Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Традыцыя збору саламяных “павукоў” у Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 53АК000069
Дата ўключэння: 12/10/2017
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 27.04.2017 № 11-01-01/5. Пастанова Міністэрства культуры Рэспублiкi Беларусь ад 12.10.2017 № 66
Шыфр (у Інвентары): НКС-180628/1

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-астветнай работы. Адрас: вул. Першамайская, 10, г. Магілёў, 212010;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Традыцыя збору саламяных “павукоў” у Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Павук, збіраць павука

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхаркі вёсак Баркалабава, Гадылёва, Грудзінаўка, Няраж, Кузькавічы, Рыжкаўка Быхаўскага раёна, г. Быхава Магілёўскай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Магілёўская вобласць » Быхаўскі раён » г. Быхаў;   Магілёўская вобласць » Быхаўскі раён » в. Баркалабава;   Магілёўская вобласць » Быхаўскі раён » в. Гадылёва;   Магілёўская вобласць » Быхаўскі раён » в. Грудзінаўка;   Магілёўская вобласць » Быхаўскі раён » в. Няраж;   Магілёўская вобласць » Быхаўскі раён » в. Рыжкаўка ;  

Кароткае апісанне элемента:

Па сённяшні час на Быхаўшчыне існуюць традыцыі збора саламянага “павука”. Элемент актыўна практыкуецца не толькі ў сельскай мясцовасці – вёсках Быхаўскага раёна, а і ў раённым цэнтры. Саламяны “павук” па традыцыі з’яўляўся абярэгам, які закліканы быў ахоўваць хату, прыносіць шчасце і забяспечваць дабрабыт сям’і, аднак сёння ён усё больш і больш набывае дэкаратыўна-аздабленчую функцыю. Традыцыі збора “павука” у Быхаўскім раёне вядомы з канца XIX ст. і сустракаліся раней ў кожнай вёсцы. У ваенны перыяд практыка элемента перапынялася і была адроджана толькі ў канцы 50-х гг. XX ст. Быхаўскія падвесныя канструкцыі з саломкі адносяцца да разнавіднасцей мастацкага саломапляцення. Носьбітамі традыцыі збора з’яўляюцца жыхаркі вёсак Быхаўскага раёна, якія перанялі майстэрства ад сваіх матуль, бабуль, старэйшых сясцёр, а таксама ад цётак і іншых сваякоў, і дзеляцца сакрэтамі майстэрства збора саламянай канструкцыі з навучэнцамі мясцовых школ, са сваімі дзецьмі і ўнукамі, жыхарамі і гасцямі г. Быхава праз майстар-класы, семінары-практыкумы і фестывалі. Традыцыя збору з’яўляецца поўнасцю перададзенай ад носьбітаў нашчадкам, аднак, на сённяшні час, дырэктарам ДУА “Дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў і мастацтваў г. Быхава” Ірынай Генадзьеўнай Кухціной была адноўлена пры дапамозе метадычных дапаможнікаў і навуковай літаратуры. Майстар працягвае глыбей вывучаць гісторыю і традыцыі элемента, і лічыць “павука” нематэрыяльнай каштоўнасцю Быхаўшчыны. Быхаўскія “павукі” збіраюцца па двух тыпах – пірамідальны (в. Грудзінаўка, Рыжкаўка, Гадылёва) і рамбічны (в. Няраж, Кузькавічы, Баркалабава). У аснове рамбічнага “павука” ляжыць цэнтральны ромб, да якога далучаюцца ўсе астатнія ромбы: спачатку саломінкі нанізваюцца на ніткі, замацоўваюцца і збіраецца ромб. Пірамідальны “павук” збіраецца з загадзя вырабленых пірамідальных ромбаў, якія складаюцца з саломін аднолькавай даўжыні. Для яго збору патрабуецца каля 30 ромбаў. Для традыцыі збору “павука” вырыстоўваюцца даволі простыя інструменты – ніткі (для звязвання элементаў канструкцыі “павука”), швачныя іголкі, нажніцы. Кухціна І.Г. ажыццяўляе перадачу традыцыі збора саламянага “павука” на занятках студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці «ДАР» ДУА “Дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў і мастацтваў г.Быхава”, дзе вучні знаёмяцца з гісторыяй саломапляцення, відамі і традыцыямі саломапляцення

