Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Традыцыя ткацтва паясоў у Валожынскім раёне

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 63Б0000105
Дата ўключэння: 02/08/2016
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 03.042013 № 20, Пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 02.08.2016 № 607
Шыфр (у Інвентары): НКС-131021/02

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Ракаўскі цэнтр фальклору. Адрас: а.г. Ракаў, Ракаўскі с/с, Валожынскі р-н, Мінская вобл.;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Традыцыя ткацтва паясоў у Валожынскім раёне

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Тканне паясоў “на ніту”, “на нагу”, “на назе”

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары Валожынскага раёна Мінскай вобласці, а.г. Сакаўшчына, а.г. Ракаў

Арэол распаўсюджвання:

Мінская вобласць » Валожынскі раён » а.г. Ракаў, Ракаўскі с/с;   Мінская вобласць » Валожынскі раён » а.г. Сакаўшчына, Сакаўшчынскі с/с;  

Кароткае апісанне элемента:

Традыцыя ткацтва паясоў на Валожыншчыне адметная тэхналогіяй ткацтва “на ніту” – раней распаўсюджаная па ўсёй тэрыторыі Беларусі, але менавіта ў Валожынскім раёне захаваная носьбітам традыцыі Марыяй Мікалаеўнай Стасяловіч. Цікавы спосаб замацавання нітак падчас ткання: аснова не прывязваецца да нерухомага прадмета для стварэння нацяжэння, а замацоўваецца на таліі і выцягнутай назе ткачыхі. Гэта дазваляе ткаць там, дзе няма зручнага прадмета для мацавання асновы. Валожынскія паясы – гэта вузкія ўзорыстыя “тасёмкі”. Шырыня паяскоў не перавышае 2 см. Яны рознакаляровыя і выраблены як з ільняных і шарсцяных нітак хатняга прадзення, так і з пакупных баваўняных нітак. Пераважаюць адценні барвовага, белага альбо шэрага і ружовага колераў. Дапаўненнем служаць ніткі чорнага, зялёнага, жоўтага, фіялетавага колераў і інш. Арсенал арнаментальных элементаў валожынскіх паясоў мае шмат агульнага з паясамі суседняй Гродзенскай вобласці (гісторыка-культурны рэгіён Панямонне), аднак ён з’яўляецца вузейшым. Канцы паясоў аздабляюцца прыгожымі кутасамі, кароткімі ці доўгімі махрамі. Валожынскія паясы актыўна выкарыстоўваюцца мясцовай супольнасцю: адноўлены мясцовы строй у сладзе якога важнае месца займае пояс, з выкарыстаннем паяскоў здзяйсняюцца вясельныя абрады, дзейнічаюць 2 гурткі па ткацтве для дзяцей. Носьбіт традыцыі – Марыя Мікалаеўна Стасяловіч, яе вучні і іншыя жыхары Сакаўшчыны і Ракава з пашанай і гонарам ставяцца да дадзенай традыцыі і лічаць яе неад’емнай часткай мясцовай культуры, якую трэба захоўваць і перадаваць нашчадкам

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя рамёствы » Ткацтва

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Традыцыйныя паясы ўвогуле і валожынскія, тканыя “на ніту”, у прыватнасці ўтрымліваюць вялікі патэнцыял для пераймання ўзораў сучаснай тэкстыльнай прамысловасцю. Можа быць перанятая як тэхналогія, так і арнаментыка, асаблівасці кампазіцыі, колеравага вырашэння.Пры дапамозе традыцыйных ці стылізаваных паяскоў можна ўнесці яркі і запамінальны акцэнт у інтэр’ер. Паясы могуць стаць як утылітарнымі элементамі (напрыклад, падвязкі для трымання фіранак), так і выконваць адначасова ці толькі дэкаратыўную функцыю. Такім чынам могуць быць аформленыя самыя розныя інтэр’еры: устаноў культуры і адукацыі, аграсядзіб, пунктаў грамадскага харчавання, прыватнага жытла.На тэрыторыі Валожынскага раёна бытаваў касцюм Вілейскага строю. Пояс з’яўляецца часткай адноўленага строю канца ХІХ – пач. ХХ ст. Сённяшнія крэатыўныя модніцы набываюць паясы як аксесуар да сучасных строяў. Творчыя калектывы Валожыншчыны выкарыстоўваюць паясы як элемент свайго сцэнічнага касцюма

