Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Калядны абрад "Цары" (в. Семежава, Капыльскі р-н, Мінская вобл.)

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 63БК000053
Дата ўключэння: 03/09/2008
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Навукова-метадычнай рады ад 19.12.2007 г. № 138, Пастанов Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 03.09.2008 № 1288
Шыфр (у Інвентары): НКС-131017/02

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Аддзел культуры Капыльскага раёна. Адрас: пл. Леніна, 6, 223927, г. Капыль, Мінская вобл.;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Калядны абрад "Цары" (в. Семежава, Капыльскі р-н, Мінская вобл.)

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары в. Семежава Семежаўскага с/с Капыльскага раёна Мінскай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Мінская вобласць » Капыльскі раён » в. Семежава, Семежаўскі с/с;  

Кароткае апісанне элемента:

Калядны абрад «Цары» – віншавальны абыходны абрад калядоўшчыкаў з элементамі традыцыйнага калядна-навагодняга карнавалу і народнай драмы «Цар Максіміліян», прымеркаваны да Шчодрага вечара (13 студзеня). Дзея сфарміравалася як своеасаблівае каляднае прадстаўленне, у якім удзельнічаюць толькі юнакі і маладыя мужчыны – «цары». Як правіла, «цароў» – сем, кожны мае пэўнае імя – цар Максімільян, цар Мамай, цар Іван Грозны і г. д. Акрамя таго, у абрадзе ўдзельнічаюць «лекар» і механоша, гарманіст і барабаншчык, а таксама традыцыйныя для беларускіх Каляд маскі «дзед» і «баба». Віншавальны абыход распачынаецца з наступленнем цемры. Калядоўшчыкі ідуць з запаленымі паходнямі, што надае працэсіі незвычайную відовішчнасць. «Цары» ходзяць спачатку па хатах тых аднавяскоўцаў, дзе жывуць незамужнія дзяўчаты, а потым — да тых, хто запрасіў загаддзя. У хаце разыгрываюць жартоўнае прадстаўленне сустрэчы і бітвы «цароў», пасля чаго з’яўляецца «лекар» і «лечыць» сапернікаў, прапісваючы ім жартоўныя рэцэпты. Напрыканцы прадстаўлення адбываецца адорванне ўдзельнікаў абыходу. Семежаўцы намагаюцца найлепшым чынам аддзячыць «царам», бо вядома – наступны год для гаспадароў хаты будзе настолькі багаты, наколькі яны будуць шчодрымі з калядоўшчыкамі. Абрад з’яўляецца адноўленым: традыцыя калядавання «цароў» перадавалася ад пакалення да пакалення ў Семежава да канца 50-х гг. XX ст., калі абрад быў забаронены. Але нават у савецкі час вяскоўцы таемна хадзілі шчадраваць. У 1997 г. дзякуючы цікавасці мясцовай супольнасці і падтрымцы навукоўцаў абрад быў рэвіталізаваны

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя цырымоніі » Абрады

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Абрад дазваляе прысутнасць пры яго ўвасабленні не толькі непасрэдна носьбітаў (каляднага гурту «цароў», музыкаў і інш. персанажаў) і гаспадароў хаты, дзе ён адбываецца, а і пэўнай колькасці «гледачоў». Гэта становіцца магчымым дзякуючы асаблівасцям мясцовай архітэктуры – пагонным дварам, калі будынкі сядзібы выбудоўваюцца ў адну лінію і злучаюцца вялікімі сенцамі, якія могуць змясціць дастаткова многа людзей. У сувязі з цікавасцю, што назіраецца сёння да «Калядных цароў» не толькі з боку саміх вяскоўцаў, а і гарадскіх жыхароў, як з Беларусі, так і з замежжа і пры ўмове дазволу мясцовай супольнасці абрад можа стаць прывабным аб’ектам культурнага турызму

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Удзел у абрадзе могуць браць толькі маладыя нежанатыя хлопцы, таму можна меркаваць аб актуальнасці функцыі ініцыяцыі – допуск маладога чалавека да ўдзелу ў абрадзе азначае ўваходжанне яго ў шлюбны ўзрост, бо адна з мэтаў удзельнікаў «цароў» – «паказаць» сябе ў хаце, дзе ёсць незамужнія дзяўчаты. Абрад бытуе толькі ў в. Семежава, таму для яго характэрнай з’яўляецца функцыя лакальнай самаідэнтыфікацыі. Абрадавая дзея – гэта найперш акт камунікацыі, трансляцыі інфармацыі. Адсюль паўстае яго камунікатыўная функцыя; са знікненнем сакральнага напаўнення гэтай камунікацыі ўзнікла і забаўляльна-эстэтычнае значэнне абраду. Акрамя таго, можна вылучыць эмацыянальную, выхаваўчую і сацыялізуючую функцыі

