Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Мясцовы танец “Дэмбраўская кадрыля” Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе):
Дата ўключэння: 19/03/2019
№ пратакола Рады: Пастанова Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь ад 19.03.2019 № 16
Шыфр (у Інвентары): НКС-20190603

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці. Адрас: вул. Савецкая, 8, 230025, г. Гродна, ;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Мясцовы танец “Дэмбраўская кадрыля” Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Кадрыля

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары аг. Дэмбрава Дэмбраўскага сельсавета Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці, жыхары вёсак Дэмбраўскага сельсавета: Стараўшчына, Завалкі, Красляне

Арэол распаўсюджвання:

Гродзенская вобласць » Шчучынскі раён » аг. Дэмбрава;  

Кароткае апісанне элемента:

Дэмбраўская кадрыля – пазаабрадавы парна-гуртавы танец, які да сённяшняга дня бытуе ў Шчучынскім раёне.  Як і іншыя кадрылі, Дэмбраўская называецца ў адпаведнасці з мясцовасцю свайго існавання (аг. Дэмбрава).
Танец “Дэмбраўская кадрыля” мае ўстойлівую кампазіцыю і рэгламентаваную лексіку. Танец выконвае шэсць пар. Складаецца кадрыля з трох кален.
У першае калена ўваходзіць уступ і 5 фігур, падчас якіх пары рухаюцца па колу, хлопцы танцуюць некаторы час на месцы да цэнтра спіной, а дзяўчаты навокал, пасля мяняюцца месцамі, зноў разам танцуюць па колу па ходу сонца, потым супраць ходу сонца.
Калена другое мае 2 фігуры, на працягу якіх кавалеры змяняюць партнёрак, а дзяўчаты мяняюць партнёраў у даволі складаных пераходах у паўколах, напрыклад, 6-я партнёрка пераходзіць да 3-га партнёра, 1-я да 4-га, 2-я да 5-га, а пазней 1-я пераходзіць да 3-га, 2-я да 4-га, 3-я да 5-га. Так на працягу кадрылі, чаргуючы дынамічныя і статычныя харэаграфічныя кампаненты, выканаўцы ператанцоўваюць па чарзе “ўсе з усімі” – да сустрэчы са сваім партнёрам.
Калена трэцяе ўключае 9 фігур, некаторыя з якіх танцуюцца з пераходам ў тройкі і таксама са зменай партнёраў (рухаючыся па колу, хлопцы падбягаюць да дзяўчат, утвараюць тройкі і рухаюцца па крузе). Пасля змены ўсіх партнёраў у тройках, хлопцы і дзяўчаты некаторы час танцуюць па-асобку ў колах і шэрэнгах, пасля зноў аб’ядноўваюцца ў пары, выконваюць фігуры “Шэн” (перакручваюцца пад руку, ідучы па колу з усімі парнёрамі), “Ручаёк” і падчас апошняй фігуры ў коле дзякуюць адзін адному за танец. Паузы паміж часткамі ў танцы “Дэмбраўская кадрыля” адсутнічаюць.
Такім чынам, “Дэмбраўская кадрыля” вылучаецца шэрагам сваіх адметных рысаў: калены ў кадрылі ідуць без перапынку і іх аб’яў, асобныя фігуры выконваюцца тройкамі. Для кадрылі характэрна хуткая змена разнастайных фігур і малюнкаў (лінія, ручаек, калона), а таксама розныя пераходы, змена партнераў, абход адзін аднаго, парамі. “Дэмбраўская кадрыля” адносіцца да тыпу кругавых кадрыляў. Выконваецца ва ўмеранным тэмпе на двухдольную мелодыю, якая захоўваецца ў варыятыўным выглядзе на працягу ўсяго танца. Дзеянне разыгрываецца па коле рознай канфігурацыі, больш акцэнтуецца на паўколах: з левага ці з правага боку танцавальнай пляцоўкі, а таксама падчас утварэння шарэнгі або фігуры “танец тройкамі” – яе выконваюць адначасова тры кавалеры, шэсць дзяўчат і тры хлопцы, якія засталіся без партнёрак. Яны на паўколе паасобку выконваюць асноўны рух кадрылі. Разглядаючы сам танец і яго кампазыцыйны строй, трэба адзначыць, што ён уключае элементы розных танцаў, якія бытавалі ў Дэмбраве:  “Лявоніха”, “Ручаёк”, “Кракавяк”.
На сённяшні дзень танец, які пачаў аднаўляцца і практыкавацца ў Дэмбраве з 70-х гг XX ст., можа выканаць кожны трэці жыхар аг. Дэмбрава, а гэта больш за 180 дэмбраўчан розных пакаленняў. Перадача вопыта, традыцый і звычаяў сваёй мясцовасці адбываецца праз сям’ю, асяроддзе, якое акружае чалавека. Веды і ўменне «танчыць» кадрылю перадаюцца ад маці да сына ці дачкі, ад бацькоў да дзяцей. Гэты танец выконваецца на розных святах, якія арганізоўваюць самі жыхары: вяселлі, дні нараджэнні, на Вялікдзень, Каляды, а таксама проста ў асяроддзі сваякоў і суседзяў. Адной з важных мадэляў перадачы традыцыі выканання кадрылі з’яўляецца заняткі ў клубным фарміраванні – узорным фалькорным калектыве “Скарбоначка” аддзела культуры і дасуга «Дэмбраўскі сельскі Дом фальклору». З малых гадоў дзеці, якія займаюцца ў калектыве, далучаюцца да традыцыйнай культуры сваёй мясцовасці. Удзельнікі гурта вывучылі і аднавілі не толькі Дэмбраўскую кадрылю, але і іншыя мясцовыя побытавыя танцы такія, як “Полька-бабачка”, “Падыспань”, “Нарэчанька”, “Лявоніха”, “Лысы”, “Кракавяк”, якія маюць свае адметныя рысы і выразна адрозніваюцца ад іншых танцаў Гродзеншчыны. На працягу сваёй актыўнай творчай дзейнасці ўдзельнікі калектыву праводзілі этнаграфічныя экспедыцыі, майстар-класы, ладзілі вечарыны, якія сталі важнай крыніцай ведаў аб танцавальных традыцыях рэгіёна, вартыя вывучэння і  захавання

