Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Традыцыя прыгатавання рыбы, сушанай у печы на саломе, і страў на яе аснове

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 13АК000124
Дата ўключэння: 10/09/2019
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 04.09.2019 № 04-01-02/9. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь ад 10.09.2019 № 46
Шыфр (у Інвентары): НКС-20191204

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярозаўскага раённага выканаўчага камітэта. Адрас: вул. Кастрычніцкая, д. 29, 225210, г. Бяроза, Брэсцкая вобласць;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Традыцыя прыгатавання рыбы, сушанай у печы на саломе, і страў на яе аснове

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Сушаная (або сухая) рыба; рыба, сушаная ў печы на саломе

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары вёсак Спорава і Здзітава Спораўскага сельвыканкама, вёсак Пескі і Хрыса Пескаўскага сельвыканкама Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Брэсцкая вобласць » Бярозаўскі раён » Спорава;   Брэсцкая вобласць » Бярозаўскі раён » Здзітава;   Брэсцкая вобласць » Бярозаўскі раён » Пескі;   Брэсцкая вобласць » Бярозаўскі раён » Хрыса;  

Кароткае апісанне элемента:

Традыцыя прыгатавання рыбы, сушанай у печы на саломе, і страў на яе аснове уяўляе сабой звычаі, веды і навыкі, а таксама звязаныя з яе практыкай прылады і іншыя прадметы.
Па словах носьбітаў, тэхналогія нарыхтоўкі рыбы праз сушку ў печы на тэрыторыі Бярозаўскага раёна бытавала здаўна. Такі сапосаб дазваляў атрымаць і спажываць карысныя і высакаякасныя рыбныя прадукты і стравы ў хатніх умовах, паколькі робіць рыбу амаль цалкам прыдатнай да ўжывання. Рыбныя стравы не проста папаўнялі паўсядзённы рацыён, а складалі яго аснову, таму рыбу заўсёды назапашвалі дастаткова многа, што дазваляла выжываць вялікім сялянскім сем’ям у перыяды сацыяльнага бязладдзя і (ці) ў гады ваенных узрушэнняў. Таму веды, навыкі па прыгатаванні рыбы захоўваліся з неабходнай дбайнасцю, перадаваліся з пакалення ў пакаленне.
Спосаб нарыхтоўкі рыбы шляхам працяглай сушкі на саломе ў разагрэтай печы і прыгатаванне  разнастайных страў на яе аснове і да сённяшняга дня актыўна практыкуецца ў вёсках усходняй часткі Бярозаўскага раёна. Гэта традыцыя не перарывалася. Як і раней, да яе маюць дачыненне гаспадары (ці адзін з іх) амаль кожнай хаты: ловяць рыбу, сушаць у печы, гатуюць з яе стравы. Звычайна гаспадыні, якія перанялі веды і ўменні ад сваіх матуль і бабуль, валодаюць некалькімі відамі  пераапрацоўкі свежазлоўленай рыбы. Кожная з іх уносіць свае выбітнасці ў гэты працэс, але аснова тэхналогіі прыгатавання сушанай рыбы застаецца нязменнай.
Мясцовыя гаспадыні ведаюць  шмат  разнастайных рэцэптаў паўсядзённых рыбных страў: крышаны (суп бульбяны) з сушанай  рыбай, капуста (кіслая або свежая) з сушанай рыбай, шчаўе з сушанай рыбай, квас з сушанай рыбай і інш.  Абавязкова стравы на аснове сушанай рыбы гатавалі і гатуюць для святочных і абрадавых вячэраў (вяселле, хрэсьбіны, памінкі, Дзяды, Каляды, Вялікдзень) – тушаная ў гаршочку сушаная рыба, квас на Дзяды, скаромны квас, посны квас. Традыцыйна выкарыстоўваюцца прадукты вясковага ўжывання (гародніна і рыба), а таксама пэўныя прылады: нож для ачысткі рыбы, тарка, верацяно, чыгунок ці гліняны гаршчок, качарга, памяло, вілы і інш.
Як у даўніну, так і да гэтага часу сушаная ў печы рыба і традыцыйныя стравы з яе карыстаюцца вялікай павагай  у сем’ях жыхароў вёсак Спорава, Пескі, Здітава і Хрыса.
Стравамі з сушанай рыбы  абавязкова сустракалі і сустракаюць гасцей. Гэта лічыцца ў рэгіянальнай суполцы рысай добразычлівасці, гасціннасці. Да нашага часу сушаная ў печы рыба застаецца асаблівым ласункам у кожнай сям’і, пачастункам і жаданым  гасцінцам, а стравы з рыбы на сталах займалі і цяпер займаюць разам з хлебам адно з галоўных месцаў. Такую рыбу выкарыстоўваюць у якасці падзякі за паслугі.
Лоўля рыбы і працэс яе нарыхтоўкі значна паўплывалі на светапогляд і менталітэт мясцовай супольнасці. У рэгіянальным фальклоры рыбная тэма прадстаўлена прыпеўкамі, анекдотамі, вершамі і іншымі малымі формамі вуснай народнай творчасці.
Традыцыя прыгатавання сушанай у печы рыбы беражна захоўваецца мясцовай супольнасцю, перадаецца нашчадкам, як каштоўны складнік рэгіянальнай культурнай спадчыны