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя рамёствы » Саломапляценне

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

У наш час ні ў каго не выклікае сумнення эстэтычныя каштоўнасці твораў народнага мастацтва. І чым больш яно развіваецца, тым больш актуальнасці набывае. Гэта ж датычыцца і дадзенага элемента. Збор саламянага “павука” сёння становіцца ізноў актуальным і карыстаецца попытам, цікавіць як моладзь, так і людзей старэйшага пакалення. Цікавасць да саламянага “павука” тлумачыцца адносна яго каштоўнасці, як здабытку мінулага, вельмі актуальнага і ў наш час. Раней падвесныя канструкцыі выкарыстоўваліся не толькі для абрадаў, а і ў побыце: саламяны “павук” з’яўляўся абярэгам для кожнай сялянскай хаты - яго кожны год рабілі зноўку - стары, які набраў у сябе негатыўную энергетыку спальвалі, а на яго месца вешалі новы. Па ўспамінах носьбітаў, у вёсках Рыжкаўка, Гадылёва і Баркалабава “павукі” вывешваліся на Каляды і Вялікдзень, а ў вёсках Грудзінаўка, Няраж, Кузькавічы толькі на Вялікдзень. На думку носьбітаў традыцыі, саламяныя канструкцыі сваёй формай больш за ўсё нагадваюць “павука”, які сядзіць на павуціне. Саламяныя канструкцыі выкарыстоўваюцца як музейна-выставачныя экспанаты, у афармленні этнаграфічных куткоў, і як элемент аздаблення сучаснага інтэр’ера: аграсядзіба, аздобленая саламянымі “павукамі”, выглядае па-сучаснаму стыльна і ў той жа час традыцыйна. Да таго ж, жытняя саломка - вельмі танны і экалагічна чысты матэрыял. У наш час саламяныя падвясныя канструкцыі “павукі” набываюць папулярнасць ўсё больш як сувенір. Падчас святаў, на выставах народнага мастацтва, кірмашах народных рамёстваў, быхаўскія “павукі” вылучаюцца хараством і прывабліваюць наведвальнікаў не толькі ў гарадах Беларусі - Мінску, Бабруйску, Магілёве, Клімавічах, а і ў гарадах Расіі – Смаленску, Вялікім Ноўгарадзе, Белгарадзе, Навасібірску, Пскове, Туле, Курску, Тамбове, Арле

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Найперш, трэба адзначыць функцыю самаідэнтыфікацыі мясцовай культуры ў агульнай прасторы традыцыі, дзе збор саламянага “павука” мае сваю багатую гісторыю, геаграфію распаўсюджвання і развіцця. Акрамя таго, для дадзенага элемента нематэрыяльнай культуры характэрна дэкаратыўна-аздабленчая функцыя: саламяныя “павукі” выкарыстоўваюцца для ўпрыгожвання ў інтэр’ерах дамоў пад час святаў. Прысутнічае і магічна-сакральная функцыя: лічыцца, што саламяны “павук” у доме прыносіць дабрабыт, ахоўвае яго насельнікаў ад няшчасцяў. Іх да сённяшняга часу вырабляюць ў вёсках Быхаўскага раёна па традыцыі, ўпрыгожваюць пакоі хаты на Ражаство, Каляды і Вялікадзень. Важнай функцыяй з’яўляецца турыстычна-рэкрэацыйная. Горад Быхаў, раённы цэнтр Магілёўскай вобласці, знаходзіцца каля Чыгірынскага вадасховішча – турыстычнага аб’екта, які наведваюць удзельнікі “Бард-рыбалкі” - шматлікія турысты з Расіі і абласцей Беларусі. Таму з мясцовымі традыцыямі збора “павука” знаёмяцца не толькі мясцовыя жыхары, вучні і дашкольнікі Быхаўскіх устаноў адукацыі, а і шматлікія госці. Этнавыхаваўчая функцыя звязана з перадачай майстэрства збора саламянага “павука”, праз якую адбываецца перадача каштоўнасцей народнай культуры: майстры і настаўнікі ДУА “Дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў і мастацтваў г.Быхава” перанялі традыцыі збора саламянага “павука” ад носьбітаў і ў сваю чаргу, дэманструюць сваё ўменне ўдзельнікам гурткоў, работнікам клубных устаноў, гасцям і ўсім жадаючым на майстар-класах. Актуальнай з’яўляецца эстэтычная функцыя, а таксама функцыя энкультурацыі і функцыя інкультурацыі, выражаныя праз засваенне каштоўнасцей мясцовай культуры, калі засваенне элементаў традыцыйнай культуры супольнасці адбываецца ў розным узросце

