Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Масленічная абрадавая гульня «Пахаванне дзеда» ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 23Б0000086
Дата ўключэння: 02/08/2016
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 03.04.2013 № 201. Пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 02.08.2016 № 607
Шыфр (у Інвентары): НКС-130731/01

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

ДУ «Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці». Адрас: вул. Леніна, 35а, г. Віцебск;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Масленічная абрадавая гульня «Пахаванне дзеда» ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

1. «Хаваць дзеда», «Хаваць Сідорку» (в. Маскаленяты) 2. «Хаваць дзеда», «Хаваць Цімку» (в. Даўгаполле)

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары вёсак Маскаляняты і Даўгаполле Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Віцебская вобласць » Гарадоцкі раён » в. Маскаляняты;   Віцебская вобласць » Гарадоцкі раён » в. Даўгаполле;  

Кароткае апісанне элемента:

Абрадавая гульня «Пахаванне дзеда» прымеркавана да масленічнага тыдня і ўяўляе сабой своеасаблівую кульмінацыйную кропку гэтага часу. «Пахаванне дзеда» – адметнае праяўленне лакальнай культурнай традыцыі вёсак Маскаляняты і Даўгаполле Гарадоцкага раёна. Носьбіты традыцыі і ўдзельнікі абрадавай гульні выразна ўсведамляюць яе дакладную прымеркаванасць да Масленкі. У вобразе дзеда персаніфікуюцца і матэрыяльна ўвасабляюцца «мясныя запусты» — як кажуць: «Дзед падавіўся косткай». Бытаванне абраду ў межах супольнасці з’яўляецца неперарыўным. У дзеі, якая праводзіцца кожны год у першы панядзелак Масленіцы, удзельнічаюць, у асноўным, жанчыны, прычым сталага ўзросту. Незамужнія маладыя дзяўчаты да ўдзелу ў абрадзе не дапускаюцца. Пасля памінання продкаў у «Таўстую суботу» жыхары вёсак Маскаляняты і Даўгаполле хаваюць міфалагічнага дзеда-продка (Сідорку і Цімку адпаведна), увасобленага ў спецыяльна падрыхтаванай антрапаморфнай ляльцы, якое мае палярныя характарыстыкі – абжора, п’яніца, гуляка, працавіты чалавек, жыццялюб, моцны. На працягу дня жыхары вёскі ўключаюцца ў гульню і кожны, хто прыходзіць развітацца з дзедам перад пахаваннем, атрымлівае сваю ролю, творча яе развівае. Жанчыны галосяць, а мужчыны, як правіла, падкрэсліваюць рысы характару і факты з жыцця міфалагічнага памерлага. Дыялогі і галашэнні характарызуюцца варыятыўнасцю. Такім чынам, абрад прымае гульнёвую форму і набывае імправізацыйны характар у межах традыцыі. Абрад адзначаецца таксама і ярка выражаным эратычным зместам. Абрад «Пахаванне дзеда» перадаецца з пакалення ў пакаленне і прызнаецца супольнасцямі сваёй каштоўнасцю

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя цырымоніі

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

У вясковай культуры традыцыя абрадавай гульні «Пахаванне дзеда» жывая і ў наш час. Абрад захоўваецца і зберагаецца на тэрыторыі яго з’яўлення, пры гэтым захоўваецца традыцыйная масленічная кухня: бліны, сырніца, медавуха. Для мясцовай супольнасці абрад стаў своеасаблівым рытуалам, які выконваецца кожны год. Гэты элемент нематэрыяльнай спадчыны нясе цікавыя звесткі для розных катэгорый насельніцтва, асабліва спецыялістаў, якія вывучаюць народныя традыцыі, для турыстаў. І таму ён можа быць цікавым і карысным у якасці часткі агратурыстычнага маршрута раёна і вобласці

