Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Калядны абрад "Шчадрэц" в. Рог Салігорскага раёна Мінскай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 63БК000059
Дата ўключэння: 19/08/2009
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 28.05.2009 № 155. Пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 19.08.2009 № 1088
Шыфр (у Інвентары): НКС-140508/01

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Аддзел культуры Салігорскага райвыканкама. Адрас: вул. Казлова, 23а, 223710, г. Салігорск, Мінская вобл.;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Калядны абрад "Шчадрэц" в. Рог Салігорскага раёна Мінскай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Шчодрык

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары в. Рог Даманавіцкага с/с Салігорскага раёна Мінскай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Мінская вобласць » Салігорскі раён » в. Рог, Даманавіцкі с/с ;  

Кароткае апісанне элемента:

Абрад «Шчадрэц» з’яўляецца адметным праяўленнем лакальнай культурнай традыцыі в. Рог Салігорскага раёна, праводзіцца на багатую куццю (13 студзеня). Абрад належыць да навагодніх віншавальных абыходных абрадаў, пашыраных пераважна на тэрыторыі Беларускага Палесся. Шчадраванне адбываецца з удзелам традыцыйных маскіраваных персанажаў – дзеда, бабы, «казы», «жураўля», «каня» і інш. Маска «казы» ў абрадзе здаўна лічыцца асноўным сімвалам пладавітасці і жыццёвай энергіі. Найбольш унікальны персанаж у гурце шчадравальнікаў — дзед з яго берасцяной маскай, аналагаў якой больш няма на Беларусі. Маску вырабляюць у выглядзе шапкі, у якой бяроста злучана адмысловым спосабам («у зубчыкі»). Абрадавы гурт рухаецца па вёсцы з усходу на захад — «па сонцу», не мінаючы ніводнай хаты, апрача тых, дзе жалоба. У дадзеным тыпе абрадавага шчадравання выяўляюцца тры этапы: 1) зварот да гаспадароў з просьбай дазволіць шчадраваць, 2) выкананне абрадавага тэксту і гульні-паказу, 3) адорванне, што суправаджаецца просьбай і словамі падзякі. Значным фактарам захавання абраду ў часе выступае песенны кампанент рытуальнага абходу, увасоблены ў віншавальных «шчадроўных» песнях для гаспадара і яго сям’і, дзяўчыны на выданне, песнях, якія суправа¬джаюць рытуальныя скокі «казы». Віншавальныя напевы выконваюцца «шумна», у выгуковай манеры. Для выканальніцкага стылю ўласціва тэмбрава-дынамічная яркасць, элементы гетэрафоннай фактуры. Захавальнікамі абраду з’яўляюцца ўдзельнікі фальклорнага гурту «Палескія крыніцы» Восаўскага сельскага дома культуры. Гурт мае калектыў спадарожнік – «Ручаёк», дзе займаюцца дзеці. Маладое пакаленне з захапленнем пераймае абрадавую традыцыю і імкнецца ўдзельнічаць у абрадзе

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя цырымоніі » Абрады

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Абрад «Шчадрэц» актуальны найперш для супольнасці вёскі Рог, бо мясцовыя жыхары лічаць, што прыход шчадроўнікаў у іх хаты будзе садзейнічаць дабрабыту і здароўю ўвесь наступны год. Песні-шчадроўкі з’яўляюцца цікавым аб’ектам даследавання для спецыялістаў у галіне народна-песеннай творчасці, таксама ўяўляюць інтарэс і для студэнтаў творчых спецыяльнасцей (для развучвання на занятках).Шчадроўкі могуць пераймацца сучаснымі рэгіянальнамі народнымі ансамблямі, фальклорнымі гуртамі, асобнымі выканаўцамі, як спадчана в. Рог, бо яны выступаюць не толькі яскравым прыкладам рэгіянальнай спеўнай традыцыі, а і ўзорамі спадчыны беларускай вуснай творчасці наогул