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Быхаўскі раённы выканаўчы камітэт, адзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Быхаўскага райвыканкама, Дзяржаўная ўстанова культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Быхаўскага раёна”, Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў і мастацтваў г. Быхава”, Цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў, Дзяржаўная ўстанова культуры “Быхаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей”, мясцовыя СМІ (газеты “Маяк Прыдняпроўя”, “Магілёўскія ведамасці”, тэлерадыёкампанія “Магілёў”) праз журналісцкія публікацыі і відэасюжэты спрыяюць папулярызацыі такога элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны, як збор саламянага “павука”

Паходжанне элемента:

Падвясныя саламяныя канструкцыі, творы аб’ёмна-прасторавага характару - “павукі”, якія падвешвалі на покуці да бэлькі да калядных і вялікодных святаў, былі вядомы з глыбокай даўніны. У фотаальбоме Я. М. Сахута “Беларускае народнае мастацтва” - Мн.: Беларусь, 2011 г. на с. 217 чытаем распавед пра паходжанне саламяных канструкцый: “Несумненна, аднак, што павукі маюць старажытную генэтычную сувязь з аграрнай абраднасцю. Пра гэта сведчыць, напрыклад, прымяркоўванне гэтых твораў да пэўных датаў сельскагаспадарчага календара - Вялікадня і асабліва Калядаў, з якімі звязвалася знакавая функцыя саламянай атрыбутыкі як зарукі будучага ўраджаю”. “Павук” з саломкі лічыўся абярэгам, меў ярка выражаную сакральную засцерагальную функцыю, вешаўся да столі перад Чырвоным кутам на Каляды і Вялікдзень, а пасля святаў спальваўся ў пячы. Такі ж “павук” вешаўся на калыску немаўля, каб абараніць дзіця ад “злога вока”, над галавамі маладых падчас вяселля, над сталом, за якім збіралася сям’я. Традыцыйна, “павук” арганічна ўпісваўся ў інтэр’ер сялянскай хаты з яе канструкцыйнымі асаблівасцямі: адкрытая бэлька заўседы выкарыстоўвалася, як аснова для замацавання розных бытавых прылад. У сучасных умовах “павука” замацоўваюць на стужцы да люстры, ці непасрэдна замацоўваюць стужку з “павуком” да столі сучаснымі метадамі. З пісьмовых крыніц, а таксама з апытання носьбітаў вядома, што ў вёсках Быхаўскага раёна саламяных “павукоў” збіралі да 40-х гадоў XX ст. у асноўным толькі ў сельскай мясцовасці. Збіралі “павука” амаль у кожнай сялянскай сям’і з жытняй саломы, пасля збору ўраджая і перапрацоўкі снапоў. Найчасцей асновай саламянай канструкцыі была рамбічная фігура з падвешанымі да яе пяці вуглоў маленькімі ромбікамі (шосты, верхні вугал, служыў для падвескі “павука” да столі). У ваенны і пасляваенны перыяды практыка элемента перапынялася, і толькі ў канцы 50-х гг. зноў была адноўлена. Ініцыятарам аднаўлення стала жыхарка в. Баркалабава Еўдакія Самуілаўна Ягорава (няма ў жывых), якая ў 1957 г. зрабіла адноўлены саламяны “павук” на вяселле сваёй сястры. Са слоў Тамары Антонаўны Андрэевай (1940 г. н., урадж. в. Няраж): “.. я шчэ помню, як мая бабуля Дуня восенню… а таксама і зімовымі вечарамі, напярэдадні Ражаства… сядзела і збірала “павука”… я неаднаразова пытала ў яе, навошта? ... а яна расказвала, што гэта каб не было ніякіх няшчасцяў у сям’і… каб усё добра было… калі я крыху падрасла, то ўжо і сама пачала рабіць “павукоў”… спачатку маленькіх… замест цацкі… пакуль не навучылася плесці роўна…, толькі тады бабуля мне паказала як рабіць ужо вялікія… для мяне гэта было і заняткам, і адпачынкам, і вабшчэ было інцярэсна займацца, зрабіць нешта сваімі рукамі…”

