Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Абрад “Ваджэнне Сулы” на другі дзень Вялікадня ў Гомельскім раёне Гомельскай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе):
Дата ўключэння:
№ пратакола Рады: Пастанова Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь ад 19.03.2019 № 16
Шыфр (у Інвентары): НКС-20190620

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Абрад “Ваджэнне Сулы” на другі дзень Вялікадня ў Гомельскім раёне Гомельскай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

“Сула”, “ваджэнне Сулы”, “вадзіць Сулу”, “хадзіць у Сулу”

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары вёсак Гадзічава і Маркавічы Гомельскага раёна сумесна з вучнямі дзяржаўнай установы адукацыі “Маркавіцкі дзіцячы сад – сярэдняя школа”. Да ўдзелу ў абрадзе таксама далучаюцца жыхары вёсак Глыбоцкае, Краўцоўка, Новая Гута – дзе некалі вадзілі Сулу

Арэол распаўсюджвання:

Гомельская вобласць » Гомельскі раён » в. Маркавічы;   Гомельская вобласць » Гомельскі раён » в. Гадзічава;  

Кароткае апісанне элемента:

Абрад “Ваджэнне Сулы” ў Гомельскім раёне Гомельскай вобласці ўяўляе сабой адметнае праяўленне веснавой абраднасці, семантычна скіраванае на забеспячэнне добрай ураджайнасці на агародзе і палетках, а таксама на здароўе ўсіх мясцовых жыхароў і засцярогу ад прыроднай стыхіі – маланкі. У ваджэнні Сулы аб’ядноўваюцца вёскі Гадзічава і Маркавічы і іх жыхары. Асноўныя ўдзельнікі – мясцовая моладзь, выканаўцы абрадавых дзей – жанчыны і дзяўчаты, якія апранаюцца ў прыгожыя, па-мясцоваму адметныя, самаробныя строі.
“Сула” ў разуменні жыхароў Маркавіч і Гадзічава – гэта як само абрадавае дзейства, так і сукупнасць усіх яго ўдзельнікаў. Слова “сула” мае розныя трактоўкі значэння. Гэта і рух, плынь, рака (чалавечая рака, якая цячэ па русле вуліц), і від зброі (дзіда ці рагаціна). Апошняе збліжае па сэнсу словы “сула” і “страла” (і адпаведна варыянты назваў абраду “Ваджэнне і пахаванне Стралы (Сулы)”.
Ваджэнне Сулы адбываецца на другі дзень Вялікадня. Пачынаецца ў вёсцы Гадзічава адразу пасля Велікоднай літургіі, што праходзіць у мясцовай Свята-Кацярынінскай царкве. Жанчыны і дзяўчаты выходзяць на скрыжаванне дарог ля царквы і заводзяць старажытныя мясцовыя карагоды (“танкí”) – колавы (“Як на нашай вуліцы шырокая возера”), змейкай (“крывы”: “А ў крывога танка, да не выведу канца”), карагоды-гульні “Чарнабрывы каралёк” і “Падшыбну кабыліцу”, падчас апошняга падкідваюць угору маленькіх дзяўчатак з воклічамі “Вялікае расці!”, “Здаровае расці!”. Пасля ўсе ўдзельнікі абраду становяцца ў шэрагі, узяўшыся пад рукі, і ідуць з песняй “Як ішла Сула” (лінейны карагод), а затым з прыпеўкамі і песнямі пад гармонік у бок вёскі Маркавічы, уздоўж Кацярынінскага шляху. У Маркавічах на ўсіх скрыжаваннях дарог, якія трапляюцца ўдзельнікам Сулы падчас абыходу вёскі, “танкí” паўтараюцца, а рух уздоўж дарогі суправаджаецца гульнёй “Гарэпня”, спевамі “Як ішла Сула”, прыпеўкамі і песнямі пад гармонік. На ўсім шляху да Сулы далучаюцца ўсе ахвотныя. Завяршаецца абрадавае шэсце каля сельскага дома культуры, дзе маркаўчанка з кулічом на ручніку сустракае прадстаўніцу Гадзічава і яны хрыстосуюцца. Свята заканчваецца сумесным частаваннем і гуляннем.
Ваджэнне Сулы – лакальная праява рэгіянальнага абраду “Ваджэнне і пахаванне Стралы (Сулы)”, які мае багатую лакальную спецыфіку на такіх узроўнях, як назва, час і месца правядзення, структура, склад удзельнікаў, семантыка рытуальных дзеянняў, сімволіка прадметнай атрыбутыкі і г.д.
Семантыка абраду “Ваджэнне Сулы” ў Гомельскім раёне сканцэнтравана ў магічнай прымеркаванасці абрадавых дзеянняў і песень да добрай ураджайнасці на агародзе і палетках, а таксама засцярогі ад звышнатуральнага ўздзеяння і забеспячэння здароўя ўсіх вяскоўцаў. Лакальнай адметнасцю з’яўляецца пачатак рытуалаў у адной вёсцы і іх завяршэнне ў другой (Гадзічава і Маркавічы, Краўцоўка і Дзікалаўка), што садзейнічае яднанню супольнасцей.
Ваджэнне Сулы ў вёсках Гадзічава і Маркавічы Гомельскага раёна адрозніваецца дакладнай прымеркаванасцю да другога дня Вялікадня. Сула распачынае час моладзевых гулянняў на вуліцы пасля халоднай пары году і Велікоднага паста. Карагоды і гульні, якія выконваюцца ўдзельнікамі, уяўляюць лакальныя варыянты тыпавых прыкладаў, распаўсюджаных на тэрыторыі бытавання абраду “Ваджэнне і пахаванне Стралы (Сулы)”.
Штогадовае правядзенне абраду “Ваджэнне Сулы” ў вёсках Гадзічава і Маркавічы Гомельскага раёна было адноўлена ў 2007 г. пасля 40-гадовага перапынку (у 1967 г. традыцыя была прыпынена мясцовай уладай)

