Творчасць майстра па вырабу габеленаў Алены Шунейка засноўваецца на традыцыях падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва Гродзеншчыны. Часам майстрыха звяртаецца да тэхнікі гродзенскіх дываноў-кілімаў. Яна творча пераэнсоўвае мясцовую ткацкую традыцыю і стварае арыгінальныя маштабныя і міні-габеленавыя кампазіцыі з выявамі помнікаў архітэктуры, гераічнымі сюжэтамі, стылізаванымі расліннымі матывамі. Алена Шунейка гарманічна спалучае традыцыйныя першаўзоры з творчым аўтарскім падыходам.
Пераемнасць майстэрства адбываецца праз майстар-класы і асабістыя заняткі з ткачамі вобласці, выкладанне на аддзяленні павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, Школу рамёстваў пры Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.
Супольнасць г. Гродна і Гродзенскай вобласці надае вялікае значэнне майстэрству Алены Шунейка, якое адлюстроўвае традыцыі ткацтва Гродзеншчыны. Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці зацікаўлены ў захаванні, адраджэнні і папулярызацыі традыцый ткацтва рэгіёна
Гарадоцкае ажурнае ткацтва "Кісея" адносіцца да ўнікальнага віду беларускай народнай творчасці. Адметнай асаблівасцю ажурных тканін – ручнікоў, "набожнікаў", абрусаў, – з'яўляецца разрэджаная сеткавая структура. Малюнак ствараюць празрыстыя геаметрычныя шэрагі палос і квадратаў. Для ткацтва такіх тканін выкарыстоўваюцца адбеленыя ільняныя ніці. Краі вырабаў упрыгожваюцца карункамі, вязанымі кручком (?) з белых ільняных нітак.
У Гарадоцкім раёне дадзены від ткацтва сустракаецца паўсюдна. Тэхніка з'яўляецца часткова перададзенай, а ў большай частцы адноўленай па шматлікіх артэфактах, знойдзеных у час экспедыцый, а таксама пры дапамозе метадычных дапаможнікаў і навуковай літаратуры майстрам па ткацтве Гарадоцкага Дома рамёстваў Гушчай Марынай Леанідаўнай. Зараз М.Л. Гушча з'яўляецца асноўнай носьбіткай, працягвае глыбей вывучаць гісторыю і тэхналогію элемента, лічыць яго каштоўнасцю Гарадоччыны.
Ручнікі Марыны Леанідаўны выкарыстоўваюцца на шматлікіх абласных і раённых святах у якасці выставачных экспанатаў. Яна актыўна ўдзельнічае ў конкурсах майстроў народных рамёстваў і промыслаў, яе праца заўсёды адзначаецца на высокім узроўні. Марына Леанідаўна ажыццяўляе перадачу старажытнай тэхналогіі ажурнага ткацтва праз правядзенне майстар-класаў для жыхароў і вучняў Гарадка. На базе Гарадоцкага Дома рамёстваў працуе майстэрня па ткацтву, у якой размешчаны кросны. На занятках вучні знаёмяцца з гісторыяй ажурнага ткацтва і вывучаюць яго працэс
Закладное ткацтва – тэхналогія вырабу тканых узораў, для выканання якіх ужывалася ўточная нітка, якая закладвалася ўручную, а не чаўнаком, як у іншых тэхніках ткацтва.
Закладныя тканіны (заклады) ткалі ў 2 ці 4 ніты. Пры гэтым атрымлівалася тканіна рыпсавага (радзей палатнянага) перапляцення, часам з характэрнымі зазорамі на вертыкальных абрысах малюнка: ніткі ўтку рознага колеру не злучаюцца паміж сабой, а заварочваюцца на суседніх ніцях асновы. Асаблівасць тэхнікі выкання вызначала прастату арнаменту са ступеньчатым контурам – шурпы (ромбы), квадраты, прамавугольнікі, трохвугольнікі, крыжы і інш. Гэта тэхніка з'яўляецца адной з найбольш старажытных тэхнік беларускага народнага ткацтва. Распаўсюджаная раней у многіх рэгіёнах Беларусі, сёння сустракаецца як выразны лакальны варыянт у в. Семежава Капыльскага раёна