У дрыбінскіх вёсках лапці насілі з глыбокай даўніны амаль да сярэдзіны XX ст. Амаль у кожнай вёсцы яшчэ ёсць жыхары, якія насілі лапці ў свой час, але тэхналогіяй пляцення ўжо не валодаюць. Захоўваюць гэта старажытнае майстэрства ў вв. Абраімоўка, Жавань, Кароўчына.
Пляценне лапцей – традыцыйнае рамяство, якое было распаўсюджана на ўсёй тэрыторыі Дрыбінскага раёна. Сёння лапці страцілі сваё функцыянальнае прызначэнне як абутак. Між тым, інтарэс да іх усё больш узрастае. Лапці – адзін з важнейшых сімвалаў традыцыйнага нацыянальнага побыту, з імі звязана шмат розных павер'яў. Яны шырока выкарыстоўваюцца ў якасці важнага элементу народных абрадаў, сёння набываюць усё большую папулярнасць як сувенір.
Уменне плесці лапці перадавалася ад бацькі да сына, знайсці сёння добрага майстра па пляценню лапцей складана, таму задача нашых дзён – адрадзіць майстэрства продкаў, не даць яму загінуць. У в. Кароўчына Дрыбінскага раёна не толькі захоўваецца, адраджаецца, а і набывае далейшае развіццё гэта рамяство. Мясцовыя ўмельцы перадаюць свае сакрэты дзецям, якія ўжо не толькі могуць пабачаць лапці на малюнках і ў музеях, а і робяць іх уласнымі рукамі
Традыцыя ткацтва паясоў на Валожыншчыне адметная тэхналогіяй ткацтва “на ніту” – раней распаўсюджаная па ўсёй тэрыторыі Беларусі, але менавіта ў Валожынскім раёне захаваная носьбітам традыцыі Марыяй Мікалаеўнай Стасяловіч. Цікавы спосаб замацавання нітак падчас ткання: аснова не прывязваецца да нерухомага прадмета для стварэння нацяжэння, а замацоўваецца на таліі і выцягнутай назе ткачыхі. Гэта дазваляе ткаць там, дзе няма зручнага прадмета для мацавання асновы.
Валожынскія паясы – гэта вузкія ўзорыстыя “тасёмкі”. Шырыня паяскоў не перавышае 2 см. Яны рознакаляровыя і выраблены як з ільняных і шарсцяных нітак хатняга прадзення, так і з пакупных баваўняных нітак. Пераважаюць адценні барвовага, белага альбо шэрага і ружовага колераў. Дапаўненнем служаць ніткі чорнага, зялёнага, жоўтага, фіялетавага колераў і інш. Арсенал арнаментальных элементаў валожынскіх паясоў мае шмат агульнага з паясамі суседняй Гродзенскай вобласці (гісторыка-культурны рэгіён Панямонне), аднак ён з’яўляецца вузейшым. Канцы паясоў аздабляюцца прыгожымі кутасамі, кароткімі ці доўгімі махрамі.
Валожынскія паясы актыўна выкарыстоўваюцца мясцовай супольнасцю: адноўлены мясцовы строй у сладзе якога важнае месца займае пояс, з выкарыстаннем паяскоў здзяйсняюцца вясельныя абрады, дзейнічаюць 2 гурткі па ткацтве для дзяцей.
Носьбіт традыцыі – Марыя Мікалаеўна Стасяловіч, яе вучні і іншыя жыхары Сакаўшчыны і Ракава з пашанай і гонарам ставяцца да дадзенай традыцыі і лічаць яе неад’емнай часткай мясцовай культуры, якую трэба захоўваць і перадаваць нашчадкам
Творчасць майстра Мар’яна Скрамблевіча заснавана на беларускай народнай традыцыі вырабу духавых і ўдарных музычных інструментаў. У той жа час майстар уносіць мадыфікацыі ў свае творы, захоўваючы агульную стылістыку і марфалогію, але эксперыментуючы ў тэхналогіі з мэтай лепшага гучання музычных інструментаў. Асаблівае захапленне выклікаюць яго акарыны: калі традыцыйна гэты інструмент вырабляецца з гліны, то майстру ўдалося зрабіць адзіную ў Еўропе калекцыю драўляных акарын у выглядзе птушак і рыб. Акрамя вынаходніцтвваў у галіне духавых і ўдарных інструментаў, Мар’ян Скрамблевіч працуе як майстар-рэстаўратар і эксперыментатар у галіне гукавых якасцяў гармоніка.
Майстар Скрамблевіч актыўна працуе з дзецьмі мясцовай школы, перадае ім веды і вопыт вырабу музычных беларускіх народных інструментаў. Пры сваёй майстэрні ён арганізаваў музей, у якім выстаўлена практычна ўся калекцыя яго твораў