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя цырымоніі » Абрады

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

У Маркавічах і іншых вёсках, дзе вадзілі Сулу, цікавасць да абраду з таго часу, як яго адрадзілі ў 2007 годзе, расце з кожным годам. Ён аб’ядноўвае ўсіх людзей у прыгожай мастацкай форме. Прэса, навукоўцы, аматары фальклору з Гомеля і Мінска штогод прыязджаюць у Маркавічы, каб паглядзець на Сулу, параспытваць старажылаў і паспрабаваць разгадаць таямніцы гэтага абраду, гісторыю вёскі Маркавічы і яе наваколля, гісторыю Свята-Кацярынінскай царквы ў Гадзічаве і Кацярынінскага шляху. Абрад садзейнічае фарміраванню цікавасці да гісторыі роду, малой радзімы, народнай спадчыны, яднанню і самасцвярджэнню супольнасці ў этнічным плане, усведамленню пачуцця нацыянальнай самасвядомасці праз далучэнне да абрадаў і звычаяў малой радзімы, павагу да традыцыйнай культуры мінулага, пашану да продкаў, і таму з’яўляецца адным з фактараў фарміравання нацыянальнага менталітэту. Аўтэнтычныя запісы звестак пра элемент, змешчаныя ў дадатку, маюць навуковую і культурную значнасць, узбагачаючы агульную карціну бытавання абраднасці і паэзіі ваджэння і пахавання Стралы (Сулы). Элемент непасрэдна звязаны з традыцыямі, вераваннямі, што ўплывае на спасціжэнне і глыбокае асэнсаванне светапогляду продкаў і ў цэлым аказвае значны ўплыў на культурнае і духоўнае развіццё

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

1) Эстэтычная функцыя. Абрад стварае адметнае, сапраўды прыгожае свята вёскі: жанчыны і дзяўчаты апранаюць маляўнічыя самаробныя строі, вянкі і галаўныя ўборы, водзяць карагоды-“танкí” і спяваюць. 2) Кансалідуючая функцыя. У падрыхтоўцы і адпраўленні абраду бяруць удзел людзі рознага ўзросту, жыхары суседніх вёсак, што дае адчуванне еднасці, спрыяе ўстойлівасці мясцовай супольнасці. 3) Функцыя тэмпаралізацыі культуры. Правядзенне абраду ў пэўны час – на другі дзень Вялікадня – уплывае на вылічэнне, разуменне і адчуванне часу мясцовай супольнасцю, злучае ў адзіным сэнсавым кантэксце важныя этапы жыцця соцыуму і цыклы прыроды. Паступова ў жыхароў Маркавіч і Гадзічава аднаўляецца і фарміруецца спрадвечнае ўспрыманне абраду як сакральнага дзейства (адпаведна вылучаецца і сакральная функцыя), мэта якога – садзейнічаць плоднасці нівы і зберагчы сяло і людзей ад розных бед і прыродных катаклізмаў. Яны разумеюць сэнс фразы старажылаў як запавет захаваць абрад: “Каб у нас усё радзіла і маланка нас не біла”. Выкліканне дажджу ў час росту збожжа, адвядзенне ад вёскі маланкі – “Перуновай стралы” – выступаюць аднымі з асноўных сакральных функцый веснавога абраду ваджэння і пахавання Стралы, лакальнай праявай якога з’яўляецца ваджэнне Сулы. Магія абраду заключаецца ў тым, каб гэты перыяд быў максімальна скіраваны на паспяванне ўраджаю і не прынёс шкоды людзям, пасевам і скаціне, а таксама жытлу ад нябеснай стыхіі маланкі-агню. Будучы ўраджай дасць дабрабыт і забяспечыць працяг роду. Ваджэнне лінейных, колавых і карагодаў змейкай падчас абраду графічна паўтарае касмічна-прыродныя працэсы гэтага перыяду: Сонца сагравае і апладняе Зямлю нябеснай вільгаццю. 4) Функцыя самасцвярджэння супольнасці ў этнічным плане і адпаведна фарміравання патрыятызму на аснове этнічнай культуры. Ад гісторыі вёскі і абраду “Сула”, пра які расказваюць старажылы, узнікае цікавасць да гісторыі роду, малой радзімы, што вельмі важна для станаўлення асобы і фарміравання ў маладога пакалення любові да роднага краю. 5) Камунікатыўная функцыя. Самаарганізацыя вясковай веснавой абраднасці “Сулы” спрыяе ўмацаванню сямейных адносін і традыцый. Дзеці змалку вучацца спяваць, танцаваць, цаніць прыгажосць народнага строю, вучацца паводзінам у царкве і падчас абраду, у іх фарміруецца паняцце “спадчына маёй вёскі”, што на ўсё жыццё звязвае розныя пакаленні жывых з продкамі

