Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Спеўная традыцыя выканання купальскіх і жніўных песень ”у перахлёст“ у в. Багатырская Полацкага раёна Віцебскай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 23БЛ000125
Дата ўключэння: 10/09/2019
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культкрнай спадчыны ад04.09.2019 № 04-01-02/9. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь ад 2019.09.10 № 46.
Шыфр (у Інвентары): НКС-20191030/1

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

ДУ «Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці». Адрас: вул. Леніна, 35а, г. Віцебск;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Спеўная традыцыя выканання купальскіх і жніўных песень ”у перахлёст“ у в. Багатырская Полацкага раёна Віцебскай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Спевы "ў перахлёст"

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Удзельнікі народнага фальклорнага ансамбля ”Галасы спадчыны“ Багатырскага сельскага Дома культуры ДУК ”Полацкі раённы Цэнтр культуры“, жыхары вёсак Багатырская, Сякераўшчына, г. Полацка і Полацкага раёна Віцебскай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Віцебская вобласць » Полацкі раён » в. Багатырская;  

Кароткае апісанне элемента:

Спевы ”ў перахлёст“ – гэта самабытная версія антыфонных спеваў, якія ў цэлым з’яўляюцца адной з універсалій сусветнай музычнай культуры. У народнай культуры Беларусі такі спосаб спявання замацаваўся ў паўночным гісторыка-этнаграфічным рэгіёне – Паазер’і, дзе ён таксама атрымаў назвы ”на дзве (тры) пары“, ”на дзве (тры) змены“,”на два (тры) пункты“, ”з перахватам“, ”песні з адпевам“, ”спяваць у расцяжку“ і інш. Для пяці другіх рэгіёнаў Беларусі аналагічны антыфон не характэрны.

Спевы ”ў перахлёст“ адлюстроўваюць этнаграфічную асаблівасць паўночна-заходняга рэгіёну Беларусі, якую вызначае галоўным чынам аднагалоссе ў харавым спеве. Па словах носьбітаў  – ”у перахлёст“ выконваюцца толькі асобныя жніўныя і купальскія песні, многія з якіх не маюць ўзросту, таму што запісаныя ад старэйшых носьбітаў, якія тыя перанялі іх ад сваіх маці і бабуль. Прызначаныя для выканання на адкрытым паветры, яны спяваюцца напружанымі, зычнымі галасамі, строфы заканчваюцца доўгім унісонам. Асаблівасць выканання – калі адную і тую ж музычную фразу па чарзе выконваюць некалькі груп спявачак. Песня спяваецца полузакрытым ротам, гук акругляецца. Звычайна існуе адзін напеў, на які распяваецца цэлы шэраг паэтычных тэкстаў.

На працягу амаль пяці дзесяцігоддзяў (з 1975 г.) народны фальклорны ансамбль ”Галасы спадчыны“ Багатырскага сельскага Дома культуры ДУК ”Полацкі раённы Цэнтр культуры“ зберагае старадаўнія абрадавыя антыфонныя спевы,  якія ўваходзяць у склад цыкла песень вёсак аднаго стылявога ”куста“: Скавародзіна,  Дразды, Баяноўшчына, Скабы, Пазнякова Палатоўскага сельскага савета Полацкага раёна (былога Юравіцкага сельскага Савета). Вялікі ўнёсак у справу па вывучэнні песеннага фальклору рэгіёну і яго захаванні зрабіла былая кіраўніца калектыва Вера Уладзіміраўна Пісюкова (1936 – 2015г.г.), якая ў свой час пераняла манеру спеваў “у перахлёст” ад сваёй маці. З непасрэдным удзелам Пісюковай В.У. была створана  фанатэка мясцовых абрадавых песень, якая  выкарыстоўваецца ў рэпертуары калектыва. У манеры  “ў перахлёст” гурт аднавіў і спявае пласт жніўных і купальскіх песень.

