Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Традыцыі шанавання Святога каменя (в. Крамянец, Янушкавіцкі с/с, Лагойскі р-н, Мінская вобл.)

Шыфр (у Дзяржаўным спісе):
Дата ўключэння:
№ пратакола Рады:
Шыфр (у Інвентары): НКС-131025/01

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Лагойскі раённы арганізацыйна-метадычны цэнтр аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Лагойскага райвыканкама. Адрас: вул. Харчанкі, д. 32, 223141, г. Лагойск, Лагойск р-н, Мінская вобл.;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Традыцыі шанавання Святога каменя (в. Крамянец, Янушкавіцкі с/с, Лагойскі р-н, Мінская вобл.)

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Святы камень (сучасныя жыхары), Раней – Святы камень, Богаў, Дажбог

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары в. Крамянец Янушкавіцкага с/с Лагойскага р-на Мінскай вобл. Святы камень ушаноўваецца найперш жыхарамі в. Крамянец (мясцовая назва – Крамéнец) Янушкавіцкага пасялковага савета Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Часам да яго прыязджаюць жыхары навакольных вёсак (вв. Янушкавічы, Мышкавічы, Калачы Янушкавіцкага с/с, в. Гаравец Зарэчанскага с/с Лагойскага раёна і інш.) або людзі здалёк (з усёй Беларусі, а таксама з Украіны, Прыбалтыкі і Расіі), каб палячыцца або на яго паглядзець

Арэол распаўсюджвання:

Мінская вобласць » Лагойскі раён » в. Крамянец, Янушкавіцкі с/с;   Мінская вобласць » Лагойскі раён » в. Янушкавічы, Янушкавіцкі с/с;   Мінская вобласць » Лагойскі раён » в. Мышкавічы, Янушкавіцкі с/с;   Мінская вобласць » Лагойскі раён » в. Гаравец, Зарэчанскі с/с;  

Кароткае апісанне элемента:

Жыхары в. Крамянец называюць камень Святым і ходзяць да яго раніцай у першы дзень Вялікадня, на Сёмуху, Яблычны Спас, Пакроў, прыносячы дары ў выглядзе традыцыйных абрадавых страў, грошы і інш. Дзве вялікія авальныя лункі на камені называюць “божымі слядамі”, вада ў іх пасля дажджу лічыцца святой, ёю лечацца. Кажуць, што найбольш вада ў іх дапамагае ад хвароб вачэй. Абракаюцца ля каменя ў любы час. Некаторыя ходзяць да яго ў нядзелю, чыста апрануўшыся, як у царкву. Многія, ідучы ў лес і з лесу, пакідаюць ля яго частку назбіраных грыбоў або ягад, кветкі. Цяпер наведваюць падчас сямейных урачыстасцяў – маладыя пасля вяселля, госці імянінніка ў дзень яго нараджэння, у іншых выпадках. У засуху ўдовы выклікаюць дождж, адкаціўшы з-пад каменя каменьчыкі і, падважыўшы камень на вялікіх калах у рост чалавека, пакідаюць іх уваткнутымі ў зямлю пад каменем. Не пазней, як на трэці дзень, пойдзе дождж. Калі ён ужо не патрэбны – калы вынімаюць і дробныя каменьчыкі падкочваюць на месца пад камень. Дадзеная практыка шанавання каменя ў в. Крамянец унікальная для краіны, бо дайшла ў жывой традыцыі да нашага часу. Мясцовая супольнасць лічыць камень сваёй святыняй, старэйшыя жыхары далучаюць да практыкі шанавання дзяцей і унукаў, такім чынам перадаючы традыцыі ў сям’і. Існуе і пераемнасць сярод дарослых жыхароў супольнасці: да каменя пачынаюць хадзіць людзі, што пераехалі ў Крамянец ужо ў сталым узросце, да рытуалу выклікання дажджу далучаюцца маладыя ўдовы, якія, пакуль муж быў жывы, не хадзілі да каменя

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Светапогляд людзей, міфалогія