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

1) Аддзел адукацыі, спорту і турызму Гомельскага райвыканкама. 2) Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага райвыканкама. 3) Дзяржаўная ўстанова “Цэнтр культуры Гомельскага раёна” 4) Маркавіцкі сельскі дом культуры. 5) Установа “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці”. 6) Рэспубліканскае маладзёжнае грамадскае аб’яднанне “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”. 7) Гомельская маладзëвая краязнаўчая грамадская арганізацыя “Талака”. 8) Дзяржаўная ўстанова культуры “Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава”, філіял у г. Гомель. 9) Установа “Рэдакцыя Гомельскай раённай газеты “Маяк”

Паходжанне элемента:

Вытокі рэгіянальнага абраду “Ваджэнне і пахаванне Стралы (Сулы)”, лакальнай праявай якога з’яўляецца ваджэнне Сулы, палягаюць у архаічнай эпосе. На сучасную тэрыторыю бытавання (сярэдняе Падняпроўе і басейны рэк Сож і Дзясна – тэрыторыі паўднёва-ўсходняй Беларусі, паўднёва-заходняй Браншчыны (Расія) і паўночна-ўсходняй Украіны) абрад хутчэй за ўсё быў прынесены плямёнамі радзімічаў і на працягу многіх стагоддзяў перадаваўся з пакалення ў пакаленне. Першыя навуковыя запісы абраду “Ваджэнне і пахаванне Стралы (Сулы)” былі зроблены ў 1814-1819 гадах З. Даленга-Хадакоўскім, а ў далейшым зафіксаваны ў матэрыялах Я.Ф. Галавацкага, А.Л. Мятлінскага, А.І. Рубцова, З.Ф. Радчанка, Е.Р. Раманава, У.М. Дабравольскага, П.П. Чубінскага, А.Е. Грузінскага, К. Машынскага, М. Каршукова і іншых. “Стралу” (“Сулу”) вывучалі Г.А. Барташэвіч, В.Я. Гусеў, Ю.І. Марчанка, Л.М. Салавей, Л.К. Алексютовіч, К.П. Кабашнікаў, В.Д. Ліцвінка, З.Я. Мажэйка, В.А. Пашына, Ю.М. Чурко, В.І. Ялатаў. Апошнія дзесяцігоддзі абрад “Ваджэнне і пахаванне Стралы (Сулы)” на аснове сучасных экспедыцыйных запісаў апісвалі такія даследчыкі, як В.С. Новак, Т.В. Валодзіна, А.Ю. Лозка, М.А. Козенка, Р.М. Кавалёва, Т.І. Кухаронак, Г.І. Лапацін, І.Ю. Смірнова, І.В. Глушэц. Менавіта “Сулу” ў Гомельскім раёне апісала В.С. Новак. У 2007 годзе выйшаў у свет зборнік “Народная духоўная спадчына Гомельскага раёна”. Аўтар-укладальнік яго – В.С. Новак, яна ж прыводзіць тут экспедыцыйныя запісы студэнтаў Гомельскага ўніверсітэта з в. Маркавічы ад Уніятава І.С., 1924 г.н., Мельнікавай В.У., 1926 г.н., Трыгубавай І.У., 1924 г.н. В.С. Новак пісала: “Па сведчанні нашых славутых фалькларыстаў ХІХ ст. З. Радчанка і Е. Раманава, на тэрыторыі Гомельскага раёна быў вядомы звычай «вадзіць Сулу»”. У працах гэтых збіральнікаў няма падрабязных звестак, апісанняў абраду. Сама Новак падрабязна апісала абрад “вадзіць Сулу” ў вёсках Краўцоўка, Грабаўка, Глыбоцкае, Новая Гута, суправадзіўшы запісы тэкстамі карагодаў (матэрыялы прыкладаюцца ў Дадатку). Гэта вёскі ў наваколлі Маркавіч. У асноўным іх абрады, акрамя Новай Гуты, падобныя да маркавіцкай “Сулы”. Звесткі пра абрад змяшчае і двухтомнік з серыі “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў”, т. 6: “Гомельскае Палессе і Падняпроўе”, прысвечаны Гомельскай вобласці. Актывізацыя збору звестак па гісторыі і культуры Маркавіч і суседніх вёсак Гомельскага раёна адбылася ў пачатку 2000-х гадоў. Гэтай працай заняўся Рыгор Ціханавіч Басаў, ураджэнец вёскі Гадзічава, тагачасны настаўнік рытмікі і танца ДУА “Маркавіцкі дзіцячы сад – сярэдняя школа”, пры падтрымцы і непасрэдным удзеле былога кіраўніка народнага клуба майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Родник” Гомельскага раённага дома культуры Наталлі Алегаўны Крумкачовай, дырэктара і настаўніка гісторыі ДУА “Маркавіцкі дзіцячы сад – сярэдняя школа” Мікалая Сцяпанавіча Пашчанкі, настаўніцы геаграфіі і хіміі Марыі Аляксандраўны Герасенка. Матэрыялы даследаванняў Р.Ц. Басава і М.А. Герасенка сталі асновай вучэбна-даследчай працы “Каляндарныя святы і абрады вёскі Маркавічы і наваколля”, якую ў 2012 г. выканалі В. Карэба і І. Пятрэнка, вучаніцы 11 класа ДУА “Маркавіцкі дзіцячы сад – сярэдняя школа”, пад кіраўніцтвам Р.Ц. Басава і М.