Дзякуючы няспыннай дзейнасці народнага фальклорнага ансамбля ”Галасы спадчыны“ Багатырскага СДК, калектыву работнікаў установы па захаванню рэгіянальных традыцый Полаччыны, спевы ”ў перахлёст“ атрымалі другое жыццё сярод моладзевых фальклорных калектываў г. Полацка і Полацкага раёна, якія ўключылі ў свой рэпертуар песні ў гэтай манеры. Напрыклад, народны вакальны ансамбль”Вясна“ Полацкага каледжа УА ”Віцебскі дзяржаўны універсітэт ім. П.М.Машэрава“,  фальклорны гурт ”Варган“  УА ”Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт“, узорны фальклорны калектыў ”Знічка“ ДУК ”Палатоўская дзіцячы сад-сярэдняя школа Полацкага раёна“.

Носьбіты традыцыі выканання купальскіх і жніўных песень ”у перахлёст“ вызначаюць  яе  як частку мясцовай культурнай спадчыны,  якая  перадаецца  ад  пакалення  да  пакалення,  лічаць яе каштоўнай і вартай захавання

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Выканальніцкія мастацтвы » Спевы

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Спевы з’яўляюцца каштоўным матэрыялам у справе выхавання моладзі на падставе народных традыцый, развіцці народнай творчасці, знаёмяць з мясцовымі звычаямі, фальклорнымі элементамі. У лютым 2019 года ў рамках ”Тыдня роднай мовы“, які праходзіў ў ДУА ”Сярэдняя школа №10 імя. В.М. Азіна г. Полацка“, удзельнікі народнага фальклорнага ансамбля ”Галасы спадчыны“правялі майстар-клас па побытавых танцах і пазнаёмілі з манерай спеваў ”у перахлёст“ вучняў і настаўнікаў гэтай установы адукацыі. У сучасным жыцці спевы ў выкананні народнага фальклорнага ансамбля ”Галасы спадчыны“ Багатырскага сельскага Дома культуры выкарыстоўваюцца як рэгіянальны брэнд Полаччыны падчас разнастайных фестываляў і святаў традыцыйнай культуры, культурных праектаў, святаў. Напрыклад, у 2017 г. калектыў прыняў удзел у здымках пазнавальнай турыстычнай штотыднёвай праграмы ”Маршрут пабудаваны“ тэлеканала ”Беларусь-1“. У сюжэт увайшлі інтэрвью з носьбітам традыцый Марыяй Акімаўнай Улаховіч, прыгатаванне старадаўніх страў рэгіёна ”цыбрыкі“ і ”раўгеня“ і выкананне песень у манеры ”ў перахлёст“.

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Сярод асноўных сацыяльных функцый элемента можна вылучыць наступныя:  кагнітыўная: засваенне нацыянальных каштоўнасцяў, традыцый, культуры роднага краю;  інфармацыйная: інфармацыя аб элеменце па праве з’яўляецца сацыяльнай памяццю чалавецтва; дзякуючы элементу ажыццяўляецца перадача сацыяльнага вопыту ад пакалення да пакалення; у дадзеным выпадку элемент выступае ў выглядзе механізму трансляцыі найбагацейшага вопыту, назапашанага чалавецтвам.  выхаваўчая функцыя: элемент актыўна выкарыстоўваецца ў мэтах выхавання ўсебакова развітай асобы, прыцягвае ўвагу даследчыкаў як адмысловая катэгорыя гісторыка-культурнай спадчыны, якая ўсебакова адлюстроўвае мінулае;  пазнавальная функцыя элемента звязана з яго здольнасцю канцэнтраваць сацыяльны вопыт мноства пакаленняў людзей

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Полацкі раённы выканаўчы камітэт Аддзел культурыПолацкага раённага выканаўчага камітэта Дзяржаўная ўстанова культуры ”Полацкі раённы Цэнтр культуры“ Дзяржаўная ўстанова ”Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці“ Полацкі каледж установы адукацыі ”Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава“ Установа адукацыі ”Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт“ Дзяржаўная ўстанова адукацыі ”Палатоўская дзіцячы сад-базавая школа Полацкага раёна“

Паходжанне элемента:

