Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Традыцыя вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне ў Старадарожскім раёне Мінскай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 63БК000130
Дата ўключэння: 03/01/2020
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 11.12.2019 № 04-01- 02/10. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь ад 03.01.2020 № 1
Шыфр (у Інвентары): НКС-20200527

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Старадарожскага райвыканкама. Адрас: вул. Пралетарская, д. 31, 222932, г. Старыя Дарогі Мінскай вобласці;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Традыцыя вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне ў Старадарожскім раёне Мінскай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Рухаўскія дываны, саламяныя дываны

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары в. Рухава Пасецкага с/с Старадарожскага раёна Мінскай вобласці, майстры з г. Старыя Дарогі, супрацоўнікі ДУК “Старадарожскі цэнтр рамёстваў”, а таксама іх вучні – удзельнікі гурткоў, дзеці і падлеткі г. Старыя дарогі, асобныя майстры з аг. Палажэвічы

Арэол распаўсюджвання:

Мінская вобласць » Старадарожскі раён » в. Рухава;   Мінская вобласць » Старадарожскі раён » аг. Палажэвічы;   Мінская вобласць » Старадарожскі раён » г. Старыя Дарогі ;  

Кароткае апісанне элемента:

Традыцыя вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне ў Старадарожскім раёне ўяўляе сабой адметную старонку ў гісторыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі. Творчасць майстрых саламянай аплікацыі з вёскі Рухава ўзняла гэты від народнай творчасці на высокі мастацкі ўзровень і сфарміравала адметныя мясцовыя традыцыі вырабу так званых “рухаўскіх” дываноў.
Пачынальніцай мясцовай мастацкай традыцыі стала Кацярынай Максімаўнай Русаковіч, якая стала развіваць распаўсюджаны ў пасляваенны час спосаб дэкаравання жылых памяшканняў і ствараць вырабы, што выклікалі захапленне не толькі ў жыхароў сваёй і суседніх вёсак, але і ў аматараў народнай творчасці па ўсяму Савецкаму Саюзу. Майстрыха натхніла сваякоў і аднавяскоўцаў, сярод якіх высокага ўзроўню майстэрства дасягнулі Надзея Міхайлаўна Пілюк і Марыя Міхайлаўна Русаковіч. Апошняя з іх выгадавала маладых пераемнікаў рамяства, супольнасць якіх сёння дзейнічае ў Старадарожскім раёне.
Традыцыйныя рухаўскія дываны ўяўляюць сабой насценныя пано рознага памеру, дэкараваныя аплікацыяй з рознакаляровай саломкі па чорнай тканіне, нацягнутай на драўляны падрамнік. Для падрыхтоўкі вялікай колькасці элементаў кампазіцыі адмысловым чынам нарыхтаваныя і пафарбаваныя саламяныя стужкі наклеіваюцца на паперу, а пасля з суцэльных лістоў, пакрытых саломкай, выразаецца патрэбная колькасць дэталей будучага ўзору па загадзя падрыхтаваных шаблонах у адпаведнасці з эскізам дывана. Сіметрычнае размяшчэнне саламяных узораў па ўсёй паверхнасці пачынаецца з галоўнага цэнтральнага матыву, якім могуць быць пышны букет кветак, дрэва з птушкамі, пара аленяў, зайцоў або галубоў, выкананыя ў наіўна-рэалістычнай манеры і абрамленыя раслінным вянком. Па краю дыван мае акаймоўку з разетак, кветак і раслінных парасткаў, якая звязвае ў адзінае кампазіцыйнае цэлае рамку. У кутах і па баках адыходзяць размешчаныя букеты кветак скіраваныя да цэнтра, фон паміж буйнымі ўзорамі запаўняецца дробнымі кветкамі і лісцем. Узоры звычайна паліхромныя і іх яркі колер ззяе на чорным фоне. Дываны могуць быць розных памераў, але на думку даследчыкаў, “асаблівай прыгажосцю вызначаюцца вялікія, здольныя зрокава “трымаць” не толькі адну сцяну, але і ўвесь інтэр’ер”. Па сведчанню доктара мастацтвазнаўства Я. Сахуты менавіта рухаўскія майстрыхі давялі “мастацтва аплікацыі саломай па тканіне да гранічнай дасканаласці”.
Майстры Старадарожскага цэнтра рамёстваў забяспечваюць жыццядзейнасць, захаванне і папулярызацыю традыцыі вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне. Дарослыя і дзеці пад кіраўніцтвам майстроў засвойваюць майстэрства стварэння рухаўскіх дываноў праз пераемнасць і супрацоўніцтва са старэйшымі майстрамі, лічаць каштоўнасцю мясцовую мастацкую традыцыю і ганарацца сваімі таленавітымі продкамі

