Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення ў Гарадоцкім, Браслаўскім, Верхнядзвінскім раёнах і г. Віцебску

Шыфр (у Дзяржаўным спісе):
Дата ўключэння: 29/01/2020
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 15.01.2020 № 04-01-02/1. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь ад 29.01.2020 № 4
Шыфр (у Інвентары): НКС-20200212

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

ДУ «Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці». Адрас: вул. Леніна, 35а, г. Віцебск;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення ў Гарадоцкім, Браслаўскім, Верхнядзвінскім раёнах і г. Віцебску

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Спіральнае пляценне, выраб саламянага посуду, рамяство спіральнага пляцення

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Майстры з г. Гарадок і ўдзельнікі гуртка па саломапляценю Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору; Майстры з г. Браслаў, ўдзельнікі народнага клуба народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў “Ля возера” і супрацоўнікі Музея традыцыйнай культуры НДУК “Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў”; Удзельнікі клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў раённага Дома рамёстваў г. Верхнядзвінск; Удзельнікі гуртка па саломапляценню культурна-гістрычнага цэнтра «Залатое кола горада Віцебска “Дзвіна”».

Арэол распаўсюджвання:

Віцебская вобласць » Гарадоцкі раён » г. Гарадок;   Віцебская вобласць » Браслаўскі раён » г. Браслаў;   Віцебская вобласць » Верхнядзвінскі раён » г. Верхнядзвінск;   Віцебская вобласць » Верхнядзвінскі раён » в. Шайцерава;   Віцебская вобласць » Віцебскі раён » г. Віцебск;  

Кароткае апісанне элемента:

Спіральнае пляценне Гарадоцкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага раёнаў і горада Віцебска – традыцыйнае рамяство, якое распаўсюджана на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Тэхналагічны спосаб заключаецца ў тым, што жгуты саломы, пачынаючы са дна вырабу, выкладваюцца па спіралі і сшываюцца паміж сабой гібкімі расчэпленымі пруткамі лазы, палоскамі лыка, яловымі ці сасновымі каранямі, раней – ніткамі з раслінных валокнаў (лён, крапіва, каноплі), а на сённяшні дзень – ніткамі прамысловай вытворчасці. Тэхналогія вырабу нагадвае не столькі пляценне, колькі сшыванне, тым больш што для гэтага выкарыстоўваецца спецыяльнае прыстасаванне ў выглядзе іголкі – кадычак, швайка з дубовай галінкі. Для фармавання саламянага жгута выкарыстоўваецца полая трубачка. Тэхніка пляцення забяспечвае розныя формы вырабаў. Зберагаючы прыродныя вартасці матэрыялаў, майстры ствараюць не проста карзіну, сумку, кораб, а прадуманыя да дробных дэталяў мастацкія вырабы.
Сярод усёй разнастайнасці плеценых вырабаў з саломы вылучаецца група гаспадарчага начыння, здаўна і паўсюдна пашыранага ў народным побыце – карабы, карзіны, кублы, каробкі для рукадзелля і інш. Аб’ядноўваюцца гэтыя вырабы не толькі характарам прызначэння – для збору, пераноскі і захавання прадуктаў, але і спосабам вытворчасці – спіральным пляценнем. Пластыка гэтых вырабаў і да нашага часу захавала першапачатковую прастату і прадуманасць формаў, іх адпаведнасць прызначэнню вырабаў. Дзякуючы сваім спецыфічным якасцям, саламянае начынне не сустракала канкурэнцыі з боку стварэння вырабаў з іншых шырокадаступных матэрыялаў і таму бытавала практычна паўсюдна. Яно ўжывалася для захавання зерня, мукі і іншых сыпкіх прадуктаў, а таксама іх пераноскі. У некаторых выпадках плеценыя вырабы служылі для зберажэння адзення і іншых каштоўных рэчаў. Бо вырабы ў тэхніцы спіральнага пляцення былі гіграскапічнымі, іх не грызлі мышы. Характэрныя ўтылітарныя якасці плеценага начыння абумовілі яго выкарыстанне і ў якасці пчаліных вулляў.
Плеценыя з саломы вырабы маюць выразную, дасканалую форму, а дробны дыяганальны ці спіральны ўзор лазовага перапляцення на жгутах саломы ажыўляе фактуру самаго вырабу, робіць яго паверхню прыгожай. Несумненна, пры стварэнні вырабаў у тэхніцы спіральнага пляцення ўлічвалася не толькі ўтылітарнае прызначэнне, але і іх мастацкі выгляд. На сённяшні дзень прасочваецца дэкаратыўна-прыкладное прызначэнне плеценых сучасных рэчаў: талеркі, каробачкі, ёмістасці для гарбаты і кавы, каробкі для рукадзелля, званочкі, калачыкі, пано і шмат іншых вырабаў

