Інвентар НКС
Вобласць:
Раён:
Абрад заклікання дажджу ў вёсцы Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна Магілеўскай вобласціШыфр (у Дзяржаўным спісе): 53А0000101
Дата ўключэння:
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 28.04.2016 № 11-01-01/4, Пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 02.08.2016 № 607
Шыфр (у Інвентары): НКС - 161110/01
Звесткі аб адказнасці адносна НКСКуратар:
Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-астветнай работы. Адрас: вул. Першамайская, 10, г. Магілёў, 212010; Выяўленне элементаў НКСНазва: Абрад заклікання дажджу ў вёсцы Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна Магілеўскай вобласці Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт): Араць раку, зазыванне дажджу, вызыванне дажджу Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы): Жыхаркі вескі Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна Магілеўскай вобласці Арэол распаўсюджвання:
Магілёўская вобласць
» Клімавіцкі раён
» в. Стары Дзедзін;
Кароткае апісанне элемента: Традыцыя правядзення абраду выклікання дажджу ў засушлівы перыяд бытуе толькі ў вёсцы Стары Дзедзін, дзе суполка жанчын, а ў абрадзе ўдзельнічаюць толькі жанчыны, здаўна “заклікае дождж” ці “арэ раку”. Традыцыя мае яркую лакальную спецыфіку і з’яўляецца часткай традыцыйнай культуры вескі Стары Дзедзін. Ідэнтыфікацыя і апісанне элементаКатэгорыя элемента: Традыцыйныя цырымоніі » Абрады Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам: Дадзены абрад з’яўляецца адным з тых нямногіх, што захаваліся ў жывым бытаванні са старажытных часоў. Падчас правядзення абрада актуалізуецца цэлая сістэма магічных дзеянняў і ўяўленняў, веданне якіх іншымі людзьмі ў цяперашні час, як лічаць жанчыны-носьбіты, садзейнічала б добраму ўраджаю. Абрад з’яўляецца даволі закрытым, бо мае значэнне і дзейсны вынік для канкрэтнай супольнасці в. Стары Дзедзін, што абмяжоўвае ўдзел у абрадзе і распаўсюджванне інфармацыі аб ім. Па гэтай прычыне, допуск не членаў супольнасці да назірання за здзяйсненнем традыцыі можа ажыццяўляцца выключна са згоды носьбітаў. Жанчыны загадзя дамаўляюцца, калі і дзе збіраюцца, для правядзення абраду. Сабраўшыся, заходзяць за плугам, і ідуць праз ўсю вёску да ракі Асцёр па вясковай вуліцы. Звярнуўшы на вузкую сцяжынку спяваюць абрадавую песню “За рэчкаю за быстраю...”. Падышоўшы да берага чытаюць малітву “Ойча наш”, і просяць у неба і вышэйшых сіл дапамогі. Жанчыны, праводзячы абрад, не распранаюцца цалкам, як раней, а ідуць у сподніх сарочках, у якіх заходзяць ў ваду пад гукі абрадавай песні. Тры разы яны пераходзяць раку і перапахваюць дно плугам. Па заканчэнні абраду, жанчыны выходзяць на бераг ракі, хрысцяцца, апранаюцца і ідуць дадому. Дождж пачынае ісці прыкладна праз пару гадзін ці на наступны дзень. Па словах носьбіта абрада Брыкавай Г.