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйная ежа

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Традыцыя прыгатавання сушанай у печы на саломе рыбы і страў на яе аснове садзейнічае арганізацыі і падтрыманню сістэмы здаровага харчавання. Рыбныя стравы маюць высокую харчовую каштоўнасць. Па кулінарных і харчовых якасцях рыба не саступае мясу і лепш засвойваецца арганізмам. Спосаб прыгатавання сушанай у печы рыбы забяспечвае яе доўгатэрміновае захоўванне з найменшай стратай вітамінаў і карысных рэчываў. Рачная рыба значна таннейшая за марскую, пры гэтым таксама ўтрымлівае мноства карысных арганізму мікраэлементаў, амінакіслот, вітамінаў. Рыбныя стравы забяспечваюць паступленне кальцыя і вітаміна Д у арганізм. Адметным вынікам сушкі рыбы такім спосабам з’яўляецца магчымасць есці яе з усімі касцямі, што забяспечвае паступленне ў арганізм кальцыя. Сушаную ў печы рыбу даюць нават малым дзецям, таму што костачкі «вытушваюцца» і становяцца мяккімі. Рыбныя стравы робяць штодзённае меню разнастайным.Сушаная ў печы рыба з’яўляецца смачнай і карыснай дабаўкай да стала. Яна доўгі час захоўвае свае якасці і можа нарыхтоўвацца пра запас, выкарыстоўвацца як самастойная страва і як аснова для іншых страў. Рыбныя стравы з’яўляюцца карысным прадуктам. Азёрная і рачная рыба – прадукт дыетычнага харчавання, яна ўтрымлівае мала калорый. Ужыванне сушанай прэснаводнай рыбы зніжае рызыку сардэчна-сасудзістых і анкалагічных захворванняў, сахарнага дыябету і трамбоза, добратворна ўплывае на зрок і нервовую сістэму чалавека, на стан скуры, зубоў і валасоў, нармалізуе сон і дзейнасць палавой сістэмы. Акрамя таго, сушка азёрнай рыбы ў печы пры высокай тэмпературы пазбаўляе верагоднасці заражэння гельмінтамі пры яе ўжыванні. Традыцыя прыгатавання сушанай рыбы і страў на яе аснове як турыстычны брэнд. Традыцыйная рэцэптура і тэхналогія прыгатавання сушанай рыбы і страў з яе перадаецца ад пакалення да пакалення, фарміруе ў іх пачуццё самабытнасці. Традыцыя можа выкарыстоўвацца ў якасці мясцовага брэнда падчас раённых і мясцовых фестываляў і свят, у побыце людзей, быць цікавай для турыстаў і гаспадароў аграсядзіб раёна

