Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Традыцыя выпечкі караваяў на Слонімшчыне. Каляндарна-абрадавае печыва

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 43БК000115
Дата ўключэння: 12/10/2017
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 16.12.2016 № 11-01-01/13. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь ад 12.10.2017 № 66
Шыфр (у Інвентары): НКС-170802/01

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

ДУК "Слонімскі раённы цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў”. Адрас: вул. Чырвонаармейская, д.23, 231799, г. Слонім;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Традыцыя выпечкі караваяў на Слонімшчыне. Каляндарна-абрадавае печыва

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары вёсак Новікі, Прырэчча, Паўлава, Навасёлкі, Шундры, Мілошавічы Паўлаўскага сельскага савета Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Гродзенская вобласць » Слонімскі раён » аг. Навасёлкі;   Гродзенская вобласць » Слонімскі раён » в. Новікі;   Гродзенская вобласць » Слонімскі раён » в. Прырэчча;   Гродзенская вобласць » Слонімскі раён » в. Паўлава;  

Кароткае апісанне элемента:

На Слонімшчыне існуе шмат рэцэптаў абрадавага печыва, якія скарыстоўваюць старэйшыя жанчыны, рыхтуючыся да святаў.
Велікодныя пірагі выпякаюць толькі ў гарачую (Чырвоную) пятніцу. Яны круглай формы і маюць  свае ўпрыгожванні:
пірог “Пасха” –  на версе літары “ХВ”, выпякаецца для асвячэння, разгаўлення;
пірог “Крыжык” –  на версе выява крыжа, выпякаецца для памерлых родзічаў;
пірог “Мазурка” – выпякаецца для прыёму гасцей, вельмі здобны;
пірог “Пляцёнка” – аздоблены пераплеценымі жгутамі з ягадамі, прызначаецца для частавання валачобнікаў;
“Бабкіны пірагі” –аздоблены фігуркамі жывёл, кветачкамі, выпякаецца для частавання дзяцей;
“Чырвоная горка” – пірог з замочанага аўса, у які кладуцца чырвоныя яйкі, прызначаецца для жывёл як засцярог ад сурокаў і хвароб.
У вёсках Новікі і Прырэчча на Сёмуху выпякаюць “Траецкі пірог” з дабаўленнем тварагу.
Традыцыя выпякаць вясельныя караваі і караваі для сустрэчы гасцей звязана як з выкананнем мясцовых звычаяў і павер’яў, так і прытрымліваннем канкрэтнай рэцэптуры. Выраб вясельныях караваяў самы працаёмкі, звязаны з дэкарыраваннем шматлікімі фігуркамі з цеста (“шышкамі”): нізкай цеставых пацерак, птушкамі (сімвалам будучых дзяцей), калоссямі (сімвалам дабрабыту), кветкамі – для радаснага жыцця, падкоўкамі (“брамкамі”), “васьмёркамі” (“какардамі”). Звычайна іх пякуць не менш за пяць чалавек. Сярод каравайніц існуе прымаўка:“Спячы каравай – як нарадзіць дзіця”.
У аздабленні гасцявога караваю скарыстоўваюць яркія стужкі, а з прэснага цеста складаюць надпісы або сімвалы святаў.
Носьбітамі, захавальнікамі і транслятарамі традыцыі выпечкі слонімскіх караваяў з’яўляюцца ўдзельніцы народнага аматарскага аб’яднання “Чараўніцы-каравайніцы” філіяла Навасёлкаўскага цэнтра культуры. Ад старэйшых жанчын маладзейшыя перанялі веды і ўменні. Праз практычныя заняткі ў школах, раённыя святы-кірмашы народнай творчасці, публікацыі каравайніцы вучаць дзяцей і моладзь шанаваць і практыкаваць мясцовую традыцыю

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйная ежа

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

На сённяшні дзень захаванне навыкаў па выпяканню абрадавага печыва – справа карысная і запатрабаваная. Гэтым цікавяцца мясцовыя жыхары, дзеці і моладзь з жаданнем ведаць карані, традыцыйную культуру. Носьбіты традыцыі бачаць сваю задачу ў захаванні мясцовай культуры, яе складнікаў: абрадаў, звычаяў, народнай песні і інш. Гэтыя веды ў шырокім сэнсе вылучаюць групу людзей як супольнасць, дапамагаюць захаваць сувязь з продкамі, папулярызаваць культуру Слонімшчыны