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя рамёствы » Саломапляценне

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Пачынаючы са знаёмства з артэфактамі Гарадоцкага краязнаўчага музея, Музея традыцыйнай культуры г. Браслава, Верхнядзвінскага краязнаўчага музея і мясцовасці, дзе было распаўсюджана саломапляценне, можна даведацца як пра гісторыю ўзнікнення і далейшага развіцця спіральнага пляцення, так і даведацца пра асноўныя этапы вырабу саламянага начыння. Спалучэнне сучаснасці і гісторыі адлюстроўваецца ў шматлікіх вырабах, створаных майстрамі Домоў рамёстваў і фальклору і інш. устаноў. Тут можна не толькі даведацца, але і далучыцца падчас майстар-класаў па пляценні з саломы і лазы, тым самым пераняць каштоўныя веды і навыкі. А таксама набыць вырабы спіральнага пляцення – прадметы ўтылітарнага ўжытку (карабы, карзіны, кублы, каробкі для рукадзелля); пано; талеркі, ёмістасці для гарбаты і кавы; сумкі і інш.

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

У наш час ужо не выклікае сумнення эстэтычная каштоўнасць твораў народнага мастацтва. Асноўнай сацыяльна-культурнай функцыяй з’яўляецца пераемнасць у асваенні пакаленнямі. Таксама важнасць авалодвання тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў. Заўсёды актуальна такая функцыя, як захаванне духоўных ідэалаў нацыянальнай культуры, а таксама добрае веданне прыроды і беражлівае стаўленне да яе матэрыялаў. Гэта можна прасачыць праз выраб сувеніраў у тэхніцы спіральнага пляцення. Для турыстычнага рэгіёна – Браслаўшчыны – тэма папулярызацыі і навучання традыцыйным рамёствам вельмі актуальна. Падчас музейных святаў, кірмашоў, гарадскіх мерапрыемстваў майстры дэманструюць тэхналогію спіральнага пляцення. Праводзяцца майстар-класы, практыкумы, заняткі па асновам рамяства ў Музеі традыцыйнай культуры. Выставы “Гісторыя саломапляцення на Браслаўшчыне”, “Народнае мастацтва Браслаўшчыны”, персанальныя выставы майстроў саломапляцення далучаюць наведвальніка да народнай культуры, выхоўваюць павагу да працы, да майстроў народнай творчасці, вучаць бачыць прыгажосць у простых рэчах

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Упраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама; ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”; Аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гарадоцкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага райвыканкамаў; Гарадоцкі краязнаўчы музей; ДУК “Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна”; бібліятэкі Гарадоцкага раёна; НДУК “Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў”; Верхнядзвінскі краязнаўчы музей; ДУК “Верхнядзвінскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”, Культурна-гістарычны комплекс “Залатое кола горада Віцебска “Дзвіна”.

