Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

  • Дэмбраўская кадрыля – пазаабрадавы парна-гуртавы танец, які да сённяшняга дня бытуе ў Шчучынскім раёне. Як і іншыя кадрылі, Дэмбраўская называецца ў адпаведнасці з мясцовасцю свайго існавання (аг. Дэмбрава). Танец “Дэмбраўская кадрыля” мае ўстойлівую кампазіцыю і рэгламентаваную лексіку. Танец выконвае шэсць пар. Складаецца кадрыля з трох кален. У першае калена ўваходзіць уступ і 5 фігур, падчас якіх пары рухаюцца па колу, хлопцы танцуюць некаторы час на месцы да цэнтра спіной, а дзяўчаты навокал, пасля мяняюцца месцамі, зноў разам танцуюць па колу па ходу сонца, потым супраць ходу сонца. Калена другое мае 2 фігуры, на працягу якіх кавалеры змяняюць партнёрак, а дзяўчаты мяняюць партнёраў у даволі складаных пераходах у паўколах, напрыклад, 6-я партнёрка пераходзіць да 3-га партнёра, 1-я да 4-га, 2-я да 5-га, а пазней 1-я пераходзіць да 3-га, 2-я да 4-га, 3-я да 5-га. Так на працягу кадрылі, чаргуючы дынамічныя і статычныя харэаграфічныя кампаненты, выканаўцы ператанцоўваюць па чарзе “ўсе з усімі” – да сустрэчы са сваім партнёрам. Калена трэцяе ўключае 9 фігур, некаторыя з якіх танцуюцца з пераходам ў тройкі і таксама са зменай партнёраў (рухаючыся па колу, хлопцы падбягаюць да дзяўчат, утвараюць тройкі і рухаюцца па крузе). Пасля змены ўсіх партнёраў у тройках, хлопцы і дзяўчаты некаторы час танцуюць па-асобку ў колах і шэрэнгах, пасля зноў аб’ядноўваюцца ў пары, выконваюць фігуры “Шэн” (перакручваюцца пад руку, ідучы па колу з усімі парнёрамі), “Ручаёк” і падчас апошняй фігуры ў коле дзякуюць адзін адному за танец. Паузы паміж часткамі ў танцы “Дэмбраўская кадрыля” адсутнічаюць. Такім чынам, “Дэмбраўская кадрыля” вылучаецца шэрагам сваіх адметных рысаў: калены ў кадрылі ідуць без перапынку і іх аб’яў, асобныя фігуры выконваюцца тройкамі. Для кадрылі характэрна хуткая змена разнастайных фігур і малюнкаў (лінія, ручаек, калона), а таксама розныя пераходы, змена партнераў, абход адзін аднаго, парамі. “Дэмбраўская кадрыля” адносіцца да тыпу кругавых кадрыляў. Выконваецца ва ўмеранным тэмпе на двухдольную мелодыю, якая захоўваецца ў варыятыўным выглядзе на працягу ўсяго танца. Дзеянне разыгрываецца па коле рознай канфігурацыі, больш акцэнтуецца на паўколах: з левага ці з правага боку танцавальнай пляцоўкі, а таксама падчас утварэння шарэнгі або фігуры “танец тройкамі” – яе выконваюць адначасова тры кавалеры, шэсць дзяўчат і тры хлопцы, якія засталіся без партнёрак. Яны на паўколе паасобку выконваюць асноўны рух кадрылі. Разглядаючы сам танец і яго кампазыцыйны строй, трэба адзначыць, што ён уключае элементы розных танцаў, якія бытавалі ў Дэмбраве: “Лявоніха”, “Ручаёк”, “Кракавяк”. На сённяшні дзень танец, які пачаў аднаўляцца і практыкавацца ў Дэмбраве з 70-х гг XX ст., можа выканаць кожны трэці жыхар аг. Дэмбрава, а гэта больш за 180 дэмбраўчан розных пакаленняў. Перадача вопыта, традыцый і звычаяў сваёй мясцовасці адбываецца праз сям’ю, асяроддзе, якое акружае чалавека. Веды і ўменне «танчыць» кадрылю перадаюцца ад маці да сына ці дачкі, ад бацькоў да дзяцей. Гэты танец выконваецца на розных святах, якія арганізоўваюць самі жыхары: вяселлі, дні нараджэнні, на