Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Абрад “Намскі Вялікдзень” (в. Аброва, Івацэвіцкі р-н, Брэсцкая вобл.)

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 13БК000060
Дата ўключэння:
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Навукова-метадычнай рады ад 18.11.2009 г. № 162; Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21.09.2010 г. № 1351
Шыфр (у Інвентары): НКС-131022/01

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Абрад “Намскі Вялікдзень” (в. Аброва, Івацэвіцкі р-н, Брэсцкая вобл.)

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары в. Аброва Бродніцкага с/с Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Брэсцкая вобласць » Івацэвіцкі раён » в. Аброва, Бродніцкага с/с;   Брэсцкая вобласць » Івацэвіцкі раён » в. Аброва;  

Кароткае апісанне элемента:

Абрад “Намскі Вялікдзень” праводзіцца штогод у чацвер Велікоднага тыдня і з’яўляецца адметным праяў¬леннем лакальнай культурнай традыцыі в. Аброва Івацэвіцкага раёна. Ён належыць да так званых «заветных празнікаў» ці аброчных дзён, свят, якія былі ўстаноўлены як падзяка або аброк Богу за дапамогу жыхарам вёскі пры ўзнікненні эпідэмій, мору, засухі і інш. Першапрычынай жа ўстанаўлення свята ў Аброва з’явілася збаўленне вёскі ад хваробы і смерці дзяцей, якое здарылася на пачатку ХХ ст. Тады, каб выратаваць сваіх дзяцей, жыхары вырабілі за адну ноч аброчны ручнік і разам з іконай Божай Маці здзейснілі хрэсны ход вакол вёскі, пасля чаго хвароба адступіла. З той пары ў чацвер на велікодным тыдні абраз Маці Божай – Храніцелькі аброўскай, у спецыяльнай хатцы (ківоце) выносіцца з Міхайлаўскай царквы і разам з харугвамі і крыжам “абыходзіць” у святочнай працэсіі двары вёскі. Абрад «Намскі Вялікдзень» аброўцаў з’яўляецца жывой і актуальнай традыцыяй, якая спалучае народныя абрадавыя элементы з хрысціянскай духоўнасцю, адлюстроўвае спецыфічна вясковую ментальнасць і сістэму каштоў¬насцей лакальнай вясковай супольнасці

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Светапогляд людзей, міфалогія » Праваслаўныя цырымоніі

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Сёння для сталых аброўцаў “Намскі Вялікдзень” – гэта не проста дзеянне, а частка іх саміх, іх жыцця, без чаго немагчыма ўявіць сваё будучае. Аброўцы шчыра вераць, што менавіта гэты абрад ахоўваў раней і засцерагае вёску сёння ад бед

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Аддзел культуры Івацэвіцкага раённага выканаўчага камітэта

Паходжанне элемента:

“Намскі” – такога слова ў слоўніку няма, але для жыхароў в. Аброва яно ёсць і мае вялікі сэнс. “Намскі” – значыць намі заложаны, нам дадзены. Некалі аброўцамі быў заложаны яшчэ адзін Вялікдзень – у чацвер пасля Вялікадня. І завецца ён – Намскім Вялікаднем. Вялікдзень, народжаны ў горы і пакутах, праз смерці дзяцей і слёзы бацькоў. Сёння ў Аброве дакладна ні хто не памятае, у якім годзе гэта адбылося, але дакладна “за польскім часам”, у 20-х гг. мінулага стагоддзя. Раптам нейкі мор напаў на вёску і сталі паміраць дзеці. Дарослыя не хварэлі, а дзяцей хавалі штодзень. І не ведалі ўжо што рабіць, да якіх дактароў звяртацца, да якіх знахароў ісці. І тады падказалі старыя людзі: трэба жанчынам вёскі сабрацца разам на адну ноч, каб ноч нітак напрасці, нассукаць і саткаць рушнік, а мужчынам зрабіць хатку (ківот), каб можна было чацвярым несці. У зробленую за ноч хатку трэба паставіць абраз Маці Божай, укрыць яе сатканым ручніком і да ўсходу сонца абысці вакол усю вёску не абмінаючы ніводнай хаты, ніводнага двара. Так і зрабілі. За адну ноч напралі нітак, на ссукалі і саткалі ручнік, змайстравалі хатку і да ўсходу сонца тройчы абышлі ўсе двары. І мор адступіў. Перасталі паміраць дзеці. З таго часу кожны год па вёсцы Аброва праходзіць святочная працэсія. Аброва засталася ў Вялікую Айчынную вайну адной з тых вёсак, якім пашанцавала: не спалілі яе карнікі, хоць гарэлі вёскі навакол, не было і масавых расстрэлаў. І ў гэтым бачаць аброўцы моц сваёй Маці Божай-Абараніцелькі, бо і ў тыя страшныя гады ліхалецця насілі хатку з абразом па вёсцы. Традыцыя жыла да 1958 г. – потым былі гады атэізму і цэлае пакаленне аброўцаў вырасла без гэтай традыцыі, аднак ужо ў 90-х гг. XX ст. традыцыя была адноўлена. Нейкі час ікону насілі без хаткі-ківота, потым – у руках дзве дзяўчынкі-падлеткі. Цяпер жа хатку носяць жанчыны сталага ўзросту