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Традыцыя прыгатавання сушанай рыбы выконвае самаідэнтыфікацыйную функцыю ў агульнай прасторы рэгіянальных народных традыцый. Рыба, высушаная адмысловым спосабам – гэта прадукт, які ў вёсцы Спорава і яе ваколіцах не страціў актуальнасць, а тэхналогіі продкаў працягваюць выкарыстоўвацца ў сучаснай гаспадарцы, хаця і набылі новыя рысы. Актуальна і сацыялізуючая функцыя: традыцыя прыгатавання сушанай у печы рыбы і страў з яе цэніцца і захоўваецца мясцовай супольнасцю, з’яўляецца прадметам яднання сульнасці. Для жыхароў вёсак азначаннага рэгіёна сушаная рыба і стравы з яе застаюцца вельмі папулярнымі не толькі з-за смаку і вялікай колькасці карысных рэчываў, але і як сродак зносін, як крытэрый уваходжання і далейшай прыналежнасці да пэўнага асяродка. Нельга не адзначыць выхаваўчую функцыю элемента. Гаспадыні перадаюць сакрэты хатняй гаспадаркі сваім дочкам, унучкам. Маладыя дзяўчаты, якія далучаюцца да прыгатавання ежы, пераймаюць мясцовую традыцыю і праз гэта ўспрымаюць мадэль паводзін гаспадыні хаты і члена супольнасці наогул. Пры гэтым традыцыя выконвае крэатыўную функцыю. Кожная гаспадыня мае свае адметнасці ў спосабах прыгатавання сушанай рыбы. Рыбу сушаць, з яе гатуюць шматлікую колькасць страў, кампануюць у выглядзе каравая, а таксама ў букет у якасці падарунка. Сушаная рыба прадстае не толькі пачастунакам, але і “рэквізітам” для розных гульняў, святочных падзей, якія адбываюцца ў вёсцы Спорава. Калі казаць пра турыстычна-рэкрэацыйную функцыю элемента, то патрэбна адзначыць, што Спорава і Здзітава з’яўляюцца тымі вёскамі, якія прыцягваюць турыстаў. Шматлікія госці заўжды высока адзначаюць якасці і асаблівасці сушанай у печы на саломе рыбы і рыбных страў, створаных на аснове традыцыйных рэцэптаў

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Аддзел культуры Бярозаўскага райвыканкама, Спораўскі цэнтр культуры і вольнага часу, Дзяржаўная ўстанова культуры «Бярозаўская раённая бібліятэчная сістэма», Спораўская сельская бібліятэка, Спораўскі сельскі савет, аграсядзібы раёна

Паходжанне элемента:

Навуковыя даследванні тэмы бытавання і заканамернасцей развіцця рыбнай кухні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь не праводзіліся. Тыя звесткі, якія можна знайсці ў навуковай, мастацкай літаратуры ці ў публіцыстыцы, не складаюць поўнага ўяўлення. Вядома, што з даўніх пор у прырэчных і прыазёрных вёсках Беларусі, асабліва на Палессі і Паазер’і, дзе рыба займала важнае месца ў харчаванні і з’яўлялася паўсядзённай стравай, многа рыбы нарыхтоўвалі пра запас: вялілі, сушылі, летам – на сонцы, зімой – у хатняй печы. Сушанай рыбай запраўлялі стравы, клалі ў суп, боршч. Сушаную рыбу прадавалі, абменьвалі на хлеб, лён, каноплі і іншыя тавары. Пра распаўсюджанне на тэрыторыі Беларусі менавіта такога спосабу нарыхтоўкі рыбы, як сушка яе ў печы, што да сённяшняга дня практыкуецца ў вёсках Бярозаўскага раёна, сведчыць апісанне яго ў кнізе «Літоўская гаспадыня», напісанай больш за паўтара стагоддзя назад. У кнізе захоўваюцца рэцэпты прыгатавання вяленай плоткі і падпечанай белай рыбы. Спосабы прыгатавання вяленай і печанай рыбы на Міншчыне (Мядзельскі і Нясвіжскі раёны) апісваюцца ў дыпломнай рабоце Антановіч А.С., прысвечанай беларускай традыцыйнай кухні ХХ стагоддзя. На Віцебшчыне вяленай лічылася рыба, калі яе, папярэдне ачышчаную, выпатрашаную і крыху падсоленую, запякалі ў печы на разасланай саломе. Такую рыбу потым выкарыстоўвалі як дадатак да страў або проста елі з хлебам. Дакладны час узнікнення традыцыі прыгатавання сушанай у печы рыбы і страў з яе ў вёсцы Спорава і ваколіцах не ўстаноўлены. Можна сцвярджаць, што ў мясцовасці традыцыя сушыць рыбу і гатаваць стравы на яе аснове існавала ў канцы XVII– пачатку XVIII стст. Пацвярджэнне таму сустракаецца ў аповедзе жыхара вёскі Спорава «Пра шведаў», запісаным у 1974 годзе падчас экпедыцыі па вывучэнні гаворак і традыцыйнай духоўнай культуры Палесся пад кіраўніцтвам М.І. Талстога (праўнука Л.М.Талстога), матэрыялы якой апублікаваны ў «Полесском этнолингвистическом сборнике»: «… То ны було ны хліба, ны солы, алэ прожылы люды за рыбою. Рыбы много було. Рыбу эту ловылы, да сушылы, да товклы, на зыму запасвалы, запасы робылы. Так і прожылы. Это мні дід росказвав, шо ёму баба росказвала…». Відавочна, успаміны адносяцца да перыяду Паўночнай вайны (1700-1721гг.), калі на тэрыторыі сучаснага Бярозаўскага раёна адбываліся ваенныя дзеянні паміж рускімі і шведcкімі войскамі. Традыцыя сушыць рыбу на саломе і гатаваць стравы на яе аснове не перарывалася. Са слоў Таццяны Міхайлаўны Пашкевіч, 1965 г.н., тэхналогія прыгатавання традыцыйных рыбных страў, якой карыстаюцца тут па сённяшні дзень, бытавала ў гэтай мясцовасці здаўна. Для прадстаўнікоў супольнасці рыба з’яўлялася паўсядзённым прадуктам харчавання, а ў цяжкія гады (неўраджай, ваеннае ліхалецце) – замяняла і мяса, і хлеб