Па ўспамінах старэйшых носьбітаў Полаччыны, самабытныя спевы ў манеры ”ў перахлёст“ бяруць пачатак з даўніх часоў. Назву “спевы ”ў перахлёст“ даюць самі носьбіты. Яны паведамляюць, што гэта назва бытавала ў іх сем’ях і перадалася ім ад продкаў. Па ўспамінах носьбітаў у гэтай манеры спявалі жыхары аднаго стылявога куста: вёсак Баяноўшчына, Скавародзіна, Дразды, Пазнякова Юравіцкага сельскага Савета (у сучасны перыяд Палатоўскага сельскага Савета) Полацкага раёна, размешчаныя недалёка адзін ад аднаго на беразе рэчкі Палата. У 70 – 80-х гадах XX ст. вёўся актыўны пошук новых форм работы па павелічэнні масавага ўдзелу ў самадзейнасці праз зварот да народнай культуры. Такім чынам стваралася новая абраднасць, якая потым шырока распаўсюджвалася і ўкаранялася ў быт. Сваю ўвагу работнікі культуры скіроўвалі на адраджэнне напаўзабытых святаў і абрадаў народнага календара. Наладжваліся такія маляўнічыя святы як Купалле, Каляды. Сельскагаспадарчыя святы ”Засеўкі“, ”Зажынкі“, ”Дажынкі“ не ствараліся занава, а рабіліся на грунце народных беларускіх традыцый. Хутка гэтыя відовішчы сталі неад’емнай часткай жыцця і побыту кожнай вёскі, кожнага раёну Беларусі, у тым ліку і на Полаччыне. Фальклорныя калектывы ствараліся з таленавітых спевакоў, танцораў, музыкаў. У 1971 г. у Багатырскім сельскі Дом культуры быў створаны фальклорны калектыў ”Галасы спадчыны“, з 1975 г. кіраўніком якога сала Вера Уладзіміраўна Пісюкова. Яна была таленавітай асобай: валодала моцным, прыгожым голасам, ведала шмат аўтэнтычных народных песень. Паходзіла з музычнай сям’і Драздовых. Бацька і маці Веры Уладзіміраўны шанавалі, любілі і па-майстэрску выконвалі беларускія народныя песні і танцы, паважана ставіліся да роднага слова. Маці, Драздова Яўгенія Ягораўна (1912 г.н.), валодала майстэрствам спеваў ”у перахлёст“ і навучыла спяваць сваю дачку. Вера Уладзіміраўна лічыла традыцыю антыфонных спеваў вялікай каштоўнасцю сваёй мясцовасці і спрыяла яе захаванню на працягу свайго жыцця. Калектыў пад кіраўніцтвам В.У. Пісюковай, якая актыўна працавала над выкананнем купальскіх, талочных, вясельных песень, паспяхова ўдзельнічаў у раённых і абласных святах і аглядах, конкурсах з прэзентацыяй старажытных антыфонных спеваў. У 1991 годзе за высокія дасягненні па зберажэнню народнай музычна-песеннай культуры, адраджэнне і захаванне народных традыцый святаў, абрадаў, звычаяў, калектыву надаецца ганаровае званне ”народны аматарскі калектыў“. У гэты час сталі больш актыўна праводзіцца фальклорныя экспедыцыі інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. З мэтай дэталёвага абследвання і вывучэння быў выбраны і Полацкі раён. Кіраўнік фальклорнай экспедыцыі К. Кабашнікаў так апісвае свае ўраджанні: ”…У песенным фальклоры Полаччыны шырока прадстаўлены купальскія, жніўныя, талочныя песні, песні сямейных свят – вясельныя і радзінныя, разнастайныя па тэматыцы лірічныя песні: жартоўныя, баладныя і іншыя. Незабыўнае ўраджанне пакінулі песні працоўнага календара, асабліва купальскія і жніўныя, сваімі паэтычна ўзнёслымі малюнкамі роднай прыроды, сялянскай працы, вечна жывой марай народа аб шчасці, дабрабыце \…Купальскія і жніўныя песні вабяць не толькі зместам і паэзіяй, але і добрымі мелодыямі і арыгінальнай своеасаблівай манерай выканання, калі адну і тую ж музычную фразу па чарзе выконваюць некалькі груп спявачак. Менавіта так выконвалі гэтыя песні Л.Д.Ганзёлёва, М.П. Пракапенка, М.Н. Тумашова, В.У. Пісюкова з вёсак Сякераўшчына і Чаромушкіна; П.Ф.Драздова, Я.Я.Драздова, Е.А.Валькова, Т.І. Барсукова з вёсак Дразды і Пазнякова…\ Той факт, што працоўны фальклор знаходзіць сабе трывалае месца, патрабуе больш ашчадна і ўважліва ставіцца да яго…\ Зараз па краіне крочыць Першы Усесаюзны фестываль самадзейнага народнага мастацтва. Падтрымаць і прапагандаваць лепшыя ўзоры гэтага мастацтва– наша агульная задача“. За сваё жыццё маці і дачка зрабілі вельмі шмат для зберажэння пэўнай песеннай традыцыі: спявалі самі і вучылі другіх. Яны ўжо пайшлі з жыцця, але іх справу па зберажэнні спеваў ”у перахлёст“ працягвае народны фальклорны ансамбль ”Галасы спадчыны“ Багатырскага сельскага Дома культуры ДУК ”Полацкі раённы Цэнтр культуры“