Вялікдзень, Каляды, а таксама проста ў асяроддзі сваякоў і суседзяў. Адной з важных мадэляў перадачы традыцыі выканання кадрылі з’яўляецца заняткі ў клубным фарміраванні – узорным фалькорным калектыве “Скарбоначка” аддзела культуры і дасуга «Дэмбраўскі сельскі Дом фальклору». З малых гадоў дзеці, якія займаюцца ў калектыве, далучаюцца да традыцыйнай культуры сваёй мясцовасці. Удзельнікі гурта вывучылі і аднавілі не толькі Дэмбраўскую кадрылю, але і іншыя мясцовыя побытавыя танцы такія, як “Полька-бабачка”, “Падыспань”, “Нарэчанька”, “Лявоніха”, “Лысы”, “Кракавяк”, якія маюць свае адметныя рысы і выразна адрозніваюцца ад іншых танцаў Гродзеншчыны. На працягу сваёй актыўнай творчай дзейнасці ўдзельнікі калектыву праводзілі этнаграфічныя экспедыцыі, майстар-класы, ладзілі вечарыны, якія сталі важнай крыніцай ведаў аб танцавальных традыцыях рэгіёна, вартыя вывучэння і захавання
  • Ігрышча «Ката пячы» у Скірмантаве праводзіцца 27 лістапада вечарам, напярэдадні перадкаляднага посту. Жанатыя і нежанатыя пары збіраюцца ў адной хаце на вясёлую гулянку ўскладчыну, асноўная падзея якой – абрадавая гульня «Ката пячы». Галоўным дзеяннем гульні з’яўляецца выраб фігуры “ката” са спецыяльна выпечаных булак пэўнай формы, якія адмысловым чынам злучаюцца паміж сабой, галава “ката” аздабляецца вушкамі з сала, вочкамі з чарніц, далучаецца хвост са свойскай каўбасы. Вырабленага такім чынам “ката” урачыста выносяць на цэнтр хаты і прывязваюць да столі. Пасля пачынаецца жартоўнае спаборніцтва паміж удзельнікамі, хто якую частку ката здолее адкусіць, дзеля чаго кожны па чарзе “едзе” на вілках да ката і падскоквае, імкнучыся адкусіць яго частку. Пры гэтым неабходна пераадолець перашкоды, якія ствараюць іншыя ўдзельнікі і выканаць пэўныя ўмовы (не ўсміхацца, не чапаць ката рукамі і інш.). Тыя, хто не справіўся, атрымоўваюць розныя жартоўная заданні. Пераможцам лічыцца той, хто адкусіў хвост, пасля чаго “ката” дзеляць паміж усімі прысутнымі. Усе этапы гульні суправаджаюцца традыцыйнымі песнямі, прыпеўкамі, танцамі пад гармонік, жартоўнымі гульнямі, анекдотамі, вячэрай з пачастункамі, якія ўдзельнікі прыносяць з сабой. Ежа падкрэслена тлустая і багатая, а ўжо 28 лістапада пачынаецца перадкалядны пост «Піліпаўка» з забаронамі не толькі на скаромнае, але на гульні ды забавы. Ігрышча “Ката пячы” уключае шэраг цікавых ўзораў спеўнай, музычнай, гульнявой народнай традыцыі, зьяўляецца яркім прыкладам культуры баўлення вольнага часу на аснове мясцовай спадчыны, якую захавалі жыхары Скірмантава, аб’яднаныя ў самадзейныя творчыя калектывы “Сваякі” і “Весялуха”. Яны штогод ладзяць гульню, лічаць яе цікавай, важнай часткай культурнай спадчыны сваёй мясцовасці, перадаюць веды аб мясцовых традыцыях маладым ўдзельнікам калектываў
