Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Традыцыйная рэгіянальная кухня агр. Адэльск Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе):
Дата ўключэння:
№ пратакола Рады:
Шыфр (у Інвентары): НКС-150517/01

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Гродзенскі раённы метадычны цэнтр народнай творчасці і культасветработы . Адрас: вул. 17 верасня, д. 50, 230023, г. Гродна;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Традыцыйная рэгіянальная кухня агр. Адэльск Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары в. Адэльск Адэльскага с/с Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Гродзенская вобласць » Гродзенскі раён » а.г. Адэльск, Адэльскі с/с;  

Кароткае апісанне элемента:

Адэльская кухня – самабытная і нетыповая. Спосабы прыгатавання мясцовых страў будуюцца на традыцыях, якія ідуць з глыбіні стагоддзяў, з’яўляюцца жывой унікальнай праявай лакальнай культуры. Гэтыя традыцыйныя стравы ўтвараюць комплекс, у склад якога ўваходзяць паўсядзённыя (бабка і кішка бульбяная, жытні хлеб), святочныя (“капытцы”, “бігас”, “цымас”, сыр клінковы), абрадавыя (“ламанцы”) стравы. Па сваіх характарыстыках яны дзеляцца на раслінныя і нераслінныя (мясныя), посныя і скаромныя. Асабліва разнастайныя тут стравы з бульбы – бабка, дранікі, «пызы», кішка бульбяная, запечаная бульба. Адметнасцю бульбяных страў Адэльскай кухні з’яўляецца пераважнае выкарыстанне цёртай, а не цэлай, бульбы, існаванне некалькіх спосабаў прыгатавання цёртай масы, а таксама прымяненне абавязковай камбінаванай цеплавой апрацоўкі. Цэлай бульбу ўжываюць толькі ў трох відах – варанай у мундзірах, тушанай, печанай. Значнае месца ў традыцыйнай кухні Адэльска займаюць мясныя стравы, асабліва свініна і свіное сала. Стравы гатуюцца ў асноўным з буйных кавалкаў мяса вышэйшай якасці, таксама з хатняй птушкі, галоўным чынам, з гусей. Мяса сярэдняй якасці таксама выкарыстоўваюць, але толькі невялікімі кавалачкамі ў мяса-агародніных і мяса-грыбных стравах. Прасоленае свіное мяса з’яўляецца самастойнай стравай. Выкарыстоўваюцца таксама і вантробы (лівер ці вантробкі). Ведамі аб традыцыйных стравах, рэцэптуры прыгатавання валодаюць многія жыхары Адэльска, аднак на сённяшні дзень толькі ў некаторых сем’ях дадзены комплекс страў практыкуецца пастаянна. Сярод іх сем’і Мар’яны Кандрусевіч (1939 г. н.) і яе дачкі Ліліі Раткоўскай (1971 г. н.); сем’і Амеліі Іодэль (1929 г. н.), Рэгіны Саловіч (1933 г. н.) і яе дачкі Марыі Янаўны (1956 г. н.). Асноўныя носьбіты гатуюць прадстаўленыя стравы для паўсядзённага і святочнага ўласнага ўжывання, па замове аднавяскоўцаў,на святы

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйная ежа

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Старажытная рэцэптура і тэхналогія прыгатавання комплексу традыцыйных страў можа быць цікавай сучасным спажыўцам адносна наступных пазіцый: - выкарыстоўвацца ў якасці мясцовага брэнда ва ўстановах грамадскага харчавання ў час розных фестываляў і свят традыцыйнай культуры; - выкарыстоўвацца ў побыце людзей; - быць цікавай для турыстаў, уладальнікаў аграсядзіб

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Тэхналогія прыгатавання традыцыйных страў мае яркую лакальную спецыфіку і з’яўляецца часткай традыцыйнай культуры в. Адэльск, а таксама спецыфічным культурным брэндам Гродзенскага раёна. Дадзены элемент нематэрыяльнай спадчыны выкарыстоўваецца ў штодзённым жыцці і таму мае ўтылітарную функцыю.Таксама традыцыйныя стравы ўжываюцца падчас розных свят: капытцы, цымас, бігас – на Вялікдзень, Запусты, Звеставанне і інш.; на Каляды (посную куццю) – ламанцы. Тэхналогія прыгатавання страў прадстаўнікамі мясцовай абшчыны выхоўвае ў больш малодшага пакалення павагу і любоў да чалавечай працы і да яе вынікаў

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Практыцы перадачы тэхналогіі прыгатавання традыцыйных страў спрыяюць мясцовая прафзаюзная арганізацыя, райвыканкам. Спрыяе практыцы перадачы гэтага элемента аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага райвыканкама: у рамках турыстычнага маршрута па Гродзенскаму раёну арганізоўваецца дэгустацыя адэльскіх традыцыйных страў, на прадукты для якіх заўсёды выдзяляюцца сродкі. Работнікамі Адэльскага цэнтра культуры і народнай творчасці, мясцовай бібліятэкай сабраны багаты фота- і відэаматэрыял па прыгатаванню страў (бігас, кішка бульбяная, пызы, бульбяная бабка, цымас, капытцы, клінковы сыр, жытнёвы хлеб і інш.) па старадаўніх рэцэптах, якія выкарыстоўвае і транслюе працэс іх прыгатавання Лілія Антонаўна Раткоўская і іншыя носьбіты

Паходжанне элемента:

Час з’яўлення наминаваных традыцыйных страў дакладна невядомы. Са слоў жыхарак Адэльска Рэгіны Францаўны Саловіч і Мар’яны Зігмундаўны Кандрусевіч, тэхналогія прыгатавання традыцыйных страў, якой карыстаюцца па сённяшні час, бытавала ў гэтай мясцовасці здаўна. Бабулі перанялі гэта ўменне ад сваіх матуль, а тыя ў сваю чаргу – ад сваіх

