Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Абрад заклікання дажджу ў вёсцы Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна Магілеўскай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 53А0000101
Дата ўключэння:
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 28.04.2016 № 11-01-01/4, Пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 02.08.2016 № 607
Шыфр (у Інвентары): НКС - 161110/01

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-астветнай работы. Адрас: вул. Першамайская, 10, г. Магілёў, 212010;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Абрад заклікання дажджу ў вёсцы Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна Магілеўскай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Араць раку, зазыванне дажджу, вызыванне дажджу

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхаркі вескі Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна Магілеўскай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Магілёўская вобласць » Клімавіцкі раён » в. Стары Дзедзін;  

Кароткае апісанне элемента:

Традыцыя правядзення абраду выклікання дажджу ў засушлівы перыяд бытуе толькі ў вёсцы Стары Дзедзін, дзе суполка жанчын, а ў абрадзе ўдзельнічаюць толькі жанчыны, здаўна “заклікае дождж” ці “арэ раку”. Традыцыя мае яркую лакальную спецыфіку і з’яўляецца часткай традыцыйнай культуры вескі Стары Дзедзін.
Абрад не мае пэўнай даты правядзення, бо праводзіцца аказіянальна – толькі тады, калі няма больш тыдня дажджу і гіне ўраджай збожжавых на палях, і на гародах вяскоўцаў. У аснове магічных дзеянняў, песень, пераворвання дна рэчкі знаходзіцца ахоўная магія ад засухі, каб выкліканы дождж садзейнічаў росту збожжавых і іншых культур не толькі на палетках і агародах вяскоўцаў, а і на палетках аграсядзіб. Дадзены абрад з’яўляецца адным з тых нямногіх, якія захаваліся ў жывым бытаванні са старажытных часоў, і  існуюць ў жывой традыцыі, дзякуючы ініцыятыве мясцовай суполкі і мясцовых жанчын - удзельніц фальклорна-аўтэнтычнага ансамбля “Астранка”.
Жанчыны загадзя дамаўляюцца, калі і дзе збіраюцца. Ідуць праз ўсю вёску да ракі Асцёр моўчкі. Звярнуўшы з дарогі на вузкую сцяжынку што вядзе да ракі, пачынаюць спяваць абрадавую песню. Падышоўшы да берага, у строгай паслядоўнасці робяць рытуальныя дзеянні, што спакон веку рабілі іх продкі: распранаюцца, чытаюць малітву “Ойча наш”, пасягаюць небу і просяць дапамогі у вышэйшых сіл. Заходзячы ў ваду, хрысцяцца і пад гукі абрадавай песні тройчы пачынаюць араць дно ракі плугам. Па заканчэнні абраду, жанчыны выходзяць на бераг ракі, чытаюць малітоўны зварот, хрысцяцца, апранаюцца і ідуць дадому. Дождж пачынае ісці прыкладна праз пару гадзін ці на наступны дзень. Абрад мае строгую рэгламентацыю адносна ўдзелу, паколькі, на думку носьбітаў, прысутнасць на абрадзе “чужых” альбо мужчын, можа негатыўна сказацца на рытуальных дзеяннях і іх выніках

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя цырымоніі » Абрады

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Дадзены абрад з’яўляецца адным з тых нямногіх, што захаваліся ў жывым бытаванні са старажытных часоў. Падчас правядзення абрада актуалізуецца цэлая сістэма магічных дзеянняў і ўяўленняў, веданне якіх іншымі людзьмі ў цяперашні час, як лічаць жанчыны-носьбіты, садзейнічала б добраму ўраджаю. Абрад з’яўляецца даволі закрытым, бо мае значэнне і дзейсны вынік для канкрэтнай супольнасці в. Стары Дзедзін, што абмяжоўвае ўдзел у абрадзе і распаўсюджванне інфармацыі аб ім. Па гэтай прычыне, допуск не членаў супольнасці да назірання за здзяйсненнем традыцыі можа ажыццяўляцца выключна са згоды носьбітаў. Жанчыны загадзя дамаўляюцца, калі і дзе збіраюцца, для правядзення абраду. Сабраўшыся, заходзяць за плугам, і ідуць праз ўсю вёску да ракі Асцёр па вясковай вуліцы. Звярнуўшы на вузкую сцяжынку спяваюць абрадавую песню “За рэчкаю за быстраю...”. Падышоўшы да берага чытаюць малітву “Ойча наш”, і просяць у неба і вышэйшых сіл дапамогі. Жанчыны, праводзячы абрад, не распранаюцца цалкам, як раней, а ідуць у сподніх сарочках, у якіх заходзяць ў ваду пад гукі абрадавай песні. Тры разы яны пераходзяць раку і перапахваюць дно плугам. Па заканчэнні абраду, жанчыны выходзяць на бераг ракі, хрысцяцца, апранаюцца і ідуць дадому. Дождж пачынае ісці прыкладна праз пару гадзін ці на наступны дзень. Па словах носьбіта абрада Брыкавай Г.В., яна сама бачыла, як жанчыны, а гэта было пасля вайны, снімалі з себе ўсю адзежу, захадзілі ў ваду і цягнулі па дну ракі плуг – “пахалі ваду”. Апісанне і захаванне лакальнай традыцыі вызывання дажджу будзе спрыяць вывучэнню вуснай народнай творчасці не толькі дадзенай вескі, а ўсяго рэгіёна

