Спіральнае пляценне Гарадоцкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага раёнаў і горада Віцебска – традыцыйнае рамяство, якое распаўсюджана на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Тэхналагічны спосаб заключаецца ў тым, што жгуты саломы, пачынаючы са дна вырабу, выкладваюцца па спіралі і сшываюцца паміж сабой гібкімі расчэпленымі пруткамі лазы, палоскамі лыка, яловымі ці сасновымі каранямі, раней – ніткамі з раслінных валокнаў (лён, крапіва, каноплі), а на сённяшні дзень – ніткамі прамысловай вытворчасці. Тэхналогія вырабу нагадвае не столькі пляценне, колькі сшыванне, тым больш што для гэтага выкарыстоўваецца спецыяльнае прыстасаванне ў выглядзе іголкі – кадычак, швайка з дубовай галінкі. Для фармавання саламянага жгута выкарыстоўваецца полая трубачка. Тэхніка пляцення забяспечвае розныя формы вырабаў. Зберагаючы прыродныя вартасці матэрыялаў, майстры ствараюць не проста карзіну, сумку, кораб, а прадуманыя да дробных дэталяў мастацкія вырабы.
Сярод усёй разнастайнасці плеценых вырабаў з саломы вылучаецца група гаспадарчага начыння, здаўна і паўсюдна пашыранага ў народным побыце – карабы, карзіны, кублы, каробкі для рукадзелля і інш. Аб’ядноўваюцца гэтыя вырабы не толькі характарам прызначэння – для збору, пераноскі і захавання прадуктаў, але і спосабам вытворчасці – спіральным пляценнем. Пластыка гэтых вырабаў і да нашага часу захавала першапачатковую прастату і прадуманасць формаў, іх адпаведнасць прызначэнню вырабаў. Дзякуючы сваім спецыфічным якасцям, саламянае начынне не сустракала канкурэнцыі з боку стварэння вырабаў з іншых шырокадаступных матэрыялаў і таму бытавала практычна паўсюдна. Яно ўжывалася для захавання зерня, мукі і іншых сыпкіх прадуктаў, а таксама іх пераноскі. У некаторых выпадках плеценыя вырабы служылі для зберажэння адзення і іншых каштоўных рэчаў. Бо вырабы ў тэхніцы спіральнага пляцення былі гіграскапічнымі, іх не грызлі мышы. Характэрныя ўтылітарныя якасці плеценага начыння абумовілі яго выкарыстанне і ў якасці пчаліных вулляў.
Плеценыя з саломы вырабы маюць выразную, дасканалую форму, а дробны дыяганальны ці спіральны ўзор лазовага перапляцення на жгутах саломы ажыўляе фактуру самаго вырабу, робіць яго паверхню прыгожай. Несумненна, пры стварэнні вырабаў у тэхніцы спіральнага пляцення ўлічвалася не толькі ўтылітарнае прызначэнне, але і іх мастацкі выгляд. На сённяшні дзень прасочваецца дэкаратыўна-прыкладное прызначэнне плеценых сучасных рэчаў: талеркі, каробачкі, ёмістасці для гарбаты і кавы, каробкі для рукадзелля, званочкі, калачыкі, пано і шмат іншых вырабаў
Узорнае ткацтва – самабытная мастацкая з'ява ў нацыянальнай культуры беларусаў, прадстаўляе сабой унікальны працэс стварэння прыгожай тканіны (вырабу) шляхам перапляцення каляровых нітак асновы і ўтка, выкарыстоўваючы пры гэтым разнастайныя тэхнікі ўзораўтварэння, у выніку чаго ўтвараецца выразная фонавая структура. Майстры аг. Пагародна да гэтага часу валодаюць і практыкуюць традыцыйныя ткацкія тэхнікі вырабу каляровых узорных посцілак і дываноў, якія характаразуюцца:
- выкарыстаннем пяці ўзораўтвараючых тэхнік ткацтва: двухслойнае ткацтва, або несшываныя дываны з паліхромнымі ўтковымі палосамі – набіванкі ці “радужкі” cшыўныя і суцэльныя; двухбаковы перабор на двух нітах з адной прыціскной ніткай і двума кантраснымі па колеры ўткамі – “перабіранкі з адной штапноўкай”; двухбаковы перабор на двух нітах з двума прыціскнымі ніткамі і двума кантраснымі па колеры ўткамі – “перабіранкі з двума штапноўкамі”; чатырохнітовае двухутковае ткацтва; пяцінітовае двухутковае ткацтва з прыціскной ніткай;
- разнастайным ўжываннем каляровых нітак, якое ўключае шырокі спектр колераў, сакавітасць малюнка, гарманічнае спалучэнне насычаных колераў;
- прынцыпамі кампазіцыйнай арганізацыі ўзорнага поля: рапортны паўтор монакампазіцыі (маштаб, памер і размяшчэнне рапортаў моцна вар’іруюцца); замкнутыя купонныя кампазіцыі на ўсё поле дывана; колеравая, танальная і рытмічная імправізацыя.