Стан бытавання:

развіццё ці распаўсюджванне

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Некаторыя з паўсядзённых і святочных страў, якія рыхтуюцца па традыцыйных народных рэцэптах, прымеркаваны да традыцыйнага календара. На Каляды (першая посная куцця) па сённяшні дзень у агр. Адэльск гатуюць ламанцы як старэйшыя носьбіты мясцовай культуры, так і малодшае пакаленне. Цымас, капытцы, бігас і іншыя стравы выкарыстоўваюць амаль ва ўсе каляндарныя святы (Зялёныя святкі, Вялікдзень, Янаў дзень і інш.). Адэльская кухня, у сувязі з мясцовымі асаблівасцямі геаграфіі, аказала ўплыў на кухні суседзяў: палякаў і літоўцаў. У сваю чаргу кухні гэтых народаў у значнай меры таксама ўздзейнічалі на адэльскую, што цалкам заканамерна, так як здаўна мясцовыя жыхары падтрымлівалі цесныя гаспадарча-эканамічныя і культурныя сувязі з палякамі і літоўцамі. Элемент бытуе ў натуральным вясковым асяроддзі. Жыхары в.Адэльск захавалі сельскагаспадарчы ўклад жыцця, па-гэтаму стравы гатуюцца на аснове прадуктаў вясковага ўжывання (гародніна, садавіна, малако, мяса свойскай жывёлы)

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Паўднёва-заходні дыялект беларускай мовы з выкарыстаннем паланізмаў

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Да матэрыяльных аб’ектаў, якія звязаны з практыкай дадзенага элемента, адносяцца традыцыйнае куханнае начынне: печ, вілы, гліняны гаршчок, чыгунок, талеркі, лыжкі, нож, дзяжа, драўляная лапата, бляхі, формы, патэльня, каструля, тарка, палатняны клінок

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Традыцыйныя стравы агр. Адэльск з’яўляюцца часткай як будзённага, так і святочнага жыцця мясцовай супольнасці. Некаторыя з іх становяцца для жыхароў часткай каляднага стала, за якім збіраецца ўся сям’я

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Для элемента характэрны некалькі спосабаў перадачы. Тэхналогія прыгатавання традыцыйных страў перадаецца ад пакалення да пакалення ў многіх сем’ях вёскі Адэльск, аднак захаваннем і большай папулярызацыяй займаюцца: М. З. Кандрусевіч, Р. Ф. Саловіч, А. К. Іодэль, якія перанялі традыцыю ад сваіх маці, а тыя – ад сваіх маці. У сям’і М. З. Кандрусевіч поўнай тэхналогіяй валодае яшчэ дачка Л. А. Раткоўская, а таксама работнікі Адэльскага цэнтра культуры і народнай творчасці. Такім чынам, ажыццяўляецца традыцыйны спосаб дыяхроннай перадачы нематэрыяльнай спадчыны з пакалення ў пакаленне ў вясковай сям’і. Таксама адбываецца трансляцыя ведаў, звязаных з тэхналогіяй прыгатавання традыцыйных страў, сярод жыхароў в. Адэльск, г. Гродна, Гродзенскага раёна, Гродзенскай вобласці. Мясцовыя гаспадыні Рэгіна Францаўна Саловіч, Амелія Канстанцінаўна Іодэль, Мар’яна Зігмундаўна Кандрусевіч разам з дачкой Ліліяй Антонаўнай Раткоўскай дэманструюць тэхналогію прыгатавання ўсім жадаючым, у тым ліку гасцям з-за мяжы (Расіі, Польшчы, Літвы), суправаджаючы трансляцыю падрабязнымі тлумачэннямі і песнямі. Часта вяскоўцы і работнікі Адэльскага цэнтра культуры і народнай творчасці звяртаюцца да сям’і Рэгіны Францаўны Саловіч, каб атрымаць свежы, духмяны жытні хлеб, бабку, бульбяную кішку і іншыя стравы на святы, фестывалі і правядзенне дэгустацыі мясцовых традыцыйных страў турыстычным групам. Сваё кулінарнае майстэрства адэльчане дэманструюць на семінарах, раённых і абласных фестывалях і святах. Кожны прысутны можа не толькі візуальна пазнаёміцца з рознымі мясцовымі стравамі, але і пакаштаваць іх, набыць рэцэпт

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Ключавыя словы

стравы, рэцэптура, кухня, прадукты харчавання

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

2014-01-10 - Арэал распаўсюджвання_тэхналогі_ прыгатавання_комплексу_традыцыйных_страў_аг.Адэльск_Гродзенскі_р-н.pdf

2014-01-10 - Арэал распаўсюджвання_тэхналогі_ прыгатавання_комплексу_традыцыйных_страў_аг.Адэльск_Гродзенскі_р-н.pdf

2014-01-10 - Арэал_распаўсюджвання_Тэхналогіі прыгатавання традыцыйных страў аг.Адэльск_Гродзенскага_р-на.pdf

2014-01-10 - Арэал_распаўсюджвання_Тэхналогіі прыгатавання традыцыйных страў аг.Адэльск_Гродзенскага_р-на.pdf

Фотафіксацыя

Відэафіксацыя

Выпяканне_хлеба.mpg

Вячоркі.mpg

Традыцыйная кухня вёскі Адэльск Гродзенскага р-на Гродзенскай вобласці. МР4. (24.00).mp4

інтэрвью.mp4