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Страціўшы свае ўтылітарныя і абрадавыя функцыі, пояс сёння ўсё больш прыцягвае да сябе ўвагу як твор мастацтва. Тэхналогію ткацтва “на ніту” выкарыстоўваюць ткачыхі-аматаркі, што ткуць паясы на замову для людзей, што цікавяцца беларускай традыцыйнай культурай, хочуць мець поўны народны касцюм. Прадпрыемствы тэкстыльнай вытворчасці робяць паясы-сувеніры, часам стылізаваныя, выкарыстоўваючы прыёмы традыцыйнага ткацтва. Пры Сакаўшчынскім сельскім доме культуры створаны пакой-музей пояса Валожынскага рэгіёна. У экспазіцыі сабраны паясы майстроў Валожыншчыны. Музей выконвае захавальную, дэманстратыўную і адукацыйную функцыі. Кожны можа там даведацца пра поясапляценне на Валожыншчыне. Дзеці, што займаюцца ў гуртку “Чароўныя паясы” пры Сакаўшчынскім СДК, часта наведваюць пакой-музей, такім чынам арыентуючыся на лепшыя ўзоры паясоў Валожыншчыны. У сувязі з развіццём аграсядзіб на Валожыншчыне, якія ўключаны ў турыстычныя маршруты, пояс стаў запатрабаваны як сувенірная прадукцыя. Паясы прапануюцца як падарункі з надпісамі віншаванняў і пажаданняў, закладкі для кніг, абярэгі з імёнамі. Такія сувеніры набываюцца і наведвальнікамі Валожынскага раённага краязнаўчага музея, дзе паясы займаюць пачотнае месца як музейна-выставачныя экспанаты. Вельмі істотная функцыя культурнай памяці – людзі ганарацца тым, што ўмеюць ткаць так, як іх бабулі і прабабулі, што ўдзельнічаюць у трансляцыі ведаў наступнаму пакаленню. Калектыў мастацкай самадзейнасці Сакаўшчынскага сельскага дома культуры і заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны фальклорны калектыў “Гасцінец” Ракаўскага цэнтра фальклору прапануюць правядзенне вясельнага абраду з выкарыстаннем традыцыйных паясоў, якімі абвязваюць маладых. Такія паясы становяцца абярэгам маладой сям’і, могуць выкарыстоўвацца падчас жаніцьбы наступнага пакалення

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Аддзел культуры Валожынскага райвыканкама, Валожынскі раённы Цэнтр культуры, Ракаўскі цэнтр фальклору, Сакаўшчынскі сельскі дом культуры Валожынскага раёна Мінскай вобласці; Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці

Паходжанне элемента:

У валожынскіх паясах, як і ў беларускіх наогул, пераважалі адценні барвовага, белага альбо шэрага і ружовага колераў. Дапаўненнем служылі ніткі чорнага, зялёнага, жоўтага, фіялетавага і іншых колераў. Паясы былі неабходнай часткай касцюма і важным атрыбутам сямейнай і каляндарнай абраднасці. Яшчэ ў пасляваенныя гады ў Валожынскім раёне дзяўчыне перад вяселлем трэба было назапасіць паясы (па словах майстрыхі Стасяловіч Марыі Мікалаеўны дзяўчына павінна была наткаць іх каля сотні): “Каждая дзеўка далжна, пакуль ісці замуж, каб былі паясы натыканыя, – казала Алена Канапелька, 1935 г.н., з в. Гарадзечна, якая выходзіла замуж у 1958 г. – Паясы, як я ткала на запас, скручывала на клубок, і гэты клубок ляжаў. А после, як маё врэмя прыйшло, мне нада было – там я іх разматывала і ўжо выбірала, каму куды які” (зап. У 2008г.). Па сведчанню Ірыны Іосіфаўны Яблонскай, 1940 г.н., жыхаркі в. Пупчы, калі сватаўся хлапец да дзяўчыны, на заручынах ён даваў нарачонай ляльку, якую яна павінна была падперазаць поясам. У вёсках Маршалкі і Сівіца, калі да дзяўчыны прыходзілі сваты, у знак згоды на шлюб яна давала ім ручнік з бутэлькай, якія перавязвала поясам. Падчас вяселля маладая накрывала каравай ручніком і клала паясок, абавязкова выкарыстоўвала паясы ў якасці падарункаў у адпаведныя моманты вясельнага абраду: павінна была завязаць пояс на венік або пакласці пояс таму, хто падмятаў хату, калі яна ішла па ваду да калодзежа. Паясамі маладая адорвала таксама музыкаў, што гралі на вяселлі. Паясок яна вешала на дугу конскай вупражы, калі выязджала з дому да шлюбу

Стан бытавання:

пад пагрозай знішчэння

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Для фарбавання нітак, у т.л. тых, з якіх ткалі паясы, даўней выкарыстоўвалі прыродныя матэрыялы. Арнаментыка пояса, тканага “на ніту”, дыктуецца тэхналагічнымі асаблівасцямі яго вырабу, пэўным парадкам перапляцення нітак. У Валожынскіх паясах не выкарыстоўваюцца выявы навакольнага свету (расліны, жывёлы), як часамі ў посцілках. Арнамент выключна геаметрычны

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Пры ткацтве пояса выкарыстоўваліся наступныя мясцовыя назвы ўзораў: “грабелькі”, “ланцужок”, “калодачка”, “вароняе вочка”, “пруцік”, “васьмёрка”, “крыжачок”, “сырчык”, “кілішак”. “капыцік”, “лукатка”, “гусіная лапка”, “несканчоны”, “рачок”, “крываножка”. Гэтыя словы – частка мясцовай гаворкі Цэнтральнабеларускай дыялектнай зоны

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

- дошка даўжынёй прыкладна 1,5 м, на якой снуюць аснову для пояса; - палачка для навязвання ніта (“конік”); - ніткі

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Пояс шырока выкарыстоўваўся ў сямейных абрадах. Калі сватаўся хлапец да дзяўчыны, на заручынах ён даваў нарачонай ляльку, якую яна павінна была падперазаць поясам. Калі да дзяўчыны прыходзілі сваты, у знак згоды на шлюб яна давала ім ручнік з бутэлькай, якія перавязвала поясам. Падчас вяселля маладая накрывала каравай ручніком і клала паясок, абавязкова выкарыстоўвала паясы ў якасці падарункаў у адпаведныя моманты вясельнага абраду. На сённяшні дзень адноўлены абрад вяселля: калектыў мастацкай самадзейнасці Сакаўшчынскага сельскага дома культуры і заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны фальклорны калектыў “Гасцінец” Ракаўскага цэнтра фальклору прапануюць правядзенне вясельнага абраду з выкарыстаннем традыцыйных паясоў, якімі абвязваюць маладых. Такія паясы становяцца абярэгам маладой сям’і, могуць выкарыстоўвацца падчас жаніцьбы наступнага пакалення.Пояс выкарыстоўваўся і ў радзіннай абраднасці: поясам (спавічом) спавівалі немаўлят “каб ножкі роўненькія былі”. На хрэсьбінах бабка-павітуха абвязвала поясам гаршчок з яешняй.Зафіксавана выкарыстанне паясоў у каляндарнай абраднасці: узорыстым поясам абвівалі вербачку, якую свяцілі на Вербніцу ў царкве. На Юр’я такім паяском абкручвалі рогі каровы, калі ў першы раз выганялі яе на пашу

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Старэйшы носьбіт традыцыі – Марыя Мікалаеўна Стасяловіч – навучыла ткаць сваіх аднавяскоўцаў і работнікаў устаноў культуры раёна. Традыцыі ткацтва паясоў “на ніту” сёння пераймаюць дзеці. У Ракаўскім цэнтры фальклору дзейнічае гурток “Ткачыкі”, у Сакаўшчынскім СДК – гурток “Чароўныя паясы”. Кіраўніцы гурткоў перанялі майстэрства ткацтва паясоў у М.М. Стасяловіч ужо у сталым узросце. Існуе вялікі інтарэс да тэхнікі ткацтва “на ніту” і сярод іншых работнікаў клубных устаноў раёна, сярод жыхароў вёскі Сакаўшчына. Пакой-музей валожынскіх паясоў, створаны пры Сакаўшчынскім СДК, таксама адыгрывае немалую ролю па папулярызацыі і перадачы элемента як у мясцовай супольнасці, так і сярод турыстаў, што часамі наведваюць установу.Вопыт Валожынскага раёна па аднаўленню тэхнікі ткацтва паясоў “на ніту” можа быць экстрапаляваны як добрая практыка на ўсю тэрыторыю Беларусі

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

1. Традыцыйныя паясы “на ніту” мала ўключаныя ў працу сучаснай традыцыйнай прамысловасці, на сувеніры звычайна ткуць стылізаваныя вырабы па спрошчанай тэхналогіі.2. У беларускім грамадстве няма развітай культуры нашэння народных строяў (у т.л. паясоў) на святы, як гэта распаўсюджана ў краінах Паўночнай Еўропы. Народнае адзенне сёння носіць моладзь, захопленая народнымі традыцыямі, і старыя бабулі ў глухіх куточках Палесся.3. Многае ў тэхналагічным ланцужку стварэння пояса на сённяшні дзень страчана. Майстрыхі выкарыстоўваюць у асноўным крамныя ніткі тыпу “ірыс”, якія больш простыя ў рабоце, але не адпавядаюць традыцыйным. Паясы атрымліваюцца празмерна яркімі, гладкімі. Такімі ніткамі зручна ткаць, хто яшчэ толькі вучыцца. Каб зрабіць пояс больш набліжаным да традыцыйнага варта выкарыстоўваць адпаведныя шарсцяныя ніткі. Вядома, самапрадзеныя ніткі сёння вырабіць складана.4. Дзеці пераймаюць майстэрства ткацтва паясоў “на ніту” падчас па-зашкольнага навучання ў двух гуртках пры ўстановах культуры раёна. Для паспяховай трансляцыі тэхналогіі ткацтва пажадана, каб дзейнічала больш гурткоў, каб заняткі па ткацтве былі ўключаны ў праграмы мясцовых школ. 5. Ткацтва пояса на Валожыншчыне патрабуе далейшага грунтоўнага вывучэння