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя рамёствы » Саломапляценне

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Выраб "рухаўскіх" дываноў на сённяшні момант стаў зноў актуальным і карыстаецца попытам і зацікаўленасцю, як у моладзі, так і ў людзей старэйшага пакалення. Традыцыя вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыя саломкай па тканіне з’яўляецца каштоўным матэрыялам для вывучэння рэгіянальных асаблівасцяў народнага мастацтва, фарміраваннем мастацкага густу, эстэтычнай культуры і перадачай майстэрства з пакалення ў пакаленне. Сучасныя майстры пераймаюць традыцыю вырабу дываноў ад носьбіта і ўважліва вывучаюць усе тонкасці зааморфнага, геаметрычнага і расліннага арнаментаў. У наш час матывы і ўзоры рухаўскіх дываноў выкарыстоўваюццамайстрамі для стварэння дэкаратыўных пано і сувенірнай прадукцыі Старадарожчыны. Засноўваючыся на мясцовых традыцыях аздаблення ўзорамі з саломкі насценных дываноў, сённяшнія майстры першапачаткова ў сваёй творчасці абапіраюцца на вырабы тагачасных майстроў. На занятках у гуртках ДУК “Старадарожскі цэнтр рамёстваў” і Палажэвіцкага ЦКіВЧ, захоўваючы традыцыі вырабу дываноў, майстры перадаюць сваё майстэрства маладому пакаленню. Вучні школ раёна з задавальненнем пераймаюць тэхніку аплікацыі саломкай па тканіне. У працэсе працы з саломкай ў дзяцей развіваюцца пачуцці колеру, рытму; трэніруюцца дробная маторыка пальцаў, вокамер; выхоўваюцца назіральнасць, мастацкае і эстэтычнае ўспрыманне свету; фарміруюцца паняцці аб прыгажосці рэчаў, створаных сваімі рукамі, веданне прыродных якасцяў матэрыялу і яго прымяненне, любоў і беражлівыя адносіны да прыроды. У сучасных умовах работа з саломкай дае дзецям магчымасць не толькі развіваць творчыя здольнасці, але і далучыцца да выдатных здабыткаў нашай культуры, дакрануцца да старажытных традыцый свайго народа. Безумоўна, для сучасных спажыўцоў “рухаўскія дываны” могуць з’яўляцца мастацкай і сувенірнай прадукцыяй, якую можна набыць падчас фестываляў, кірмашоў, свят ці ў сувенірнай лаўцы пры ДУК “Старадарожскі цэнтр рамёстваў”. Дзякуючы сваёй непаўторнасці, каларыстычнай адметнасці яны могуць карыстацца попытам у турыстаў. Саламяныя дываны таксама могуць стаць прыгожым прадметам дэкору ў інтэр’еры прыватных і грамадскіх памяшканняў, аграсядзіб, устаноў культуры і адукацыі, цікавым складнікам выстаў народнай творчасці. Каб абудзіць цікавасць грамадства да традыцыі элемента мы маем намер прапанаваць такія сувеніры, якія ў наш час з’яўляліся б па-сапраўднаму моднай “фішкай”, асабліва сярод моладзі. Прадукцыя з матывамі “рухаўскіх дываноў” у выглядзе прынтоў нанесеных на розныя рэчы можа стаць арыгінальным сувенірам і набыць папулярнасць (магніты, кубкі, майкі, каляндарыкі, налепкі, брэлкі, паштоўкі, значкі).