А. Герасенка. Для вывучэння і трансляцыі мясцовых традыцый дзецям Р.Ц. Басаў стварыў пры школе фальклорны клуб “Спадчына” і дзіцячы фальклорны калектыў “Чарнабрыўцы”, дзе навучаў дзяцей спевам, танцам, абрадам і звычаям. Частка сабранай ім калекцыі мясцовага народнага касцюма і прадметаў побыту стала асновай для школьнага этнаграфічнага музея “Таечка” Паступова да этнаграфічнай працы далучылася М.А. Герасенка, якая пасля пераняла ад Рыгора Ціханавіча кіраўніцтва клубам “Спадчына” і музеем “Таечка”. Для ўдзельнікаў клуба “Спадчына” і калектыву “Чарнабрыўцы” былі зроблены традыцыйныя касцюмы. Дырэктар школы М.С. Пашчанка разам з Р.Ц. Басавым, М.А. Герасенка і вучнямі здзейснілі ў 2009-2013 гг. праект “Сем цудаў вёскі Маркавічы і наваколля”. Гэты праект выдзеліў асноўныя каштоўнасці вёскі і наваколля, якія дзеці вывучалі: мясцовы народны строй, абрад “Сула”, мясцовыя крыніцы, Кацярынінскі шлях, гісторыю Свята-Кацярынінскай царквы, мясцовыя легенды і жарты – вусныя формы фальклору. Праект асвятляла айчынная прэса і часопіс Саюзнай дзяржавы “Саюз” (копіі публікацый прыкладаюцца). Паводле звестак ад мясцовых старажылаў, Сулу ў вёсках Гадзічава і Маркавічы вадзілі на працягу многіх пакаленняў. Адбываўся абрад штогод на другі дзень Вялікадня – ад канца Гадзічава, праз Маркавічы, у канец вуліцы Сялянскай. Пасля завяршэння абраду там, за вёскай, адбывалася частаванне абрадавымі велікоднымі стравамі, якія раскладвалі на разасланыя на зямлі посцілкі, гулянне з песнямі і танцамі. Напачатку 1960-х кіраўніцтва мясцовай сельскай гаспадаркі непрыязна ставілася да ўдзельнікаў абраду, бо яны адмаўляліся працаваць у святочны для іх дзень. Падчас правядзення Сулы ў 1967 г. старшыня гаспадаркі стаў сцябаць жанчын пугай, каб тыя ішлі працаваць. Тады актыўная жывая традыцыя была спынена. Але старэйшае пакаленне жыхароў вёсак Гадзічава і Маркавічы яшчэ да сярэдзіны дзевяностых гадоў збіралася за вёскамі, каб вадзіць танкí, выконваць абрадавыя песні. Калі па стану здароўя жанчыны не маглі ўжо гэта рабіць, то збіраліся ля сваіх падворкаў і выконвалі абрадавыя песні. У 2007 г., пасля 40-гадовага перапынку, штогадовае правядзенне абраду “Ваджэнне Сулы” было адроджана намаганнямі Р.Ц. Басава і іншых мясцовых настаўнікаў. Аднаўленне абраду адбылося цалкам на аснове звестак ад старэйшых жыхароў вёсак Маркавічы, Гадзічава і Краўцоўка, якія бралі ў ім удзел раней і памяталі яго. Колькі маглі па стану здароўя, яны ўдзельнічалі ў адноўленым абрадзе. На цяперашні час многія інфарматары пайшлі з жыцця, стан здароўя астатніх ужо не дазваляе ім удзельнічаць у Суле, таму яны выказваюць вялікія спадзяванні на працяг традыцыі моладдзю. З 2007 г. абрад штогод праводзіцца ў асноўным з захаваннем першародных форм, структуры, мясцовых асаблівасцей на ўзроўнях моўнай гаворкі, меласу, формы карагодаў і гульняў, традыцыйнага строю і абрадавых страў. Змянілася траекторыя руху Сулы па в. Маркавічы, на што паўплывала з’яўленне ў вёсцы новых вуліц (Лясная, Міра, Калініна і Мінская) пасля 1986 г., дзе сталі жыць чарнобыльскія перасяленцы. Стала іншым месца правядзення пасляабрадавага сумеснага гуляння і частавання. У 2007-2016 гг., калі абрад актыўна падтрымліваўся кіраўніцтвам мясцовай школы, гэта была пляцоўка каля школы, у 2017-2018 гг. – пляцоўка каля Сельскага Дома культуры. Аднак удзельнікі абраду плануюць аднавіць завяршэнне абраду за вёскай, у полі, калі стравы для частавання будуць раскладацца на разасланыя на зямлі тканыя посцілкі, з правядзеннем там жа танцаў і гульняў. У 2013 г. Рыгор Ціханавіч Басаў стаў святаром, зараз жыве ў в. Карма Добрушскага раёна. Да пачатку 2017 г. этнаграфічна-краязнаўчую дзейнасць (у тым ліку правядзенне Сулы) настаўнікаў і вучняў Маркавіцкай школы падтрымліваў яе дырэктар, М.С. Пашчанка, які пасля сышоў на заслужаны адпачынак. Краязнаўчую і навуковую працу з дзецьмі працягвае настаўніца М.А. Герасенка. У 2017-2018 гг. Сулу ініцыіравалі і правялі мясцовыя актывісты з дапамогай устаноў культуры Гомельскага раёна і аматараў фальклору і краязнаўства

