Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Абрад “Насіць намётку” в. Папшычы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 23Б0000086
Дата ўключэння: 02/08/2016
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 20.01.2014 № 210. Пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 02.08.2016 № 607
Шыфр (у Інвентары): НКС-140729/01

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

ДУ «Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці». Адрас: вул. Леніна, 35а, г. Віцебск;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Абрад “Насіць намётку” в. Папшычы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

намётка, насіць намётку

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары в. Папшычы Удзелаўскага с/с Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Віцебская вобласць » Глыбоцкі раён » в. Папшычы Удзелаўскага с/с;  

Кароткае апісанне элемента:

Абрад “Насіць намётку” жыхароў в. Папшычы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці з’яўляецца мадыфікацыяй старажытнага абыдзённага абраду. Штогод на свята Спаслання Духа Святога на апосталаў «Зялёныя свёнткі» жыхары вёскі Папшычы збіраюцца, каб пранесці намётку. Практыка здзяйснення гэтага абраду не перапынялася ад моманту ўзнікнення. Абрад распачынаецца адмысловым спевам «Krуlu nieba wysokiego», пасля чаго выстройваецца працэсія і разгортваецца адрэз палатна — намётка — даўжынёй 5—6 метраў, якую трымаюць найбольш маладыя члены супольнасці, а па магчымасці — дзеці. Мясцовыя жыхары, якія сабраліся ў вёсцы ля крыжа, дзе пачынаецца абрад, кладуць на намётку ахвяру. Сёння гэта грошы. Намётку праносяць над маленькімі дзецьмі і іх бацькамі, што заклікана паўплываць на іх здароўе і дабрабыт. Пасля са спевамі працэсія накіроўваецца праз усю вёску да капліцы на могілкі. Шлях працэсіі, да якой далучаюцца іншыя жыхары Папшычаў, няблізкі. Калі намётку прыносяць на могілкі, яе асвячаюць. Там жа адбываецца Святая імша, падчас якой намётку трымаюць разгорнутай. Усе, хто прыехаў на могілкі і не ішоў у працэсіі, кладуць сваю ахвяру. Пасля імшы намётку ахвяруюць на патрэбы парафіяльнага касцёла ў вёсцы Удзела. Вяскоўцы вераць у сілу абраду: «Ну, нічога ж у вёсцы было, нічога надта. Ні вісільнікаў ніколі не было, нічога»

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя цырымоніі » Абрады

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Дадзены абыдзённы абрад з’яўляецца адным з тых нямногіх, якія захаваліся ў жывой форме прыкладаў здзяйснення абыдзённых абрадаў на Беларусі. Абрад захоўвае выкананне рэдкага спеву “Królu nieba wysokiego”. У пасіўнай форме абрад захоўвае тэхналогію стварэння абрадавага палатна. Яго вывучэнне дазваляе атрымаць звесткі для рэканструкцыі і разумення феномена абыдзённага абраду

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Здзяйсненне абраду ўяўляе сабой калектыўнае ахвяраванне вышэйшым сілам. Намётка ўспрымаецца як калектыўная ахвяра ўсіх жыхароў вёскі. Гэта ахвяра здзяйсняецца для падтрымання паспяховага існавання мясцовай супольнасці, заклікана для засцярогі вяскоўцаў ад магчымых катаклізмаў. Вяскоўцы падтрымліваюць веру ў незвычайную моц намёткі, у тое, што яна ахоўвае ўсю вёску. Здзяйсненне абыдзённага рытуала спалучаецца з ушанаваннем продкаў, спрыяе выхаванню ў новых пакаленняў паважлівых адносін да продкаў і захаванню сваёй культурнай адметнасці. Важнай з’яўляецца функцыя самаідэнтыфікацыі мясцовай супольнасці. Здзяйсненне абраду спрыяе вылучэнню культуры вясковага соцыума як цікавай і ўнікальнай, што склалася ў своеасаблівым мясцовым ландшафце. Акрамя таго, абрад выступае магутным кансалідуючым фактарам для мясцовай супольнасці

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Практыцы перадачы элемента спрыяе каталіцкі касцёл, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі

Паходжанне элемента:

Абрад “Насіць намётку” в. Папшычы ўяўляе сабой мадыфікацыю старажытнага абыдзённага абраду. Выраб і ахвяраванне абыдзённага палатна сустракаўся па ўсёй тэрыторыі пражывання беларусаў і складаў адметнасць беларускай этнічнай культуры. Пераважна абыдзённік вырабляўся аказіянальна, у крызісныя сітуацыі (мор свойскай жывёлы, пажары, эпідэмічныя хваробы) і толькі ў рэдкіх выпадках пераходзіў у склад каляндарнай абраднасці, атрымліваў сталую дату правядзення. Так адбылося з абыдзённым абрадам у в. Папшычы. Першапрычына, якая выклікала яго да жыцця, гэта, хутчэй за ўсё, хвароба. Найбольшую цікавасць уяўляе сведчанне Марыі Францаўны Кушнярэвіч, 1941 г. н.: “Нашто носяць, гэтак нашыя бацькі казалі. Ну, гэта яшчэ не знаю, да вайны, ці гэта… Страшная хвароба была – халера. Усіх людзей сплош радам. Ну, што рабіць? Ужо тут блізка і гэта… Сабралася вёска. За ноч выткалі палатно. Ну, якое там што ў каго было зняслі там і выткалі. І што рабіць? Ля вёскі была дарога вакруг даўней, круга вёскі хадзілі. Ну сабраліся ўсе і пашлі гэтай [дарогай]. І ружанец і мадлітвы і пашлі круга вёскі ўжо прасіць Бога, каб абараніў ад гэтай халеры. І праз нескалька, ну, і цішына. Ніякія ўжо [не ўміралі]. У Зялезьках уміралі, там радам гэтыя. Уміралі, уміралі. Тады некаму тут са старых саснілася, гэта, хвароба. Кажыць: “Чаго ты прычапілася?!” (Ну, дзе ўміралі) Ідзі ў Папшычы! (Што тут ніхто не ўміраіць). Кажыць: “Не пайду. Там рыжы сабака круга вёскі лётаіць”. Ну і ніхто не памёр”. Пасля цудоўнага выратавання вёскі ад хваробы абрад пачалі праводзіць штогод. Жыхары абыходзілі вёску з вытканым за ноч палатном і пасля з працэсіяй накіроўваліся ў парафіяльны касцёл у в. Мосар. Там палатно клалі на алтар і служылі на ім Святую імшу. Падчас працэсіі на палатно клалі ахвяраванні. “Давалі, усё давалі. І грошы давалі, і воўну давалі, я ж помню, як гэта во Жалудзіха, навяжуць і Людзіна баба гэткі звязак воўны нясуць на афяру. І мацерыю якую” (Раманчук Ірына Антонаўна, 1943г. н.). Палатно павінны былі несці дзеці. Намётку маглі праносіць над маленькімі дзецьмі і іх бацькамі. Здзяйсняўся абрад і ў савецкі час, нягледзячы на забароны і штрафы, якія выплочвала ўся вёска. Намётку таемна неслі на могілкі, а адтуль у в. Мосар. Марыя Пятрага сведчыць: “Гэта ж было даўна. Як я прыйшла тут усе рабілі, і я тое”. Пасля дадае, што прыйшла ў вёску ў 1962 г. Новы перыяд у існаванні абраду пачынаецца ў канцы 1980-ых – пачатку 1990-ых, калі ў Мосар для выканання святарскай паслугі прыязджае ксёндз Ёзас Булька: “… А патом прыйшоў Булька, і гэта ўсё абнавілася. Як ужо Булька явіўся сюда, усё вазабнавілася і тады сталі і мы насіць ужо. Хто можыць ішлі (Пятрага Марыя Пятроўна, 1941 г. н.)”. Практыка здзяйснення абраду не перапынялася

Стан бытавання:

пад пагрозай знішчэння

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Абрад існуе на сённяшні дзень у не вельмі спрыяльных для яго захавання ўмовах. У наш час дзяцей школьнага ўзросту ў вёсцы няма. Бытаванне абраду знаходзіцца пад пагрозай знікнення, нягледзячы на пакуль яшчэ актыўны ўдзел старэйшых вяскоўцаў. Амаль усе інфарманты выказваюць клопат пра будучае папшыцкай намёткі: “Як будзіць каму, пакуль жывём, дык няхай жа носюць. Але яно, выміраець вёска. Усе нашы ў Вудзеле дзеці, усе. Там садзік, там школа, там медпункт…” (Кушнярэвіч Марыя Францаўна, 1941 г. н.); “Няма каму ўжо насіць. Ужо ані нет дзяцей, ані. Ну толька як прыедуць. Во якая работа” (Пятрага Марыя Пятроўна, 1941 г. н.)

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Гаворка паўночна-заходняга дыялекта гаворак віцебска-магілёўскага тыпу, польская мова

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Адрэз палатна даўжынёй 5-6 метраў, які штогод набываецца жыхарамі, грашовыя ахвяраванні

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

З практыкай здзяйснення абыдзённага абрада ў в. Папшычы звязана выкананне спеву “Królu nieba wysokiego”, якое адбываецца тры разы на пачатку:Królu nieba wysokiego,Boże Abrahama cnego:Racz wejrzyć na ludzkie plemię,A daj urodzaj na ziemię. Aby znał lud Twój prawdziwy,Żeś Ty jest Bóg litościwyA my Cię za ten dar wielki,Będziem wielbić na czas wszelki.Zlitujże się nad strapionymLudem, krwią Twą odkupionym,Zlitujże się zlituj Panie,Niech się łaska Twoja stanie

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Абрад перадаецца ад пакалення да пакалення шляхам непасрэднага штогадовага ўдзелу ў ім усёй вясковай супольнасці. Уключэнне ў супольнасць (шлюб, пераезд на сталае жыхарства ў Папшычы) таксама спрыяе засваенню абраду новымі носьбітамі

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Існаванне абыдзённага абраду знаходзіцца пад пагрозай па наступных прычынах:- старэнне насельніцтва вёскі і адсутнасць новага пакалення, якое магло б практыкаваць элемент;- рэдукцыя абраду ў сувязі з пераходам в. Папшычы з Мосарскай ва Удзелаўскую парафію

Ключавыя словы

абрад, намётка, касцёл, шэсце

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Вітебские_вести.pdf

Вітебские_вести.pdf

Глыбоччына нечаканы ракурс.pdf

Глыбоччына нечаканы ракурс.pdf

Фотафіксацыя

Відэафіксацыя

Абрад_Насіць_Намётку.avi