Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Традыцыя вясновых карагодаў на Вялікдзень, Праводную нядзелю і “Провады зімы” ў в. Пінкавічы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 13БЛ000127
Дата ўключэння: 03/01/2020
№ пратакола Рады: 11.12.2019 № 04-01-02/10
Шыфр (у Інвентары): НКС-20200421

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

ДУК “Пінская раённая цэнтралізаваная клубная сістэма”. Адрас: вул. К. Маркса, 28, г. Пінск, Брэсцкая вобласць, 225710;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Традыцыя вясновых карагодаў на Вялікдзень, Праводную нядзелю і “Провады зімы” ў в. Пінкавічы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

“Вэсну співаты”, вадзіць “танкы”, “Проводна нэділя”

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары в. Пінкавічы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Брэсцкая вобласць » Пінскі раён » Пінкавічы;  

Кароткае апісанне элемента:

Традыцыя вясновых карагодаў у Пінкавічах складаецца з ваджэння кругавых гульнёвых карагодаў у першы дзень Вялікадня, у нядзелю праз тыдзень, называемую Праводнай, і ў панядзелак пасля Праводнай нядзелі. У панядзелак ладзяць «Провады зімы», падчас якіх кругавыя карагоды змяняюцца на карагод-шэсце: жанчыны рухаюцца за сяло з абрадавай песняй, бягуць і разрываюць «путы зімы», сімвалічна нацягнутыя праз вуліцу, варожаць на ўдачу ва ўсіх жаночых клопатах летам.
Карагоды, якія на мясцовай гаворцы называюць «танкы», гэта старажытны від народнага мастацтва, у якім арганічна спалучаюцца песні, рух і гульнёвае драматызаванае дзеянне. Асноўныя ўдзельнікі – жанчыны вёскі Пінкавічы, цяперашнія і былыя ўдзельніцы народнага фальклорнага калектыву «Крыніцы». Па ходу шэсця да спявачак далучаюцца іншыя жыхары вёскі, жанчыны і дзяўчаты становяцца разам і водзяць карагоды.
Вясновыя карагоды пачынаюцца ў першы дзень Вялікадня. Жанчыны пасля святочнай службы ў царкве і святкавання дома пачынаюць вадзіць танкі на вуліцах вёскі. Раней увесь Велікодны тыдзень вадзілі карагоды, але зараз гэтая частка традыцыі не практыкуецца, а становяцца жанчыны ў карагоды ў асноўныя дні, што абазначаюць пачатак і завяршэнне святочнага перыяду. Карагод «Траўка-мураўка» водзяць у два кругі, адзін унутры другога, «Скачэ горобэйко дай по юлоньцы» – гульнёвы карагод з «верабейкам» у крузе, «Тарасова жона» – своеасаблівая жартоўная замалёўка сялянскага побыту, дзе круг выконвае ролю сцэны. Нават такі старажытны кананічна-дыялогавы карагод «Проса», які ў асноўным вядомы сваёй харэаграфічнай формай «сценка на сценку», у Пінкавічах таксама мае кругавую форму. Танок-гульня «Пойдэмо в ляс» дэманструе дзяленне аднаго круга на два, рост яго па памеры ў залежнасці ад колькасці ўдзельніц і давядзенне да стану двух роўных колаў, якія зноў зліваюцца. Пасля ваджэння карагодаў спявачкі ідуць працягваць свята ў танцах і сямейным застоллі, захоўваючы спрадвечныя традыцыі вёскі.
Праз тыдзень пасля Вялікадня ў Праводную нядзелю адбываюцца тыя ж дзеі, што і на Вялікдзень. У панядзелак пасля Праводнай нядзелі адбываецца абрад, прысвечаны выгнанню зімы з вёскі або «Провады зімы». Звычайна ў гэты дзень таксама адбываецца служба ў царкве, пасля якой водзяць танкі. Калі службы няма, спявачкі збіраюцца на пачатку вуліцы Якуба Коласа каля музея, або каля клуба і ідуць да ракі, на скрыжаваннях водзяць карагоды такія ж, як на Вялікдзень і Праводную нядзелю. Падчас шэсця па вуліцы спяваюць «Да проводымо зыму да за гай, за долыну». Крок пераходзіць на бег, жанчыны бягуць і рвуць сімвалічныя «путы зімы» – нацягнутыя ніткі, вяроўкі, шнуры, якімі перагароджана вуліца. Да карагодаў далучаюцца іншыя жыхары вёскі, а таксама дзяўчынкі ад мала да вяліка. Дзеці, мужчыны, іншыя дарослыя, якія не ўдзельнічаюць у карагодах, суправаджаюць шэсце і загадзя перагароджваць дарогу да ракі.
Калі выходзяць за вёску, жанчыны выбягаюць на луг ля ракі, забягаюць у ваду і вырываюць якую-небудзь расліну з вады. Мераюцца: у каго даўжэйшая, тая будзе спраўнейшая і шчаслівейшая ў гэтым годзе. Пасля гэтага вясну ўжо не спяваюць і танкі не водзяць, а вяртаюцца ў вёску, спяваючы траецкія песні
Галоўнымі носьбітамі традыцыі веснавых карагодаў з’яўляюцца сталыя жыхары в.Пінкавічы, удзельнікі народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву «Крыніцы», які дзейнічае на базе Пінкавіцкага СДК, а таксама дзеці з калектыву-спадарожніка «Крынічанькі». Традыцыя веснавых карагодаў захоўваецца дзякуючы энтузіязму жыхароў і намаганням культработнікаў, якія ганарацца сваёй вёскай і яе культурнымі традыцыямі, таму беражліва іх захоўваюць і стараюцца перадаць маладому пакаленню