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Сакральная функцыя каменя (носьбітамі традыцыі лічыцца, што дае здароўе, дождж, дабрабыт) застаецца цікавай для сучаснікаў. Прыехаць палячыцца можа любы чалавек, але далучыцца да цырымоніі выклікання дажджу асобам, якія не з’яўляюцца часткай мясцовай супольнасці, магчыма выключна са згоды супольнасці. Таксама камень цікавы як прыродны аб’ект, бо ён узяты ў 1987 г. пад ахову дзяржавы як камень-следавік перыяду бронзавага веку. З гэтай нагоды ля каменя пастаўлены ахоўны знак, чым вельмі ганарацца жыхары Крамянца, ахвотна дэманструюць знак сваім гасцям з іншых мясцін. Жыхарам Лагойскага раёна будзе цікава даведацца больш пра Святы камень праз публікацыі ў прэсе, Інтэрнэт, дакументальныя фільмы, непасрэднае наведванне гэтага месца. Раённыя ўлады зацікаўлены ў развіцці турызму ля гэтай мясціны, на што жыхары в. Крамянца далі згоду. Сярод беларускіх турыстаў, моладзі, што цікавіцца гісторыяй і краязнаўствам, узрастае цікавасць да аб’ектаў сакральнай геаграфіі Беларусі. Яны таксама стануць патэнцыяльнымі спажыўцамі інфармацыі пра Святы камень. Сучасная практыка шанавання каменя арыгінальная таму, што дайшла ў жывой традыцыі да нашага часу

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Для жыхароў в. Крамянец Святы камень – святыня, якую шанавалі продкі ў пэўныя дні народнага календара, ахвяруючы яму традыцыйныя абрадавыя стравы, аброчныя палотны, аўчыны, грошы, лячыліся ля яго. Тут яны і зараз лечацца, абракаюцца і выклікаюць дождж у засуху, вераць, што камень дае ім дабрабыт і здароўе. Сучасныя жыхары вёскі Крамянец – праваслаўныя хрысціяне, яны моляцца ля каменя, збіраюць прынесеныя яму грошы і адносяць у царкву, яны папрасілі святара паставіць ля яго крыж і асвяціць гэтае месца, таму што да яго пачалі прыходзіць і прыязджаць чужыя людзі. Для жыхароў Крамянца Святы камень з’яўляецца памяццю продкаў, але не супярэчыць іх сучасным рэлігійным вераванням – яны ўпэўнены, што сляды на камені пакінуты Богам у даўнія часы, таму для іх гэтае месца святое. Да каменя заходзяць каталіцкія паломнікі, што ідуць штогод у Будслаў на фэст у гонар Маці Божай Будслаўскай. Цікавасць да святыні в. Крамянец праяўляе і маладое пакаленне ад жыхароў старэйшага пакалення, што будзе садзейнічаць яе захаванню і пераемнасці традыцый ушанавання. Вельмі істотная сацыяльная функцыя камяня сёння – гэта яднанне супольнасці вёскі, усіх пакаленняў, перадача традыцый маладзейшым, а таксама тым людзям, якія пераехалі на сталае месца жыхарства ў Крамянец або купілі хаты і ўчасткі зямлі пры іх пад дачы, былым жыхарам вёскі, якія жывуць у Мінску, а летам – у родных бацькоўскіх хатах. Некаторыя бабулі па стане здароўя ўжо зрэдку выбіраюцца за межы ўласнага падворку, але правядзенне абраду выклікання дажджу стала адной з істотных нагод сустрэчы ля Святога каменя. Адукацыйная функцыя: інфармацыя пра валун спатрэбіцца падчас складання школьных праграм па краязнаўстве Лагойшчыны

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Лагойскага райвыканкама апякуецца каменем-следавіком, але толькі як помнікам прыроды перыяду бронзавага веку. Ля каменя ўстаноўлены ахоўны знак, а ў вёсцы – указальнік, у якім напрамку ісці да каменя. Лагойскі краязнаўчы музей зрабіў у 2010 г. запіс на відэакамеру аповедаў жыхароў в. Крамянец пра традыцыю шанавання Святога каменя, узяў на сябе клопаты па падрыхтоўцы дакументаў на наданне гэтаму элементу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. (файл 2010-09-01_Szanawannie kamiania_Kramianiec_MACNT) Метадычны цэнтр Мінскай вобласці і яго спецыяліст па традыцыйнай культуры Алена Ляшкевіч дапамагае раёну ў зборы матэрыялаў і афармленні дакументаў. Сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства з Мінска зрабілі летам 2012 года відэазапіс і фатаграфіі падчас рытуалу выклікання дажджу ля Святога каменя (файл 2012-11-30_Szanawannie kamiania_Kramianiec_SET.mpg)