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Выканальніцкія мастацтвы » Танцы

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

За час існавання танца накапіліся веды і ўменні, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Важным навыкам з’яўляецца навучанне уменню слухаць і адчуваць музыку, фарміраваць уменне разумець “мову” руху, навучаць культуры зносін і паводзін у соцыўме. Тэхніка выканання побытава танца “Дэмбраўская кадрыля”, якая з’яўляецца яскравай адметнасцю традыцыйнай танцавальнай культуры Шчучыншчыны, мае значны мастацкі патэнцыял, які можа быць выкарыстаны і раскрыты пры пастаноўцы сучаснага харэаграфічнага нумара, як прафесіяналамі, так і аматарамі танцавальнага мастацтва. Малюнак танца адрозніваецца сваёй асаблівасцю, якая можа быць выкарыстана на прафесійнай сцэне, як асобны самастойны танец, так і яго элементы могуць паслужыць асновай для стварэння новых танцавальных малюнкаў. Акрамя выкарыстання танца ў конкурсах, якія накіраваны на вывучэнне і падтрымку традыцыйнай культуры і святаў народнага календара, ён можа выступаць выдатным спосабам для прыцягнення турыстаў. У апошні час назіраецца тэндэнцыя цікавасці турыстаў да традыцыйнай культуры, звычаяў, мясцовага фальклору, танец можа выступаць важным інструментам для прыцягнення турыстаў у рэгіён