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

ролю як для мясцовай супольнасці, так і для носьбітаў традыцыі, а таксама для тых, каму яна становіцца у пэўных абставінах неабходнай. Па-першае, яна выконвае функцыю этнакультурнага самасцвярджэння. Асобная група людзей вылучае сябе сярод другіх супольнасцей шляхам захавання ўласных традыцый. Іх вывучэнне, падтрымка і перадача дапамагаюць захаваць мясцовую культуру, не даюць ёй знікнуць увогуле. Па-другое, увасабляе камунікатыўную функцыю. Цесныя зносіны ў час сумеснай справы аб’ядноўваюць і збліжаюць вытворцаў. Жанчыны маюць магчымасць дзяліцца вопытам і перадаваць яго далей. Такія сустрэчы ўзбагачаюць жыццё людзей, надаюць жыццёвыя сілы і прыносяць добры настрой, што асабліва неабходна ў сталым узросце. Сакральная функцыя традыцыі выпечкі караваяў раскрываецца (акрамя асноўнага працэсу прыгатавання) праз мясцовыя замовы, каравайныя песні, у самым стаўленні да абрадавага хлеба як да важкага і шматзначнага сімвала

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

1.Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слонімскага райвыканкама. 2. Дзяржаўная ўстанова культуры “Слонімскі раённы цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў”. 3. Народнае аматарскае аб’яднанне “Чараўніцы-каравайніцы” філіяла “Навасёлкаўскі цэнтр культуры” дзяржаўнай установы культуры “Слонімскі раённы цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў”. 4. Дзяржаўная ўстанова культуры “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”. 5. Паўлаўскі сельвыканкам Слонімскага раёна. 6. Дзяржаўная ўстанова культуры “Слонімскі цэнтр культуры і адпачынку”. 7. СМІ: газета “Слонімскі веснік”, газета “Слонімская”

Паходжанне элемента:

Караваі на Слонімшчыне бесперапынна пачалі выпякаць адразу пасля вайны, у час якой традыцыя перарывалася. Дакладна невядома, калі каравайная традыцыя ўзнікла, але можна лічыць, што пачалася яна значна раней за Вялікую Айчынную вайну праз узнікненне патрэбы ў караваях (першы ўспамін аб Прырэччы адносіцца да 1592 г. Да XIXст. тут быў маёнтак памешчыкаў Валовічаў. У суседняй вёсцы Навікі ў 1921 г. налічвалася толькі 12 двароў, а ў 1941 г. – 47. У ВАВ былі знішчаны 36 двароў. Сёння ў названых вёсках жывуць каля 70 чалавек). Са слоў сталых каравайніц на пытанне, дзе навучыліся вырабляць караваі, большасць адказвае каротка: “У маці”. Вопыт выпякання караваяў у гэтай мясцовасці звычайна перадаваўся шляхам ад маці да дачкі і сведчыць аб яго даўнім узнікненні. Раней прыгатаванне каравая адбывалася пры дапамозе родных, суседзяў, сяброў, дзяцей. Лічылася, што чым больш збярэцца людзей, тым лепш. Дзяжу ставілі пасярод хаты на ўслон, або на крыху меншую дзяжу, перавернутую ўверх дном. Пад ніжнюю, меншую дзяжу, ставілі чарку гарэлкі і ежу (“частавалі каравай”). У большую дзяжу сыпалі муку і лілі ваду. Росчыну размешвалі правай рукой па ходу сонца, калі каравай падыходзіў (“пыхкаў”), спявалі: Іча, каравай, іча, Каравайніцу кліча. Каравайніцы павінны былі быць замужнімі, не бяздзетнымі, добра жыць у шлюбе. Старэйшая каравайніца – хросная маці або цётка. Яна пачынала ўсе рытуальныя дзеянні. Адметным з’яўляецца і абавязковая прысутнасць мужчын у доме, дзе выпякаўся каравай. Сярод іх павінен быць адзін нежанаты хлопец – “кучаравы”. Мужчыны нарыхтоўвалі дровы, прапальвалі печ, насілі ваду, падавалі дзяжу і лапату. Пазней падыходзілі дзяўчаты (“гусарніцы”) выпякаць з цеста фігуркі. Колькасць “шышак” на вясельных караваях даходзіла да 600 адзінак. Цеста мясілі і валкавалі так, каб далонь не сціскалася ў кулак, каб маладыя жылі дружна, не біліся. Прыступаючы да кожнага этапу падрыхтоўкі каравая, каравайніцы прасілі благаслаўлення. Прысутныя тройчы гаварылі: “Бог благаславіць”. Мясілі каравай “ручкамі бяленькімі, пярсцёнкамі залаценькімі”. Затым спявалі: А ў небе месячык узыходзіць, А ў дзяжы каравай падыходзіць, А да гары вечка падымае. Перш чым зрабіць з цеста булку, каравайніцы “дзялілі каравай”: раздавалі сырое цеста па невялікаму кавалачку ўсім прысутным. Хто не мог з’есці сырое, заварочваў свой кавалак у хустачку, нёс дамоў, пёк і з’ядаў. З такіх смяяліся, спявалі ўслед: “Каравайніцы цеста пакралі”. Калі падыходзіў час саджаць каравай у печ, музыка іграў вяселле: “Благаславі, бацька, маці, Каго Бог прыгадаў у хаце, Каравай ў печ саджаці!” Мужчыны, якія ў гэты час сядзелі за сталом пад абразамі, адказвалі: “Бог благаславіць, Бацька і маці вяліць!” Перш, чым заспяваць тую або іншую песню, каравайніцы прасілі ў бацькоў благаслаўлення. Раней усіх каравайных пірагоў было дванаццаць: адзін вялікі – старэйшы, чатыры падоўжаных і сем маленькіх каравайчыкаў. Сярод іншых фігур з цеста на версе пірага ляжаў вялікі вылеплены з цеста крыж. Не проста было вынімаць такі каравай з печы. Каб дастаць яго, разбіралі чалеснікі. Грэх жа было сапсаваць каравай. Едучы па маладую, малады забіраў свой каравай. Сват маладога высока паднімаў свой пірог над галавой і прасіў вынесці каравай маладой. Чый пірог быў узняты вышэй, таму свату больш гонару. Караваі маладых ставілі на века ад дзяжы, паднімалі іх уверх, стваралі праход накшталт брамы. Пад ёю госці цалаваліся і праходзілі ў хату