В., яна сама бачыла, як жанчыны, а гэта было пасля вайны, снімалі з себе ўсю адзежу, захадзілі ў ваду і цягнулі па дну ракі плуг – “пахалі ваду”. Апісанне і захаванне лакальнай традыцыі вызывання дажджу будзе спрыяць вывучэнню вуснай народнай творчасці не толькі дадзенай вескі, а ўсяго рэгіёна Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі: Актуальнымі для дадзенага элемента з’яўляюцца некалькі функцый. Па-першае, магічна-сакральная функцыя - абрад з’яўляецца своеасаблівым спосабам уміласцівіць працяглую засуху. Удзельніцы абраду – жанчыны-носьбіты – упэўнены, што словы і рытуальныя дзеянні абавязкова выклікаюць у іх жыцці або прыродзе патрабуемы вынік. Па-другое, бытаванне абраду дапамагае захаванню сацыяльнага і культурнага асяроддзя вёскі Стары Дзедзін яе жыхарамі. Па-трэццяе, удзел у абрадзе, па словах носьбітаў, аказвае своеасаблівы псіхатэрапеўтычны эфект: “Калі ўжо прааралі раку, і сталі адзявацца, падняўся ветрык, пабеглі па вадзе невялікія волны.. мы нават засмяяліся.. пойдзе дождж.. ідзем дадому і рагочам-рагочам”. Па-чацвертае, выхаваўчая функцыя: абрадавыя песні і дзеянні спрыяюць выхаванню ў маладога пакалення паважных адносін да звычаяў продкаў і захаванню сваёй культурнай адметнасці, фарміраванню пэўных якасцей і ўласцівасцей асобы, яе светапогляду, самасвядомасці. Па-пятае, функцыя этнакультурнага самасцвярджэння: вёска Стары Дзедзін спакон веку лічылася тэрыторыяй з багатай культурнай спадчынай, і таму жыхары вёскі беражліва захоўваюць асаблівасці мясцовай культуры. Па-шостае, абярэжная функцыя: абрад выступае магутным абярэгам для супольнасці. Здзяйсненне абраду спрыяе вылучэнню культуры вясковай супольнасці як цікавай і старадаўняй, што склалася ў мясцовым асяроддзі на працягу стагоддзяў Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента: Клімавіцкі раённы выканаўчы камітэт, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Кісялёва-Будскі сельскі выканаўчы камітэт, рэдакцыя газеты “Родная ніва”, Цэнтралізаваная клубная сістэма Клімавіцкага раёна, раённы гісторыка-краязнаўчы музей, сельскі клуб в. Стары Дзедзін, дзе вядзецца праца з дзецьмі, народны фальклорна-аўтэнтычны ансамбль “Астранка”, дзіцячы ўзорны фальклорны ансамбль “Астраначка” Паходжанне элемента: Старажылы вёскі Стары Дзедзін (па гістарычных звестках год заснавання - 981) расказваюць, што абрад існуе з “колішніх часоў”. Дакладны час узнікнення абраду невядомы, але у памяці носьбітаў традыцыі захаваліся веды аб тым, як абрад праводзілі раней. Абрад заклікання дажджу выконваў раней і выконвае зараз міфалагічна-заклінальную функцыю праз выклік дажджу пасля больш за тыдзень засухі. “Ідуць бабы, жанчыны з брыгады, сонца свеціць, жарка і дамаўляюцца аб тым, што трэба ісці “араць рэчку”. Гавораць ціха, каб ніхто не пачуў, асабліва мужыкі. Зайдуць да каго-небудзь за сахой (зараз плуг) і тады прыходзяць на бераг ракі. Ну, а мы малыя, вельмі ж цікавыя былі. Схаваемся у кустах і сядзім глядзім. Жанчыны падыходзяць да вады, чытаюць малітву “Ойча наш”, раздзяюцца, распускаюць валасы, становяцца строга па-парадку: двое жанчын наперадзе цягнуць саху (коні), потым тая што за сахой ідзе, пагоншчык каней, і жанчыны якія пяюць абрадавыя песні. Заходзяць у ваду, у саху ўпруцца рукамі, каб глыбей араць. Дно то тяжкае. Пройдуць раз, пагоншчык корміць “каней”. На шыі жанчыны-пагоншчыка вісела торба, у якой ляжалі маленькія кавалкі ці яблыка, ці хлеба, ці сала. Паелі і пайшлі зноў падымаць дно. Вось так тры разы і ходзяць. Ну, прайшлі, тады жанчыны адзяваюцца і ідуць дадому. А каб добры дождж пайшоў, ідуць ды смяюцца. Пакуль да дому дайдуць, лупане дождж, мы радыя-радыя. А бывала так папросяць дажджу добра, што будзе ісці і нядзелю, тады мужыкі і гавораць, ідзіце бабы запахвайце свой дождж, а то пагніе ўсё” (запісана ад Галіны Брыкавай, 1941 г.