Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Комплекс ведаў і навыкаў па вырабу дудкі метадам выкручвання на Палессі

Шыфр (у Дзяржаўным спісе):
Дата ўключэння:
№ пратакола Рады: рыхтуецца прапанова аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці
Шыфр (у Інвентары): НКС-20180517/1

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах молодзі Салігорскага райвыканкама. Адрас: 223710 г.Салігорск. вул.Казлова, 35;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Комплекс ведаў і навыкаў па вырабу дудкі метадам выкручвання на Палессі

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Выкручванне дудкі

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Фёдар Уладзіміравіч Муравейка –жыхар вёскі Тычыны Салігорскага раёна Мінскай вобласці, куды пераехаў з вёскі Карчаватка Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, дзе з дзяцінства засвоіў мясцовыя палескія традыцыі

Арэол распаўсюджвання:

Мінская вобласць » Салігорскі раён » вёска Тычыны;  

Кароткае апісанне элемента:

Комплекс ведаў і навыкаў па вырабу дудкі метадам выкручвання ўяўляе сабой адзін са старажытных спосабаў вырабу традыцыйных народных музычных духавых інструментаў, вядомых як на тэрыторыі сучаснай Беларусі, так і іншых краін свету. Дудка – падоўжаная свістковая флейта, якая ўяўляе сабой простую канструкцыю ў выглядзе трубкі з ігравымі адтулінамі (ад 3 да 6-7) са свістковым прыстасаваннем у верхняй частцы. Аpxaiчны спосаб вырабу дудкі праз выкручванне стрыжня дрэва быў распаўсюджаны на ўсёй тэрыторыі Беларусі і меў лакальныя асаблівасці, што адлюстроўвалася на знешнем выглядзе, гучанні інструмента і спосабе ігры на ім. Такім рэгіянальным варыянтам беларускай прадольнай флейты была так званая палесская дудка, якая бытавала на тэрыторыі беларускага Палесся. У адрозненні ад беларускай дудкі, якая мела касы (“кларнетовы”) зрэз верхняй часткі інструмента (“галоўкі”) і была распаўсюджана ў многіх раёнах Гродзенскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай вобласці, палеская мела прамы зрэз, што уплывала на тэмбр гука – гучанне з шумам або сіпам. Дудка з’яўлялася пастухоўскім музычным інструметам, таму яе стварэнне і выкарыстанне цесна было звязана с іх побытам. Пастухі выраблялі дудку і ігралі на ёй “для сябе”, задавальняючы ўласныя эстэтычныя патрэбы. Яе гучанне можна было пачуць не толькі на месцах выгана хатняй жывёлы, але і падчас каляндарна-земляробчых і сямейных абрадаў і святаў, танцавальных вечарын. Пастух быў адначасова стваральнікам дудкі і выканаўцам на ёй, праз яго асобу да майстэрства вырабу дудкі і ігры на ёй далучаліся заахвочаныя вяскоўцы, якія засвойвалі асноўныя музычныя асаблівасці мясцовай традыцыі. Нягледзячы на першапачаткова забаўляльную накіраванасць дудкі, якая выраблялася з простага даступнага прыроднага матэрыяла, яна з’яўлялася важный састаўляючай не толькі побытавага жыццёвага асяроддзя, але і складнікам беларускай традыцыйнай культуры ўцэлым. На дадзены момант на тэрыторыі Беларусі захаваўся і існуе комплекс ведаў і навыкаў па вырабу дудкі ў палескай традыцыі. Вядомы адзіны майстр, які валодае гэтымі ведамі і навыкамі, – Фёдар Уладзіміравіч Муравейка, які нарадзіўся і жыў у в. Карчаватка Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, пасля пераехаў у в. Тычыны Салігорскага раёна Мінскай вобласці. Майстр лічыць свае веды і навыкі па вырабу дудкі спосабам выкручвання важнай часткай культурнай спадчыны сваёй мясцовасці і імкнецца перадаць традыцыю старажытнага рамяства нашчадкам

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя рамёствы » Выраб музычных інструментаў