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Актуальнымі для дадзенага элемента з’яўляюцца некалькі функцый. Па-першае, магічна-сакральная функцыя - абрад з’яўляецца своеасаблівым спосабам уміласцівіць працяглую засуху. Удзельніцы абраду – жанчыны-носьбіты – упэўнены, што словы і рытуальныя дзеянні абавязкова выклікаюць у іх жыцці або прыродзе патрабуемы вынік. Па-другое, бытаванне абраду дапамагае захаванню сацыяльнага і культурнага асяроддзя вёскі Стары Дзедзін яе жыхарамі. Па-трэццяе, удзел у абрадзе, па словах носьбітаў, аказвае своеасаблівы псіхатэрапеўтычны эфект: “Калі ўжо прааралі раку, і сталі адзявацца, падняўся ветрык, пабеглі па вадзе невялікія волны.. мы нават засмяяліся.. пойдзе дождж.. ідзем дадому і рагочам-рагочам”. Па-чацвертае, выхаваўчая функцыя: абрадавыя песні і дзеянні спрыяюць выхаванню ў маладога пакалення паважных адносін да звычаяў продкаў і захаванню сваёй культурнай адметнасці, фарміраванню пэўных якасцей і ўласцівасцей асобы, яе светапогляду, самасвядомасці. Па-пятае, функцыя этнакультурнага самасцвярджэння: вёска Стары Дзедзін спакон веку лічылася тэрыторыяй з багатай культурнай спадчынай, і таму жыхары вёскі беражліва захоўваюць асаблівасці мясцовай культуры. Па-шостае, абярэжная функцыя: абрад выступае магутным абярэгам для супольнасці. Здзяйсненне абраду спрыяе вылучэнню культуры вясковай супольнасці як цікавай і старадаўняй, што склалася ў мясцовым асяроддзі на працягу стагоддзяў

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Клімавіцкі раённы выканаўчы камітэт, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Кісялёва-Будскі сельскі выканаўчы камітэт, рэдакцыя газеты “Родная ніва”, Цэнтралізаваная клубная сістэма Клімавіцкага раёна, раённы гісторыка-краязнаўчы музей, сельскі клуб в. Стары Дзедзін, дзе вядзецца праца з дзецьмі, народны фальклорна-аўтэнтычны ансамбль “Астранка”, дзіцячы ўзорны фальклорны ансамбль “Астраначка”

Паходжанне элемента:

Старажылы вёскі Стары Дзедзін (па гістарычных звестках год заснавання - 981) расказваюць, што абрад існуе з “колішніх часоў”. Дакладны час узнікнення абраду невядомы, але у памяці носьбітаў традыцыі захаваліся веды аб тым, як абрад праводзілі раней. Абрад заклікання дажджу выконваў раней і выконвае зараз міфалагічна-заклінальную функцыю праз выклік дажджу пасля больш за тыдзень засухі. “Ідуць бабы, жанчыны з брыгады, сонца свеціць, жарка і дамаўляюцца аб тым, што трэба ісці “араць рэчку”. Гавораць ціха, каб ніхто не пачуў, асабліва мужыкі. Зайдуць да каго-небудзь за сахой (зараз плуг) і тады прыходзяць на бераг ракі. Ну, а мы малыя, вельмі ж цікавыя былі. Схаваемся у кустах і сядзім глядзім. Жанчыны падыходзяць да вады, чытаюць малітву “Ойча наш”, раздзяюцца, распускаюць валасы, становяцца строга па-парадку: двое жанчын наперадзе цягнуць саху (коні), потым тая што за сахой ідзе, пагоншчык каней, і жанчыны якія пяюць абрадавыя песні. Заходзяць у ваду, у саху ўпруцца рукамі, каб глыбей араць. Дно то тяжкае. Пройдуць раз, пагоншчык корміць “каней”. На шыі жанчыны-пагоншчыка вісела торба, у якой ляжалі маленькія кавалкі ці яблыка, ці хлеба, ці сала. Паелі і пайшлі зноў падымаць дно. Вось так тры разы і ходзяць. Ну, прайшлі, тады жанчыны адзяваюцца і ідуць дадому. А каб добры дождж пайшоў, ідуць ды смяюцца. Пакуль да дому дайдуць, лупане дождж, мы радыя-радыя. А бывала так папросяць дажджу добра, што будзе ісці і нядзелю, тады мужыкі і гавораць, ідзіце бабы запахвайце свой дождж, а то пагніе ўсё” (запісана ад Галіны Брыкавай, 1941 г.н., в Стары Дзедзін, Клімавіцкага раёна, зап. супрацоўнікамі Клімавіцкай ЦКС). З размовы з носьбітамі стала вядома, што абрад існаваў да вайны і ў вёсцы Судзілы, што ў 7 км ад Старага Дзедзіна. Але ў пасляваенныя гады абрад застаўся толькі на тэрыторыі дадзенай вескі, і больш у раёне нідзе не праводзіцца. Вывучэнне мясцовага абраду дазволіць захаваць абрадавую спадчыну Клімавіцкага рэгіёна і перадаць яго ў спадчыну нашчадкам

Стан бытавання:

менш распаўсюджаны

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Вёска Стары Дзедзін - старажытная. Першыя звесткі пра яе адносяцца да 981 г.н.э. Здаўна тут сфарміраваўся своеасаблівы ўклад жыцця, важнае месца ў якім займалі і займаюць да сённяшняга часу жывелагадоўля і земляробства. Абрад заклікання дажджу праводзіцца ў натуральных прыродных умовах, якія спрадвеку зберагаюцца мясцовымі жыхарамі. У весцы некалькі вуліц: цэнтральная вуліца заасфальтавана, астатнія, што адыходзяць ад цэнтральнай, пяшчаныя. У Старым Дзедзіне няма буйной застройкі: дамы кірпычныя і драўляныя, аднапавярховыя. Жывуць у вёсцы людзі рознага ўзросту, што дазваляе праводзіць абрады і перадаваць традыцыі падрастаючаму пакаленню. Вакол вескі расце, як і шмат вякоў таму, вялікі хвойны лес. Гэтым і тлумачаць носьбіты адсутнасць дажджу: “Адыдзі кілометраў пяць-дзесяць ўперад, і колькі хочаш бярозавых лясоў. І дождж праходзіць там вельмі часта. А ў нас дык дождж рэдка бывае. Хвойныя лясы яго не дапускаюць да нас”. (Галіна Брыкава, 1941 г.н., в Стары Дзедзін, Клімавіцкага раёна, зап. супрацоўнікамі Клімавіцкага ЦКС). Суполка жанчын і мясцовая ўлада старанна захоўваюць традыцыйны ландшафт і планіроўку вёскі, таму што гэта дазваляе праводзіць абрад так, як праводзілі яго продкі: жанчыны-носьбіты абавязкова павінны прайсці ад цэнтра і да ракі праз усю вёску, а потым, пасля правядзення абраду, вярнуцца назад тым жа пуцём

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Сярэднебеларускія гаворкі і паўночна-ўсходні дыялект беларускай мовы