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Актуальнай з'яўляецца функцыя самаідэнтыфікацыі мясцовай культуры, паколькі рухаўскія дываны – адна з выдатных з’яў у народным мастацтве Старадарожчыны. Дадзены від рамяства выконвае выхаваўча – эстэтычную функцыю, мясцовыя жыхары старэйшага пакалення аздаблялі праз гэта ўмельства прастору свайго жытла, вылучалі і цанілі высокі мастацкі ўзровень вырабаў асобных майстроў, якія і сёння натхняюць маладое пакаленне вывучаць сакрэты рамяства. Дзеці і моладзь асвойваюць навыкі і ўменне традыцыі вырабу дываноў ад майстроў у гуртках, утвораных пры ДУК “Старадарожскі цэнтр рамёстваў” і пры Палажэвіцкім ЦКіВЧ. Сацыяльна-культурная функцыя элемента выражаецца ў захоўванні першапачатковай традыцыі вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне і пераемнасці дадзенага віда мастацтва, засваенні яго нашчадкамі. Рухаўскія дываны выкарыстоўваюцца ў аздабленні музеяў і куткоў традыцыйнай культуры Старадарожчыны, таксама ў якасці ўпрыгожвання сучасных інтэр’ераў. Мастацка-эстэтыная функцыя традыйнага рамяства паступова становіцца ўсё больш актуальнай для сучаснага побыту. Саламяныя дываны могуць стаць прыгожым прадметам дэкору ў інтэр’еры прыватных і грамадскіх памяшканняў, аграсядзіб, устаноў культуры і адукацыі, цікавым складнікам выстаў народнай творчасці

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

- Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Старадарожскага райвыканкама; - Дзяржаўная ўстанова культуры “Старадарожскі цэнтр рамёстваў”; - Палажэвіцкая сельская бібліятэка.

Паходжанне элемента:

На тэрыторыі Беларусі аплікацыя саломкай стала распаўсюджвацца ў XIX – XX стст. сярод сялян як хатні занятак, але ў некаторых выпадках насіла характар промыслу. Яшчэ ў першыя пасляваенныя гады на кірмашах можна было купіць рамку, сальнічку, насценныя дываны аздобленныя аплікацыяй з саломкі. Навогул у той час, калі інтэнсіўная адбудова вёскі патрабавала адпаведнага народнаму густу аздаблення інтэр’ера, дываны, ўпрыгожаныя ўзорамі з саломкі, ўвайшлі ў моду і сталі прадметам дэкору вясковага жылля. На Старадарожчыне насценныя дываны аздобленыя аплікацыяй з саломкі па тканіне пачалі вырабляць ў пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя ў вёсцы Рухава. Менавіта па свайму мясцоваму паходжанню яны атрымалі назву – “рухаўскія” дываны. Як сведчаць гістарычныя звесткі, падобны элемент традыцыйнай культуры быў распаўсюджаны ў іншых рэгіёнах Міншчыны Віцебшчыны і Гродзеншчыны (Любанскі, Слуцкі, Смаргонскі, Ашмянскі раёны). Заснавальніцай “рухаўскіх дываноў” лічыцца Кацярына Максімаўна Русаковіч, якая ўбачыла дыван на кірмашы ў в. Касцюшы Любанскага раёна. Уражаная і натхнёная прыгажосцю вырабу, нягледзячы на адсутнасць першапачатковых ведаў і навыкаў, яна зрабіла свой першы дыван. Спроба акзалася настолькі ўдалай, што выраб дываноў стаў для яе не проста захапленнем, а сапраўднай справай жыцця, за перыяд якога было зраблена вялікая колькасць дываноў. Прозвішча Кацярыны Максімаўны вядома за межамі Беларусі: ў Сібіры, на Урале, у Прыбалтыцы, куды па замове яна высылала дываны. Пра яе і цудоўныя вырабы пісалі ў часопісах “Крестьянка”, здымалі і паказвалі сюжэты па тэлебачанню. Зацікавіла сваім захапленнем Кацярыны Русаковіч сваю сяброўку Надзею Міхайлаўну Пілюк. У наш час захавалася шмат вырабаў Надзеі Пілюк. Яе дываны ўражваюць шматколернымі кветкавымі фантазіямі, выдатным кампазіцыйным размяшэннем гірляндаў з кветак на плоскасці палатна. Прыкладна ў 1965 годзе Надзея Пілюк перадае сакрэты майстэрства сваёй хрэсьніцы Марыі Міхайлаўне Русаковіч. Для вырабу дываноў выкарыстоўвалі даволі простую тэхніку: загадзя салому нарыхтоўвалі ў полі, сушылі, потым сцябліны разразалі на асобныя саломіны аддзяляючы вузлы, фарбавалі ў адпаведны колер (клалі ў чугун, ставілі ў печ, каб салома запарылася і стала мяккай) і адразу разразалі уздоўж і разгладжвалі прасам у стужкі, якія шчыльна склейвалі паміж сабой на газеце, сушылі пад прасам, далей малявалі матывы і выразалі. Саламяныя ўзоры наклейвалі на сшытае з двух кавалкаў палотнішча даматканага льнянога палатна памерамі прыклана 2,5 на 3 м., афарбаванае ў чорны колер, нацягнутае на прамавугольны падрамнік. У асноўнай сваёй масе “рухаўскія дываны” ўпрыгожваліся паліхромнымі геаметрычнымі, зааморфнымі, расліннымі ўзорамі. Дываны мясцовых майстрых карысталіся вялікім попытам. Менавіта дзякуючы гэтым жанчынам іх можна было бачыць не толькі ў кожнай хаце вёскі Рухава, але і навакольных вёсках. “Рухаўскія дываны”, як культурная з’ява ў народным матацтве прыцягнулі ўвагу многіх даследчыкаў і навукоўцаў. Апісанне працэса стварэння дываноў і імёны майстроў з вёскі Рухава нярэдка можна сустрэць у дапаможніках, кнігах і паасобных працах Я.М. Сахута, Т.А. Рэпіна, М.Ф. Раманюка і іншых даследчыкаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Працягам традыцыі вырабу насценных дываноў, упрыгожаных аплікацыяй з саломкі, сталі дэкаратыўныя пано. Патрэбна канстатаваць, што “рухаўскія дываны” у канцы 1990-х гадоў перастаюць карыстацца попытам, знікае іх неабходнасць у жывой практыцы. Прычынай гэтаму паслужыла развіццё лёгкай прамысловасці – спачатку шэрсцяныя дываны, потым мастацкія карціны і фоташпалеры. Мастацтва аплікацыя саломкай па тканіне з дамашняй вытворчасці пераходзіць у аматарскае захапленне і прадаўжае сваё існаванне ў гуртках ва ўстановах адукацыі і культуры. Сучасныя носьбіты традыцыі ажыццяўляюць перадачу свайго майстэрства праз правядзення майстар-класаў, вядуць гурткі па аплікацыі з саломкі, бо лічаць свае ўменні каштоўнасцю, якая павінна жыць і перадавацца ад пакалення да пакалення. У наш час “рухаўскія дываны” з’яўляюцца экспанатамі музеяў і носяць дэкаратыўны характар, але як і раней займаюць сваё месца не толькі ў хатнім інтэр’еры в. Рухава, але знаходзяцца ў: - Музеі старабеларускага мастацтва АН РБ; - Музеі народнага мастацтва вёскі Раўбічы; - Музеі ўстановы адукацыі "Бабруйскі дзяржаўны прафесіянальна-тэхнічны мастацкі каледж імя А.Я. Ларына"; - ДУ "Старадарожскі гісторыка-этнаграфічны музей"; - Музеі ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Старыя Дарогі імя Героя Савецкага Саюза Ф.Ф.Кулікава”; - Выставачнай зале ДУК “Старадарожскі цэнтр рамёстваў”; - “Хатцы-майстэрні” Старадарожскага Цэнтра культуры і вольнага часу; - у прыватных дамах жыхароў Старадарожскага раёна.