Ключавыя словы

паясы, ткацтва, Панямонне

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Буклет пра валожынскія паясы.pdf

Буклет пра валожынскія паясы.pdf

Выкарыстаныя_крыніцы_валожынскія паясы.pdf

Выкарыстаныя_крыніцы_валожынскія паясы.pdf

Газетныя публікацыі пра валожынскія паясы 2007-2009.pdf

Газетныя публікацыі пра валожынскія паясы 2007-2009.pdf

З выдання Традыцыйная мастацкая культура беларусаў пра валожынскія паясы.pdf

З выдання Традыцыйная мастацкая культура беларусаў пра валожынскія паясы.pdf

Папку падрыхтавалі_валожынскія паясы.pdf

Папку падрыхтавалі_валожынскія паясы.pdf

Спіс_інтэрв_ю_валожынскія паясы.pdf

Спіс_інтэрв_ю_валожынскія паясы.pdf

Валожынскія паясы-А. Ляшкевіч-Сакральныя функцыі.pdf

Валожынскія паясы-А. Ляшкевіч-Сакральныя функцыі.pdf

Культура № 20 ад 18.05.2013 г.-валожынскія паясы.pdf

Культура № 20 ад 18 мая 2013 г.-валожынскія паясы.pdf

Народны майстар Беларусі М.М. Стасяловіч_Т.В. Ланько-валожынскія паясы.pdf

Народны майстар Беларусі М.М. Стасяловіч_Т.В. Ланько-валожынскія паясы.pdf

Ткацтва Міншчыны. Гісторыя і сучаснасць (Валожынскі раён)_Х.С. Лямбовіч-валожынскія паясы.pdf

Ткацтва Міншчыны. Гісторыя і сучаснасць (Валожынскі раён)_Х.С. Лямбовіч-валожынскія паясы.pdf

Фотафіксацыя

Аўдыёфіксацыя

2013-валожынскія паясы-інтэрв'ю_Алена Шастак-Ракаў.mp3:

2013-валожынскія паясы-інтэрв'ю_Алена Шастак-Ракаў-converted.mp3

2013-валожынскія паясы-інтэрв'ю_Анастасія Адамчыкава-Сакаўшчына .mp3:

2013-валожынскія паясы-інтэрв'ю_Анастасія Адамчыкава-Сакаўшчына -converted.mp3

2013-валожынскія паясы-інтэрв'ю_Вераніка Роцкая-Сакаўшчына .mp3:

2013-валожынскія паясы-інтэрв'ю_Вераніка Роцкая-Сакаўшчына -converted.mp3

2013-валожынскія паясы-інтэрв'ю_Людміла Зенько-Сакаўшчына.mp3:

2013-валожынскія паясы-інтэрв'ю_Людміла Зенько-Сакаўшчына-converted.mp3

2013-валожынскія паясы-інтэрв'ю_Марыя Мікалаеўна Стасяловіч-Сакаўшчына.mp3:

2013-валожынскія паясы-інтэрв'ю_Марыя Мікалаеўна Стасяловіч-Сакаўшчына-converted.mp3

2013-валожынскія паясы-інтэрв'ю_Наталля Феліксаўна Хаванская-Сакаўшчына.mp3:

2013-валожынскія паясы-інтэрв'ю_Наталля Феліксаўна Хаванская-Сакаўшчына-converted.mp3

2013-валожынскія паясы-інтэрв'ю_Субісюк Тацьцяна-Сакаўшчына.mp3:

2013-валожынскія паясы-інтэрв'ю_Субісюк Тацьцяна-Сакаўшчына-converted.mp3

2013-валожынскія паясы-інтэрв'ю_Хрысьціна Станіславаўна Лямбовіч-Ракаў.mp3:

2013-валожынскія паясы-інтэрв'ю_Хрысьціна Станіславаўна Лямбовіч-Ракаў-converted.mp3