Стан бытавання:

пад пагрозай знішчэння

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Абрад “Ваджэнне Сулы” з’яўляецца лакальным варыянтам традыцыі “Ваджэнне і пахаванне Стралы (Сулы)” – спецыфічнай адметнасці веснавой каляндарнай абраднасці сярэдняга Падняпроўя і басейнаў рэк Сож і Дзясна, г. зн. тэрыторыі паўднёва-ўсходняй Беларусі, паўднёва-заходняй Браншчыны і паўночна-ўсходняй Украіны. Абрад “Ваджэнне і пахаванне Стралы (Сулы)” маркіруе веснавы перыяд гадавога каляндарнага цыкла. Час яго правядзення– ад Вялікадня (у некаторых варыянтах – ад Дабравешчання) да Ушэсця (ці Тройцы). Абрад мае багатую лакальную спецыфіку ў розных канкрэтных праявах на такіх узроўнях, як час і месца правядзення, структура, склад удзельнікаў, семантыка рытуальных дзеянняў, сімволіка прадметнай атрыбутыкі і г.д. Назва абраду багата вар’іруецца ў мясцовых традыцыях (“Страла”, “Сула”, “Колік”, “Сена”, “Хрэн”, “Ганяць старцоў”, “Вадзіць вясну”, “Ушэсце”, “Карагод” і інш., якія “прыжыліся” ў пэўнай мясцовасці і набылі своеасаблівы сакральны сэнс), але замацавана ў навуковай літаратуры як “Ваджэнне і пахаванне Стралы (Сулы)”. У вёсках памежнага з Беларуссю Навазыбкаўскага раёна Бранскай вобласці (Расія) абрад праводзіцца ў перыяд ад другога дня Вялікадня і завяршаецца на Ушэсце (месцамі на Тройцу). Уяўляе сабой абыход вёскі са спецыяльнымі “стрелецкими” песнямі, ваджэнне карагодаў, суправаджаецца ўдзелам пераапранутых “бабы” і “дзеда”, завяршаецца сімвалічным “пахаваннем” у жытнёвым полі якіх-небудзь абрадавых атрыбутаў (жытнёвых каласкоў, манет, стужак і г.д.). Абрадавыя дзеянні па ўяўленнях жыхароў накіраваны на прадуцыраванне добрага ўраджаю і абарону ад маланкі. У больш аддаленых ад тэрыторыі Беларусі вёсках Браншчыны (напрыклад, у Гардзееўскім раёне) абрад, у якім пераважнай становіцца рэкрэацыйная функцыя, у асноўным напаўняецца ваджэннем гульнявых карагодаў. Паводле звестак, зафіксаваных ад перасяленцаў з вёсак Чарнобыльскага раёна Кіеўскай вобласці (Украіна), ваджэнне Стралы адбывалася на Дабравешчанне: “Після обіду дівчата, молоді жінки виходили на вигін і розпочинали весняні гульбища «водінням стріли»” (Етнографічний образ сучасної України. Корпус експедиційних фольклорно-етнографічних матеріалів. Т. 6. Календарна обрядовість. – К., 2016. – С. 156). У вёсках Чарнігаўскай вобласці (Украіна) абрад “Стріла” фіксуецца на другі дзень Вялікадня. Арэалам найлепшай захаванасці гэтага абраду з’яўляецца Веткаўскі раён Гомельскай вобласці, у розных вёсках якога назіраюцца адметнасці як у абрадавых дзеяннях, песенным суправаджэнні, прадметным рэквізіце, так і ў семантычнай скіраванасці функцыянальнасці абрадавых дзеянняў. Абыход вёскі з абрадавымі карагодамі, сярод якіх асноўны “Як пушчу стрялу”, і ваджэнне карагодаў у жытнёвым полі адбываецца падчас ваджэння і пахавання Стралы ў в. Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна. Абрад унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, адрозніваецца часам правядзення (Ушэсце, 40 дзён пасля Вялікадня, маркіруе завяршэнне веснавой пары), наяўнасцю рытуальных дзеянняў як з прадметнай атрыбутыкай (манеты, “занізкі”, “уплёты”), закопванне якой у зямлю з’яўляецца праявай апатрапеічнай і прадуцыравальнай магіі, так і з жытнёвымі каласамі (імі абвязваюцца, “каб не балела сярэдзіна”, іх захоўваюць у хаце за абразамі для засцярогі членаў сям’і, хаты і падвор’я). Звесткі пра абрад “Ваджэнне Сулы” і сёння захоўваюцца ў памяці інфармантаў з Пераросту, Кармы, Васільеўкі, Крынічнага, Добруша Добрушскага раёна, Краўцоўкі, Грабаўкі, Глыбоцкага, Новай Гуты, Паддабранкі, Рагоў Ілецкіх і іншых населеных пунктаў Гомельскага раёна. На тэрыторыі апошняга амаль адсутнічаюць іншыя тлумачэнні семантыкі абраду, акрамя магічнай прымеркаванасці абрадавых дзеянняў і песень да добрай ураджайнасці на агародзе і палетках, а таксама засцярогі ад звышнатуральнага ўздзеяння і забеспячэння здароўя ўсіх вяскоўцаў. Лакальнай адметнасцю абраду ў Гомельскім раёне з’яўляецца пачатак рытуалаў у адной вёсцы і іх завяршэнне ў другой (Гадзічава і Маркавічы, Краўцоўка і Дзікалаўка), што садзейнічае яднанню супольнасцей. Фіксацыя ў найлепшай ступені ад старажылаў і даследаванне звестак пра гэты абрад менавіта ў вёсках Гадзічава і Маркавічы дазволіла краязнаўцам-энтузіястам адрадзіць гэту цікавую з’яву ў натуральных умовах і актыўна штогод праводзіць яе разам з вяскоўцамі. Ваджэнне Сулы ў вёсках Гадзічава і Маркавічы Гомельскага раёна адрозніваецца дакладнай прымеркаванасцю да другога дня Вялікадня. Ім распачынаецца час моладзевых гулянняў на вуліцы пасля халоднай пары году і Велікоднага паста. Карагоды і гульні, якія выконваюцца ўдзельнікамі, уяўляюць лакальныя варыянты тыпавых прыкладаў, распаўсюджаных на тэрыторыі бытавання абраду “Ваджэнне і пахаванне Стралы (Сулы)”. (Запісы і апісанне карагодаў і гульняў змешчаны ў дадатку.) Сучасная вёска Маркавічы – цэнтр сельсавета, дзе ёсць дом культуры і дзіцячы сад-школа (адміністрацыйныя звесткі – у дадатку). Менавіта школьныя настаўнікі ў пачатку 2000-х гадоў сталі збіраць звесткі па гісторыі і культуры Маркавіч і суседніх вёсак. У 2009-2013 гг. здзейснілі праект “Сем цудаў вёскі Маркавічы і наваколля” (тэматычныя публікацыі прыкладаюцца ў дадатку), які выдзеліў асноўныя каштоўнасці вёскі і наваколля: мясцовы народны строй, абрад “Сула”, мясцовыя крыніцы, Кацярынінскі шлях, гісторыю Свята-Кацярынінскай царквы, мясцовыя легенды і жарты – вусныя формы фальклору. Для вывучэння і трансляцыі мясцовых традыцый дзецям пры школе былі створаны фальклорны клуб “Спадчына”, дзіцячы фальклорны калектыў “Чарнабрыўцы”, этнаграфічны музей “Таечка” (матэрыял пра музей прыкладаецца ў дадатку). Акрамя “Сулы” вучнямі і настаўнікамі былі адроджаны і штогод праводзіліся мясцовыя абрады і святы: Калядны абыход двароў са “звяздой”, “Шчодрыкі”, Масленіца, Гуканне вясны, Ваджэнне русалкі, Дзяды. Фальклорны калектыў “Чарнабрыўцы” пастаянна ўдзельнічаў у абласным фальклорным фестывалі-конкурсе “Шануйце спадчыну сваю”, абласным конкурсе танцавальных пар – выканаўцаў народных побытавых танцаў “Вытокі”. Шматгадовая актыўная пазіцыя школы стала перадумовай сучаснага стану абраду “Ваджэнне Сулы”, які праводзіцца мясцовай моладдзю