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя цырымоніі » Звычаі

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

У карагоднай традыцыі прадстаўлены мясцовыя песні і карагоды, якія захаваліся ў сваім першапачатковым варыянце і з’яўляюцца для жыхароў Пінкавіч і фальклорных калектываў Пінскага раёна прыкладам зберажэння сваёй рэгіянальнай вясковай спадчыны, захаванне якой спрыяе пашырэнню ведаў аб гісторыі свайго краю. Традыцыйныя абрадавыя дзеі Велікоднага перыяду спрыяюць развіццю культурнага дыялогу ўнутры супольнасці, фарміраванню павагі да мінулага ў прадстаўнікоў малодшага пакалення, якія могуць далучацца да карагодаў змалку і ўдзельнічаць у ваджэнні танкоў. У гульнёвых карагодах, разнастайных па тэматыцы і малюнках, новым удзельніцам дастаецца свая пасільная роля. Карагодная традыцыя, калі навучаць яе захаванню дзяцей, дае магчымасць праявіць свае таленты дзяўчынкам і жанчынам рознага ўзросту ў спевах, карагодных рухах, гульнёвых імправізацыях. Дарослыя, якія не ўдзельнічаюць у карагодах, з увагай назіраюць за імі, слухаюць цудоўныя спевы, далучаюцца да традыцыйных велікодных гульняў, перагароджваць дарогу да ракі ў Праводны панядзелак, святкуюць гэтыя дні ў танцах і сямейным застоллі, захоўваючы спрадвечныя традыцыі вёскі. На Вялікдзень да бацькоў і ў госці да сваякоў прыязджаюць з розных мясцін як былыя жыхары вёскі Пінкавічы, так і прадстаўнікі іншых супольнасцей. Яны з цікавасцю знаёмяцца з абрадавым комплексам, які захаваўся ў жывой традыцыі і з’яўляецца этнічнай адметнасцю вёскі. Гэта спрыяе больш уважлівым адносінам да мясцовай культурнай спадчыны сваёй малой радзімы

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Традыцыя вясновых карагодаў, як складовая частка Велікоднага каляндарна-абрадавага комплексу, для супольнасці носьбітаў выконвае камунікатыўную, кансалідуючую і сацыялізуючую функцыі, актуалізуе каштоўнасна-сэнсавы гарызонт культуры і з’яўляецца сімволіка-рытуальнай формай выяўлення эстэтычнага стаўлення да традыцыйнай культуры, як спосабу ўсталявання гармоніі са светам. Грунтоўная характарыстыка сацыяльных і культурных функцый пінкавіцкай традыцыі, зробленая даследчыцай і экспертам нематэрыяльнай культурнай спадчыны Р.С.Гамзовіч, апублікавана ў раздзеле “Дакументы, звязаныя з элементам”