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Традыцыя вырабу дудкі архаічным спосабам цікавіць сёння даследчыкаў народнай музычнай культуры і аматараў традыцыйнай музыкі, якія практыкуюць традыцыйны выраб музычных інструментаў. Сярод іх – студэнты Беларускага дзяржаўнага універсітэтата культуры і мастацтваў, якія навучаюцца ігры на дудцы, сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, музыкі-аматары і кіраўнікі фальклорных калектываў. Уласнаручна вырабленую дудку можна выкарыстоўваць для сольнага выканальніцтва, ў самадзейных і прафесійных музычных ансамблях. Веды і навыкі па вырабу традыцыйнай беларускай дудкі, яе гучанне карысна дэманстраваць дзецям ў працэсе музычнага выхавання, знаёмства з народнай культурай. Дзяцям будзе цікава навучыцца вырабляць больш простыя музычныя інструменты: свістулькі, ражкі, пастуховую трубу, якія папярэднічаюць набыццю навыка выкручваць дудку. Магчыма ўвесці знаёмства з дудкай і спосабам яе вырабу ў праграму музычнага выхавання дзяцей дашкольнага (калі іграе дарослы) і школьнага ўзросту (калі дзіця само можа паспрабаваць іграць на дудцы). Умовы для развівацця музычнага слыху дзіцяці ствараюцца і пры вырабе, і пры музыцыраванні на інструментах, зробленых з простых прыродных матэрыялаў. Веды і навыкі майстра, які захоўвае і падтрымлівае народныя традыцыі, выклікаюць цікавасць у прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, якія садзейнічаюць папулярызацыі нематэрыяльнай культурай спадчыны. Рэспубліканскімі і рэгіянальнымі тэлекампаніямі створаны дакументальныя фільмы пра выраб дудкі, якія можна дэманстраваць падчас прадстаўлення рэгіянальных культурных традыцый. У працэсе навучання ў БДУКМ і іншых ВНУ могуць выкарыстоўвацца відэазапісы, на якіх майстар выкруччвае дудку. Відэазапісы, фільмы пра тэхналогію вырабу дудкі, якой валодае Фёдар Уладзіміравіч Муравейка, могуць быць карыснымі і выкарыстоўвацца ў пазашкольным выхаванні, у навучальным працэсе каледжаў мастацтваў і іншых навучальных устаноў, сярод аматараў народнай музыкі, для шырокай публікі ў Салігорскім раёне і іншых рэгіёнах краіны

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Веды і навыкі, звязаныя з вырабам дудкі спосабам выкручвання, маюць некалькі важных сацыяльных і культурных функцый. Комплекс ведаў, уменняў, навыкаў з’яўляецца сродкам культурнай і нацыянальнай самаідэнтэфкацыі для жыхароў азначанай тэрыторыі. Майстр Ф.У. Муравейка, жыхар в. Тычыны Салігорскага раёна Мінскай вобласці, пераехаў з в. Карчаватка Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, дзе з дзяцінства засвоіў мясцовыя палескія традыцыі.На дадзены момант распаўсюджвае майстэрства ў месце новага пражывання і сярод прыязджаючых да яго зацікаўленных музыкаў і майстроў. Функцыя культурнай памяці праяўляецца ў захаванні майстрам ведаў і навыкаў, уласцівых элементу НКС. Этнавыхаваўчая функцыя звязана з перадачай майстэрства вырабу дудкі спосабам выкручвання, праз якую адбываецца перадача каштоўнасцей народнай культуры: майстр дэманструе сваё ўменне работнікам клубных устаноў, гасцям і ўсім жадаючым на майстар-класах. Функцыя інкультурацыі і энкультурацыі (засваенне індывідам традыцый і норм пэўнай культуры) вызначаецца праз засваенне каштоўнасцей мясцовай культуры, якое адбываецца ў розным узросце, а таксама прадстаўнікамі розных рэгіёнаў краіны

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Культурна-дасугавы цэнтр Салігорскага раёна, Аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Салігорскага райвыканкама, РМГА «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства», УА «Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў»

Паходжанне элемента:

Веды і навыкі па вырабу музычных духавых інструментаў з’яўляюцца важнай часткай беларускай традыцыйнай музычнай культуры, сярод якіх сваёй архаічнасцю вылучаецца традыцыя вырабу дудкі. Дудка — старажытны беларускі народны музычны духавы інструмент тыпу падоўжанай свістковай флейты, звычайна даўжынёй 40 — 60 см, з адной свістковай і 6 ігравымі адтулінамі або галаснікамі (адна з іх глухая). Паводле археалагічных раскопак і звестак з літаратурных помнікаў, дудкі і іншыя инструменты флейтавага тыпу были вядомы на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў першай палове 2-га тысячагоддзя да н.э. Літаратурныя помнікі XI – XVIII cтст., такія як “Кніга светлага прарока божыя Данііла” Ф. Скарыны (XVI ст.), “Загадчых справах старых гадоў” (1699 г.) і інш., змяшчаюць узгадкі аб дудцы або яе аналагах. Пачынаючы з XIX ст. з развіццём этнаграфіі і фалькларыстыкі з’яўляецца больш матэрыялаў аб інструменце. Па сведчаннях беларускага фалькларыста, этнографа Сержпутоўскага А.К. у вуснай народнай творчасці вобраз дудкі займае одно са значных месцаў, ёй надаецца эстэтычная, сацыяльна-грамадская функцыя: “…як зайграе музыка на сваёй дудачке, дак адразу ўсе прыціхнуць. От ім здаецца, што якаясь слодыч улілася ім у сэрца, а якаясць сіла ўхваціла на плечы й нясе ўсё ўгору…у чыста неба…а зайграе музыка жаласліва, й заплачуць і лес, і дубровы…Як музыка на вясёлае паверне..дык…усё скача й смяецца”, дудка дапамагае “думаць ці гадаць, як за праўду пастаяць” (Сержпутоўскі А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб, 1911). Інфармацыя аб выкарыстані дудкі ў святах і абрадах каляндарна-земляробчага каляндара змясціў этнограф Насові І.І. ў выданні “Белорусские песни”. – Записки ИРГО, т. 5 СПб, 1873. На тэрыторыі Беларусі выраб дудкі меў рэгіянальныя асаблівасці. Так званая “палесская” дудка ўяуляла сабой лакальны варыянт беларускай, якая была распаўсюджана на тэрыторыі памежжа з Украінай. Апісанне вырабу дудкі-выкруткі менавіта Палескага рэгіёна змешчана ў манаграфіі беларускага этнографа Пяткевіча Ч. Г. “Рэчыцкае Палессе” (1928 г.), традыцыя вырабу “дудкі-выкруткі” як складнік народнай культуры беларуска-ўкраінскага Палесся апісана ў кнізе В.К. Бандарчыка “Общественный, семейный быт и духовная культура населения Полесья”( 1987 г.). У 70-ыя гг. XX ст. праводзіліся даследванні ў галіне народных музычных інструментаў. Поўнае апісанне, спосабы вырабу, стан бытавання і распаўсюджвання дудкі на тэрыторыі Беларусі змешчаны ў выданні "Беларускія народныя інструменты. Самагучныя, ударныя, духавыя" (1979) прафесара Акадэміі музыкі І. Д. Назіной. Пад яе аўтарствам былі надрукаваны артыкулы, прысвечаныя культуры дудкі, у энцыклапедыі “Этнаграфія Беларусі”, Мінск, 1989, у энцыклапедычным даведніку “Народная культура Беларусі”, Мінск, 2002, у энцыклапедыі “Беларускі фальклор” і інш. На дадзеным этапе вядомы адзіны носьбіт-майстр, які умее вырабляць дудкі Палесскага рэгіёна метадам выкручвання. Гэта Фёдар Уладзіміравіч Муравейка, жыхар вёскі Тычыны Салігорскага раёна Мінскай вобласці, куды пераехаў з вёскі Карчаватка Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, дзе з дзяцінства засвоіў мясцовыя палескія традыцыі. Дудкі ён навучыўся выкручваць яшчэ хлопчыкам, а потым удасканальваў свае веды і навыкі падчас вырабу дудкі разам са сваім суседам, вядомым майстрам і выканаўцам Міхаілам Сямёнавічам Глушанем з вёскі Карчаватка Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. М.С. Глушань прымаў удзел у канферэнцыях Акадэміі навук СССР, прысвечаных этнаграфіі і фальклору, быў прадстаўлены ў камплекце паштовак на беларускай, рускай і англійскай мовах “Беларускія народныя музычныя інструменты” прафесара Акадэміі музыкі Іны Дзмітрыеўны Назіной. Спосаб выкручвання дудкі, які захоўвае Ф.У. Муравейка, — традыцыйны для ўсяго палескага рэгіёна