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Сярэдне-беларуская гаворка

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

I. Траекторыя руху Сулы: ад царквы Святой пакутніцы Кацярыны ў канцы вёскі Гадзічава, праз Гадзічава, па Кацярынінскім шляху ў бок Маркавіч, па Маркавічах. ІІ. Аб’екты ў вёсках Гадзічава і Маркавічы, дзе адбываюцца пэўныя абрадавыя дзеянні: 1. Свята-Кацярынінская царква ў вёсцы Гадзічава, дзе праводзіцца Велікодная літургія (па-мясцоваму – Велікодная ранішняя служба) на другі дзень Вялікадня, пасля якой пачынаюць абрад. 2. Скрыжаванні ў вёсках Гадзічава і Маркавічы, дзе водзяць карагоды. 3. Кацярынінскі шлях, які злучае Гадзічава і Маркавічы. 4. Пляцоўка ў канцы вёскі Маркавічы, дзе адбываецца сумеснае гулянне. ІII. Рытуальная ежа: паска – велікодны куліч, якім сустракае жанчына ў Маркавічах гадзічаўскаю Сулу (паводле звестак ад розных інфарматараў, гэта мог быць куліч са спецыяльным паглыбленнем уверсе для солі, ці на рушніку побач з кулічом маглі быць яйкі-крашанкі); кулічы, чырвоныя яйкі-крашанкі, запечанае мяса, варанае сала і мяса, хрэн, узвар і іншае частаванне для ўдзельнікаў і гасцей свята. IV. Музыка з гармонікам, які ігрою суправаджае песні, скокі, прыпеўкі падчас шэсця “Сулы”. Зараз гэтую функцыю выконвае Віктар Шыпкоў, некалькі разоў таксама іграў Аляксей Крукоўскі – сябра Студэнцкага этнаграфічнага таварыства (Мінск). V. Ручнік, на якім трымаюць куліч падчас сустрэчы ў Маркавічах Сулы з Гадзічава. VI. Тканыя посцілкі, якія пасля правядзення абраду рассцілалі за вёскай на зямлі і ставілі на іх частаванне, частаваліся і гулялі. VIІ. Мясцовыя жаночыя традыцыйныя строі ў некалькіх варыянтах, у якіх жанчыны, старэйшыя дзяўчаты і дзяўчаткі ўдзельнічаюць у абрадзе. Тыповы комплекс традыцыйнага жаночага строю в. Маркавічы і наваколля складаюць сарочка, андарак (плахта або спадніца з нагруднікам), тканы або плецены пояс, ушварка (безрукаўка), хустка, запаска (фартух). Жаночы строй стварае стройны, выцягнуты па вертыкалі сілуэт, у якім кожны элемент выконвае сваю функцыю. Шырокі андарак з прамым фартухом (запаскай) значна павялічвае ніжнюю частку фігуры, а ўшварка, якая стройна аблягае стан, памяншае верхнюю частку. Сарочкі характарызуюцца паліковым кроем з плечавымі ўстаўкамі. Складаюцца з дзвюх частак – “чэхліка” (верхняй, з выбеленага кужэльнага палатна) і “подтычкі” (ніжняй, з абдзеркавага грубага палатна). Сустракаюцца і цэльнакройныя сарочкі, якія носяцца пад плахту і апранаюцца на святы (вянчанне, вялікія царкоўныя святы). Рукавы маюць багаты геаметрычны або раслінных (кветкавы) арнамент і злучаюцца з паліком мярэжкамі з чорных, чырвоных і белых нітак. Унізе рукава робіцца зборка і манжэта або вышыўка па зборках з краявымі дэкаратыўнымі швамі або карункамі. Каўнер-стойка і манжэты ўпрыгожваюцца сціплай вышыўкай крыжыкам, нацягам, бранай тэхнікай ткацтва. Андаракі шыюцца з чатырох полак, бываюць “у клетку” (чорна-чырвоныя, чорна-сінія клеткі), “у палоску” (вузкія жоўтыя, зялёныя, сінія ці шэрыя палоскі на чырвоным фоне). Таксама сустракаюцца святочныя (вянчальныя) андаракі, выкананыя ў чырвонай гаме з багата вытканым або вышытым падолам, на які апранаецца запаска са сціплым геаметрычным арнаментам і кветкавай кампазіцыяй. На андаракі “ў клетку” і “ў палоску" зверху апранаецца фартух з белага фабрычнага палатна, упрыгожанага вышыўкай і карункамі. Для строю замужніх жанчын характэрныя таксама плахты, выкананыя з трох полак якія размяшчаюцца па баках і ззаду, а спераду падвязваюцца запаскай. Для сталых жанчын характэрна такая форма адзення, як спадніца з нагруднікам, якая складаецца са спадніцы і прышытага да яе ліфа-нагрудніка. Пры гэтым спадніца і нагруднік могуць адрознівацца колерам. Спераду нагруднік зашпільваецца на гузікі а паверх спадніцы падвязваецца белы фартух. У комплексе з сарочкай і паясным адзеннем носіцца ўшварка, якая шыецца з чорнага, сіняга, чырвонага або набіванага палатна. Мае суцэльнаскроеныя пярэднія полкі, суцэльнаскроеную або сшыўную спінку, да якой па лініі таліі прышываецца баска-“хвалды”, сабраная ў 9-11 адзінарных або падвоеных складак. Спераду правая полка ўпрыгожваецца аплікацыяй стужкай у спалучэнні з машынай строчкай. У бакавыя швы з унутранага боку па лініі таліі ўшываюцца ільняныя матузкі, якія падвязваюцца спераду і ствараюць ідэальна роўную лінію спіны. Завершанасць і святочнасць строю надаюць галаўныя ўборы: вянок са стужкамі, скіндачка, хуста, вышытая з тонкага палатна хустка, якая завязваецца “пад бараду”, “пад бабку”, “барыняй”, “капустай”, “козлікам”, “зайчыкам”, “у рагі”. Баваўняныя хусткі называюцца “бумажкамі”, шарсцяныя – “кашымеркамі”, “гарускамі”, вялікія – “цыганкамі”, трохкутныя з невялічкімі карункамі або вышыўкай па найбольшай старане – “касінкамі”. У зімовы час зверху жанчыны апранаюць вялікую хустку ў клетку – “абпінаху”. Завершанасць строю надаюць шыйныя ўпрыгожванні – маністы, паверх каторых апранаецца нацельны крыж. Касцюмы в. Маркавічы і яе наваколля збіралі Рыгор Басаў і Віктар Шыпкоў. Яны сабралі каштоўныя калекцыі жаночых, дзявочых, мужчынскіх, дзіцячых строяў. Касцюмы захоўваюцца ў этнаграфічным музеі “Таечка” Маркавіцкай школе-садку, у асабістай калекцыі Віктара Шыпкова (публікацыі аб выстаўках калекцыі змешчаны ў дадатку). Яны выкарыстоўваюцца падчас абраду “Сула”, вывучаюцца выпускнікамі школы пры навучанні ў ВНУ гуманітарнага профілю (падрабязнае апісанне і фотаздымкі касцюма змешчаны ў дадатку – у вучэбна-даследчай рабоце “Жаночы сялянскі касцюм Гомельска-Чарнігаўскага памежжа на пачатку ХХ стагоддзя”, выкананай вучаніцамі 11 класа Маркавіцкай школы-садка В.У. Шыпковай, І.М. Бірулёвай пад кіраўніцтвам настаўніцы М.А. Герасенка ў 2014 г.)