Ужыванне разнастайных ткацкіх тэхнік дазваляла забяспечваць як пабытовыя патрэбы ў тканінах, так і ствараць прыгожыя, па-мастацку аздобленыя вырабы, якія выкарыстоўваліся ў інтэр’еры, а таксама падчас сямейных урачыстасцяў і абрадаў. Так, посцілкі і дываны выкарыстоўваліся ў паўсядзённым побыце (засцілаць ложак, канапу ці крэслы), а таксама для ўпрыгожвання вясковага інтэр’еру (вешаюць на сцены дома), і як рытуальна-абрадавыя вырабы – на вяселле (калісьці дываны былі самым каштоўным падарункам на вяселлі; іх лічылі важнай часткай пасагу маладой), жалобу (посцілкі, пазбаўленыя яркіх колераў, напрыклад, чорна-белыя, выкарыстоўваюцца ў пахавальных абрадах).
Сыравінай для вырабу ўзорных тканін здаўна служылі як ільняныя і ваўняныя ніткі дамашняга прадзення, так пакупныя. Акрамя ваўняных, ільняных, майстрыхі куплялі і шырока выкарыстоўвалі баваўняныя, шаўковыя, змешаныя валокны разнастайных колераў.
Дэкаратыўныя вырабы, тканыя на кроснах, захоўваюцца і практычна ўжываюцца многімі вясковымі сем’ямі Воранаўскага і суседніх з ім раёнаў , але як рэгулярны занятак і хатняе рамяство на сённяшні дзень сустракаецца толькі ў аг. Пагародна. Акрамя традыцыйных па форме вырабаў (посцілак і дываноў) распачаты творчы працэс стварэння малых форм ткацтва – сурвэтак, макатак, упрыгожаных традыцыйнымі ўзорамі.
Старэйшымі носьбітамі мясцовай ткацкай традыцыі з’яўляюцца народны майстар, цудоўная ткалля Станіслава Вікенцьеўна Міхно, майстрыхі Ядвіга Людвікаўна Коўза і Гэлена Янаўна Грыгілевіч. Майстрыхі валодаюць унікальнымі ведамі не толькі аб ўсіх этапах стварэння ўзорных палотнаў у розных тэхніках, але і аб спосабах падвязвання нітоў для кожнай з іх. Яны ахвотна перадаюць сваё рамяство мясцовым школьнікам і моладзі на занятках студыі “Школа ткацтва” ў аг. Пагародна Воранаўскага раёна.
Традыцыя ткацкіх тэхнік мае адметныя тэхналагічныя асаблівасці стварэння ўзорных палотнаў. Яны заключаюцца ў адмысловых спосабах і прыёмах наладу асновы, подвязі нітоў, ходу па панажах і іншыя веды, якія з’яўляюцца жывым скарбам варта захоўваць, як мясцовай, так і рэгіянальнай культуры, і прызнаюцца яе носьбітамі як элемент іх спадчыны, варты захавання
Згодна традыцыі ўбор лелікаўскай свахі ўжываўся толькі падчас вяселля. Сваха кіравала вяселлем, яна павінна была добра ведаць вясельны абрад і ўсё бачыць. Таму на сарочцы свахі і фартуху нашываліся адметныя арнаментальныя элементы – “вочы” – ланцужкі з закруглёных ромбаў чырвонага колеру. Спадніца бліжэй да пояса абшывалась шырокімі каляровымі стужкамі, а знізу – больш вузкімі, падпярэзвалась саматканым каляровым поясам. Абутак – скураныя шнуроўкі, чаравікі чорнага колеру з фігурнымі абцасамі.
Адметнасць адзення – галаўны ўбор - какошнік, па-мясцоваму “брэжэ”, упрыгожаны дзвюма пучкамі рознакаляровых пер’яў з хваста пеўня. Усё гэта ўпрыгожванне мае свой сэнс - какошнік з пер’ем надзявалі на галаву толькі дружкі жаніха, “вочы” на кашулях і спадніцах пільнавалі парадак на вяселлі.
Усе часткі строю:сарочка, фартух і спадніца шыюцца з баваўняных тканін – паркалю, саціну і багата ўпрыгожваюцца аплікацыяй з рознакаляровых стужак і тканін.
Да сённяшняга дня шэраг жыхароў вёсак Лелікава і Павіцце валодаюць прыватнымі калекцыямі адзення лелікаўскай свахі, беражна захоўваюць іх у хатніх умовах, каб “перадаць унукам і праўнукам”. Некаторыя жыхары самі вырабляюць касцюмы згодна камплектам адзення, якія захаваліся да гэтага часу.
У 1997 г. жыхаркі в. Павіцце аднавілі традыцыю выкарыстання строю на сучасных павіццеўскіх вяселлях. Зараз маладое пакаленне жыхароў вёсак Лелікава і Павіцце ахвотна пераймае майстэрства вырабу строю лелікаўскай свахі, яго выкарыстання, паколькі ўсведамляе і вызначае гэтыя традыцыі, як сапраўдную каштоўнасць культурнай спадчыны сваёй мясцовасці, вартыя зберажэння