н., в Стары Дзедзін, Клімавіцкага раёна, зап. супрацоўнікамі Клімавіцкай ЦКС). З размовы з носьбітамі стала вядома, што абрад існаваў да вайны і ў вёсцы Судзілы, што ў 7 км ад Старага Дзедзіна. Але ў пасляваенныя гады абрад застаўся толькі на тэрыторыі дадзенай вескі, і больш у раёне нідзе не праводзіцца. Вывучэнне мясцовага абраду дазволіць захаваць абрадавую спадчыну Клімавіцкага рэгіёна і перадаць яго ў спадчыну нашчадкам Стан бытавання: менш распаўсюджаны Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент: Вёска Стары Дзедзін - старажытная. Першыя звесткі пра яе адносяцца да 981 г.н.э. Здаўна тут сфарміраваўся своеасаблівы ўклад жыцця, важнае месца ў якім займалі і займаюць да сённяшняга часу жывелагадоўля і земляробства. Абрад заклікання дажджу праводзіцца ў натуральных прыродных умовах, якія спрадвеку зберагаюцца мясцовымі жыхарамі. У весцы некалькі вуліц: цэнтральная вуліца заасфальтавана, астатнія, што адыходзяць ад цэнтральнай, пяшчаныя. У Старым Дзедзіне няма буйной застройкі: дамы кірпычныя і драўляныя, аднапавярховыя. Жывуць у вёсцы людзі рознага ўзросту, што дазваляе праводзіць абрады і перадаваць традыцыі падрастаючаму пакаленню. Вакол вескі расце, як і шмат вякоў таму, вялікі хвойны лес. Гэтым і тлумачаць носьбіты адсутнасць дажджу: “Адыдзі кілометраў пяць-дзесяць ўперад, і колькі хочаш бярозавых лясоў. І дождж праходзіць там вельмі часта. А ў нас дык дождж рэдка бывае. Хвойныя лясы яго не дапускаюць да нас”. (Галіна Брыкава, 1941 г.н., в Стары Дзедзін, Клімавіцкага раёна, зап. супрацоўнікамі Клімавіцкага ЦКС). Суполка жанчын і мясцовая ўлада старанна захоўваюць традыцыйны ландшафт і планіроўку вёскі, таму што гэта дазваляе праводзіць абрад так, як праводзілі яго продкі: жанчыны-носьбіты абавязкова павінны прайсці ад цэнтра і да ракі праз усю вёску, а потым, пасля правядзення абраду, вярнуцца назад тым жа пуцём Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца: Сярэднебеларускія гаворкі і паўночна-ўсходні дыялект беларускай мовы Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента: Да матэрыяльных аб’ектаў можна аднесці традыцыйны касцюм Клімавіцкага раёна. Касцюмы, у якіх праводзяць абрады удзельніцы фальклорна-аўтэнтычнага гурта “Астранка”, не аўтэнтычныя, а рэканструяваныя. Але вышыўка і элементы Краснапольскага строю, да якога належыць касцюм, захаваны. Кашуля пашыта з белай ільняной тканіны прамысловай вытворчасці, вышытая крыжам ніткамі мулінэ. Ніткі па колеравай гаме – чырвонага колеру. На рукавах размешчаны геаметрычны арнамент (зоркі, ромбы) вышытыя крыжом. Каўнер кашулі адкладны. Каля шыі ў кашулі разрэз, абшлагі прамыя, з гузікамі і пяцелькамі прамысловай вытворчасці. Тканіна каля абшлагоў сабрана ў зборку. Каўнер і абшлагі арнаментаваны