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пінскага райвыканкама

Паходжанне элемента:

Старэйшыя ўдзельніцы калектыву “Крыніцы” і старажылы вёскі сцвярджаюць, што традыцыя вадзіць карагоды тут захоўвалася спрадвеку, яны памятаюць яе з дзяцінства, а іх бацькі, дзяды і прадзеды таксама сведчылі, што пры іх вадзілі танкі і святкавалі гэты час вельмі цікава. Раней традыцыя ваджэння карагодаў у перыяд ад Вялікадня да “Провадаў зімы” у панядзелак пасля Праводнай нядзелі існавала ў многіх вёсках Пінскага раёна – Вішавічы, Высокае, Вулька Гарадзішчанская і інш. Падобныя вясновыя звычаі існавалі ў вёсках Драгічынскага, Столінскага, Іванаўскага, Жабінкаўскага раёнаў. Аднак у жывым бытаванні захаваліся толькі ў Пінкавічах. Заснавальніца гурта “Крыніцы” Ксенія Паўлаўна Даніловіч, 1933 г.н., расказала, як вадзілі карагоды і праводзілі зіму, ў в. Высокае, дзе яна нарадзілася. Там хлопцы кідалі ў дзяўчат на беразе ракі пасталы: у каго трапяць, тая будзе шчаслівая ў гэтым годзе. Таццяна Фёдараўна Максімчук, 1962 г.н., і яе мама Лой Алена Цімафееўна, 1940 г.н., (родам з в. Вішавічы) памятаюць, што доўгі час традыцыю падтрымлівала жыхарка вуліцы Якуба Коласа Улляна Якімец (свякроў Алены Цімафееўны), ад яе традыцыю перанялі яны. Сёстры Даніловіч з Пінкавіч – Лой Елізавета Ніканораўна, 1935 г.н. і Шлома Любоў Нікандраўна, 1943 г.н. – з дзяцінства выдзілі карагоды з прадстаўніцамі сваёй сям’і і вясковай супольнасці. Апісанне традыцый Праводнай нядзелі і разнастайных формаў выправоджвання зімы пасля Вялікадня даволі часта сустракаецца ў этнаграфічных апісаннях тэрыторыі Заходняга Палесся (Валодзіна Т.В., Кухаронак Т.І., Лозка А.Ю. і інш.). У кнізе «”Ядраное жыта гаспадара кліча...”: каляндарны год у абрадах і звычаях» даследчыкі адзначаюць: «Як Праводная нядзеля мог пазначацца і ўвесь паслявелікодны тыдзень… Найперш уяўлялася, што праводжанымі мусяць быць памерлыя, што нябачна наведвалі ў гэты час свае паселішчы… У свядомасці матыў адпраўлення продкаў трывала спалучыўся з матывамі выгнання зімы, што часам выглядае дзіўнавата, калі Провады выпадалі на майскія цёплыя дні». У Пінскім і іншых раёнах Брэсцкай вобласці прынята наведваць могілкі і ўшаноўваць душы памерлых продкаў у чацвер пасля Вялікадня, а ў наступную надзелю ці панядзелак выправоджваць за вёску, што пацвярджае звычай праганяць зіму да кладбішча ў пас. Гарадзішча Пінскага раёна. Па-свойму выганялі зіму ў кожнай вёсцы Пінскага раёна: кідаліся старымі пасталамі, палілі вогнішча, спальвалі ў ім старызну, скакалі праз яго і спявалі, нацягвалі і равалі “путы зімы”, бегучы да возера, фарбавалі яшчэ адну порцыю яек і качалі з горак, прыгаворваючы: «Провэду зыму на долыну», кідалі шкарлупінне з яек на ваду і спявалі: “Ідзі, зіма, бо ты нам хліб выела” і інш. Таксама, як і зіму, рытуальна праводзілі сам Вялікдзень. У выданні “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Брэсцкае Палессе” аўтары адзначаюць, што звычай провадаў (выгнання) зімы і адпраўлення продкаў складае рэгіянальную спецыфіку Брэстчыны і прадстаўлены шэрагам варыянтаў, якія аб’яднаны ідэяй провадаў, выправоджвання, у запісах апошніх гадоў гэта галоўным чынам выгнанне зімы. Яшчэ ў ХХ ст. многія жыхары ў розных раёнах вобласці памяталі, як спявалі і гулялі, праводзячы зіму пасля Вялікадня, але ў ХХІ ст. гэтыя звычаі ўжо амаль нідзе не практыкаваліся. Экспедыцыя ў чэрвені 2009 г. Рэгіны Гамзовіч ў Пінскі раён выявіла, што ў в. Пінкавічы захоўваецца жывая карагодная веснавая традыцыя, падтрымліваюцца мясцовыя звычаі Праводнай нядзелі і “Провадаў зімы”. Захаванню традыцыі спрыяла дзейнасць фальклорна-этнаграфічнага калектыву “Крыніцы”, створанага ў у 1985 г. у Пінкавічскім СДК. У калектыў былі запрошаны выдатныя мясцовыя спявачкі, якія добра ведалі народныя звычаі і традыцыі сваіх вёсак, мелі багатую спеўную спадчыну. Гэта дало магчымасць аднавіць вясновы абрадавы спеўна-харэаграфічны комплекс, прымеркаваны да Праводнай нядзелі