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Цікавыя і багатыя танцавальныя традыцыі Шчучыншчыны, Дэмбраўскага краю, іх практыка і выкарыстанне выклікае гонар за сваю малую радзіму, як у жыхароў вескі, так і супрацоўнікаў дзяржаўнай установы культуры “Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Танец асаблівы сваёй перадачай з пакалення ў пакалення, што выконвае функцыю культурнага самавызначэння чалавека. Служыць сродкам перадачы ведаў, вопыту, самасцвярджэння чалавека, дачынення да традыцыйнай культуры сваіх продкаў. Кожны жыхар мясцовасці, дзе танчыць Дэмбраўскую кадрылю імкнецца захаваць, зберагчы і передавать сваю культурную спадчыну, якая перадавалася з пакалення ў пакаленнні. Праз пасрэдніцтва танца людзі знаёмяцца паміж сабой, перадаюць свае веды, уменні, культурныя традыцыі, знаёмяцца з мінулым. Танец адлюстроўвае сацыяльныя працэсы, узаемаадносіны людзей

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Аддзел культуры і дасуга “Дэмбраўскі сельскі Дом фальклору”; дзяржаўная ўстанова культуры “Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”; Дэмбраўскі сельскі выканаўчы камітэт; адкрытае акцыянернае таварыства “Демброво”; Шчучынскі раённы выканаўчы камітэт

Паходжанне элемента:

Кадрылі, што ўтвараюць вялікую групу ў беларускім харэаграфічным фальклоры, атрымалі шырокае распаўсюджанне ў Беларусі на працягу ХХ ст. і існавалі ў розных мясцовых варыянтах, напрыклад "Дэмбраўская кадрыля". У сваёй аснове кадрыля – танец іншаземнага паходжання - у Англіі гэты танец пад назва "Контрданс" быў добра вядомы ўжо ў XVII ст.. На працягу XVIII ст. танец распаўсюджваецца па ўсёй Еўропе пад рознымі назвамі – экасэз, катыльён, лансье, кадрыля. У ХІХ ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі пачынаецца працэс асіміляцыі танца з традыцыямі мясцовай танцавальнай культурай. Беларусам імпануюць прастата рухаў, разнастайнасць пабудоў, блізкіх па малюнку іх танцавальнай творчасці. У выніку нарадзіліся танцы, якія набылі новую мастацкую форму, нацыянальны каларыт, вызначэнне "народны". Менавіта бачнае месца ў харэаграфічнай культуры займае кадрыля. Кадрыля – народны танец, заўсёды спаўняецца весела, забіяцка, зладжана, з іскрыстым народным гумарам. З цягам часу беларускія варыянты кадрылі захаваалі толькі асноўныя кампазіцыйныя матывы агульнаеўрапейскага танца, самі ж фігуры, іх малюнак, рух, манера - усё трансфармавалася ў арыгінальны танец. Выкананне кадрылі ў побыце адзначаецца свабоднай натуральнасцю і вызначаецца мясцовымі густамі. У Гродзенскай вобласці кадрылі спаўняюцца з акцэнтам на 1-ю чвэрць такта стрымана, простым крокам, які захоўваецца і ў “Дэмбраўскай кадрылі” Шчучынскага раёна, аднак у складзе арыгінальных пераходаў. Па апытаннях носьбітаў вядома, што кадрыля на Шчучыньшчыне была шырока распаўсюджана ў такіх вёсках, як Стараўшчына і Красляне, якія знаходзяцца побач з Дэмбрава. У 20-30-ыя гг. ХХ ст. танец выконваўся на вячорках, якія ладзіліся ў той мясцовасці. Сакута Іван Сяргеевіч распавядаў пра тое, што будучы 7-8-гадовым хлопчыкам, ён бачыў як танцуюць “Дэмбраўскую кадрылю” ягоныя бацькі і дзяды (якія на той момант былі 70-90-гадовыя). Мясцовыя музыкі звычайна гралі мелодыю танца на гармоніку, бубне або барабане, у сярэдзіне 80-ых гадоў ХХ ст. да іх далучылася скрыпка. У час Вялікай Айчыннай вайны выкананне кадрылі перарвалася. У пасляваенныя гады “Дэмбраўская кадрыля” была менш распаўсюджана, у сувязі з тым, што імпрэзы і вячоркі с цягам часу страчвалі сваю папулярнасць. Этап аднаўлення прыпадае на 60-80-я гады ХХ ст., калі танец зноў стаў выконвацца на вяселлях і вячорках. У пачатку 1970-ых гадоў пачалося больш грунтоўнае вывучэнне танцу спецыялістамі, з’явілася яго сцэнічнае ўвасабленне. У 90-х гг. падчас вывучэння танцавальнага фальклору Шчучынскага раёну, Дэмбрава наведаў і зрабіў відэазапіс танцу вядомы беларускі этнахарэограф М.А.Козенка. У 2006 ён змясціў падрабязнае апісанне ўсіх фігур і рухаў Дэмбраўскай кадрылі, а таксама яе музычнае суправаджэнне ў трэцім томе “Гродзенскае Панямонне” шасцітомнага выдання “Традыцыйная мастацкая культура Беларусаў”(апісанне танца дадаецца). Шмат намаганняў для захавання “Дэмбраўскай кадрылі” прыкладзена братам і сястрой Аўсейчык Уладзімірам Пятровічам і Аўсейчык Нінай Пятроўнай с аграгарадка Дэмбрава. У 90-ых гг. ХХ ст. Ніна Пятроўна працавала загадчыцай Дэмбраўскага клуба. Яна збірала матэрыял для захавання кадрылі пры дапамозе сталых людзей в. Стараўшчына. Жыхар вескі Антон Драгун паказваў рухі і фігуры танца. Гэты танец спачатку танцавалі толькі дарослыя, але паступова пачалі танцаваць і дзеці. У 1996 годзе быў заснаваны фальклорны калектыў “Дэмбраўская кадрыля” на базе Дэмбраўскага сельскага Дома фальклору і народных традыцый. У 2008 годзе калектыў атрымаў званне “узорны” ўжо пад назвай “Скарбоначка”. За гады свайго існавання ў гэтым калектыве займаліся амаль усе дзеці аг. Дэмбрава. Яны вывучалі не толькі Дэмбраўскую кадрылю, але і іншыя побытавыя танцы, якія танцаваліся моладдзю ў дадзенай мясцовасці: “Полька-бабачка”, “Падыспань”, “Нарэчанька”, “Лявоніха” і іншыя. Мясцовыя варыянты танцаў “Лысы”, “Кракавяк”, якія аднавіла “Скарбоначка” маюць свае адметныя рысы, якія выразна адрозніваюць іх ад іншых танцаў Гродзеншчыны. На працягу сваёй актыўнай творчай дзейнасці ўдзельнікі калектыву праводзілі майстар-класы, ладзілі вечарыны, праводзілі этнаграфічныя экспедыцыі, якія сталі важнай крыніцай ведаў аб танцавальных традыцыях рэгіёна. Таксама ўдзельнічалі ў шматлікіх конкурсах і фестывалях. Прымалі ўдзел у рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня” у 2006 і 2012 гадах. За сваю актыўную дзейнасць і папулярызацыю беларускай традыцыйнай культуры ў 2016 годзе ўзорны фальклорны калектыў “Скарбоначка” атрымаў Ганаровую грамату Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. На сённяшні дзень кадрылю танцуюць тры пакаленні дэмраўцаў ва ўзросце ад 8 да 50 гадоў. Дзейнічаюць дзве дзіцячыя танцавальныя групы па 6 пар, што ўказвае на трывалую пераемнасць танцавальных народных традыцый. У распаўсюджванні інфармацыі і папулярызацыі мясцовага танца сярод насельніцтва Беларусі важную ролю выконваюць СМІ. За час існавання танца і калектыву, які яго папулярызуе, было апублікавана больш за дваццаць публікацый, знята і выпушчана ў эфір многа відэаматэрыялаў пра адметную з’яву народнай культуры не толькі аг. Дэмбрава, але і Гродзеншчыны ў цэлым

Стан бытавання:

развіццё ці распаўсюджванне

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Дэмбрава (Дамброва) – былая вёска, зараз мае статус аграгарадка, з’яўляецца цэнтрам Дэмбраўскага сельсавета. У XVI ст. Дзебрава, шляхецкае ўладанне ў Лідскім павеце, у XVIІ ст.у цэнтры вёскі меўся касцёл, пабудаваны з цэглы, акаймаваны бутавай агарожай з брамай. Касцёл – помнік архітэктуры барока. Жыхары Дэмбрава заўсёды адрозніваліся сваёй працавітасцю. Жанчыны займаліся рукадзеллем. Найбольш распаўсюджаны былі такія напрамкі народнай культуры як ткацтва, вышыўка, вязанне. Мужчыны, у сваю чаргу, займаліся лозапляценнем, разьбой па дрэву. У Дэмбрава і сёння жывуць і працуюць майстры па бляхарству (Ян Янавіч Собех) і разьбе па дрэву (Дзмітрый Аляксандравіч Скорб), якія праводзяць майстар-классы для дзяцей і моладзі, каб тыя пераймалі вопыт старэйшых. Адметным фактам з’яўляецца род музыкантаў Крыштаповічаў, якія жылі ў Дэмбрава і ладзілі вечарыны на працягу многіх гадоў у мясцовасці. Гралі на музычных інструментах, такіх як: бубен, гармонік, барабан, у сярэдзіне 80-ых гадоў ХХ ст. дабавілася скрыпка. На працягу ўсяго існавання адроджанага з 70-х гг. XX ст. танца, на дзіва ўстойліва захоўваецца традыцыйны культурны ланшафт аг. Дэмбрава. Да гэтага часу застаюцца папулярнымі вячоркі, святы, фальклорныя гульні, танцы, песні і абрады, якія ладзяцца пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў мясцовага клуба. Кадрыля існуе ў вясковым асяроддзі, што прыдае ёй мясцовы каларыт і арыгінальнасць, тым самым прываблівае аматараў народных побытавых танцаў і турыстаў. Супрацоўніцтва мясцовых жыхароў з адміністрацыяй дзяржаўнай установы культуры “Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” садзейнічае захаванню “Дэмбраўскай кадрылі”, яе асаблівасцей, дае магчымаць папулярызаваць яе сярод іншых жыхароў вобласці, зацікаўленых у захаванні традыцыйнай культуры асобаў

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Паўднёва-заходні дыялект беларускай мовыПаўднёва-заходні дыялект беларускай мовыПаўднёва-заходні дыялект беларускай мовыПаўднёва-заходні дыялект беларускай мовы

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Неад’емнай часткай танца з’ўляюцца касцюмы, якія апранаюць жанчыны і мужчыны, каб станцаваць танец. Жаночы і мужчынскі строі рабіліся самімі жанчынамі, якія ткалі на кроснах і рабілі вышыўка на аддзенні. У апісанні строяў адлюстроўваюцца адметныя асаблівасці рэгіёну. Жаночы строй аг. Дэмбрава. Касцюм складаецца з кашулi з прамым рукавом сабраным на манжэту. Кашуля зашпiльваецца на 1 гузiк. Вышыўка крыжыкам. Арнамент – геаметрычны чырвонага i чорнага колераў. Выраз гарлавiны авальнай формы. Спаднiца шэрага колеру ў клетку запрасавана ў складкi, даўжыня – да паловы голенi. Фартух аздоблены арнаментам чырвонага i чорнага колераў. Галаўны ўбор - шаўковыя стужкі-завязкi (ружовыя). Мужчынскі строй аг. Дэмбрава.Кашулi з прамым рукавом сабраным на манжэту. Кашуля зашпiльваецца на 2гузiка. Рукавы прамыя з манжэтай, якая зашпiльваецца на 1 гузiк. Каўнер-манiшка, манжэты рукавоў і ніз кашулі аздоблены вышыўкай. Арнамент раслiнна-геаметрычны чырвонага i чорнага колераў. Пояс шырокi, узор геаметрычны, кампазiцыя трохчасткавая дарожкавая. Уздоўж пояса iдуць вузкiя безузорныя рознакаляровыя палоскi цёмна-бэзавага, чырвонага, шэрага колераў. Канцы пояса ўпрыгожаны махрай.