Паходжанне элемента:

Развіцце тэхнікі спіральнага пляцення на Беларусі звязана са з’яўленнем і распаўсюджваннем земляробства на гэтых тэррыторыях і датуецца мяжой II – III тыс. да н. э. (Прымяненне саломы як матэрыялу для пляцення адносіцца да перыяду распаўсюджання земляробства на мяжы І-ІІ тыс. да н.э. [Беларусы: Прамысловыя і рамесныя заняткі. Мн. 1995, с. 253]). З’яўленне такіх злакавых культур як жыта, пшаніца абумовіла з’яўленне досыць такой таннай і даступнай сыравіны. Падчас раскопак У.П.Ксяндзовым у 1988 г. у Браслаўскім раёне былі знойдзены пакінутыя першабытным чалавекам прылады працы і адходы іх вытворчасці, рэшткі старажытных гліняных сасудаў. Сярод прыладаў працы сустракаюцца касцяныя праколкі і качадыкі, якія маглі выкарыстоўвацца і для пляцення посуду ў спіральнай тэхніцы. Копіі падобных касцяных прадметаў супрацоўнікі Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў выкарыстоўваюць у Музеі Рамёстваў падчас заняткаў па вывучэнню тэхналогіі спіральнага пляцення. Практычны вопыт падцвердзіў вялікую зручнасць і эфектыўнасць выкарыстання падобных прыладаў працы для пляцення посуду ў тэхніцы спіральнага пляцення. Гаспадарчае начынне, зробленае ў тэхніцы спіральнага пляцення было лёгкае, моцнае, даўгавечнае, мела неабходныя вентыляцыйныя якасці, таму яно было незамянімым для захавання зерня, мукі і іншых сыпкіх прадуктаў, а таксама іх пераноскі. Па этнаграфічных матэрыялах, сабраных на тэрыторыі Браслаўскага раёна, гэтая тэхніка шырока выкарыстоўвалася для вырабу саламянага посуду. У фондах НДУК “БРАМ” захоўваецца вялікая калекцыя этнаграфічных вырабаў з выкарыстаннем тэхнікі спіральнага пляцення. Сярод іх сустракаюцца гарцы, сявалкі, авальныя скрыні для захоўвання адзення, кублы розных памераў для захоўвання зерня і мукі, кублы для захоўвання яек, скрыначкі для захоўвання табака, солі, розных дробязяў. Невялікія цыліндрычныя ці са злёгку расшыранымі сценкамі пасудзіны мелі назву “гарнец”. Гэта паняцце аб’ядноўвае падобныя вырабы з дрэва, гліны, металу па іх асноўным прызначэнні – як меры аб’ёму. Майстар Мікалай Мікалаевіч Баршчоў (03.05.1953 г.н.), уражэнец вёскі Міхайлова Верхнядзвінскага раёна, расказвае аб ужыванні бацькамі і аднавяскоўцамі ў побыце вырабаў, зробленых у тэхніцы спіральнага пляцення. Памятае, што гарнец ужываўся як мера аб’ёму і змяшчаў 2 кілаграмы мукі, а лубка – 1 пуд зерня. Аналагічныя формы – у выглядзе вертыкальнага ці гарызантальнага цыліндра, усечанага конуса – мелі таксама пчаліныя вуллі-саламянікі. З этнаграфічных звестак, сабраных на тэрыторыі Браслаўскага раёна вядома, што ў гэтай тэхніцы плялі калыскі для дзяцей, прыдзверныя і прыложкавыя палавікі, абутак. Спіральнае пляценне развівалася як хатняе рамяство практычна без змен на працягу ўсёй гісторыі свайго бытавання. Але ў другой палове ХХ ст. пад уплывам урбанізацыі ўзнікаюць новыя формы, якія часам з’яўляюцца зменшаным варыянтам традыцыйных, а таксама ў сённяшнім часе шырока распаўсюджаны сувенірныя формы дэкаратыўнага характару. Рамяство спіральнага пляцення, якое ў мінулым было шырока распаўсюджана на тэрыторыі Беларусі, апісана ў энцыклапедычных выданнях і кнігах беларускіх даследчыкаў, прысвечаных народнаму мастацтву: Сахута Я.