Стан бытавання:

менш распаўсюджаны

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Полаччына мае сваю самабытную культуру. На полацкай зямлі нарадзіўся ў XIX ст. збіральнік беларускага фальклору А.А.Грыневіч, які з 1906 года пачаў запісваць і сабраў каля тысячы твораў песеннага мастацтва, апісанняў народных танцаў, песень, гульняў і інш. Вёска Багатырская адносна маладая, знаходзіцца амаль адразу за рысай г. Полацка. З’явілася яна ў савецкі час прыкладна ў 30-х гадах XX стагоддзя, калі на землях былых хутароў пачалі сваю работу такія прадпрыемствы як МТС, а пазней “Райсельгастэхніка” і “Райсельгасхімія”. Спецыялісты ехалі сюды з усяго былога Саюза. Па некаторых звестках і ўспамінах старажылаў вёскі Багатырская, землі, на якіх была пабудавана першая МТС, а потым і жыллё для працаўнікоў, належалі сям’і хутаран Багатыровых. Сям’я была вельмі працавітая, сыны – як волаты. І калі трэба было даць назву новаму паселішчу, то на агульным грамадскім сходзе было вырашынадаць назву ад прозвішча Багатыровы. Так і з’явілася на карце вёска Багатырская. Зараз у вёсцы пражывае 2000 чалавек. Сучаснае галаўное прадпрыемства – ААТ ”Полацкі аграсэрвіс“. На тэрыторыі вёскі таксама размешчаны ДУА”Багатырская базавая школа Полацкага раёна“, дзіцячы сад-яслі, бібліятэка філіял, медыцынская амбулаторыя. У 2013 годзе пачаў работу Храм Раства Прысвятой Багародзіцы. На Полаччыне неаднаразова праводзіліся фальклорныя экспедыцыі навукоўцамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі. Да вывучэння гісторыі і культурнай спадчыны своёй малой радзімы далучаюцца і ўдзельнікі фальклорнага ансамбля ”Галасы спадчыны“. Дзякуючы новым матэрыялам экспедыцый папаўняецца фанатэка, створаная яшчэ напрыканцы XX ст. Да гэтай дзейнасці далучаецца і малодшае пакаленне – удзельнікі дзіцячага фальклорнага калектыва ”Каласочкі“. Яны сустракаюцца з носьбітамі фальклорных традыцый, навучаюцца запісваць і апрацоўваць фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, частку з якіх самі ж потым вучаць, каб прадставіць падчас удзелу ў народных святах, абрады і вечарынах. Галоўная мэта такіх мерапрыемстваў– праводзіць іх не ў класічнай сцэнічнай форме, а з уключэннем інтэрактыўных прыёмаў, прыцягваючы гледачоў у абрадавыя дзеі, каб як мага больш шырокае кола з іх запамінала народныя традыцыі свайго краю.Для правядзення такіх мерапрыемстваў у Багатырскім СДК створана хатка-музей. Тут выстаўлены ў якасці экспанатаў старадаўнія прадметы хатняга ўжытку, інвентар, саматканыя вырабы, фатаграфіі і г.д. Маецца куток памяці Веры Уладзіміраўны Пісюковай, былога кіраўніка народнага фальклорнага ансамбля ”Галасы спадчыны“, якая шмат гадоў аддала вывучэнню і адраджэнню фальклору на Полаччыне. У памяшканні музея-хаткі таксама ладзяцца экскурсіі для дзяцей, моладзі, гасцей з Беларусі і замежжа. Рэгулярнай з’явай сталі майстар-класы па народных танцах. Праводзяцца сустрэчы-практыкумы з кіраўнікамі фальклорных калектываў горада і раёна

