавецтваў. Сярод іх Т. І. Кухаронак, В. І. Лабачэўская, В. С. Цітоў, Н. А. Бабровіч, Л. У. Вакар, І. С. Катвіцкая, І. В. Мазюк, І. Ю. Смірнова, Т. В. Валодзіна, М. М. Віннікава, С. Г. Выскварка, Т. М. Мармыш,  В. І. Басько, А. В. Кляшчук, І. І. Крук. На жаль, ужо няма сярод нас М. Ф. Раманюка і У. М. Сысова, чые матэрыялы таксама выкарыстоўваліся для выдання.

Першы том серыі, прысвечаны Магілёўскаму Падняпроўю, выйшаў у 2001 г. (выдавецтва “Беларуская навука”) дзякуючы спрыянню тагачаснага рэктара Беларускага інстытута праблем культуры Уладзіміра Скараходава і падтрымцы адміністрацыі Магілёўскай вобласці. Удзел абласцей у выданні кніг вельмі значны: дапамога ў арганізацыі экспедыцыйных выездаў, расшыфроўцы матэрыялаў, грашовыя ўнёскі ўласна на друк тыражу. З трэцяга тома, “Гродзенскае Панямонне”, серыя выходзіла ў выдавецтве “Вышэйшая школа”, кожны том у дзвюх кнігах. З чацвертага тома, “Брэсцкае Палессе”, да кожнай кнігі дадаецца дыск з лепшымі ўзорамі народнай прозы, песень і найгрышаў рэгіёну.

У межах прэзентацыі выступіў дзіцячы фальклорны калектыў “Калыханка” з а/г Міханавічы Мінскага раёна (прэзентацыю пра гурт і яго мастацкага кіраўніка – Ларысу Рыжкову – можна паглядзець тут). Фотасправаздачу з прэзентацыі можна паглядзець тут.

Алена Ляшкевіч


Зварот да спісу


Форум для отзывов 11 не существует.