М. “Народнае мастацтва Беларусі”, Мн., 1997; Энцыклапедыя “Этнаграфія Беларусі”; В.А.Лабачэўская “Зберагаючы самабытнасць”, Мн., 1998 і інш. Вядома, што на тэрыторыі сучаснай Віцебшчыны ў пачатку ХХ ст. рамяство было шырока распаўсюджана ў вёсках Гарадоцкага раёна: Прудок, Смалоўка, Крошкі, Вархі, Барысенкі, Радчанкі, Маскаленяты, Гаране, Казінова, Кошкіна, Загуз’е, Халамер’е; у вёсках Браслаўскага раёна: Слабодка, Струста, Луні, Суднікі, Азераўцы, Опса, Відзы, Дрысвяты, Пашавічы, Карасіна, Плюсы, Замошша. Другая палова ХХ ст. характарызуецца дзейнасцю знакамітых майстроў спіральнага пляцення. Гэта Пётр Казіміравіч Карэнік з вёскі Слабодка Браслаўскага раёна і Адам Мікалаевіч Краўчук з Віцебска. Пётр Казіміравіч Карэнік – класік традыцыйнага саломапляцення на Віцебшчыне, у тым ліку спіральнага. Майстар сам нарыхтоўваў матэрыял для пляцення. Сеяў 10-15 сотак жыта, якое жаў у жніўні і абмалочваў уручную. З абмалочанай саломы рабіў “кулі”. Браў сноп за вярхушку і вытрасаў мелкую салому, а астатнюю выкарыстоўваў для пляцення. [Н.Л. Федористова, И.П. Хитько, М.П. Шерикова Соломенных дел мастера Витебщины. Витебск, 2009, с. 16]. Пётр Казіміравіч быў мудрым настаўнікам, на вопыце якога вырасла цэлае пакаленне сучасных майстроў, сярод якіх Элеанора Зінкевіч з Браслава. Асаблівай увагі заслугоўвае дзейнасць народнага майстра Беларусі Адама Мікалаевіча Краўчука (1937 г.н.). Пражывае ў г. Віцебску. Гэта старэйшы майстар на Віцебшчыне, які аднолькава прафесіянальна валодае пляценнем і з лазы, і саломы. Займаў вядучае месца ў вобласці па адраджэнню старажытнага спіральнага пляцення і вырабу ў гэтай тэхніцы традыцыйных форм утылітарна-дэкаратыўных вырабаў, а таксама саламянага абутку. Стваральнік першай сучаснай калекцыі побытавых утлылітарна-дэкаратыўных вырабаў у тэхніцы спіральнага пляцення. Выкладчык абласных курсаў па спіральнаму саломапляценню. У рабоце Адам Мікалаевіч карыстаўся мінімумам інструментаў: драўляным шылам з дуба або ясеня і ножыкам. Перавязваў саламяныя пучкі лазовымі жгутамі. Салому выкарыстоўваў любую. На абласной выставе “Жывая легенда” ІІ Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва “Беларусь – мая песня” (Віцебск, 2005 г.) былі прадстаўлены ўнікальныя работы майстра ў тэхніцы спіральнага пляцення – гэта валенцы для дарослых і дзіцячая пара абутку, якія затым экспаніраваліся на Рэспубліканскай выставе ў рамках фестывалю “Жывыя крыніцы” (г. Мінск, 2006 г.). Шматлікія вырабы майстра ў тэхніцы спіральнага пляцення былі прадстаўлены на выставах за мяжой – Украіне, Германіі. Сёння справу Адама Краўчука працягваюць яго вучні – майстры з Гарадоцкага, Браслаўскага і Верхнядзвінскага раёнаў, г. Віцебска