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Віцебска-віленскія гаворкі паўночна-заходняй групоўкі гаворак асноўнага беларускага дыялектнага тыпу з ужываннем русізмаў

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

”У перахлёст“, па ўспамінах носьбітаў, спяваліся асобныя жніўныя і купальскія песні. Падчас правядзення жніўных абрадаў жанчыны абавязкова адзяваліся ў белае аддзенне: белая кашуля з доўгімі рукавамі, белая хустка; абавязкова доўгая спадніца, каб ногі не пакалоць аб пожню, бо большасць жанчын выходзіла на працу босымі нагамі. Выкарыстоўваліся наступныя матэрыяльныя аб’екты: ручнік, абрус, кветкі, першы зжаты”снапок-гаспадарок“, прылады працы каса і серп; з жытніх каласоў рабілася ”перавясла“, як абярэг, якім абавязкова абвязваліся жанчыны і мужчыны пры касьбе, каб спіна не балела; жніўная ежа (бохан хлеба, соль, вада, гарлачык з бярозавым квасам, яйкі, агародная зеляніна, калі ёсць – сала; дарэчы, па ўспамінах носьбітаў сала, вяленае мяса зберагаліся з зімы да лета, каб можна было ўзяць з сабой падчас цяжкай працы, якімілічыліся сенакос і жніво). Усё гэта прысутнічае і ў сучаснай практыцы. Дарэчы, апошні дажынкавы сноп упрыгожваецца не толькі кветкамі, але і рознакаляровымі стужкамі, прыгожым ручніком, альбо яркай тканінай. Для святочнай купальскай дзеі, па ўспамінах носьбітаў, неабходны вяночкі з кветак і траў, абрус для рытуальнай ежы, ручнікі, рытуальная ежа (яешня, бліны”завіванікі“, квас, сыр, зеляніна)

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

У творчай скарбонцы народнага фальклорнага ансамбля ”Галасы спадчыны“ Багатырскага сельскага Дома культуры ёсць прыпеўкі, песні сямейна-абрадавага цыклу, запісаныя ад жыхароў вёсак Полаччыны, якія акрамя песен, выконваемых ”у перахлёст“ таксама ўваходзяць у праграму абрадавых дзей ”Дажынкі“ і ”Купалле“. Добры прыклад купальскія песні і прыпеўкі-дразнілкі: ”Сёння Купала, заўтра Іван, будзе, хлопцы, ліха вам…“, ”А на гарэ купарос, чорт дзеўку за хахол трос…“, песні сямейна-абрадавага цыклу”Купала, Купала, дзе ты прыбывала? \На Полацкім рынку таргі таргавала,\ Свякроў прадавала, а маці купляла…“, ”Мар’я Івана гуляць звала…“, ”Кузьма ў дварочку“ і інш.(інфарматар Я.Я.Драздова, 1912 г.н., в. Скавародзіна, Полацкі р-н). Сярод жніўных: ”Перапёлка“, ”Жыта жала, жала, я да позняга“,”А я ў полі жыта жала“, ”А мой муж Пракопачка“, ”А чыё поле дрэмле?“ і інш. (інфарматар Я.Я.Драздова, 1912 г.н., в. Скавародзіна, Полацкі р-н). Калектывам таксама адноўлены цэлы шэраг побытавых танцаў: ”Ночка“, ”Каханачка“, ”Базар“,”Лысы“,”Кракавяк“,”Нарэчанька“, ”Бес“,”Распалоска“, ”Субота“, ”Абэрак“ і іншыя