Стан бытавання:

па-ранейшаму захоўваецца ў сваім першапачатковым стане

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Дадзены элемент з’явіўся і бытуе ў сельскай мясцовасці на тэрыторыі Слонімскага раёна. Вёскі Прырэчча і Новікі знаходзяцца ля ракі Шчара. Дзякуючы вадаёму, навокал расце шмат зеляніны. Як распавядаюць самі жыхары вёскі, тут на кожным слупе – бусел. Вяскоўцы любяць свой край, ганарацца тымі, хто ў ім жыве. Яны часта збіраюцца разам. Самі вёскі невялікія – каля 70 жыхароў. Каравайная традыцыя – адная з важных адметнасцей гэтай мясцовасці. Але варта адзначыць той момант, што каравайніцы, акрамя таго, што пякуць караваі, спяваюць традыцыйныя народныя песні. Традыцыя аздабляць караваі вялікай колькасцю кветак, птушак, калоссяў нагадвае аб навакольным асяроддзі. Раней караваі ўпрыгожвалі яшчэ і зелянінай, якую збіралі ў лесе, полі. Зараз гэта традыцыя страчана. Як тлумачаць самі каравайніцы: ”…з-за таго, што расліннасць засланяе “шышкі”, якіх на караваі вельмі шмат…”

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Паўднёва-заходні дыялект беларускай мовы асноўнага тыпу

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Перад выпечкай каравая добра прапальваецца печ. Каравайніца апранае фартух, светлае адзенне і хустку. Цеста замешваецца ў вялікіх місках, паасобку – для каравая і для ўпрыгожванняў. Для раскаткі і выдзелкі апошніх скарыстоўваюць качалку, апрацоўчую дошку, ножык. Шукаецца падыходзячая галіна пладовага дрэва з раўнамерна адыходзячымі ва ўсе бакі маленькімі галінкамі (абавязкова пяццю), яна “абмотваецца” ўпрыгожваннем з цеста і сімвалізуе сям’ю. Караваі выпякаюцца ў алюміневых місках і каструлях, высцеленых пергаментнай, або звычайнай, прамасленай паперай. Упрыгожванні выпякаюцца ў медных бляхах. Перад выпечкай печыва змазваецца ўзбітым яйкам спецыяльным памазком, часам яго ролю выконвае звычайнае птушынае пяро. Гатовыя ўпрыгожванні ўмацоўваюцца на караваі з дапамогай маленькіх палачак