Стан бытавання:

менш распаўсюджаны

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Вялікі ўплыў на бытаванне традыцыі прыгатавання рыбы, сушанай у печы на саломе, і страў на яе аснове на тэрыторыі вёскі Спорава і яе наваколля аказалі прыродна-геаграфічныя і сацыяльна-эканамічныя фактары. З трох бакоў вёска была акружана балотам і возерам, якое з’яўлялася асноўнай крыніцай харчавання жыхароў. Недахоп зямельных угоддзяў (адсюль недахоп гародніны і мяса) спрыяў таму, што рыбныя стравы складалі аснову паўсядзённага рацыёну жыхароў вёсак, якія мелі традыцыйна вялікія сем’і. Гаспадыні гатавалі і цяпер гатуюць як са свежай рыбы, так і з сушанай. Сушка рыбы з даўніх пор з’яўляецца найлепшым спосабам яе прыгатавання с мэтай назапашвання і захавання ад псавання. Стравы з сушанай рыбы выкарыстоўваліся ў асноўным у халодную пару года, калі рыбы ловіцца мала, падчас посту, абавязкова – квас на вячэру на Дзяды. З сушанай рыбы гатаваліся стравы і на ўрачыстыя падзеі: вяселлі, хрэсьбіны, памінкі. Традыцыя прыгатавання сушанай на саломе рыбы і страў з яе да нашага часу захавалася ў натуральным асяроддзі вёскі Спорава і навакольных вёсак, хаця мінулі часы, калі рыбу сушылі з мэтай нарыхтоўкі на галодную пару года. Стравы з сухой рыбы па-ранейшаму гатуюць з-за іх смаку і як традыцыйную ежу продкаў. Вясковыя жыхары захавалі сельскагаспадарчы ўклад жыцця, які ўключае вырошчванне гародніны, жывёлагадоўлю і рыбалоўства, таму гэтыя стравы па-ранейшаму гатуюцца на аснове прадуктаў вясковага ўжывання (гародніны і рыбы). Возера і рыбалоўства ў вялікай ступені абумовілі матэрыяльную культуру спараўцоў. Прылады для лоўлі рыбы яны майстравалі самі і перадавалі сакрэты іх вырабу, як і сакрэты рыбнай лоўлі, з пакалення ў пакаленне. І зараз у хлявах жыхароў вёсак Спорава, Здзітава, Пескі, Хрыса яшчэ можна ўбачыць традыцыйныя беларускія рабалоўныя снасці – венцеры, невады, кломлі, настаўкі, зрабіць якія – цэлая навука, а рыбацкія традыцыі, перанятыя ад дзядоў і прадзедаў, па сваёй сутнасці ўжо этнаграфічная каштоўнасць. У кожным двары вёскі Спорава была лодка, якая добра даглядалася, бо без яе гаспадарку весці было немагчыма – на ёй не толькі лавілі рыбу, але і перавозілі кароў і коней, сена для жывёлы, плавілі лес, ездзілі па каналах у Моталь і Какорыцу (суседнія вёскі Іванаўскага і Драгічынскага раёнаў, адпаведна), прадавалі ці мянялі рыбу. У спараўцоў асаблівы гонар і характар. Інакш у цяжкіх геаграфічных і гістарычных умовах нельга было захаваць сваю ідэнтычнасць. Сяло