Стан бытавання:

менш распаўсюджаны

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

У параўнанні з мінулым часам сёння кола распаўсюджвання спіральнага пляцення звузілася. Майстроў у вёсках амаль не засталося. І зараз месцам знаходжання і развіцця рамяства на Гарадоччыне стаў Гарадоцкі Дом рамёстваў і фальклору. У майстэрні знаходзяцца матэрыялы – салома, лаза, сасновы корань і прылады для пляцення – нажы, трубачкі для жгута, дубовыя шыла. У рабочым памяшканні займаюцца дзеці і дарослыя, каб набыць веды і навыкі ў рамястве спіральнага пляцення. Вывучаецца гісторыя, тэхнікі і спосабы вырабу рэчаў ў тэхніцы спіральнага пляцення. Акрамя гэтага, распаўсюджванне элемента вядзецца ў такіх напрамках, як конкурсы, майстар-класы, выставы, фестывалі, навуковая праца, лекцыі для зацікаўленых асоб і г.д. Усе грамадскія працэсы, якія адбываюцца ў культурным ландшафце элемента ўзаемазвязаны. Гэта праца людзей заснавана на развіцці і захоўванні культурных каштоўнасцей, сярод якіх традыцыйныя рамёствы – лозапляценне, саломапляценне, ганчарныя формы, народны тэкстыль. Жыццядзейнасць элемента падтрымліваецца асноўнымі носьбітамі, культурнымі дзеячамі, памочнікамі, якім не абыякава праца ў гэтым напрамку. Супрацоўнікі Дома рамёстваў, музея, бібліятэкары, навукова-метадычныяработнікі – усе з’яўляюцца ўдзельнікамі працэсу распаўсюджання элемента. Для падтрымкі насельніцтва зацікаўленага ў традыцыйнам рамястве, праводзяцца конкурсы па спіральнаму пляценню. У 2018 годзе ў г. Гарадок адбыўся раённы конкурс, дзе удзельнікі прадэманстравалі свае навыкі і ўменне ў гэтым рамястве. Праведзена выстава, на якой было прадстаўлена шмат разнастайных форм спіральнага пляцення, што падцвердзіла яго неабходнасць у асяроддзі. На Браслаўшчыне цэнтрам папулярызацыі спіральнага пляцення застаецца Музей традыцыйнай культуры і клуба майстроў “Ля возера”. У фондах музейнага аб’яднання ствараецца калекцыя вырабаў у тэхніцы спіральнага пляцення, зробленых сучаснымі майстрамі. У майстэрні саломапляцення можна ўбачыць сучасныя вырабы ў гэтай тэхніцы, а таксама любы наведвальнік можа паспрабаваць асвоіць тэхналогію падчас аднаразовага платнага занятку “асновы рамяства” з падрыхтаванай музеем сыравіны і дапамогай нескладаных інструментаў. Супрацоўнікаў культуры, музейшчыкаў, майстроў клуба “Ля возера”, бібліятэкараў, метадычных работнікаў, якія і распаўсюджваюць веды пра гэты накірунак рознымі шляхамі: выставы, семінары, майстар-класы, рамесныя майстэрні, сувенірная крама пры музеі. На Верхнядзвіншчыне спіральнае пляценне засяродзілася ў раённым Доме рамёстваў. Зараз месцам знаходжання і развіцця элемента культурнай спадчыны ў горадзе Віцебску стала ДУ “Культурна-гістрычный комплекс “Залатое кола горада Віцебска “Дзвіна”, дзе працуе гурток саломапляцення. У ДУ «Культурна – гістрычный комплекс “Залатое кола горада Віцебска “Дзвіна”» ёсць абсталяваная майстэрня саломапляцення, а таксама есць дапаможнае памяшканне для часовага захоўвання матэрыялаў і розных прылад. У майстэрні створаны ўсе ўмовы для вырабу рэчаў у тэхніцы спіральнага пляцення. Тэхніку спіральнага пляцення асвойваюць дарослыя гурткоўцы. Вывучаецца гісторыя, тэхнікі і спосабы вырабу рэчаў. У г. Віцебску патрэба ў традыцыйных рэчах, выкананых у тэхніцы спіральнага пляцення адпала, але неабмежаваныя магчымасці гэтага рамяства натхніла мясцовых майстроў на выраб колішніх форм. Усе вырабы можна падзяліць на групы: гаспадарчы посуд – кошыкі, міскі, карабы з крышкамі, падносы; утылітарна-мастацкага прызначэння – скарбонкі для рукадзелля, вазы; аб’емныя фігуркі жывёл, птушак, якія таксама маюць і гаспадарчае прызначэнне, яны могуць служыць для зберажэння каштоўных рэчаў; галаўныя уборы – капелюшы.