Стан бытавання:

пад пагрозай знішчэння

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Веды і навыкі па вырабу дудкі-выкруткі, як і сам інструмент з’яўляліся складнікам шматузроўневай традыцыйнай вясковай культуры. Майстэрствам вырабу і ігры на дудцы валодалі пастухі, якія мелі звычайна нізкі сацыяльны сатус. Але адначасова ад выканання імі сваіх абавязкаў залежыў дабрабыт, і ўвогуле жыццё ледзь не цэлай вёскі. Таму дваісты характар адносін вяскоўцаў да пастухоў пераходзіў і на іх творчасць. Стварэнне дудкі, як і выкананне на ёй лічылася “пастуховай забавай”. Але гучанне інструмента можна было пачуць не толькі ў полі падчас выпасу хатняй жывёлы, але і пры правядзенні каляндарна-земляробчых і сямейных абрадаў і святаў, на бяседах, танцавальных вечарынах, што надавала “пастуховай забаве” значныя сацыяльна-грамадскія, эстэтычныя фукцыі і змест. Выкарыстанне звычайных прыродных матэрыялаў пры вырабе дудкі-выкруткі фарміравала паважлівыя адносіны на прыроднага асяроддзя, сам інструмент з’яўляўся часткай гэтага наваколля. Такім чынам, комплекс ведаў і навыкаў па вырабу дудкі мае экалагічна-культурную накіраванасць, якая базіруецца на сувязі “чалавек-прырода”. Так, дудары лічылі, што дудка мае душу, бо выраблена з жывога дрэва. Лічылася, што асабліва хораша яна гучала, калі дрэва вырасла на магіле, або ў яго ўдарыла маланка. Працэс змянення традыцыйнага вясковага абшчыннага жыцця беларусаў, які пачаўся прыкладна ў XX ст., прывёў да разбурэння традыцыйнай народнай культуры, а з ёй і знікнення “прафесіі” пастуха. Змены закранулі бытаванне, фукцыянаванне дудкі. Паступова яна знікла з вясковага ўжытку. Сучаснае выкарыстанне дудкі – як музычны інструмент ў складзе фальклорна-этнаграфічных ансамбляў, дзіцячых самадзейных калектываў. Сёння выраб народных музычных інструментаў – звычайна сфера зацікаўлення гарадской моладзі, якая музыцыруе, вырабляе музычныя інструменты прафесійна або на аматарскім ўзроўні, выкарыстоўвае іх у сцэнічнай практыцы або пры правядзенні абрадаў. Часта майстры выкарыстоўваюць сучасныя тэхнічныя прылады (такарны станок, металічныя трубкі і г.д.). Амаль страчаны культурны кантэкст як вырабу, так і выкарыстання дудкі. На дадзены момант на тэрыторыі Беларусі вядомы адзіны майстр, Фёдар Уладзіміравіч Муравейка, які валодае архаічным спосабам вырабу дудкі-выкруткі, такім, якім карысталіся яго продкі

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Фёдар Уладзіміравіч Муравейка — носьбіт тураўскай гаворкі ўсходне-палескага этарэгіёна (турава-мазырская гаворка).

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Для вырабу дудкі патрэбны: хваёвае дрэва, сякера, востры нож, клешч (дрэва, сцябло якога раздвойваецца), бяроста, пры выпальванні — вогнішча і галінка любога лісцевага дрэва або жалезны цвік

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Веды і навыкі па вырабу традыцыйных пастухоўскіх сігнальных і музычных інструментаў, якімі валодае майстр Ф.У. Муравейка. Ён умее зрабіць пастухову трубу з кары вольхі і прадэманстраваць яе гучанне, умее вырабляць ражкі з натуральных рагоў каровы, простыя свісцёлкі для дзяцей. Падчас ігры на дудцы майстр выконвае традыцыйныя беларускія песні