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Аддзел культуры Капыльскага райвыканкама, ДУА “Інстытут культуры Беларусі”, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Паходжанне элемента:

Пэўны час існавала папулярная версія пра паходжанне семежаўскага абраду, запісаная ад мясцовага жыхара, настаўніка гісторыі Мікалая Аляшкевіча. Змест яе наступны: у XVIII ст. у Семежава стаяў атрад расійскай царскай арміі, салдаты і афіцэры якой у час Каляд хадзілі ў сваёй звычайнай вайскавой форме па вясковых хатах, віншавалі гаспадароў са святам, паказвалі невялікае прадстаўленне, танцавалі, спявалі, пасля прасілі дары. Затым, калі атрад пакінуў вёску, мясцовыя жыхары, у асноўным маладыя хлопцы, пачалі для калядных абыходаў апранацца ў карнавальныя касцюмы, што нагадвалі вайсковую форму, і гэтыя персанажы былі празваны ў народзе «царамі». Да цароў далучаліся даўнія мясцовыя персанажы «дзед» і «баба», якія сустракаліся тут і ў час традыцыйнага вяселля. Аднак па сведчаннях пісьмовых крыніц «цары» з’явіліся на шмат раней да «атрада рускай арміі». Семежва ў XVII – XVIII стст. было вядома як мястэчка, што належыла магнацкаму роду Радзівілаў. Тут некалькі раз на год ладзіліся кірмашы, на якіх перад Калядамі адбываліся прадстаўленні лялечнага батлеечнага тэатра, выступалі штукары, дрэсіраваныя мядзведзі і інш. Да канца XVIII ст., асабліва пасля падзелу Рэчы Паспалітай, батлейка амаль цалкам перайшла спачатку ў рукі мясцовых рамеснікаў, а пазней і сялян. Менавіта з батлейкі ў тканіну абрада калядавання і патрапіла драма «Цар Максіміліян» – яе сюжэт быў перанесены ў народны тэатр, а ролі лялек-персанажаў сталі выконваць людзі. Пры гэтым застаўся тэкст драмы, які цалкам супадае з тэкстам батлеечнай п’есы, як і касцюм, што адпавядаюць традыцыйным лялечным вобразам. Сюжэт прадстаўлення «цароў» пабудаваны на паядынку, што таксама сведчыць пра агульнасць батлейкі і семежаўскага народнага тэатра, бо сцэны паядынку з’яўляліся характэрнымі для батлейкі самых розных варыянтаў і народнай драмы. Цікавасць выклікае песня, якую спяваюць «цары», ідучы строем па вуліцы. Гэта песня – «Посею лебеду на берегу» – з’яўляецца рускай народнай танцавальнай песняй. Хутчэй за ўсё, выканаўцаў абраду прывабіла яе рытмічнасць, музыка, пад якую лёгка ісці строем і маршыраваць па вуліцы. Не выключэнне, што менавіта дадзеная песня і сапраўды засталася як след ад прысутнасці некалі ў Семежаве расійскай арміі. Магчыма, што і радзівілаўскі тэатр аказаў уплыў на з’яўленне абраду, што цалкам верагодна, бо частка жыхароў Семежава працавала пры двары Радзівілаў. Трансфармацыі батлеечных перформансаў у жывы тэатр спрыяў і характар вясковага жытла: для Семежава характэрны «пагонныя двары» – тып вясковай архітэктуры, калі ўсе пабудовы на сядзібе размяшчаліся ў адну лінію і злучаліся між сабой вялікімі сенцамі. Менавіта ў такіх сенцах магла разгортвацца тэатралізаваная дзея і адначасова прысутнічаць шмат гледачоў. Абрад, перадаючыся з пакалення ў пакаленне, існаваў у Семежава да канца 50-х гг. XX ст. Нават у савецкі час вяскоўцы «падпольна» хадзілі шчадраваць. У 1996 г. у Капыльскім раёне Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзіў этнаграфічную экспедыцыю, у час якой высветлілася, якім незвычайным чынам семежаўцы раней калядавалі. Пасля 40-гадовага перапынку ў 1997 г. на падставе ўспамінаў жыхара в. Семежава Скамароха Мікалая Афанасьевіча, 1939 г. н., з дапамогай старшага навуковага супрацоўніка Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Т. І. Кухаронак абрад быў адроджаны

Стан бытавання:

развіццё ці распаўсюджванне

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Па адной з версій узнікненне семежаўскага абраду «Калядныя цары» было забяспечана прысутнасцю такіх элементаў мясцовай вясковай архітэктуры, як «пагонныя» двары, калі ўсе будынкі сядзібы размяшчаюцца ў адну лінію і злучаюцца вялікімі сенцамі, што дазваляе разгортвацца каляднай дзеі пры ўдзеле вялікай колькасці людзей