Стан бытавання:

менш распаўсюджаны

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Адметная традыцыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сфарміравалася ў вёсцы Рухава, якая ўваходзіць у склад Старадарожскага раёна Мінскай вобласці і знаходзіцца на паўднёвым усходзе краіны. Назва вёскі паходзіць ад слоў “рухча”, “рушан”, “рухлян” – плывун, глеба ў выглядзе дробнага насычанага вільгаццю пяску каля ракі. У сярэдзіне ХХ ст. вёска яшчэ была цесна звязана з натуральным вядзеннем гаспадаркі. Для нашых продкаў адным з самых танных прыродных матэрыялаў з'яўлялася салома, якая лічылася знакам урадлівасці і дабрабыту, ішла на корм і подсціл жывёле, служыла ложкам, якую выкарыстоўвалі і як будаўнічы матэрыял. У вёсцы Рухава гэтаму матэрыялу знайшлі асаблівае прымяненне – выкарыстоўвалі для ўпрыгожвання дываноў, што садзейнічала фарміраванню лакальнай мастацка-культурнай традыцыі пад назвай “рухаўскія” дываны. Матывы і ўзоры саламяных дываноў адлюстроўвалі навакольнае асяроддзе і прыроду: букеты лугавых кветак з рамонкаў, валошак, каласкоў, лісця клёну і рабіны, выявы галубоў, аленяў, птушак. У цяперашні час у нашым раёне вырабам дываноў займаюцца не толькі вясковыя жыхары, да іх паспяхова далучыліся і гарадскія майстры. Гэта значыць, што пераемнасць традыцыі захоўваецца, толькі вялікія памеры дываноў змяніліся на больш меншыя і ўжываюцца ў якасці дэкаратыўных пано. Мастацтва вырабу дываноў не было ў Беларусі нейкай адзінкавай ці ўнікальнай з’явай. Дываны ў тэхніцы аплікацыі саломкай былі распаўсюджаны не толькі ў Старадарожскім раёне, але і на Міншчыне (Любанскім, Слуцкім) і Гродзеншчыне (Смаргонскім, Ашмянскім раёнах). Але менавіта рухаўскі дыван прайшоў праверку часам і захаваўся ў першапачатковым выглядзе. Вырабам дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне займаецца ў Глускім раёне Магілёўскай вобласці Соф’я Меснік. Стварае па характару блізкім да традыцыйнага паліхромнага дывана і майстар з Салігорска Раіса Раманеня

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Мясцовая гаворка сярэднебеларускага дыялекту асноўнага беларуска-рускага тыпу.

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Да матэрыяльных элементаў, якія звязаны з традыцыяй вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне адносяцца: драўляная рама, цвікі, льняная або баваўняная тканіна чорнага колеру, анілінавыя фарбы, салома жытняя, аўсяная, ячменная, клей ПВА-М, газета, картонныя шаблоны, лак

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

На дыванах адлюстроўвалі: - геаметрычныя арнаменты, якія складаліся з спалучэнняў геаметрычных элементаў – палосак, ромбаў, квадратаў, кружочкаў; - раслінныя арнаменты: пышныя букеты, валошкі, званочкі, рамонкі, піоны, гронкі бэзу і ягад, розная лістота, дрэвы; - зааморфныя матывы, стылізаваныя па парам выявы жывёл: аленяў, зайцоў або галубоў, птушак.

