Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Абрад «Юр’е» (в. Ахонава, Дзятлаўскі р-н, Гродзенская вобл.)

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 43АК000062
Дата ўключэння: 21/09/2010
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 01.07.2009 № 156. Пастанов Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21.09.10 № 1351
Шыфр (у Інвентары): НКС-131018/02

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці. Адрас: вул. Савецкая, 8, 230025, г. Гродна, ;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Абрад «Юр’е» (в. Ахонава, Дзятлаўскі р-н, Гродзенская вобл.)

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Юр’я

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары в. Ахонава Таркачоўскага с/с Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Гродзенская вобласць » Дзятлаўскі раён » в. Ахонава, Таркачоўскі с/с;  

Кароткае апісанне элемента:

Aбрад прымеркаваны да старажытнага земляробчага свята Юр’я, якое адзначаецца 6 мая ў гонар св. Юрыя — заступніка свойскай жывёлы. Абрад з’яўляецца абыходным і вылучаецца выразнымі лакальнымі адметнасцямі сярод бeлapycкix Юр’еўскіх абрадаў. Акрамя традыцыйнай земляробчай i жывёлагадоўчай тэматыкі тут прысутнічае шлюбны змест. Абрадавая дзея суправаджаецца развітым цыклам Юр’еўскіх абрадавых велічальных i прымеркаваных да абраду пазаабрадавых лірычных песень, якія характарызуюцца разнастайнасцю і мастацкімі вартасцямі тэкстаў i мелодый. Тэматыка абраду звязана з першым пасля зімы выганам жывёлы ў поле. Пасля Юр’я пачынаюцца палявыя работы, па стане надвор’я на Юр’я мяркуюць, што больш трэба сеяць і інш. Абрадавая дзея праводзіцца ў два этапы — увечары 5-га мая адбываецца «сустрэча Юр’я», 6-га — «провады Юр’я». Абрад пачынаецца з шэсця жанчын, якія спяваючы рухаюцца па вёсцы: спачатку ідуць да ўпрыгожанага крыжа ў пачатак вёскі, дзе адна з жанчын звяртаецца да Святога Юр’я, і спяваюць юр’еўскія песні. Паступова да крыжа падыходзяць іншыя жыхары вёскі, і потым усе прысутныя накі¬роўваюцца да другога крыжа ў канцы вёскі. Пасля шэсця адбываецца віншавальны абход двароў маладых пар, у час якога спяваецца велічальная песня маладой жонцы, за што маладая пара праз плот кідае тканы пояс і адорвае пачастункамі ўдзельнікаў абраду. Гэты пояс разрываюць на кавалкі і захоўваюць як абярэг. Павіншаваўшы ўсе маладыя пары, удзельнікі абраду збіраюцца разам у адной хаце, спяваюць песні і частуюцца. На наступны дзень жанчыны-ўдзельніцы абраду сустракаюцца каля крыжа ў пачатку вёскі, каб правесці Юр’ю песняй «Праважаем Юр’я за сяло». Гэта традыцыя з сакральнымі функцыямі ў Ахонава захавалася ў дастаткова поўным і разгорнутым выглядзе, дзякуючы трывалай яе перадачы

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя цырымоніі » Абрады

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Абрад «Юр’е» ў сучаснай супольнасці в. Ахонава выконвае некалькі функцый: 1. Сакральная функцыя выражана ў закумуляванасці ў абрадавай дзеі клопату аб будучым ураджаі, прыплодзе, дастаку ў доме і сям’і, шлюбе, здароўі. Кавалкі поясу, што кідаюць праз плот маладыя пары ўдзельнікам абраду, выконваюць ролю абярэгаў для жывёл і людзей. Лічыцца, што яны дзейнічаюць ад сурокаў. 2. Супольнасць жанчын, набываючы адзіныя мэты, аб’ядноўваецца. 3. Абрад дапамагае наладзіць камунікацыю ўнутры супольнасці. 4. Актуальнай з’яўляецца функцыя рэгуляцыі ўнутранага жыцця супольнасці-носьбіта. 5. Непасрэдна абрадавая дзея, яе музычна-паэтычнае напаўненне, самабытнае выканальніцкае майстэрства жанчын разам утвараюць унікальны феномен, які адлюстроўвае лакальныя асаблівасці культуры і служыць ідэнтыфікатарам мясцовай супольнасці

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

ДУК «Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці»

Паходжанне элемента:

Стан бытавання:

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Вёска Ахонава – старажытная. Першыя звесткі пра яе адносяцца да XVII ст., калі вёска належыла Канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Сапегу. Здаўна тут сфарміраваўся своеасаблівы ўклад жыцця, важнае месца ў якім займалі і займаюць жывёлагадоўля і земляробства. Таму бытаванне абраду «Юр’я» ў пачатку XXI ст. звязана з сельскагаспадарчымі працамі і арыентавана на атрыманне посьпеху ў гэтым занятку. Абрад праходзіць у натуральных вясковых умовах. Неабходна захоўваць традыцыйную планіроўку вёскі, якая дазваляе праходзіць яе ад пачатку і да канца ў час абраду (святочнае шэсце ідзе да аднаго крыжа, што стаіць у пачатку вёскі, затым – у іншы канец вёскі да другога крыжа, пасля адбываецца абыход усіх двароў, дзе ёсць маладыя шлюбныя пары)

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Жаночы строй в. Ахонава:Кашуля з прамым рукавом на манжэце з адкладным востравугольным каўнерам (разрэз пазуxi – 7 см; зашпільваецца на 1 гузік). На каўнеры, на грудзях i ў верхняй частцы рукава ідзе вышыўка гладдзю чырвонага i чорнага колеру з раслінным арнаментам.Гарсэт чорнага колеру прыталены падоўжаны, зашпільваецца на 4 гузікі, выраз падоўжаны авальны. На гарлавіне па лініі засцёжкі i таліі – вышыўка гладдзю з раслінным арнаментам.Фартух кроены з аднаго кавалка палатна са скругленым нізам. На лініі злучэння завязкі з фартухам знаходзяцца пяць складак невялікага памеру. Фартух аздоблены крыжыкавым арнаментам расліннага характару (чырвонага i чорнага колераў).Спадніца цёмна-бэзавага колеру запрасаваная ў шырокія складкі. На спадніцу нашыты зверху i знізу тры рознакаляровыя стужкі.Галаўны ўбор – тканая ў клетку хустка.Яшчэ адным атрыбутам абраду з’яўляецца тканы пояс, які ўдзельнікі абыходу атрымліваюць ад маладых пар або іх бацькоў. Пояс рвецца на кавалачкі, што дзеляцца паміж усімі прысутнымі і захоўваюцца як абярэгі дома

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Да абраду прымеркаваны комплекс абрадавых і пазаабрадавых песень, якія характарызуюцца багатым паэтычным зместам, гнуткасцю і багаццем унутрыскладовай арнаментыкі напеваў. Песні выконваюцца распеўна і працягла. Выканальніцкі стыль носьбітаў абраду вельмі самабытны і неардынарны. Песні ўвогуле дастаткова рэдка суправаджаюць гэта свята. Іх наяўнасць у Ахонаўскім абрадзе робіць яго адметным. Гэта такія песні, як: «Да мы Юр’я сустрачаем», «Ой, на вуліцы камень», «Маладая малодачка», «Ой, Юрай ваюе, ваюе», «Ой, хадзіла пава па балоце», «Праважаем Юр’я за сяло», «За гораю хмарка ўстала», «Вялік святой нам дзень настал», «У мураванай мураванцы».Па надвор’ю, што стаіць на Юр’я, ахонаўцы робяць пэўныя «сельскагаспадарчыя высновы». Тут бытуюць розныя прыкметы, звязаныя з надвор’ем у гэты дзень: «Як дождж на Юр’е, то будзе хлеб i ў дурня... Як на Юр’е вялікая раса, дык будзе надта шмат грыбоў" (запісана ад Стэльмах Зінаіды Яўгеньеўны, 1953 г. н., правасл.); «Грыбаўны год будзе, i як чэрві тачлі землю на Юр’е, то будзе многа грыбоў-лісічак» (запісана ад Чэрнік Соф’і Мікалаеўны, 1941 г. н., правасл.). Снег на Юр’е падае надзею, што ўлетку пабялеюць палі ад удалай грэчкі. Па надвор’ю ў в. Ахонава ў гэты святочны дзень вызначалі і чаго трэба сеяць больш у гэтым годзе

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

У абрадзе ўдзельнічаюць адначасова некалькі пакаленняў жыхароў вёскі – жанчыны сталага і сярэдняга ўзросту, моладзь і дзеці. Перадача элемента адбываецца непасрэдна ў час абрадавай дзеі

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

- знікненне жывёлагадоўчай тэматыкі абраду; жывёлу перастаюць трымаць многія, калі пастарэюць;- міграцыя насельніцтва вёскі ў гарады (асабліва маладых людзей) можа прывесці да страты механізма пераймання; - адсутнасць даследчай працы ў кірунку вывучэння і фіксацыі жаночага строю і песеннага матэрыялу

Ключавыя словы

абыход, Юр’я, жывёла, пояс, песні

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

ноты_тэксты.pdf

ноты_тэксты.pdf

Фотафіксацыя