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Для выканання танца на вечарынах было неабходна музычнае суправаджэнне (запісаная партытура побытавага танца “Дэмбраўская кадрыля”). У Дэмбраўскім рэгіёне выкарыстоўваліся такія інструменты, як гармонік, барабан, бубен, скрыпка. На кожную вечарыну запрашаліся музыкі, у Дэмбрава гэта музыканты сям’і Крыштаповічаў. Сёння большасць народных музыкаў Шчучынскага раёну добра ведаюць “Дэмбраўскую кадрылю” і гатовы зайграць яе для танцораў. Акрамя “Дэмбраўскай кадрылі” выконваюцца і іншыя народныя танцы такія як, “Лысы”, “Кракавяк”, “Падыспань”, “Лявоніха”, “Нарэчанька”, “Полька-бабачка” і іншыя. “Лысы” і “Кракавяк” увогуле з’яўляюцца адметнымі танцамі для Дэмбраўскага рэгіёну

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Адным з традыцыйных спосабаў перадачы вопыта, культуры, звычаяў з’яўляецца сям’я і асяроддзе, якое акружае чалавека. Дэмбраўскую кадрылю танцуюць тры пакаленні, што ўказвае на пераемнасць танцавальных народных традыцый. Таксама, адной з важных і найбольш відавочных мадэляў, з’яўляецца перадача элемента праз заняткі ў клубным фарміраванні – узорным фалькорным калектыве “Скарбоначка” аддзела культуры і дасуга “Дэмбраўскі сельскі Дом фальклору”. З малых гадоў дзеці, якія займаюцца ў калектыве, вывучаюць і танцуюць “Дэмбраўскую кадрылю”. Другім спосабам перадачы танца, з’яўляецца перайманне ад блізкіх людзей: ад маці да сына ці дачкі, ад дзяцей да бацькоў. Гэты танец выконваенцца на мерапрыемствах, якія арганізоўваюць самі жыхары: вяселле, святы, прысвечаныя дню нараджэння, на Вялікдзень, Каляды. Танец танцуется ў асяроддзі сваякоў і суседзяў

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

З кожным годам колькасць жыхароў аг. Дэмбрава памяншаецца (няма натуральнага прыросту насельніцтва). На фоне ўрбанізацыі шматлікія ўдзельнікі калектыву і людзі, якія непасрэдна танчаць кадрылю, пераязджаюць у горад, за кошт гэтага яны меньш увагі надаюць танцу. Нажаль, амаль адсутнічае праграма па фінансавай падтрымцы, якая магла б спрыяць развіццю, удасканаленню і папулярызацыі побытавага танца “Дэмбраўская кадрыля”

Ключавыя словы

Кадрыля , танец, Дэмбрава

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Картаграфічнае адлюстраванне арэала бытавання НКС мясцовы таец Дэмбраўская кадрыля Шчучынскі раён.jpg

Картаграфічнае адлюстраванне арэала бытавання НКС мясцовы таец Дэмбраўская кадрыля Шчучынскі раён.jpg

Класіфікацыя народных побытавых танцаў.pdf

Класіфікацыя народных побытавых танцаў.pdf

Вызначэнне кадрылі .pdf

Вызначэнне кадрылі .pdf

Нотны запіс музыкі танца “Дэмбраўская кадрыля”.pdf

Нотны запіс музыкі танца “Дэмбраўская кадрыля”.pdf

Экспертнае заключэнне_Козенка М.А..pdf

Экспертнае заключэнне_Козенка М.А..pdf

Фотафіксацыя

Аўдыёфіксацыя

2018-06-05-Інтэрв’ю_з_носьбітам_Сакута_І.С._ аг.Дэмбрава.mp3:

2018-06-05-Інтэрв’ю_з_носьбітам_Сакута_І.С._ аг.Дэмбрава.mp3

2018-06-05-Інтэрв’ю_з_носьбітамі_Сухоцкая_В.І._Бабей_І.аг.Дэмбрава.mp3:

2018-06-05-Інтэрв’ю_з_носьбітамі_Сухоцкая_В.І._Бабей_І.аг.Дэмбрава.mp3

2018_Аўдыёзапіс музыкі мясцовага танца Дэмбраўская кадрыля_г.Шчучын.wav:

2018_Аўдыёзапіс музыкі мясцовага танца Дэмбраўская кадрыля_г.Шчучын.wav