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Абрад па-ранейшаму праводзіцца штогод і бытуе ў вёсках Гарадоцкага раёна ў актыўнай форме. Жыхары вёсак заўсёды загадзя рыхтуюцца да свята. Тэкст, прыпеўкі кожны год падчас гульні змяняюцца, бо ў час абраду заўсёды адбываецца імправізацыя. Абрадавая гульня шануецца і старанна зберагаецца мясцовай супольнасцю, аб’ядноўвае яе з мэтай зберажэння мясцовай традыцыі. Карысным з’яўляецца і тое, што абрад сплочвае вяскоўцаў у адзіную супольнасць, такім чынам праяўляюцца камунікатыўная і сацыялізуючая функцыі. У час гульнёвай дзеі яе ўдзельнікі актыўна кантактуюць між сабой. Псіхатэрапеўтычная, забаўляльная функцыі праяўляюцца праз выхад эмоцый, стварэнне спецыфічнай атмасферы абраду. Вясёлая, з гумарам, але з уяўнай сумнай нагоды, яна дае мажлівасць расслабіцца, уволю пасмяяцца і творча праявіць сябе ў гульнёвай дзеі, якая прысутнічае падчас абраду. Акрамя таго, важная ў абрадзе і функцыя ачышчэння, бо адбываецца своеасаблівае пераўвасабленне ў іншы вобраз, які закладзены ў генетычнай памяці, неабходны для эмацыянальнага і псіхічнага здароўя чалавека. Абрад захаваў сваю сакральную функцыю: пахаванне дзеда – гэта развітанне з зімою, сустрэча вясны, час перад постам. Таксама актуальнай з’яўляецца функцыя ідэнтыфікацыі мясцовай супольнасці, вылучэнне яе культуры як цікавай і ўнікальнай, якая склалася ў своеасаблівым мясцовым ландшафце

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Гарадоцкі раённы выканаўчы камітэт, Гарадоцкі аддзел культуры, Гарадоцкі раённы метадычны цэнтр народнай творчасці і культасветработы, Даўгапольскі сельскі савет, Даўгапольскі сельскі Дом культуры, ДУ «Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці»

Паходжанне элемента:

Бытуе абрад у вв. Маскаляняты і Даўгаполле Гарадоцкага раёна вельмі шмат гадоў і яго спраўляе ўжо не адно пакалленне вяскоўцаў. У былыя часы арэал распаўсюджвання абраду ў межах Гарадоччыны быў шырэй, але з часам звузіўся да бытавання ў двух вёсках. Дадзеная традыцыя ніколі не перапынялася. На сённяшні дзень абрад праводзіцца штогод. З успамінаў Марыі Кузьмінічны Сафронавай, старэйшага носьбіта з в. Маскаляняты, абрад праводзіла з маленства яе матуля, на апошнім масляным тыдні, збіраліся ўсе жадаючыя з вёскі і ўдзельнічалі ў абрадзе. Раней у сцэне развітання з дзедам удзельнічаў і ражаны Поп, які хадзіў вакол лаўкі з імправізаваным кадзілам і прамаўляў «малітву». Таксама прысутнічаў і «дохтур», які стараўся ажывіць, вылечыць дзеда, або «патрошіл пакойніка» непасрэдна перад адпяваннем. Раней масляны тыдзень завяршаўся вырабам і пахаваннем аналагічнай лялькі ў выглядзе бабы: «Дзелалі бабу такую самую ж. Натыкалі яе саломай, сенам». Пры гэтым асобае значэнне мела жаночая атрыбутыка вобраза: «Сіські дзелалі – самае галоўнае...». Смерць бабы растлумачвалі тым, што яна «падавілась сырніцай». Падобна дзеду, яе аплаквалі, потым вынасілі на вуліцу і там «харанілі», зняўшы з чучала вопратку і засыпаўшы яе снегам. Затым ладзілі памінкі – застолле з рытуальнымі стравамі, песнямі. Сучасныя носьбіты традыцыі хацелі б аднавіць усе страчаныя з часам элементы, каб абрад праходзіў весела, каб кожны ўдзельнік мог праявіць свае творчыя здольнасці

Стан бытавання:

менш распаўсюджаны

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Абрад праводзіцца ў натуральным вясковым ландшафце з захаваннем асаблівасцей мясцовага пахавальнага абраду: пераапрананне, галашэнні па памерлым, пахаванне, памінанне

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Мясцовы дыялект

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Матэрыяльнымі элементамі, звязанымі з правядзеннем абрадавай гульні, з’яўляецца лялька дзеда, якую ўдзельнікі рыхтуюць загадзя. Гэта лялька вялізная, у натуральны чалавечы рост, зробленая з саломы і розных ануч. Твар «нябожчыка» размалёўваюць на сваё ўяўленне. Ляльку апранаюць у касцюм (нагавіцы, сарочка, пінжак), абуваюць у туфлі. У шырынку штаноў устаўляюць вялікую моркву і прымацоўваюць дзве цыбулькі. Моркву затым перыядычна, у любы момант, нават самы сур’ёзны, кратаюць пры дапамозе прымацаваных да яе рызінкі і вяровачкі, схаваных пад касцюмам. Дзеда кладуць, «як у труну», на лаву, галавой у чырвоны кут. Зверху пакрываюць белай тканінай. Уздоўж сцен стаяць лаўкі, бліжэй да «нябожчыка» – некалькі табурэтак. У куце на століку – запаленая свечка ў шклянцы з зернем. Злева ад свечкі (па правую руку «нябожчыка») – буханка хлеба