Паходжанне элемента:

Здаўна жыхарамі вёскі і наваколля камень лічыцца святым. Яго так і называюць – Святы камень. Іншай назвы сучасныя жыхары не памятаюць. У 1980-х гг. месца даследаваў доктар геолага-мінералагічных навук з НАН Беларусі Эрнест Ляўкоў, а таксама геолагі Аляксандр Карабанаў і Валерый Вінакураў. Тады 74-гадовая жыхарка Крамянца Зося Рогач расказала, што камень таксама называлі Богаў, Дажбогаў. Хадзілі да яго на Вялікдзень, на Яна, Яблычны Спас, па нядзелях. На Вялікдзень ішлі да ўсходу сонца і неслі чыроныя яйкі, пірог, грошы. Мылі твар, вочы, ногі. У засуху да каменя ішлі 9 удоў, высякалі калы ў рост чалавека і падважвалі імі камень – на трэці дзень ішоў дождж. Каб спыніць ужо непатрэбны дождж, калы вымалі з-пад каменя.Той, хто прыходзіў да каменя, спачатку клаў ахвяру (грошы, палатно, кветкі, хлеб, яблыкі, пернікі). Расказала Зося Рогач і пра тое, што ў Бабрах некалі пан будаваў дом і вырашыў пакласці камень у падмурак. Але камень “плакаў”, зрабіўся сырым, а дом пачаў гніць, сталі хварэць сямейнікі. Аднойчы пан убачыў сон, у якім камень прасіў адвезці яго на месца. Пан назаўтра павёз яго назад. Да хаты яго ледзь давезлі чацвёра коней, а назад лёгка справіўся адзін. Мясцовыя жыхары сведчаць, што раней ля валуна былі капліца і крынічка, вада з якой лічылася вельмі чыстай і карыснай, святой. Леановіч Л.А. кажа “Гэта ж святое ўсё каля каменя. Так было спрадаўна. Потым яшчэ бацюшка пасвяціў”. Рогач Я.А. расказвае паданне пра паходжанне выемак на камяні: “Мне людзі гаварылі. Спускаўся Бог, спусціўся з неба, апусціўся, пастаяў, падняўся, апяць пайшоў, адкуль прыйшоў. Сляды асталіся. …Відаць там, два следа”. Леановіч Л.А. дадае: “А трэці <след> маленькі. Апёрся, можа, рукой?” Змітрок Бядуля ў 1911 г. зафіксаваў у вёсцы падобнае паданне, але па яго звестках ступіў на камень не Бог, а “нейкі святы”, і ад гэтага засталіся не толькі сляды на камені, але і крыніца “адчынілася”. Жыхарка Крамянца Соф’я Мардас, 1951 г.н., перадае паданне, пачутае ёю ад свёкра Івана Андрэевіча Мардаса 1912 г г.н.: “На кладбішчы будавалі капліцу, і поп захацеў пры ёй зрабіць святыню. На 4 парках коней прывезлі Святы камень і паклалі ў фундамент. Эта ж спрадвеку людзьмі перадаецца! І пайшоў дождж. І такі, што проста немагчыма. Тады некаму прысніўся сон, у ім камень гаварыў, што будзе столькі ісці дождж, пакуль ён поўнасцю не схаваецца ў ваду. А кладбішча ў нас на гары, высока… Тады пагрузілі камень і адвезлі на месца – толькі адной парай коней. І дождж сціх”. Раней валун выконваў некаторыя функцыі царквы, да яго хадзілі на Вялікдзень, ля яго ладзілі кірмашы. Не толькі праваслаўная, але і каталіцкая царква вызнала крамянецкі валун святыняй. Каталікі, што жылі раней у Крамянцы, ставілі на камень абразкі. Вакол валуна выбрукавана пляцоўка з меншых камянёў. Бабулі не памятаюць гэтай пляцоўкі з дзяцінства. Маленькія камяні былі ачышчаныя падчас раскопак Э.Зайкоўскага, сам валун таксама быў крыху падняты, ачышчаны ад зямлі. Мясцовыя жыхары-старажылы расказваюць, што на захад да пляцоўкі прымыкаў выступ трапецыяпадобнай формы, таксама складзены з камянёў. Пакуль былі ў абароце капейкі, іх “сыпалі на камень цэлымі кучамі”. (Спіс пісьмовых крыніц і копіі артыкулаў у дадатку)