Стан бытавання:

менш распаўсюджаны

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Ікона Маці БожайІкона Маці Божай знаходзіцца ў Міхайлаўская царкве ў в. Аброва Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. “Храніцелька наша” – так кажуць аброўцы аб выяве Маці Божай на гэтым абразе.Гэта адзін з самых каштоўных абразоў у Аброўскай царкве, і месца ён займае асобнае. Для абраза змайстравана спецыяльная хатка (ківот), а, прымацаваўшы спецыяльныя парэнчы, яго носяць ад двара да двара ў час абраду.З’явіўся гэты абраз у Аброве па няпэўных звестках недзе ў 1922 г. Падараваў яго царкве нашчадак памешчыка Казлянінаў, па словах, зрабіўшы надпіс на адваротным баку. З 1960-х гг. царква ў Аброве была зачынена. І толькі ў 1990-х гг. намаганнямі веруючых пачалося адзнаўленне царквы. За гэтыя гады пустуючую царкву рабавалі тройчы. Украдзена было ўсё каштоўнае, а абраз, у адмысловым акладзе, застаўся нечапаным.“Намскія ручнікі” для іконы Маці БожайУ першыя гады, выносячы хатку з царквы, абраз Маці Божай укрывалі даматканымі доўгімі чырвона-паласатымі ручнікамі. Цяпер выкарыстоўваюць ручнікі вышываныя. Мясцовыя жанчыны ахвяруюць кожны год новы ручнік на абраз, а леташні вешаюць у царкве. Ніякага спецыяльнага арнаменту, вышываючы ручнік, жанчыны не прытрымліваюцца.Міхайлаўская царкваАдметная і Міхайлаўская царква, дзе збіраюцца аброўцы да пачатку абраду. Яна пабудавана з дрэва ў 1860 г. і мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Будынак царквы складаецца з асноўнага прамавугольнага ў плане аб’ёму з трохграннай алтарнай часткай і шатровай вежай-званіцай, злучаных нізкім бабінцам. Асноўны аб’ём даха мае двухскатныя пераходы. Сцены вертыкальна абшытыя дошкамі (зараз “шалёўкай”). Асноўнае зальнае памяшканне завершана корабавым зводам. Велікодныя стравыМясцовыя жыхары сустракаюць хрэсны ход сталом, на якім знаходзяцца: хлеб (каравай), соль, яйкі, цукеркі

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Малітвы, спевы пеўчых, якія ўдзельнічаюць у працэсіі

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Непасрэдна ў шэсці бяруць удзел жанчыны сярэдняга і сталага ўзросту. Аднак у дзяцей таксама ёсць магчымасць спрычыніцца да абраду – яны разам з бацькамі, бабулямі і дзядулямі сустракаюць працэсію каля сваіх хат. Мясцовыя жыхаркі кажуць, што калі б спатрэбілася, то і зараз за ноч змаглі б саткаць ручнік-абярэг. Сваё майстэрства яны перадаюць малодшаму пакаленню аброўцаў. У Аброўскім доме культуры адкрыта Школа народнай творчасці, дзе мясцовыя дзеці навучаюцца майстэрству ткацтва ручнікоў. Вучыць іх мясцовая жыхарка Ніна Тысевіч на сваіх кроснах, якія перадала дому культуры

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

- Сталы ўзрост асноўных удзельнікаў абраду; - міграцыя насельніцтва вёскі

Ключавыя словы

Вялікдзень, аброк, Божая Маці, царква

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Матэрыялы выкананай фіксацыі абрада Намскі Вялікдзень у в. Аброва.pdf

Матэрыялы выкананай фіксацыі абрада Намскі Вялікдзень у в. Аброва.pdf

Фотафіксацыя

Відэафіксацыя

Намскі Вялікдзень_ТРК Брэст_праграма Край.mp4