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Абрад выконвае камунікатыўную і сацыялізуючую функцыі ў жыцці членаў супольнасці. Зараз у беларускай вёсцы, і, у тым ліку, у Рогу, адбываюцца актыўныя працэсы міграцыі – людзі сярэдняга ўзросту імкнуцца ў горад на працу, моладзь з’язджае, каб вучыцца. Многія пажылыя людзі жывуць адны і, таму, з радасцю чакаюць прыходу шчадоўнікаў, каб павесяліцца і паразмаўляць з аднавяскоўцамі. Носьбітаў традыцыі запрашаюць да ўдзелу ў рознага роду мерапрыемствах (напрыклад, гурт удзельнічаў у адкрыцці выстаўкі, прысвечанай нематэрыяльнай культурнай спадчыне Беларусі ў верасні 2010 г. у Мінску). Калядоўшчыкі дэманструюць асабліва каларытныя моманты абраду, спяваюць шчадроўкі, што з’яўляецца надзвычай цікавым для многіх гледчоў, т.я. абрад прадстаўляе сабой яркі і запамінальны перформанс. Для абраду характэрна выхаваўчая функцыя. Дзеці, якія ў ім бяруць удзел перанімаюць ад бабуль і дзядуль мясцовую народную культуру (песні, танцы), таму можна меркаваць аб наяўнасці этнавыхаваўчай функцыі. Актуальнай для абрадавай дзеі з’яўляецца і функцыя памяці – адзенне, якое апранаюць шчадроўнікі ў якасці касцюмаў, належыла яшчэ іх бацькам ці нават дзядам. Яны яго старанна захоўваюць і ганарацца ім. Так, Мікалай Мікалаевіч Хаміцэвіч (1938 г. н.), які выконвае ролю дзеда, раней апранаў кажух, што застаўся яму ад бацькі: «Этаму кажуху, еслі пасчытаць, дык я і не знаю, сколька гадоў. Бацьку падарыў гэты кажух яго цесць, а мой бацька падарыў сваёму зяцю – так перадаваўся» (запісана Р. С. Гамзовіч у час экспедыцыі ў в. Восава 19–21 сакавіка, 2009 г.)

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці, аддзел культуры Салігорскага райвыканкама, Восаўскі сельскі дом культуры, Салігорскі тэлевізійны канал

Паходжанне элемента:

Са слоў носьбітаў, абрад яны памятаюць яшчэ з дзяцінства: «Бегалі па хатах. І я потым бегала, колісь інцярэсна дзецям было» (запісана ад Т. Н. Хаміцэвіч, 1920 г. н., экспедыцыя Р. С. Гамзовіч у в. Восава 19–21 сакавіка 2009 г.); «Традыцыя ідзе вякамі. Нашы бацькі хадзілі, расказвалі, і мы хадзілі. І «Дзед» такі хадзіў» (запісана ад М. М. Хаміцэвіч, 1920 г. н., экспедыцыя Р. С. Гамзовіч у в. Восава 19–21 сакавіка 2009 г.)

Стан бытавання:

менш распаўсюджаны

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Прамежкавы стан у этнарэгіянальнай сістэме Беларусі (вёска знаходзіцца ў паўночнай частцы Беларускага Палесся, якая мяжуе з Цэнтральнай Беларуссю), аддаленасць ад буйных цэнтраў; у мінулым – бездарожжа з-за забалочанасці, замкнуты характар жыцця абумовілі захаванне тут старажытнага пласта народнай культуры. Для дадзенай тэрыторыі характэрна шырокае распаўсюджванне вырабаў з бяросты – ёмкасці для захавання вады, мёду, збору ягад. Бяросту выкарыстоўваюць для захавання вокнаў і пчаліных вуллёў ад вільгаці. Таму лагічным падаецца выбар бяросты ў якасці матэрыялу для вырабу абрадавай маскі «дзеда»

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Паўднёва-заходні дыялект беларускай мовы