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Да матэрыяльных аб’ектаў можна аднесці традыцыйны касцюм Клімавіцкага раёна. Касцюмы, у якіх праводзяць абрады удзельніцы фальклорна-аўтэнтычнага гурта “Астранка”, не аўтэнтычныя, а рэканструяваныя. Але вышыўка і элементы Краснапольскага строю, да якога належыць касцюм, захаваны. Кашуля пашыта з белай ільняной тканіны прамысловай вытворчасці, вышытая крыжам ніткамі мулінэ. Ніткі па колеравай гаме – чырвонага колеру. На рукавах размешчаны геаметрычны арнамент (зоркі, ромбы) вышытыя крыжом. Каўнер кашулі адкладны. Каля шыі ў кашулі разрэз, абшлагі прамыя, з гузікамі і пяцелькамі прамысловай вытворчасці. Тканіна каля абшлагоў сабрана ў зборку. Каўнер і абшлагі арнаментаваны прамым швом (гірлянда). Полікі касыя, без ластавіц. На галовах жанчын павязваюцца хусткі з белай ільняной тканіны прамысловай вытворчасці, з аздабленнем з чырвоных нітак. Яшчэ адным матэрыяльным аб'ектам, які звязаны з практыкай элемента, з’яўляецца саха драўляная альбо плуг

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Важнай складовай часткай абраду выступаюць песні “За рэчкаю, за быстраю, маліна родзіць” і “Ой, ды не стаяла белая бяроза”, малітва “Ойча наш” і зварот да неба. Носьбітамі традыцыі з’яўляюцца ўдзельніцы фальклорна-аўтэнтычнага гурта “Астранка”, у рэпертуары якога ёсць песні абрадавыя і пазаабрадавыя, сямейна-бытавыя, каляндарнага кола, якія захоўваюць старадаўнія традыцыі песенный культуры вёскі

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Дыяхронная мадэль перадачы абрада адбываецца шляхам перадачы ад пакалення да пакалення (ад старэйшых да малодшых) унутры супольнасці, і ў сям’і – ад бабуль і прабабуль – да ўнучак, ад матуль – дачкам, ад сястры - сястры, ад цеткі-пляменніцы. Удзельніцы абрада выраслі непасрэдна у лакальнай культуры, і з дзяцінства ведалі і бачылі, як праводзяць гэты абрад іх маці, сёстры, старэйшае пакаленне жанчын. Таму, жанчыны-носьбіты, удзельніцы фальклорна-аўтэнтычнага гурта “Астранка”, перадаюць традыцыю правядзення абрада удзельніцам дзіцячага фальклорнага ансамбля “Астраначка”, якія таксама выраслі і жывуць ў вёсцы Стары Дзедзін, і бачаць на свае вочы як іх маці, бабулі, суседкі, сёстры ўдзельнічаюць і праводзяць абрад. Сінхронная мадэль перадачы абрада падтрымліваецца Клімавіцкім раённым гісторыка-краязнаўчым музеем. У працэсе работы музея адбываецца папулярызацыя і трансляцыя абрада “Зазыванне дажджу” праз формы работы з наведвальнікамі. Супрацоўнікамі раённага музея сумесна са спецыялістамі раённага Цэнтра культуры распрацавана праграма па дасканаламу вывучэнню і прапагандзе абрада, якая замацавалася ў практыцы работы музея і Цэнтра культуры, і карыстаецца папулярнасцю сярод наведвальнікаў. А таксама праз: - сродкі масавай інфармацыі; - выпуск і распаўсюджванне каляровых буклетаў, альбомаў; - дэманстрацыю відэафільмаў, знятых Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і культурна-асветнай работы сумесна з тэлеканалам “Магілёў 1”, тэлеканалам “ОНТ”

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

На сённяшні час элемент бытуе ў жывым асяроддзі, і праводзіцца штогод. Але рызыка знікнення элемента існуе. Гэта звязана са зменай жыццёвага ладу і сістэмай каштоўнасцей сучасных людзей. Паступова мяняецца традыцыны вясковы ўклад, які з’яўляецца падмуркам для традыцыйнай культуры, у тым ліку і для абрадаў. Пагрозай выступае сталы ўзрост асноўных носьбітаў. Моладзь арыентавана больш на гарадскую культуру, імкнецца пераязджаць у буйныя гарады, і не зацікаўлена у перайманні традыцый

Ключавыя словы

засуха, дождж, магія, ураджай

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Апісанне абраду_са слоў носьбіткі Асіпенка З.В..pdf

Апісанне абраду_са слоў носьбіткі Асіпенка З.В..pdf

Арэал распаўсюджвання абрада.jpg

Арэал распаўсюджвання абрада.jpg

Фотафіксацыя

Аўдыёфіксацыя

Інтэрв'ю з Брыкавай Г.В.і Скоцкай Т.Л..MP3:

Інтэрв'ю з Брыкавай Г.В.і Скоцкай Т.Л..MP3