Стан бытавання:

пад пагрозай знішчэння

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Лагойшчына багатая на камяні, што былі прынесены са Скандынавіі апошнім ледавіком. Шмат камянёў у старажытнасці былі надзелены сакральным значэннем. Цікава, што па мясцовых уяўленнях звычайныя камяні растуць, а Святыя – не. З 1987 г. Святы камень як помнік прыроды перыяду бронзавага веку ахоўваецца дзяржавай. Вялікая колькасць камянёў у рэгіёне, у тым ліку "сакральных", абумовіла трывалае развіццё і захаванне традыцыі шанавання камянёў-следавікоў

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Гаворка Полацка-мінскага тыпу Паўночна-ўсходняга дыялекту асноўнага тыпу

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Рытуальныя ахвяры валуну: На Спас валуну ахвяруюць яблыкі, на Вялікдзень – чырвоныя яйкі, кавалкі велікоднай булкі. У несвяточны дзень кладуць кветкі, грыбы, ягады, яблыкі, грошы. Часам заходзяць да валуна проста ідучы ў лес. Калі няма нічога з сабой, кладуць на камень хоць галінку. Адзенне захавальнікаў традыцыі шанавання Святога каменя: Калі да валуна ідуць адмыслова, а не па дарозе ў лес, то звычайна прыбіраюцца, як у царкву. Калі прыходзяць на святы, то ў святочным адзенні. Рытуальныя прадметы: Для абраду выклікання дажджу высякаюцца драўляныя калкі ў рост чалавека, на якіх падымаюць камень. У апошнія гады, калі абрад спраўлялі 4–5 жанчын, высякалі 2 калкі на ўсіх, але гэта ўжо сведчыла пра затуханне традыці. Даўней і ў 2012 г. было па калку ўдзельніцу абраду, павінна быць па традыцыі ўсяго 9 удоў. Рытуальная пляцоўка: Пляцоўка вакол валуна выбрукавана маленькімі камянямі, якія таксама з’яўляюцца часткай капішча. Важна захаваць гэтую брукоўку разам з валуном, забараніць чапаць дробныя валуны вакол Святога каменя. Добра было б аднавіць агароджу вакол каменя і зрабіць веснічкі, як гэта было раней, ачысціць калодзеж. Усё гэта – асяроддзе, у якім захоўваўся Святы камень пры памяці жыхароў канца XX і пачатку XXI ст. Пры ўзяцці пад ахову мясцовых легенд і рытуалаў каля Святога каменя неабходна ўзяць пад ахову усю пляцоўку, паколькі да гэтага часу помнікам прыроды лічыцца толькі валун-следавік. Важна абазначыць гэтую мясціну як Крамянецкае свяцілішча. Звесткі пра Святы камень, паданні пра яго і пра традыцыі шанавання змясціць на шчыце пад дахам, узведзеным над веснічкамі. Тут жа, ля ўваходу на агароджаную пляцоўку, змясціць яшчэ адзін ахоўны знак, які будзе сведчыць, што традыцыі шанавання Святога каменя на Крамянецкім свяцілішчы – гэта нематэрыяльная гісторыка-культурная спадчына, узятая пад ахову дзяржавы

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Мясцовыя легенды: Перш за ўсё гэта мясцовыя легенды, звязаныя са Святым каменем. Яны аднатыпныя: вучаць, што камень нельга рушыць з таго месца, дзе ён знаходзіцца, бо ён прынясе хваробы і няшчасці, вільгаць ў хату, калі яго пакласці ў падмурак, а калі на іншае месца, то будзе “плакаць да той пары, пакуль вада не пакрые яго поўнасцю”. Святы народнага календара: Народны каляндар і звязаныя з ім традыцыі захоўваюцца сёння толькі ў памяці старэйшага пакалення захавальнікаў традыцыі. Святы народнага календара, па якіх ходзяць да валуна, гэта Вялікдзень, Сёмуха, Ян, Яблычны Спас і Пакроў. Такім чынам, гэта ўсё вялікія святы цёплай пары года. Важна, каб на вёсцы або ў навакольных школах гэтыя святы неяк па традыцыі адзначаліся. Вядома, што Купалле спраўлялі на гары над ракой. На Вялікдзень і зараз ходзяць да Святога каменя да таго, як сядуць разгаўляцца дома. На Яблычны спас носяць яблыкі, як і даўней