багата сваімі традыцыямі, якія беражліва захоўваюцца, перадаюцца нашчадкам. Кожны спаравец ужо ад нараджэння рыбак, таму рыба з’яўляецца важным элементам традыцыйнай культуры вёскі. Спараўцы вельмі дасціпныя і вясёлыя людзі, нездарма Спорава – сталіца абласнога фестывалю гумару «Спораўскія жарты», чуткі аб якім разышліся далёка за межы Берасцейшчыны, і значная частка анекдотаў, прыпевак, баек, гумарэсак прысвечана рыбе. Традыцыя прыгатавання сушанай рыбы і страў з яе не згубілася і працягваецца маладымі гаспадынямі, якія перанялі веды і навыкі ад матуль і бабуль, перадаюць сакрэты іншым гаспадыням, удзельнічаюць у святочных мерапрыемствах, падчас якіх сустракаюць дарагіх гасцей сваёй асабліваю мовай ды сушанай рыбай. Рыба, у тым ліку і сушаная, з’яўляецца адметнай рысай усіх святаў, якія адбываюцца ў вёсцы. Традыцыйны святочны стол на вяселлі, хрэсьбінах, на Каляды і Ражство, прыгатаванне памінальнага стала на Дзяды, ці памінкі ўключаюць пэўныя стравы з выкарыстаннем сушанай рыбы. Ні адно мерапрыемства не абыходзіцца без рыбных страў, без «рыбнага» каравая– сімвала дабрабыту. Ім сустракаюць удзельнікаў семінараў, дэлегацый, не абыходзяцца без яго іншыя ўрачыстыя мерапрыемствы супольнасці. Больш таго, рыбу сушаную кампануюць і ў букеты, якія дораць мужчынам. Таму сушаная на саломе рыба і стравы з яе – адзін з брэндаў вёскі Спорава і Здзітава

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Брэсцка-пінская гаворка

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

- нож для ачысткі рыбы, тарка, верацяно; - сялянская печ або грубка (ў каго няма печы, прызвычаіліся сушыць рыбу ў духоўцы газавай пліты); - якасная жытняя салома, якая можа выкарыстоўвацца некалькі разоў, ці сцябло кропу, каляндры, часнаку, піжмы або чароту; - посуд для прасолкі рыбы; - посуд для прыгатавання страў (чыгунок ці гліняны гаршчок); - качарга, памяло, вілы; - посуд для захоўвання гатовай рыбы – пляцёныя карзіны, кошыкі з крышкай (кобэнякі), палатняныя мяшкі

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Выкарыстоўваюцца ў традыцыйнай кухні Спорава і ваколіц і іншыя спосабы прыгатавання рыбы – сушка на паветры, саленне, стравы са свежай рыбы, але частата іх прымянення значна саступае прыгатаванню страў з рыбай, сушанай у печы. Веды і навыкі мясцовых гаспадынь увасобіліся ў вялікую колькасць разнастайных рэцэптаў мясцовых рыбных страў. Традыцыйны вясельны стол і прыгатаванне памінальнага стала на Дзяды ўключаюць пэўныя стравы з выкарыстаннем сушанай рыбы