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Невыпадкова так павялося, што кожны этап выпечкі каравая суправаджаўся песнямі, замовамі і рытуальнымі дзеяннямі. Яны надаюць усяму працэсу адмысловы сэнс, настройваюць каравайніц на добры лад, тым самым спрыяюць добрай справе і выніку. Існуе шэраг замоў перад кожным новым дзеяннем. Падчас замешвання цеста вымаўляюцца замовы: “Ці ёсць тут Бог, бацька і матка раджоныя, суседзі блізкія і далёкія, мужы статычныя, бабкі заплечныя, дзеткі запечныя. Благаславіць краснай пане каравай учыніць?” Усе адказваюць: “Бог благаславіць”. Затым каравайніца пытае ў прысутных тры разы: “Напрод пана Бога, покуця святога, пана ойча, пані матка, панове прыляцелі, панове суседзі, прашу благаславіць, каравай расчыніць?” За кожным разам усе адказваюць: “Бог благаславіць”. Для росту каравая прамаўляюць: “Падыходзь, падыходзь, наш каравай…”. Для саджэння каравая ў печ: “Саступі, Божа, з неба,…памажы ж і ўсадзіці”. Калі каравай пячэцца: “Расці караваю, вышэй таго гаю…”. “Скарга” караваю: “Скардзіўся каравай у печы, насмаліў аж моцна плечы”. Калі вынімаюць каравай з печы: “Сыдзі, Божа, з неба…памажы і выняці”. Пасля таго, як вынялі з печы каравай, гавораць: “Дайце сыру, масла, каб яго цела згасла”. У час упрыгожвання каравая: “Каравай мой, караваю, я каля цябе іграю…”. Калі каравай гатовы, гавораць прыгавор: “На людзі раздаць, ці ў камору схаваць”. На дзяленне: “Каравай, ты наш харошы, хто з табой зраўняцца можа…” і інш. Усё дзеянне суправаджаецца песнямі: “Каравайнічкі, ручкі мыйце” (калі запрашаюць каравайніц), “Свеціць месяц на дварэ” (пры замесе цеста), “Чарнаморчык” (пры вырабе шышак), “Печ рагоча – караваю хоча” (перад тым, як пасадзіць каравай у печ), “Іча, каравай, іча, каравайніцу кліча”. Захаваліся спецыяльныя парады для выпечкі каравая: памыцца, перахрысціцца, прызваўшы ў сведкі Бога; каб пірог удаўся, жанчына павінна быць у добрым настроі; калі пірагі падыходзяць, не трэба стукаць, бо яны ападуць; калі пірагі пасадзілі ў печ, то хлебную лапату трэба падняць вышэй да столі, каб пірагі добра падняліся” (запісана са слоў жыхаркі в.Навікі Соф’і СцяпанаўныСлукіной,1925 г.н). Існуе і такая прыкмета: “Калі каравай ападзе, сям’і не будзе” (запісана са слоў Ларысы ВікенцьеўныМудрацовай, 1962 г.н., в. Прырэчча)

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Самыя старэйшыя з каравайніц памятаюць аб тым, як навучыліся гэтаму рамяству ў сваіх матуль і зараз працягваюць перадаваць яго сваім дачкам. Але не ўсе жыхаркі вёскі валодалі гэтым рамяством. Вядома, што пасля вайны навучыла сакрэтам выпечкі караваяў усіх жадаючых жыхарка вёскі Ганна Іванаўна Чараховіч (1877–1957 гг.). Стварэнне ў 1983 г. народнага аматарскага аб’яднання “Чараўніцы-каравайніцы” на базе Прырэцкага сельскага клуба вельмі паспрыяла падтрымцы і захаванню элемента НКС. Тыя жанчыны, якія валодаюць майстэрствам, дзеляцца ім з іншымі – гэта сінхронны спосаб перадачы. Варта пазначыць, што ні адно раённае, абласное альбо рэспубліканскае мерапрыемства не абыходзяцца без мясцовых караваяў

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Зараз мясцовая каравайная традыцыя з-за адсутнасці пэўнага абсталявання і матэрыяльных сродкаў сутыкнулася з праблемай далейшага існаваннягэтага элемента НКС: 1. - адсутнасць машыны для дастаўкі прадуктаў і пераезду гурта каравайніц; 2. - адсутнасць уласнай печы; 3. - сталы ўзрост каравайніц; 4. - некаторыя пераемнікі традыцыі не маюць магчымасці захаваць элемент у першапачатковым стане з-за адсутнасці пэўных бытавых умоў; 5. - выкарыстанне духоўкі замест печы вымушае выпякаць караваі меншых памераў; - умовы гарадскіх кватэр не дазваляюць здзейсніць усе абрадавыя і рытуальныя дзеянні выпечкі караваяў

Ключавыя словы

каравайніцы, дзяжа, мука, печ, “шышкі”

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Чараўніцы- каравайніцы. Метадычнае выданне.pdf

Чараўніцы- каравайніцы. Метадычнае выданне.pdf

Чараўніцы-каравайніцы. Этапы выпечкі.Метадычнае выданне.pdf

Чараўніцы-каравайніцы. Этапы выпечкі.Метадычнае выданне.pdf

Фотафіксацыя