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

На цяперашні час існуе некалькі мадэляў перадачы элемента: – ад пакалення да пакалення: уся сям’я носьбіта фальклору Веры Уладзіміраўны Пісюковай была задзейнічана ў перадачы элемента: ад маці Яўгеніі Ягораўны Драздовай да дачок Веры Уладзіміраўны Пісюковай і Валянціны Уладзіміраўны. Ад Веры Уладзіміраўны Пісюковай – сыну Андрэю Нілавічу, нявестцы Жане (удзельнікам народнага фальклорнага ансамбля ”Галасы спадчыны“) і ўнучкам – Кацярыне і Таццяне (былыя ўдзельніцы дзіцячага фальклорнага калектыву”Каласочкі“ Багатырскага сельскага Дома культуры); – праз супрацоўніцтва з установамі адукацыі: цеснае супрацоўніцтва народнага фальклорнага ансамбля ”Галасы спадчыны“ з УА ”Багатырская СШ Полацкага раёна“; вучні школы – галоўныя наведвальнікі і ўдзельнікі ўсіх фальклорных мерапрыемстваў Багатырскага СДК; праз майстар-класы, этнаграфічныя вечары, вечары народных танцаў вучням даецца поўная інфармацыя пра традыцыі Полацкага рэгіёну, народныя святы і абрады, вусную народную творчасць і інш. Пры Багатырскім СДК працуе узорны фальклорны калектыў ”Лецейка“, у якім займаюцца дзеці з другога па пяты клас базавай школы. Удзельнікі калектыву з цікавасцю знаёмяцца з манерай спявання ”ў перахлёст“, робяць першыя крокі па вывучэнні фальклору рэгіёну. А ўжо з моладзевым фальклорным калектывам ”Каласочкі“, які з’яўляецца спадарожнікам народнага фальклорнага ансамбля ”Галасы спадчыны“, вывучаюць традыцыю спеваў ”у перахлёст“ і практыкуюць сумесныя выступленні; пры Полацкім каледжы УА ”Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава“ існуе моладзевы калектыў – народны вакальны ансамбль ”Вясна“, які разам са сваім кіраўніком Таццянай Ігараўнай Шыбуняевай неаднаразова прымаў удзел у экспедыцыйных выяздах да носьбітаў вёскі Багатырская, з мэтай знаёмства і пераймання вопыту спеваў у манеры ”ў перахлёст“; фальклорны гурт ”Варган“ Полацкага дзяржаўнага універсітэта таксама займаецца перайманнем традыцый, вывучэннем і распаўсюджваннем іх у шырокім асяроддзі; – праз сродкі масавай інфармацыі; – праз аўдыёзапісы, выпуск буклетаў, дэманстрацыю відэафільмаў; – праз удзел у святах, фальклорных фестывалях і фестывалях народнай творчасці. Усё гэта з’яўляецца сведчаннем таго, што спевы атрымліваюць другое жыццё, а сама манера выканання ”ў перахлёст“з’яўляецца каштоўнасцю для дзеючых фальклорных калектываў і іх кіраўнікоў

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Ключавыя словы

Спевы "у перахлёст", Купалле, Жніво

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Экспертнае заключэнне_Т.Б. Варфаламеева.pdf