Стан бытавання:

пад пагрозай знішчэння

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Вёска Пінкавічы знаходзіцца побач з Пінскам і прымыкае да горада. Пінкаўчане ў свой час не згадзіліся атрымаць статус пасёлка і можна смела лічыць, што дзякуючы гэтаму факту многія традыцыі захоўваюцца і ў наш час. Стваральніца калектыву “Крыніцы” К.П.Даніловіч кажа пра землякоў: “Людзі жывуць у нас харошыя, вясёлыя, смелыя, а як яны пяюць!” Веснавыя карагоды і звычай “Провадаў зімы” — элементы культурнага жыцця вёскі Пінкавічы — залежаць ад традыцыйнага ландшафту, у якім існуюць: праводзяцца ў старажытнай частцы вёскі, на вуліцы, якая цягнецца ўздоўж ракі Піна. Усе дзеянні абавязкова праходзяць на гэтай вуліцы — зараз гэта вуліца Якуба Коласа, некалі адзіная ў вёсцы, якая пачынаецца ад музея Якуба Коласа, а ў канцы выходзіць на луг каля ракі. Музей песняра прысвечаны таму перыяду, калі ён тут настаўнічаў. На Вялікдзень і ў Праводную нядзелю танкі пачынаюць вадзіць ля царквы пасля службы. У панядзелак пасля Праводнай нядзелі ваджэнне танкоў і выгнанне зімы за раку можа пачынацца ад царквы, калі ўвечары там адбываецца служба, а калі не, то ад пачатку вуліцы ад музея Якуба Коласа. Шэсце спявачак праходзіць праз усю вуліцу, спыняецца на перакрыжаваннях дарог, дзе водзяць танкі. Важным і заключным элементам абраду з’яўляецца заход у раку, з чаго вынікае знітаванасць культурнай традыцыі з прыродным атачэннем вёскі. На пачатку і ў канцы вуліцы стаяць аброчныя крыжы (асабліва шануецца той, што ля могілак у канцы вёскі), а ў канцы вуліцы знаходзяцца вясковыя могілкі

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Палеская (заходнепалеская) гаворка

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Традыцыйны жаночы строй, які складаецца са спадніцы ў клетку, вышытай безрукаўкі, блузкі і фартуха, тканай наметкі. Такія апранаюць тады, калі ў гэты перыяд цёпла. Калі надвор’е халоднае, жанчыны апранаюць цёплыя сцэнічныя спадніцы, вышытыя фартухі, курткі, а на галаву вялікія хусткі з махрамі. Дзіцячыя народныя касцюмы прадугледжваюць халоднае надвор’е і ўключаюць, акрамя летняга адзення, куртачкі традыцыйнага крою. Мужчынскі касцюм складаецца з вышытай сарочкі і цёмных нагавіц. Шнуры, вяроўкі і ніткі, якімі перад абрадам перагароджваюць вуліцу. Яны ўвасабляюць “путы зімы”, якія пры абрадавым дзеянні разрываюць удзельніцы, каб прагнаць зіму. Расліны з вады, якія ўвасабляюць лён новага ўраджаю (зараз гэта атрыбуты гадання — у каго расліна даўжэйшая, тая будзе шчаслівай у новым годзе, здаровай і працавітай)