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Для дзеда і бабы ў старэйшых людзей просяць з куфроў даўняе саматканае адзенне: суконныя світкі, нагавіцы, спадніцу (андарак), кашулі і галаўныя ўборы. Калі штосьці аказваецца падраным або пашкоджаным моллю – не бяда. Гэтых персанажаў апранаюць не вельмі прыгожа і чыста — ведама ж, старыя, то і адзенне ў іх старое. Бабе па-даўняму павязваюць хустку, даюць торбу праз плячо. На ролю дзеда выбіраюць высокага мужчыну, апранаюць у вывернуты доўгі кажух, у рукі даюць бярозавы кій з чырвоным бантам зверху, а на галаву надзяваюць берасцяную шапку-маску. Маска персанажа «дзед» у калядным абрадзе на Шчодры вечар — адзіная ў Беларусі на сённяшні дзень. У Рогу маска робіцца ў выглядзе шапкі-цыліндра, верхняя частка якой уяўляе выяву крыжа (сімвал сонца). Цыліндр утвараецца з дзвюх палос бяросты. Як і сама шапка, крыж зроблены з «левага» боку бяросты, мае бежава-карычневы колер. У шапцы прарэзаны дзіркі для вачэй і рота, а нос зроблены з морквы, прыклеенай да шапкі, бровы намаляваныя чорным алоўкам ці фарбай.Шапка-цыліндр вырабляецца з цэльнага куска бяросты, загатоўленага вясной, калі кара добра аддзяляецца ад дрэва. Выразаюць дзве калоды (чуркі) даўжынёй больш як 35 см (кожны, хто робіць маску, прымярае на сябе, якой даўжыні яна павінна быць), адна шырэйшая за другую. Звычайна робяць гэта з аднаго дрэва без сучкоў. Дзве калоды выразаюцца адна за другой, таму адна будзе трошкі шырэйшай. Зверху цэльны кусок кары пакрываецца другім слоем такой жа кары, толькі вывернутым унутраным («левым») бокам. Каб верхні слой добра, шчыльна трымаўся, яго робяць з большага кавалка. Кару распарваюць, робяць шоў у «пальцы» (з аднаго бока шва — дзіркі, з другога — «пікі», якія заходзяць у гэтыя дзіркі). Высахне верхні слой і ляжа шчыльна. Паколькі далёка не кожны можа зрабіць такую, маску берагуць. Ляльку-пудзіла «казы» робяць са скуры забітай козачкі, набіўшы яе саломай. У «ножкі» ўстаўляюць драўляныя палачкі, каб стукаць імі па падлозе (рытуальныя скокі казы). «Казе» павязваюць бант «для форсу». «Казу» ў руках нясе старэйшая жанчына, апранутая ў вывернуты кажух, павязаная хусткай з макатрасамі, у лапцях. На шыю «казе» вешаюць званочак.«Журавель» — гэта кій з крывым канцом замест дзюбы, пакрыты белай прасціной. «Жураўля» нясе высокі мужчына або жанчына, пакрыўшыся прасціной зверху.Двое мужчын робяць Каня, накрыўшыся прасціной ці посцілкай. Галава «каня» зроблена як самастойная лялька з лейцамі. Яна можа выкарыстоўвацца з прасціной і без яе (калі ўваходзяць у хату, «каню» мала месца, тады прасціну скідаюць). Адзін чалавек ідзе, трымаючы ляльку каня, другі, сагнуўшыся, трымае яго за пояс ззаду. Да прасціны ці посцілкі прывязваюць хвост, але часам абыходзяцца і без яго. У хаце той, хто трымае каня, становіцца як бы яго кіроўцам і просіць для яго аўса, кіруе «дзеяннямі каня» ў абрадзе. Да шыі «каня» навязваюць званок — кіроўца ўвесь час рухае ляльку, каб быў чуваць гук званка.«Баба-засявальніца» апранута ў нацыянальны строй. З плячом у яе – кайстра (палатняная торба), у якую насыпана зерне жыта. Жанчыны-шчадрухі апранаюцца ў нацыяналыіыя строі сваёй работы. Ролю «механошы» выконвае самы старэйшы ў гурце мужчына. «Механоша» звычайна ў світцы, галоўная яго задача – насіць мех з падарункамі. «Зорканоша» нясе калядную зорку