  • Непадалёку ад вёскі Агароднікі Ашмянскага раёна ў ляску знаходзіцца глыбокі роў ледавіковага паходжання, па баках якога растуць маладыя дубы. На дне рова ляжыць велізарны камень-валун, які з’яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Мяркуюць, што ў часы паганства тут знаходзілася капішча. Сярод жыхароў Ашмянскага раёна і наваколіц здаўна распаўсюджаны міфы і паданні аб паходжанні каменя. Адзін з іх - пра маладую дзяўчыну, якая следам за сваім каханым, які патануў у глыбокім рве, кінулася ў ваду і абярнулася валуном. На тым месцы вада высахла, адкрыўшы велізарны камень, які і атрымаў назву “Нявесцін камень”. Бытуе міф, што пад каменем пахавана маладая манахіня-паслушніца, якая шчыра малілася за ўсіх закаханых, за іх шчаслівы шлюб і будучых дзяцей. Мясцовыя легенды і паданні, прыпісваючы яму магічныя ўласцівасці, папярэджваюць аб тым, што камень нельга чапаць альбо абражаць, кранаць яго з месца. Шмат дзесяцігоддзяў запар дзяўчаты з наваколля і бліжэйшых мясцін прыходзяць да Нявесцінага каменя напярэдадні шлюбу (разам з жаніхом ці асобна), каб дакрануцца да валуна і папрасіць шчаслівай сямейнай долі. Да каменя звяртаюцца маладыя жанчыны, якія жадаюць нарадзіць дзіця. Яны прыносяць ахвяру ў выглядзе стужак, ланцужкоў, паяскоў, абрусаў, ручнікоў (каб шлюб быў моцны), якія павязваюць на дрэвы, што растуць побач з валуном. На камень кладуць грошы, цукеркі, кветкі (на багатае жыццё і дабрабыт), плеценыя невялічкія кошыкі з маленькімі лялькамі (на доўгачаканае нараджэнне дзіцяці). Мяркуюць, што камень-валун здольны “прымірыць” сям’ю і маладыя пары, сярод якіх узнік разлад. Дакладна вызначанага часу і рытуалу ўшанавання каменя няма. Практыка наведвання Нявесцінага каменя не суадносіцца з рэлігійнымі святамі ці прысвяткамі народнага святочна-абрадавага календара
“вэсну співаты” “провады зімы” "драць заяц" абрад абрады абраз аброк абыход абыход двароў баран баранава батлейка белаўзорыстае ткацтва, традыцыя, ручнік божая маці бортнік бярэзінскі раён в. пагост вада валёнкі валянне воўна выцінанка-выбіванка вышыўка вялікдзень вянкі вярба вяселле вясельныя гульні, песні, "рагаты" каравай, звычай габелен гаворка ганчарства гліна гуканне вясны гульні гульня гурт дзед дзежка дзень абраза маці боскай казанскай дзеці дрэва дудка-выкрутка душа дываны дыялект дыялог дэмбрава ежа жніво жывёла жытні хлеб запусты засуха, дождж, магія, ураджай ігрышча “ката пячы” інструменты кадрыля кадычак казкавыя сюжэты казкі калода, борць, вулей каляда калядная зорка каляды каляндар камень, паданне, аброк, маладыя, здароўе камяні каравай каравайніцы каравайніцы, дзяжа, мука, печ, “шышкі” карагод карагоды касцёл каталіцтва кваснік кераміка клёцкі кросны, перабор, набіванкі, подвязь, штапноўка крыжы крыніца культ камянёў купалле куст кухня лагойшчына лапці лірыка лыка лялька лясное бортніцтва майстар макавей макатка маляванкі маска масла масленіца масленка музыка мядовы спас намётка народная гульня неглюбка неглюбскі строй павук падвойнае ткацтва пакланенне палессе паломніцтва пальмавая (вербная) нядзеля панямонне папера пастухоўская дудка пахаванне паясы пераборнае ткацтва песні печ печыва пінкавічы пісанкі полька з камандамі полька, в. спорава пояс праводная нядзеля прадукты харчавання продак продкі, памінанне, вялікдзень, успенне, дзяды прусы птушка-абярэг птушкі пчала пчалярства рамяство рашчына роспіс русалка русальны тыдзень рухаўскі дыван ручнікі рэцэптура сакральная тапаграфія саламяны дыван салома саломка, саламяныя жгуты, лаза, пляцёнка, лыка сваха, какошніца,“брэжэ”, “вочы”, вяселле, лелікава святая варвара святы міхаіл святыя пётр і павел свяча скірмантава