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Выкананне траецкіх песень, якія маркіруюць пачатак лета і выконваюцца пасля праводзін зімы — “Ой, у Пыніковыч добрая ўкраіна”, “Ой, пойду я. куды вік нэ ходыла”, “Ой, доля, доля”, “Пасла я волы пры зэлёной дуброве”, “Дівчынонька коло гаю ходыла” і іншыя

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Элемент мае некалькі спосабаў перадачы. Традыцыйным з’яўляецца спосаб перадачы ведаў з пакалення ў пакаленне ў вясковых сем’ях. Ад прадстаўніц сваёй сям’і і вясковай супольнасці перанялі традыцыі Велікоднага перыяду Ксенія Паўлаўна Даніловіч, 1933 г.н., Лой Алена Цімафееўна 1940 г.н. і яе дачка Таццяна Фёдараўна Максімчук, 1962 г.н., сёстры Лой Елізавета Ніканораўна, 1935 г.н. і Шлома Любоў Нікандраўна, 1943 г.н. Сёння амаль усе ўнучкі ўдзельніц калектыву па магчымасці ўдзельнічаюць у абрадавых дзеях. У другой палове ХХ ст. народныя традыцыі, якія падтрымліваліся ў вясковай супольнасці, сталі страчвацца і нават забараняліся ўладамі. Але ў 80-90-х гг. ХХ ст. пачалі актыўна стварацца фальклорна-этнаграфічныя калектывы, якія ўзялі на сябе ролю захавальнікаў традыцыйнай культуры ў сваіх вёсках. У 1985 г. у Пінкавічах Даніловіч Ксеніяй Паўлаўнай быў створаны калектыў «Крыніцы», якія аб’яднаў спявачак і носьбітаў традыцыйных рамёстваў вёскі. З таго часу вясновыя традыцыі і іншыя абрадавыя дзеі народнага календара, звычаі і святы захоўваюцца, дзякуючы актыўнай дзейнасці гурта. Штогод аматарскі калектыў «Крыніцы» ладзіць карагоды і «Провады зімы» у Пінкавічах з далучэннем новых аматараў народных традыцый. У складзе калектыву 14 чалавек. Самым старэйшым носьбітам фальклору больш за семдзесят год, некаторыя ўжо не могуць удзельнічаць у абрадавых дзеях і выступаюць у ролі дарадцаў. У 2011 г. фальклорны калектыў «Крыніцы» атрымаў найменне «народны». Жанчыны з вялікай адказнасцю і беражлівасцю адносяцца да адраджэння і захавання народных традыцый. Значная частка рэпертуару складаецца з каляндарна-абрадавах і пазаабрадавых мясцовых песень. Удзельнікі калектыву з ахвотай далучаюць да адраджэння народных традыцый вясковую моладзь і дзяцей. У гурт уваходзяць як прадстаўніцы старэйшага пакалення спявачак, так і сярэдняга ўзросту жанчыны, якія добра ведаюць традыцыйны песенны рэпертуар свайго сяла і значна ўзмацнілі выканальніцкі ўзровень гурта. Дзяўчынкі рознага ўзросту далучаюцца да традыцыі пакуль пасіўна – водзяць танкі, дзе-нідзе спяваюць, але старэйшыя спадзяюцца, што ў далейшым гэтыя дзеці і падлеткі стануць сапраўднымі пераемніцамі народна-песенных традыцый вёскі

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

1) Сталы ўзрост непасрэдных выканаўцаў абраду; 2) Невялікая колькасць людзей, зацікаўленых у захаванні элемента, асабліва моладзі. 3) Недастатковая праца з дзецьмі ў школе па выхаванні на этнічных традыцыях вёскі, засваенні фальклорнай спадчыны