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Для традыцыі шчадравання характэрны яркі музычны змест. Гэта песенныя віншаванні для гаспадара і яго сям’і («Ці ўдома, ўдома сам пан гаспадар?», «Ой, устань, устань, сам пан господар!», «Ой, над рэкою, над глыбокою»), дзяўчыны на выданне («Ой, рано-рано й куры попелі»), песня, якая суправаджае скокі Казы («Вой, ну-ну, каза») і інш.Усе песенныя віншаванні аб’яднаны адзіным меладычным стрыжнем – тыпавым політэкставым напевам, для якога ўласцівы святочная інтанацыя, кварта-квінтавы ладава-меладычны комплекс, вытрыманая рытмавая структура на аснове 10-складовага вершарадка з зацягваннем кожнага пятага складу. Абавязковую частку песенных віншаванняў складаюць выгуковыя рэфрэны-воклічы (С[в]яты вечор, с[в]яты Васілё[к]!). У спеўным артыкуляванні раскрываецца мясцовая дыялектная спецыфіка, своеасаблівасць моўных гаворак паўночных тэрыторый Беларускага Палесся.Таксама ў час разыгрывання каляднай дзеі ў хаце скачуць «Лявоніху» і «Барыню»

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Свае веды аб абрадзе і не толькі ўдзельнікі «Палескіх крыніц» перадаюць калектыву-спадарожніку «Ручаёк» Восаўскага сельскага дома культуры, які ўтвораны ў 2002 г. Удзельнікамі калектыву з’яўляюца вучні Чырвонавозерскай школы-сада. На сумесных рэпетыцыях, якія праходзяць у хаце старэйшых удзельнікаў гурту Таццяны Навумаўны і Васіля Гаўрылавіча Хаміцэвіч, дзеці з захапленнем пераймаюць традыцыйную народную культуру. Абрад «Шчадрэц» яны пачыналі праводзіць разам са старэйшым пакаленнем – з дарослым фальклорным калектывам, але вось амаль ужо дзесяць год былыя і цяперашнія ўдзельнікі калектыву «Ручаёк» самі ходзяць шчадраваць. Абрад перанімаюць таксама і вучні Краснабярэжскай сярэдняй школы-садка, у чым ім дапамагае настаўнік школы А. Л. Дубіцкі

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

- Сталы ўзрост асноўных удзельнікаў абраду; - міграцыя насельніцтва вёскі;- адсутнасць сістэмнай пераемнасці ў кірунку вырабу важнага атрыбута абраду – маскі «дзеда»;- неналаджанасць працы са СМІ

Ключавыя словы

Шчодры вечар, Каляды, дзед, маска, шчадроўкі

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

ноты_да_песняў_1-5.pdf

ноты_да_песняў_1-5.pdf

ноты_да_песні_6.pdf

ноты_да_песні_6.pdf

рэпертуар_Палесскіх_крыніц.pdf

рэпертуар_Палесскіх_крыніц.pdf

характарыстыка_на_калектыў_Палесскія_крыніцы.pdf

характарыстыка_на_калектыў_Палесскія_крыніцы.pdf

характарыстыка_на_калектыў_Ручаёк.pdf

характарыстыка_на_калектыў_Ручаёк.pdf

шчадроўкі_тэксты.pdf

шчадроўкі_тэксты.pdf

Фотафіксацыя

Аўдыёфіксацыя

Шчадрэц_Рог_Восава-Ой, над ракою, над глыбокою.mp3:

Шчадрэц_Рог_Восава-Ой, над ракою, над глыбокою-converted.mp3

Шчадрэц_Рог_Восава-Ой, но-но, каза, гой, но-но, сіва.mp3:

Шчадрэц_Рог_Восава-Ой, но-но, каза, гой, но-но, сіва-converted.mp3

Шчадрэц_Рог_Восава-Ой, ну-це, ну-це, не говорыце.mp3:

Шчадрэц_Рог_Восава-Ой, ну-це, ну-це, не говорыце-converted.mp3

Шчадрэц_Рог_Восава-Ой, рано-рано куры попелі.mp3:

Шчадрэц_Рог_Восава-Ой, рано-рано куры попелі-converted.mp3

Шчадрэц_Рог_Восава-Ой, устань-устань сам пан-гаспадар.mp3:

Шчадрэц_Рог_Восава-Ой, устань-устань сам пан-гаспадар-converted.mp3

Шчадрэц_Рог_Восава-Ці ў дома-дома сам пан-гаспадар.mp3:

Шчадрэц_Рог_Восава-Ці ў дома-дома сам пан-гаспадар-converted.mp3