Стан бытавання:

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

У 30-40 гг. ХХ ст. саламяны “павук” займаў сваё пачэснае месца ў сялянскім вясковым побыце, быў важнай часткай культурнай традыцыі дэкаратыўнага ўпрыгожвання жылля на Каляды, Ражаство, Вялікдзень у вёсках Баркалабава, Гадылева, Грудзінаўка, Няраж, Рыжкаўка Быхаўскага раёна, дзе жывая памяць пра традыцыі перадаваліся ад маці дачцэ. Сучасныя носьбіты традыцыі збору “павука” - Кухарэнка Таісія і Андрэева Тамара сцвярджаюць, што жыццядзейнасць гэтага рамяства, як ніякае іншае, звязана з культурна-прыродным асяроддзем і сельскагаспадарчым укладам жыцця. Найбольш распаўсюджанай сыравінай для “павука” на Падняпроўі з’яўляецца жытняя салома - “пабочны” прадукт сельскай гаспадаркі. Палі, на якіх вырошчваюць збожжавыя культуры, сярод якіх жыта і пшаніца, знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад населеных пунктаў, што спрыяе захаванню элемента. Гэты ландшафт не мяняецца ўжо шмат год: жытнёвыя і пшанічныя палі кожны год, згодна з гаспадарчым календаром, засяваюцца па вясне, а ўраджай збіраецца ў канцы лета. Да надыходзячых свят “павукі” збіраюцца вялікіх і маленькіх памераў, простых і складаных канструкцый. Падвешаныя да столі, яны нагадваюць майстэрскі сплеценае павуцінне, якое знаходзіцца ў бесперапынным руху і круціцца ў розныя бакі. На дадзены момант элемент практыкуецца як у вясковым, што з’яўляецца традыцыйным, так і ў гарадскім асяродку, куды патрапіў у канцы 90-х гг. XX стагоддзя

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Сярэднебеларускія гаворкі і паўночна-ўсходні дыялект беларускай мовы

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Чырвоны кут, куды “павук” вешалі на Ражаство, Каляды, Вялікдзень. Бэлька - канструкцыйны элемент у хаце, да якой самастойна падвешвалі на матузку “павука” напярэдадні свята. Калыска - над ёй вешалі “павук” - абярог. А таксама салома, серп (жанчыны-носьбіты нарыхтоўваюць салому ўручную і жнуць яе толькі сярпом), ніткі, іголкі, нажніцы з дапамогай якіх вырабляецца падвясная канструкцыя

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Свята Ражаство, Каляды, Вялікдзень, калі вешалі “павука” перад чырвоным кутам на матузку да бэлькі. Традыцыі гадавання дзяцей: - абарона немаўля ад усялякай небяспекі, - забаўка дзіцяці, як абавязковы элемент выхавання