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

1) Веды і навыкі, звязаныя з практыкай вырабу і нашэння традыцыйных строяў для жанчын рознага ўзросту, дзяўчат і дзяцей. 2) Веды і навыкі, звязаныя з прыгатаваннем велікодных святочных страў: паскі, яек-крашанак, запечанага мяса, варанага сала і мяса, хрэну, узвару. 3) Веданне традыцыйных мясцовых карагодаў, песень, танцаў, прыпевак, якімі суправаджаецца абрад і гулянне пасля яго

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Перш за ўсё абрад захоўваецца ў вясковай супольнасці жыхароў Маркавіч і Гадзічава. Абрад быў адноўлены ў 2007 г. настаўнікамі і вучнямі Маркавіцкай школы-садка, таму асноўныя сучасныя яго завадатары – выпускнікі гэтай навучальнай установы, актыўныя ўдзельнікі – цяперашнія вучні. Абрад падтрымліваецца, усведамляецца неабходнасць яго захавання і ў сем’ях тых, хто ўдзельнічаў у ім змалку і памятае, як Сулу праводзілі раней (да 1967 г.). Хоць і адбыўся 40-гадовы перапынак у актыўным правядзенні абраду (1967 – 2007 гг.), жыхары гэтых вёсак старэйшага пакалення перадалі сваім нашчадкам – моладзі і дзецям – усе звесткі пра Сулу, таму таксама ажыццявілася перадача традыцыі з пакалення ў пакаленне. Церазпакаленная трансляцыя адбываецца таксама ад маладых удзельнікаў Сулы, далучаных да яе правядзення з 2007 г., іх малым дзецям, якіх яны абавязкова бяруць з сабою на абрад

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Напружанае стаўленне да абраду мясцовага духавенства (святар Свята-Кацярынінскай царквы ў в. Гадзічава). Падтрымка гэтай пазіцыі некаторымі настаўнікамі ДУА “Маркавіцкі дзіцячы сад – сярэдняя школа”

Ключавыя словы

Сула, Страла, Вялікдзень, карагоды, Пасожжа

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Сула_Карты.pdf

Сула_Карты.pdf

Ваджэнне_Сулы_Экспертнае заключэнне_В.С.Новак_І.В.Глушэц .pdf

Ваджэнне_Сулы_Экспертнае заключэнне_В.С.Новак_І.В.Глушэц .pdf

Карэба-Пятрэнка_Каляндарныя святы і абрады вёскі Маркавічы_2012.pdf

Карэба-Пятрэнка_Каляндарныя святы і абрады вёскі Маркавічы_2012.pdf

В. Шыпкова_І. Бірулёва_Касцюм_2014.pdf

В. Шыпкова_І. Бірулёва_Касцюм_2014.pdf

В. Шыпкова_Ваджэнне сулы_Тэхналагічная карта экскурсіі_2017.pdf

В. Шыпкова_Ваджэнне сулы_Тэхналагічная карта экскурсіі_2017.pdf

Сула_тэксты_Чарнабрывы каралёк .pdf

Сула_тэксты_Чарнабрывы каралёк .pdf

Сула_тэксты_Як на нашай вуліцы.pdf

Сула_тэксты_Як на нашай вуліцы.pdf

Сула_тэксты_Гарэпня.pdf

Сула_тэксты_Гарэпня.pdf

Сула_тэксты_Як ішла сула.pdf

Сула_тэксты_Як ішла сула.pdf

Сула_тэксты_А ў крывога танка, да не выведу канца.pdf

Сула_тэксты_А ў крывога танка, да не выведу канца.pdf

Сула_тэксты_Падаляначка.pdf

Сула_тэксты_Падаляначка.pdf

Фотафіксацыя

Аўдыёфіксацыя

Сула_2017-04-24_Інтэрв'ю_Гамзовіч_Коцікава-Чаюкова.pdf:

Сула_2017-04-24_Інтэрв'ю_Гамзовіч_Коцікава-Чаюкова.pdf

Сула_2017-04-24_Інтэрв'ю_Гамзовіч_Пікуль.pdf:

Сула_2017-04-24_Інтэрв'ю_Гамзовіч_Пікуль.pdf