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Старэйшы носьбіт традыцыі вырабу рухаўскага дывана – Марыя Міхайлаўна Русаковіч, перадае сваё майстэрства супрацоўнікам ДУК “Старадарожскі цэнтр рамёстваў”. Сёння ўжо адсутнічае прамая перадача традыцыі вырабу рухаўскага дывана ад бабулі ці маці да дзяцей, але веды і навыкі, уласцівыя элементу, перадаюцца ад пакалення да пакалення, праз навучанне ў гуртках пры ДУК “Старадарожскі цэнтр рамёстваў” і Палажэвіцкім ЦКіВЧ. Гарадскія майстры абапіраюцца ў сваёй творчасці на першапачатковую тэхніку вырабу дываноў. Дарэчы, хочацца адзначыць саюз сталых і маладых майстроў, які заключаецца ў захаванні і пераемнасці мясцовай традыцыі ў яе аўтэнтычным выглядзе. Кіраўнікі гурткоў разам з дзецьмі, засвоіўшы асноўныя прыёмы тэхнікі аплікацыі саломкай па тканіне вырабляюць традыцыйныя рухаўскія дываны. Каб зацікавіць школьнікаў, ім прапануецца самім паспрабаваць пры дапамозе шаблонаў на свой густ зрабіць дэкаратыўныя вырабы (карцінкі, паштоўкі, маленькія пано). Сучасныя носьбіты традыцыі ажыццяўляюць перадачу свайго майстэрства таксама праз правядзенне выстаў, майстар-класаў і розных масавых мерапрыемстваў. Пры ДУК “Старадарожскі цэнтр рамёстваў” створаны куток рухаўскага дывана (наглядная экспазіцыя), што дае магчымасць наведвальнікам падчас эскурсіі пазнаёміцца з элементам, таксама прапануецца і распрацоўваецца адпаведная сувенірная прадукцыя, выраб якой поўнасцю адпавядае традыцыі вырабу дываноў.

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

1. Пагрозай для існавання элемента сёння з’яўляецца значнае памяншэнне колькасці насельніцтва ў в. Рухава. 2. Змена жыццёвага ладу і сістэмы каштоўнасцей сучасных людзей. Адышлі ў нябыт традыцыйныя заняткі (ткацтва, вышыўка, саломапляценне і аплікацыя саломкай). 3. Адсутнасць перадачы прамой сямейнай традыцыі, што прыводзіць да пошуку новых людзей для падрыхтоўкі носьбітаў традыцый такіх, як Марыя Міхайлаўна Русаковіч. Патрэбна у будучым стварыць асацыяцыю майстроў, якія авалодаюць традыцыяй вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай па тканіне – «рухаўскі дыван». 4. Дзеці пераймаюць тэхніку аплікацыі саломкай толькі падчас пазашкольнага навучання ў двух гуртках пры ўстановах культуры раёна.

Ключавыя словы

Рухаўскі дыван, саламяны дыван

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Экспертнае заключэнне_Мазюк І.В.pdf

Экспертнае заключэнне_Мазюк І.В.pdf

Экспертнае заключэнне_Шаура Р.Ф.pdf

Экспертнае заключэнне_Шаура Р.Ф.pdf

Экспертнае заключэнне_Сахута Я.М.pdf

Экспертнае заключэнне_Сахута Я.М.pdf

САКРЭТЫ МАЙСТЭРСТВА_Аплікацыя саломкай_Мінскі цэнтр народнай творчасці_2016 г..pdf

САКРЭТЫ МАЙСТЭРСТВА_Аплікацыя саломкай_Мінскі цэнтр народнай творчасці_2016 г..pdf

Мінская праўда_2016-05-21_с. 12.pdf

Мінская праўда_2016-05-21_с. 12.pdf

Вярнуць моду на дываны_СБ_2016.pdf

Вярнуць моду на дываны_СБ_2016.pdf

Фотафіксацыя