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Далучэнне да шанавання валуна адбываецца праз сям’ю і вясковую супольнасць. У канцы XX ст. праводзіліся экскурсіі для вучняў Крамянецкай школы да каменя як геалагічнага і гістарычнага аб’екта, цяпер вядзецца праца па ўзнаўленню такой практыкі ў школах раёна (школа цяпер не дзейнічае, бліжэйшая школа знаходзіцца ў вёсцы Калачы)

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

1. Дэмаграфічная сітуацыя ў в. Крамянец і Лагойскім раёне ў цэлым, як і паўсюдна ў сельскай мясцовасці Беларусі, не спрыяе пераемнасці духоўнай спадчыны. У вёсцы шмат дачнікаў з Мінска, а дзяцей вельмі мала – школа была зачынена ў 2000 годзе. Праўда, у вёсцы будуецца сучасная ферма, для работы на ёй прыязджаюць людзі з іншых мясцовасцей. Але яны не могуць шанаваць валун так, як людзі, якія тут нарадзіліся і выраслі, якія захоўваюць традыцыі сваіх продкаў. 2. Узаемаадносіны з царквой. Будучы праваслаўнымі хрысціянамі, мясцовыя людзі ўшаноўваюць Святы камень цяпер як гісторыка-культурную каштоўнасць (звязаную з жыццём іх бацькоў, дзядоў і прадзедаў). Але і дахрысціянскія павер’і, звязаныя з ім (што да яго трэба прыносіць ахвяры, што ён лечыць, прыносіць дабрабыт і шчасце, што з яго дапамогай можна выклікаць дождж), таксама актуальныя – па традыцыі, як і іх продкі. Для іх гэта рэлігійная святыня, бо на Святым камені, лічаць яны, Божыя сляды. Гісторык Людміла Дучыц называе такую з’яву народным хрысціянствам. Такім чынам, Святы камень можна лічыць помнікам народнага хрысціянства. 3. У памяці жыхароў сціраюцца легенды пра Святы камень. Трэба вярнуць іх у свядомасць маладзейшых пакаленняў. 4. Умешванне іншых супольнасцяў у традыцыі жыхароў вёскі. Крамянецкі валун шырока вядомы ў вузкіх колах аматараў мінуўшчыны як адзінае на Беларусі дзейснае свяцілішча паганскага паходжання. Звесткі пра яго можна знаўсці ў інтэрнэце. Такі статус вабіць да каменя прадстаўнікоў рознага роду неаязычніцкіх суполак. Ёсць факты іх грубага ўмяшальніцтва ў традыцыі жыхароў вёскі Крамянец, звязаныя з шанаваннем Святога каменя. Яны навязваюць мясцовым жыхарам сваё бачанне гэтага аб’екта і без іх згоды спраўляюць ля каменя рытуалы, якія могуць пашкодзіць святыню. Яны ўчынілі здзек з праваслаўнага крыжа, які жанчыны ўстанавілі ля каменя разам са святаром, паклаўшы яго на сцяжынку ля каменя і ўсадзіўшы ў яго сякеру. Пасля таго, як жанчыны вярнулі крыж на месца, чужынцы ўвогуле яго некуды аднеслі. Да таго ж, не ўсе з людзей, што прыязджаюць у Крамянец, каб проста паглядзець на камень, ведаюць, як правільна сябе паводзіцьу гэтым месцы, як шанаваць камень, што на яго класці. Апошнія два гады на бярозу ля каменя нейкія наведвальнікі навязалі стужкі, што мясцовыя жыхары ніколі не рабілі і лічыць, што гэта неправільна. 5. У Крамянцы няма ўстаноў культуры і школы, якія маглі б апекавацца валуном на месцы

Ключавыя словы

Сакральная тапаграфія, культ камянёў, Лагойшчына

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Фотафіксацыя

Відэафіксацыя

Шанаванне_каменя_Лагойскі _раён.mpg