прамым швом (гірлянда). Полікі касыя, без ластавіц. На галовах жанчын павязваюцца хусткі з белай ільняной тканіны прамысловай вытворчасці, з аздабленнем з чырвоных нітак. Яшчэ адным матэрыяльным аб'ектам, які звязаны з практыкай элемента, з’яўляецца саха драўляная альбо плуг Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента: Важнай складовай часткай абраду выступаюць песні “За рэчкаю, за быстраю, маліна родзіць” і “Ой, ды не стаяла белая бяроза”, малітва “Ойча наш” і зварот да неба. Носьбітамі традыцыі з’яўляюцца ўдзельніцы фальклорна-аўтэнтычнага гурта “Астранка”, у рэпертуары якога ёсць песні абрадавыя і пазаабрадавыя, сямейна-бытавыя, каляндарнага кола, якія захоўваюць старадаўнія традыцыі песенный культуры вёскі Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці: Дыяхронная мадэль перадачы абрада адбываецца шляхам перадачы ад пакалення да пакалення (ад старэйшых да малодшых) унутры супольнасці, і ў сям’і – ад бабуль і прабабуль – да ўнучак, ад матуль – дачкам, ад сястры - сястры, ад цеткі-пляменніцы. Удзельніцы абрада выраслі непасрэдна у лакальнай культуры, і з дзяцінства ведалі і бачылі, як праводзяць гэты абрад іх маці, сёстры, старэйшае пакаленне жанчын. Таму, жанчыны-носьбіты, удзельніцы фальклорна-аўтэнтычнага гурта “Астранка”, перадаюць традыцыю правядзення абрада удзельніцам дзіцячага фальклорнага ансамбля “Астраначка”, якія таксама выраслі і жывуць ў вёсцы Стары Дзедзін, і бачаць на свае вочы як іх маці, бабулі, суседкі, сёстры ўдзельнічаюць і праводзяць абрад. Сінхронная мадэль перадачы абрада падтрымліваецца Клімавіцкім раённым гісторыка-краязнаўчым музеем. У працэсе работы музея адбываецца папулярызацыя і трансляцыя абрада “Зазыванне дажджу” праз формы работы з наведвальнікамі. Супрацоўнікамі раённага музея сумесна са спецыялістамі раённага Цэнтра культуры распрацавана праграма па дасканаламу вывучэнню і прапагандзе абрада, якая замацавалася ў практыцы работы музея і Цэнтра культуры, і карыстаецца папулярнасцю сярод наведвальнікаў. А таксама праз: - сродкі масавай інфармацыі; - выпуск і распаўсюджванне каляровых буклетаў, альбомаў; - дэманстрацыю відэафільмаў, знятых Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і культурна-асветнай работы сумесна з тэлеканалам “Магілёў 1”, тэлеканалам “ОНТ” Пагрозы для існавання і перадачы элемента: На сённяшні час элемент бытуе ў жывым асяроддзі, і праводзіцца штогод. Але рызыка знікнення элемента існуе. Гэта звязана са зменай жыццёвага ладу і сістэмай каштоўнасцей сучасных людзей. Паступова мяняецца традыцыны вясковы ўклад, які з’яўляецца падмуркам для традыцыйнай культуры, у тым ліку і для абрадаў. Пагрозай выступае сталы ўзрост асноўных носьбітаў. Моладзь арыентавана больш на гарадскую культуру, імкнецца пераязджаць у буйныя гарады, і не зацікаўлена у перайманні традыцый Ключавыя словызасуха, дождж, магія, ураджай Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКАДакументы, звязаныя з элементамАпісанне абраду_са слоў носьбіткі Асіпенка З.В..pdf Апісанне абраду_са слоў носьбіткі Асіпенка З.В..pdfАрэал распаўсюджвання абрада.jpg Арэал распаўсюджвання абрада.jpgАўдыёфіксацыя |