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Майстр Фёдар Уладзіміравіч Муравейка з дзяцінства далучаўся да трыдыцыі вырабу дудкі і ігры на ей. Звычайна, хлопчыкі малодшага ўзросту выкручваць стрыжань са сцябла дрэва, рабілі з іх пулькі, закладалі ў трубачкі і стралялі метраў на 30. Называлі такія прыстасаванні “стрэльбачкамі”. А падрастуць — зрабіць дудку ўжо не цяжка, бо выкруціць ужо ўмеюць, а як зрабіць, каб яна гучала, падказвалі старэйшыя сваякі або суседзі. Такім чынам, тэхналогія вырабу передавалася з рук у рукі ў сям’і і ў вясковай супольнасці. Маладыя людзі, якія цікавяцца народнай музыкай, вырабляюць музычныя інструменты і іграюць на іх, прыязджаюць да Фёдара Уладзіміравіча Муравейкі і просяць навучыць іх вырабляць дудку-выкрутку, праводзяць відэа- і фотафіксацыю працэсу вырабу дудкі, распытваюць майстра пра ўсе асаблівасці працэсу. Гэта: выкладчыкі і студэнты Беларускага дзяржаўнага універсітэтата культуры і мастацтваў (майстр-клас 2017 г.), сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства (2010 г., 2014 г., матэрыялы 2010 года захоўваюцца ў архівах СЭТ, яны прадстаўлены ў дадатку), аматар традыцыйнай культуры Аляксей Крыжэвіч (2015 г.). У маі 2014 г. запіс працэса вырабу дудкі на відэакамеру быў зроблены Усовічам Міхаілам Міхайлавічам, мастацкім кіраўніком Крывіцкага СДК Салігорскага раёна. Тады ж прыехаў з Салігорска Аляксандр Бародка, кіраўнік народнага хора народнай песні “Родны напеў” Салігорскага ПК, які зацікавіўся тым, як майстар выкручвае дудку. Увесь працэс ад пошуку хвоі да поўнага вырабу дудкі, а таксама выраб пастуховай трубы з кары вольхі і дэманстрацыю яе гучання назірала метадыст па этнаграфіі і фальклору ДУК “Культурна-дасугавы цэнтр Салігорскага раёна” Антаніна Рыгораўна Данілевіч. Комплекс ведаў і ўменняў па вырабу дудкі шляхам выкручвання , якім валодае Ф.У. Муравейка адлюстраваны ў дакументальных фільмах, створаных рэспубліканскімі і рэгіянальнымі тэлекампаніямі

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Ф.У. Муравейка на дадзеным этапе вядомы адзіны вясковы майстар, які валодае комплексам ведаў і навыкаў па вырабу дудкі спосабам выкручвання. Традыцыйная мадэль перадачы элемента (ад старэйшых да малодшых унутры суполкі або сям’і ) адсутнічае, пакуль спрацоўвае сінхронная мадэль перадачы, якая прадугледжвае перадачу традыцыі праз яе дэманстрацыю як самім майстрам, так і з дапамогай СМІ. Пакуль няма трывалай пераемнасці элемента. Агульны працэс урбанізацыі ўплывае на змены ў культурным асяродку. У сувязі з паступовым знікненнем вёскі і адпаведнай культуры паступова знікаюць традыцыйныя спосабы вырабу музычных інструментаў і іх ужытак. Калі нехта з палешукоў і ўмеў некалі выкручваць дудку і можа гэта паўтарыць, то сёння не бачыць ў гэтым патрэбы. Не карыстаюцца дудкай сучасныя пастухі і іншыя жыхары вескі. Адзінкавыя майстры народных музычных інструментаў, якія ствараюць іх на заказ для самадзейных і аматарскіх калектываў і асобных выканаўцаў, вырабляюць дудку , як правіла, іншымі больш сучаснымі спосабамі. У выніку страчваецца культурны кантэкст элементу. На жаль, апошнім часам у практыцы самадзейных і аматарскіх фальклорных калектываў можна бачыць і чуць украінскія дудкі, якія маюць зусім іншае тэмбровае гучанне

Ключавыя словы

дудка-выкрутка , пастухоўская дудка

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Беларускія народныя музычныя інструменты_І.Д.Назіна.pdf

Беларускія народныя музычныя інструменты_І.Д.Назіна.pdf

Etnomuzikologicheskii film Belarusi_ golos ushedshego _ put v buduschee.pdf

Etnomuzikologicheskii film Belarusi_ golos ushedshego _ put v buduschee.pdf

Фотафіксацыя