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

На сённяшні час традыцыя збору саламянага “павука” з’яўляецца вельмі важным элементам нематэрыяльнай культуры ў плане яго падтрымкі супрацоўнікамі Цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў (дырэктар - Хамаўненка Н.Г.) і ДУА “Дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў і мастацтваў г. Быхава” (дырэктар - Кухціна І.Г.). Яны добра разумеюць неабходнасць захавання і перадачы гэтага элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны пераемнікам. Таму стараюцца як мага больш распаўсюджваць веды аб гэтым традыцыйным рамястве. У гэтым ім дапамагаюць майстры Новікава Алена Міфодзьеўна (Цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў) і Жэлабкевіч Юлія Ігараўна (ДУА “Дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў і мастацтваў г.Быхава”). Яны праводзяць майстар-класы, ладзяць выставы, вечары - сустрэчы, пазнавальныя экскурсіі для наведвальнікаў як Цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў, так і ДУА “Дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў і мастацтваў г.Быхава”. На майстрах-класах школьнікі, моладзь, і шматлікія наведвальнікі з задавальненнем і цікавасцю спрабуюць зрабіць “павука” з саломкі. Мэта такіх заняткаў - перадаць веды, практычны вопыт, зацікавіць тым, што менавіта моладзь і дзеці могуць стаць пераемнікамі традыцыйнай культуры. Майстры і супрацоўнікі ДУА “Дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў і мастацтваў г. Быхава” зацікаўлены ў стварэнні “павукоў” у якасці сувенірных вырабаў для гасцей і ўдзельнікаў Міжнароднага культурна-спартыўнага фестывалю “Бард-рыбалка”, а таксама ў прыцягненні турыстаў і развіцці турыстычнага маршруту па Быхаўскім раёне. Традыцыя збору саламяных “павукоў” перадаюцца ад пакалення да пакалення (ад старэйшых да малодшых). Жанчыны-носьбіты традыцыі збора перанялі яе ад сваіх матуль і бабуль, а яны, ў сваю чаргу, таксама перадалі іх сваім дзецям, пляменнікам, унукам. Дадзеная мадэль перадачы актуалізуецца праз сям’ю. Так, напрыклад, дачка Ірыны Генадзьеўны Кухціной - Аляксандра, з’яўляецца пераемніцай традыцыі збора “павука”, якой навучылася ад маці. Прысутнічае і мадэль перадачы праз сістэму адукацыі. Значны ўнёсак у трансляцыю традыцыі збора саламянага “павука” робіць ДУА “Дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў і мастацтваў г. Быхава”. На базе школы з 2011 г. рэалізуецца праект “Другое жыццё саламянага павука”, які быў прадстаўлены на навукова-практычнай канферэнцыі “Рамёствы Магілёўшчыны. Традыцыі і сучаснасць”. Дырэктар ДУА “Дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў і мастацтваў г. Быхава” Ірына Генадзьеўна Кухціна, засвоіўшы ў дакладнасці традыцыі збора ад Кухарэнка Т. В., была прынята ў Беларускі Саюз майстроў народнай творчасці. Сёння майстар вельмі ганарыцца сваімі вучнямі – удзельнікамі студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “ДАР”, якія паспяхова пераймаюць і засвойваюць ўменні і навыкі гэтага рамяства. Яшчэ да аднаго з нефармальных пасярэднікаў перадачы традыцыі збору саламяных канструкцый можна аднесьці сродкі масавай інфармацыі – рэдакцыю раённай газеты “Маяк Прыдняпроўя”, якая друкуе нарысы аб рабоце майстроў па адраджэнні майстэрства збору “павукоў”, дзейнасці дзіцячай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці “ДАР”, і тэлерадыёкампанію “Магілеў - 1”, якая зняла некалькі фільмаў пра творчую дзейнасць быхаўскіх майстрых. Майстры і настаўнікі ДУА “Дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў і мастацтваў г. Быхава” актыўна ўдзельнічаюць у раённых, абласных і рэспубліканскіх выставах, дзе папулярызуюць традыцыі збора саламяных канструкцый, праводзяць майстар-класы (Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка” у г. Клімавічы Магілеўскай вобласці; Рэспубліканскі фестываль традыцыйных раместваў “Вясновы букет” у Лошыцкім парку г. Мінска; свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) у Шклоўскім раёне Магілеўскай вобласці; Міжнародны форум па традыцыйнай культуры “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс развіцця грамадства”, бяруць ўдзел у шматлікіх семінарах, акцыях, прэзентацыях

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Базавым матэрыялам для стварэння “павукоў” з’яўляецца, безумоўна, салома. Таму асноўнай пагрозай для жыццядзейнасці элемента можа стацца яе адсутнасць, напрыклад, у выпадку неўраджаю збожжавых культур, але на дадзеным этапе такая пагроза адсутнічае

Ключавыя словы

Павук, салома, традыцыя, рамяство

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Фотафіксацыя