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Гаворкі паўночна-ўсходняга дыялекту з ужываннем русізмаў Паўночна-заходні дыялект беларускай мовы

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Салома, лазовы прут, сасновы корань, шыла з дубовай галінкі, трубачка для фарміравання жгута, нож, плоская ігла, серп, кручок, фартух

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Майстры, якія займаюцца спіральным пляценнем, валодаюць і іншымі відамі рамёстваў: Сіманковіч В.П. займаецца лозапляценнем, вырабляе утылітарна-побытавыя рэчы – карабы, карзіны; Шумская В.Л. – саломапляценнем і ткацтвам; Вараб’ёва Л.М. валодае рознымі прыёмамі саломапляцення; Зінкевіч Э.У – саломапляценнем, валяннем, вязанннем іголкай; Шыкалава В.М. – лапікавым шыццём

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Па-ранейшаму, асноўным спосабам перадачы ведаў і навыкаў рамяства з’яўляецца вусная перадачы навыкаў і ўменняў ад майстра-носьбіта тэхналогіі да новага пакалення творцаў. Сучасныя майстры таксама займаюцца даследаваннем і вывучэннем сваіх традыцыйных рамёстваў рэгіёнаў і рэканструкцыяй знойдзеных артэфактаў, у тым ліку і спіральнага саломапляцення, Перадачы ведаў па саломапляценню адбываецца дзякуючы выданню навукова-папулярнай літаратуры, метадычных дапаможнікаў па спіральнаму пляценню, якія карысныя не толькі самім майстрам, але і ўсім зацікаўленым. Майстры Віцебскай вобласці з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі ўсіх раённых, гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і некаторых міжнародных праектаў. Спецыяльна для майстроў саломапляцення былі арганізаваны і праведзены абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці асобныя мерапрыемствы. У тым ліку адбыліся: абласное свята-конкурс сало мапляцення “Папараць-кветка“, у якім прынялі ўдзел 45 майстроў (г. Віцебск, 2004) і ІІ абласное свята-конкурс “Папараць-кветка” ў “Горадзе майстроў” у межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” з удзелам 105 канкурсантаў Беларусі, сярод якіх боль- шая палова ўдзельнікаў былі з Віцебшчыны (г. Віцебск, 2004). Абласное свята-пленэр саломапляцення “Віцебскія дажынкі” было прадстаўлена 33 майстрамі вобласці (Сенненскі раён, 2007). У ІІІ абласным свяце-конкурсе майстроў саломапляцення “Папараць-кветка” ў межах Міжна- роднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базару Віцебску” ўдзельнічала 52 майстры, з якіх 40 прадстаўлялі Віцебшчыну, а 12 – іншыя вобласці Беларусі (г. Віцебск, 2010). Прадаўжаюць садзейнічаць творчасці майстроў усіх напрамкаў абласныя курсы павышэння кваліфікацыі работ- нікаў культуры. Пры іх падтрымцы ў 2007 годзе ў трэці раз народны майстар Беларусі Адам Краўчук перадаваў вопыт спіральнага саломапляцення вучням. Штогод выставы па саломапляценні, у тым ліку – па спіральнаму, праходзяць у выставачнай зале Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Гурткі па спіральнаму саломапляценню працуюць у Гарадоцкім Доме рамёстваў і фальклору, у Браслаўскім Музеі традыцыйнай культуры. Майстры спіральнага пляцення Віцебскай вобласці праводзяць майстар-класы для ўсіх жадаючых падчас правядзення розных мерапрыемстваў: “Горада майстроў” у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу ”Вясновы букет“ (г. Мінск), Рэспубліканскага свята Купалля ”Александрыя збірае сяброў“ (Магілёўская вобласць), абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі Віцебскай вобласці ”Дажынкі“. Такім чынам, спіральнае пляценне на Віцебшчыне мае працяг і развіццё нараўне з іншымі традыцыйнымі рамёствамі

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Няма

Ключавыя словы

Саломка, саламяныя жгуты, лаза, пляцёнка, лыка, кадычак

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Карта_Спіральнае пляценне_Віцебшчына.jpg

Карта_Спіральнае пляценне_Віцебшчына.jpg

Эспертнае заключэнне_Вакар Л.У..pdf

Эспертнае заключэнне_Вакар Л.У..pdf

Эспертнае заключэнне_Навагродскі Т.А...pdf

Эспертнае заключэнне_Навагродскі Т.А...pdf

Фотафіксацыя