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Важнае значэнне для абраду маюць касцюмы. Хлопцы-«цары» апранаюцца ў белыя кашулі, белыя штаны, падпярэзваюцца чырвонымі семежаўскімі паясамі з геаметрычным арнаментам, грудзі таксама перавязваюць крыж-накрыж, на шыю павязваюць жаночую вялікую хустку-«тарыноўку» ў вялікую клетку або ў кветкі, якая закладваецца за паясы. На нагах «цароў» – чорныя боты, на галаве – высокія папяровыя шапкі з рознакаляровымі стужкамі і кутасамі. Ва ўсіх «цароў» з левага боку прымацавана шабля. Хлопцы, якія выконваюць ролю цароў, імкнуцца апрануцца як мага прыгажэй, з форсам.Лекар носіць цёмную ваенную форму, боты, на галаве – фуражку, праз плячо яго вісіць медыцынская сумка, а ў руках трымае вялікі картонны градуснік. Механоша з мяшком і санкамі, на якіх стаіць стул у выглядзе трона-сімвала ўлады цароў.«Дзед» апрануты як мага больш брудна, у рванае мужчынскае адзенне, твар вымазвае сажай, у руках трымае пугу. «Баба» выглядае адпаведна, у яе руках венік.Неадменнымі атрыбутамі абраду з’яўляюцца паходні. Іх цары запальваюць, калі на дварэ становіцца зусім цёмна. Таксама ў абрадзе выкарыстоўваюцца музычныя інструменты – барабан і гармонік, якія гучаць пры пераходзе каляднага гурту ад адной хаты да другой, і ў час дзеі, што праходзіць непасрэдна з хаце

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

На пэўных «этапах» абраду гучыць песня «Посею лебеду на берегу» – калі гурт пераходзіць з хаты ў хату, музыканты наігрываюць яе, а «цары» спяваюць; у хатах напрацягу тэатралізаванай дзеі, а таксама ў яе завяршэнні ўдзельнікі абраду становяцца ў круг і пачынаюць танцаваць у прысяд пад музыку песні

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Сярод членаў вясковай супольнасці абрад перадаецца ад пакалення і да пакалення. Аднак у гісторыі абрада быў перапынак – з канца 50-х па другую палову 90-х XX ст., затым дзея была адроджана. Удзельнікі рытуальнага шэсця «ў жыцці» з’яўляюцца настаўнікамі, ўрачамі ілюдзьмі іншых прафесій. Яны знаходзяцца ў цесным кантакце як са сталымі, так і з маладымі жыхарамі вёскі, такім чынам з’яўляючыся транслятарамі інфармацыі аб абрадзе.У вёсцы інтарэс з боку маладых людзей да ўдзелу ў абраде, таму ў канцы 2011 – пачатку 2012 гг. напярэдадні чарговага правядзення абраду ў вёсцы быў сфарміраваны другі гурт «цароў», у які ўваходзяць юнакі 15–20 гадоў. Хлопцы старанна навучаюцца і рыхтуюцца да абраду з дапамогай сваіх старэйшых «калег»

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Існуюць дзве асноўныя пагрозы для элемента. Па-першае, гэта міграцыя насельніцтва вёскі – моладзь, якая з’яўляецца непасрэдным носьбітам абраду, з’язджае ў гарады, каб вучыцца, дзе часта і застаецца працаваць. Другая пагроза заключаецца ў адсутнасці цікавасці да сваёй спадчыны з боку часткі маладога пакалення семежаўцаў, якая ўспрымаецца імі як нешта старое і не актуальнае. Названыя пагрозы могуць прывесці да разрыву ў перадачы традыцыі, адсутнасці лідэраў і ўдзельнікаў абраду

Ключавыя словы

Каляды, Шчодры вечар, цары, батлейка

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова, 2009 г.

Дакументы, звязаныя з элементам

БелТА.pdf

БелТА.pdf

Буклет_запрашэнне.pdf

Буклет_запрашэнне.pdf

Звязда.pdf

Звязда.pdf

Культура-1.pdf

Культура-1.pdf

Культура-2.pdf

Культура-2.pdf

буклет.pdf

буклет.pdf

цары_ноты_песні.pdf

ноты_песні.pdf

цары_экспертн_заключэнне.pdf

экспертн_заключэнне.pdf

Абрад_Калядныя цары_Т.Кухаронак_А.Сташкевіч_2012.pdf

Абрад_Калядныя цары_Т.Кухаронак_А.Сташкевіч_2012.pdf

Фотафіксацыя