Экспертнае заключэнне_Т.Б. Варфаламеева.pdf

Экспертнае заключэнне_Т.Л. Бярковіч.pdf

Экспертнае заключэнне_Т.Л. Бярковіч.pdf

ЗЯЛЁНАЯ_ДУБРОВАЧКА”.PDF

ЗЯЛЁНАЯ_ДУБРОВАЧКА”.PDF

“ЯК_ПАЙДУ_КАЛЯ_ЛЕСУ_БЛІЗКА”.PDF

“ЯК_ПАЙДУ_КАЛЯ_ЛЕСУ_БЛІЗКА”.PDF

“КУПАЛІНКА_–_НОЧ_МАЛЕНЬКА”.PDF

“КУПАЛІНКА_–_НОЧ_МАЛЕНЬКА”.PDF

“ПЕРАД_ПЯТРОМ_ПЯТЫМ_ДНЁМ”.PDF

“ПЕРАД_ПЯТРОМ_ПЯТЫМ_ДНЁМ”.PDF

“ГАВАРЫЛА_ЯДРОНАЕ_ЖЫТА”.PDF

“ГАВАРЫЛА_ЯДРОНАЕ_ЖЫТА”.PDF

ЗЯЛЁНАЯ_ДУБРОВАЧКА”.PDF

ЗЯЛЁНАЯ_ДУБРОВАЧКА”.PDF

“ЯК_ПАЙДУ_КАЛЯ_ЛЕСУ_БЛІЗКА”.PDF

“ЯК_ПАЙДУ_КАЛЯ_ЛЕСУ_БЛІЗКА”.PDF

“КУПАЛІНКА_–_НОЧ_МАЛЕНЬКА”.PDF

“КУПАЛІНКА_–_НОЧ_МАЛЕНЬКА”.PDF

“ПЕРАД_ПЯТРОМ_ПЯТЫМ_ДНЁМ”.PDF

“ПЕРАД_ПЯТРОМ_ПЯТЫМ_ДНЁМ”.PDF

“ГАВАРЫЛА_ЯДРОНАЕ_ЖЫТА”.PDF

“ГАВАРЫЛА_ЯДРОНАЕ_ЖЫТА”.PDF

Фотафіксацыя

Аўдыёфіксацыя

2009-06-05-Спевы_ў_перахлёст-Купалінка_ноч_маленька._Народны_фальклорны_калектыў_Галасы_спадчыны_Багатырскага_СДК.mp3:

2009-06-05-Спевы_ў_перахлёст-Купалінка_ноч_маленька._Народны_фальклорны_калектыў_Галасы_спадчыны_Багатырскага_СДК.mp3

2009-06-05-Спевы_ў_перахлёст-Зялёная_дубровачка._Народны_фальклорны_калектыў_Галасы_спадчыны_Багатырскага_СДК.mp3:

2009-06-05-Спевы_ў_перахлёст-Зялёная_дубровачка._Народны_фальклорны_калектыў_Галасы_спадчыны_Багатырскага_СДК.mp3

2009-06-05-Спевы_ў_перахлёст-Гаварыла_ядронае_жыта._Народны_фальклорны_калектыў_Галасы_спадчыны_Багатырскага_СДК.mp3:

2009-06-05-Спевы_ў_перахлёст-Гаварыла_ядронае_жыта._Народны_фальклорны_калектыў_Галасы_спадчыны_Багатырскага_СДК.mp3

2009-06-05-Спевы_ў_перахлёст-Перад_Пятром_пятым_днем._Народны_фальклорны_калектыў_Галасы_спадчыны_Багатырскага_СДК.mp3:

2009-06-05-Спевы_ў_перахлёст-Перад_Пятром_пятым_днем._Народны_фальклорны_калектыў_Галасы_спадчыны_Багатырскага_СДК.mp3

2009-06-05-Спевы_ў_перахлёст-Як_пайду_я_да_лесу_блізка._Народны_фальклорны_калектыў_Галасы_спадчыны_Багатырскага_СДК.mp3:

2009-06-05-Спевы_ў_перахлёст-Як_пайду_я_да_лесу_блізка._Народны_фальклорны_калектыў_Галасы_спадчыны_Багатырскага_СДК.mp3

2013-08-10-Спевы_ў_перахлёст-Перад_Пятром_пятым_днём. _Узорны_фальклорны_калектыў_Знічка.mp3:

2013-08-10-Спевы_ў_перахлёст-Перад_Пятром_пятым_днём. _Узорны_фальклорны_калектыў_Знічка.mp3