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Да іншых нематэрыяльных элементаў адносяцца галашэнні па дзеду, якія захаваліся з канца ХІХ – пачатку ХХ ст.Тэкст аднаго з галашэнняў:А дзядулька мой Сідорячка,А чаго ж ты ад міне атлітаеш? А ў якую ж ты староначку?А ў старонку далёкую?А дарожка дужа даўгая,А дарожка ж іна ні ўзваротлівая,Адтуль ніхто не вяртаецца.А я ж цібе буду прасіці,Каб ты ка мне прібываў,Прілятаў сізым галубочкамПад маё пічальна вакошачка…У кантэксце дадзенай традыцыі адбываецца перанос рытуальных дзеянняў мясцовага пахавальнага абраду на масленічную дзею пахавання дзеда.Да нематэрыяльных элементаў таксама адносіцца традыцыйная кухня Гарадоччыны, якая з’яўляецца неад’емнай часткай памінальнага стала. На ім абавязкова прысутнічае сырніца, куцця з пшаніцы, грыбы, кіслыя агуркі, і няма ніводнай стравы з мяса

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Абрад перадаецца з пакалення ў пакаленне ў вв. Маскаляняты і Даўгаполле з канца ХІХ ст. Па ўспамінах старэйшага носьбіта, Марыі Кузьмінічны Сафронавай, абрад праводзілі ў іх хаце, а яна, будучы зусім малой дзяўчынкай, сядзела на печцы і назірала за дзеяй. Важна адзначыць, што непасрэднымі носьбітамі з’яўляецца выключна старэйшае пакаленне жыхароў вёсак, маладыя да выканання абраду не дапускаюцца. Аднак у маладзейшага пакалення вяскоўцаў абрадавая дзея выклікае шчырую цікавасць

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Вёскі Маскаляняты і Даўгаполле на сучасны дзень налічваюць менш за 100 жыхароў, тым больш што па прычыне міграцыі ў горад маладзейшага пакалення ў вёсцы застаецца толькі старэйшае насельніцтва, носьбіты сталага ўзросту

Ключавыя словы

Гульня, Масленка, продак, пахаванне, лялька

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Пахаванне_дзеда–Гарадоцкі_раён_Віцебская_вобл–Буклет.pdf

Пахаванне_дзеда–Гарадоцкі_раён_Віцебская_вобл–Буклет.pdf

Пахаванне_дзеда–Гарадоцкі_раён_Віцебская_вобл–Дзіўныя_праводзіны_зімы_на_Гарадоччыне–Звязда–23.03.2013.pdf

Пахаванне_дзеда–Гарадоцкі_раён_Віцебская_вобл–Дзіўныя_праводзіны_зімы_на_Гарадоччыне–Звязда–23.03.2013.pdf

Пахаванне_дзеда–Гарадоцкі_раён_Віцебская_вобл–Пахаванне_дзеда–Витебский_проспект–21.03.2013–№_21(562).pdf

Пахаванне_дзеда–Гарадоцкі_раён_Віцебская_вобл–Пахаванне_дзеда–Витебский_проспект–21.03.2013–№_21(562).pdf

Пахаванне_дзеда–Гарадоцкі_раён_Віцебская_вобл–Т.І._Кухаронак_Маскі_ў_каляднай_абраднасці_беларусаў_Мінск_Ураджай_2001.pdf

Пахаванне_дзеда–Гарадоцкі_раён_Віцебская_вобл–Т.І._Кухаронак_Маскі_ў_каляднай_абраднасці_беларусаў_Мінск_Ураджай_2001.pdf

Пахаванне_дзеда–Гарадоцкі_раён_Віцебская_вобл–карта_з_пазначэннем_распаўсюджвання_элемента.pdf

Пахаванне_дзеда–Гарадоцкі_раён_Віцебская_вобл–карта_з_пазначэннем_распаўсюджвання_элемента.pdf

Фотафіксацыя

Відэафіксацыя

Пахаванне_дзеда–Гарадоцкі_раён_Віцебская_в._Маскаленяты_МАСЛЕНКА_ІНТЭРВ'Ю_З_М.К._САФРОНАВАЙ.avi

Пахаванне_дзеда–Гарадоцкі_раён_Віцебская_вобл-2013.avi

Пахаванне_дзеда–Гарадоцкі_раён_Віцебская_вобл-МАСЛЕНІЧНАЯ_ГУЛЬНЯ_Пахаванне дзеда.mpg