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Для элемента характэрна некалькі спосабаў перадачы.Тэхналогія прыгатавання сушанай рыбы і страў з яе перадаецца ад пакалення да пакалення ў многіх сем’ях вёсак Спорава, Здзітава, Пескі і Хрыса. Гаспадыні пераймаюць традыцыю ад сваіх маці (ці іншых старэйшый жанчын сям’і), а тыя – ад сваіх. Такім чынам ажыццяўляецца традыцыйны спосаб дыяхроннай перадачы нематэрыяльнай спадчыны ў вясковай сям’і. Таксама перадача традыцыі ажыццяўляецца сінхронна – ад гаспадыні да гаспадыні ў межах адной храналагічнай і геаграфічнай прасторы, адной супольнасці. Захаванне традыцыі сушэння рыбы і прыгатавання страў на яе аснове ў Бярозаўскім раёне звязана з прыроднымі і сацыяльна-эканамічнымі асаблівасцямі вёскі Спорава і яе наваколляў. Ажно да пачатку 80-х гадоў ХХ ст. мясцовыя жыхары жылі ў асноўным за кошт рыбалоўства, палявання, збору ягад і грыбоў. У адрозненне ад іншых рэгіёнаў Заходняй Беларусі, дзе калектывізацыя праходзіла ў 40-я гады, тут калгас быў арганізаваны толькі ў 1983 годзе пасля частковага асушэння Спораўскіх балот. З гэтай прычыны прайшоў зусім невялікі прамежак часу, як змяніліся ўмовы жыцця рэгіянальнай суполкі: асушэнне балота паспрыяла пашырэнню зямельных угоддзяў, развіццю жывёлагадоўлі. Таму ў Спораве і ваколіцах вёскі жыве многа носьбітаў сталага ўзросту, якія па-ранейшаму валодаюць традыцыяй сушэння рыбы і прыгатавання страў на яе аснове, і гатуюць гэтыя стравы як традыцыйную і звыклую ежу продкаў. На сёняшні дзень больш за 20 носьбітаў пажылога ўзросту актыўна трансліруюць веды, звязаныя з традыцыяй і тэхналогіяй прыгатавання сушанай у печы рыбы і страў з яе, сярод жыхароў адзначаных вёсак Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Гаспадыні дзеляцца майстэрствам і дэманструюць тэхналогію прыгатавання сушанай рыбы і страў з яе ўсім жадаючым, апісваючы свае традыцыі і рэцэпты прыгатавання, суправаджаюць аповед рознымі цікавымі фактамі і перадгісторыямі. Так, сакрэты прыгатавання рыбы і традыцыйных спораўскіх рыбных страў былі паказаны ў тэлесюжэтах, знятых студыяй тэлебачання Бярозаўскага райвыканкама «Наш объектив» (дэманстраваўся на канале «Беларусь 4» тэлерадыёкампаніі «Брэст»), тэлеканалам СТВ і творчай групай кулінарна-гістарычнага шоу «Беларуская кухня» Белтэлерадыёкампаніі. Рэцэпт прыгатавання квасу з сушанай рыбай і грыбамі (запісаны ў вёсцы Пескі ад А.П. Яцкевіча), змешчаны ў кнізе «Беларускі кулінарны сшытак №1», складзенай вядучай тэлеперадачы Л.Л.Мятлеўскай. Гаспадыні, якія перайнялі навыкі ад матуль і бабуль, перадаюць сакрэты іншым гаспадыням, удзельнічаюць у розных мерапрыемствах, падчас якіх сустракаюць гасцей (у тым ліку з-за мяжы) сушанай рыбай і стравамі на яе аснове

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

- магчымасць набыцця рыбы ў краме. У наш час стала магчыма набыць рачную рыбу, розныя рыбныя вырабы і стравы з яе на любы густ. Рыбу можна набыць свежую, вэнджаную, салёную, сушаную і ў любым другім выглядзе. Таксама ў продажы ёсць шмат сартоў марской рыбы і морапрадуктаў; - павелічэнне адсотку ўжывання мясных прадуктаў. Змяншаецца патрэба ў традыцыйных першых і другіх стравах з сушанай рыбай, бо цяпер гаспадары маюць удосталь мяса – купляюць яго ці гадуюць жывёлу самі; - адмова ад пячнога ацяплення ў хатніх гаспадарках. Паляпшэнне дабрабыту вяскоўцаў усё часцей прыводзіць да выкарыстання ў працэсе прыгатавання сушанай рыбы духоўкі газавай пліты замест печы. Маладыя гаспадыні хоць і пераймаюць рэцэпты прыгатавання ад матуль і бабуль, але многія не маюць патрэбу ў гатоўцы страў у печы; - пагаршэнне экалагічных умоў. Возера з кожным годам мялее, зарастае вербалозам. Прапалі масавыя зараслі асоту, сытніка, якія служылі кормам для рыбы. Гэта пагражае змяншэннем колькасці рыбы, якая традыцыйна выкарыстоўваецца для сушкі