Ключавыя словы

карагоды, танкі, “вэсну співаты”, Праводная нядзеля, “Провады зімы”, Пінкавічы

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Экспретнае заключэнне_Валодзіна Т.В.,Кухаронак Т.І.-2019.pdf

Экспретнае заключэнне_Валодзіна Т.В.,Кухаронак Т.І.-2019.pdf

Экспертнае заключэнне_Пладунова Т.А.,Каліноўская А.Т.-2019.pdf

Экспертнае заключэнне_Пладунова Т.А.,Каліноўская А.Т.-2019.pdf

Экспертнае заключэнне_Яшчанка В.М.-2018.pdf

Экспертнае заключэнне_Яшчанка В.М.-2018.pdf

Ліст супольнасці в.Пінкавічы-2019.pdf

Ліст супольнасці в.Пінкавічы-2019.pdf

Сацыяльныя і культурныя функцыі элемента НКС.pdf

Сацыяльныя і культурныя функцыі элемента НКС.pdf

Ядраное жыта гаспадара кліча_стар.184-187.pdf

Ядраное жыта гаспадара кліча_стар.184-187.pdf

Тэксты вясновых карагодаў (танкоў) з в.Пінкавіічы.pdf

Тэксты вясновых карагодаў (танкоў) з в.Пінкавіічы.pdf

Ноты і схемы вясновых танкоў з в. Пінкавічы.pdf

Ноты і схемы вясновых танкоў з в. Пінкавічы.pdf

Як пінчукі захоўваюць старажытны абрад_Палеская Праўда_2013.pdf

Як пінчукі захоўваюць старажытны абрад_Палеская Праўда_2013.pdf

Фотафіксацыя

Аўдыёфіксацыя

05-Вясновы танок_Скача горобэйко_в.Пінкавічы_гурт Крыніцы_2010_запіс Р.Гамзовіч.mp3:

05-Вясновы танок_Скача горобэйко_в.Пінкавічы_гурт Крыніцы_2010_запіс Р.Гамзовіч.mp3

06-Вясновы танок_Траўка-мураўка_в.Пінкавічы_гурт Крыніцы_2010_запіс Р.Гамзовіч.mp3:

06-Вясновы танок_Траўка-мураўка_в.Пінкавічы_гурт Крыніцы_2010_запіс Р.Гамзовіч.mp3

07-Вясновы танок_Тарасова жона_в.Пінкавічы_гурт Крыніцы_2010_запіс Р.Гамзовіч.mp3:

07-Вясновы танок_Тарасова жона_в.Пінкавічы_гурт Крыніцы_2010_запіс Р.Гамзовіч.mp3

08-Вясновы танок_На крутом бэрэжэчку_в.Пінкавічы_гурт Крыніцы_2010_запіс Р.Гамзовіч.mp3:

08-Вясновы танок_На крутом бэрэжэчку_в.Пінкавічы_гурт Крыніцы_2010_запіс Р.Гамзовіч.mp3

09-Вясновы танок_Пуд зэлёным дубом_в.Пінкавічы_гурт Крыніцы_2010_запіс Р.Гамзовіч.mp3:

09-Вясновы танок_Пуд зэлёным дубом_в.Пінкавічы_гурт Крыніцы_2010_запіс Р.Гамзовіч.mp3

10-Вясновы танок_Просо_в.Пінкавічы_гурт Крыніцы_2010_запіс Р.Гамзовіч.mp3:

10-Вясновы танок_Просо_в.Пінкавічы_гурт Крыніцы_2010_запіс Р.Гамзовіч.mp3

14_Вясновы танок_Пуйдэмо в ляс_в.Пінкавічы_гурт Крыніцы_2010_запіс Р.Гамзовіч.mp3:

14_Вясновы танок_Пуйдэмо в ляс_в.Пінкавічы_гурт Крыніцы_2010_запіс Р.Гамзовіч.mp3

18-Вясновы танок_Да проводымо зыму_в.Пінкавічы_гурт Крыніцы_2010_запіс Р.Гамзовіч.mp3:

18-Вясновы танок_Да проводымо зыму_в.Пінкавічы_гурт Крыніцы_2010_запіс Р.Гамзовіч.mp3