Ключавыя словы

Сушаная рыба, сухая рыба

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Экспертнае_заключэнне_Т.А. Навагродскі.pdf

Экспертнае_заключэнне_Т.А. Навагродскі.pdf

Карта_Бярозаўскага_раёна.pdf

Карта_Бярозаўскага_раёна.pdf

Брашура-Рыбная_кухня_спараўцоў.pdf

Брашура-Рыбная_кухня_спараўцоў.pdf

Брашура-Як_спараўцы-сушаць_рыбу-ў_печы.pdf

Брашура-Як_спараўцы-сушаць_рыбу-ў_печы.pdf

Расшыфроўка_запісаў_інтэрв'ю_носьбітаў.pdf

Расшыфроўка_запісаў_інтэрв'ю_носьбітаў.pdf

Фотафіксацыя

Відэафіксацыя

2018-09-02-Захоўваем_традыцыі_Бяроза_Наш аб'ектыў_в_Спорава.mp4

Аўдыёфіксацыя

2018-04-28-Традыцыя_прыгатавання_рыбы_і_страў_на_яе_аснове-Інтэрв'ю-в.Спорава-01.m4a:

2018-04-28-Традыцыя_прыгатавання_рыбы_і_страў_на_яе_аснове-Інтэрв'ю-в.Спорава-01.m4a

2018-04-28-Традыцыя_прыгатавання_рыбы_і_страў_на_яе_аснове-Інтэрв'ю-в.Спорава-02.mp3:

2018-04-28-Традыцыя_прыгатавання_рыбы_і_страў_на_яе_аснове-Інтэрв'ю-в.Спорава-02.mp3

2018-12-12-Традыцыя_прыгатавання_рыбы_і_страў_на_яе_аснове-Інтэрв'ю-в.Спорава-03.mp3:

2018-12-12-Традыцыя_прыгатавання_рыбы_і_страў_на_яе_аснове-Інтэрв'ю-в.Спорава-03.mp3

2018-12-12-Традыцыя_прыгатавання_рыбы_і_страў_на_яе_аснове-Інтэрв'ю-в.Спорава-04.mp3:

2018-12-12-Традыцыя_прыгатавання_рыбы_і_страў_на_яе_аснове-Інтэрв'ю-в.Спорава-04.mp3

2018-12-12-Традыцыя_прыгатавання_рыбы_і_страў_на_яе_аснове-Інтэрв'ю-в.Спорава-05.mp3:

2018-12-12-Традыцыя_прыгатавання_рыбы_і_страў_на_яе_аснове-Інтэрв'ю-в.Спорава-05.mp3

2018-12-12-Традыцыя_прыгатавання_рыбы_і_страў_на_яе_аснове-Інтэрв'ю-в.Хрыса-01.mp3:

2018-12-12-Традыцыя_прыгатавання_рыбы_і_страў_на_яе_аснове-Інтэрв'ю-в.Хрыса-01.mp3

2018-12-12-Традыцыя_прыгатавання_рыбы_і_страў_на_яе_аснове-Інтэрв'ю-в.Хрыса-02.mp3:

2018-12-12-Традыцыя_прыгатавання_рыбы_і_страў_на_яе_аснове-Інтэрв'ю-в.Хрыса-02.mp3

2018-12-12-Традыцыя_прыгатавання_рыбы_і_страў_на_яе_аснове-Інтэрв'ю-в.Здзітава.mp3:

2018-12-12-Традыцыя_прыгатавання_рыбы_і_страў_на_яе_аснове-Інтэрв'ю-в.Здзітава.mp3