Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Казкавая традыцыя Уздзеншчыны ў рэпрэзентацыі Лідзіі Міхайлаўны Цыбульскай з в. Магільна Уздзенскага раёна Мінскай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 63Б0000109
Дата ўключэння: 02/08/2016
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 22.01.2014 № 210. Пастанова Савета Міністраў Рэспублiкi Беларусь ад 02.08.2016 № 607
Шыфр (у Інвентары): НКС-130405/01

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Уздзенскі раённы цэнтр культуры. Адрас: вул. Савецкая, 22, г. Узда, Мінская вобл., 223411;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Казкавая традыцыя Уздзеншчыны ў рэпрэзентацыі Лідзіі Міхайлаўны Цыбульскай з в. Магільна Уздзенскага раёна Мінскай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Казкі

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Цыбульская Лідзія Міхайлаўна

Арэол распаўсюджвання:

Мінская вобласць » Уздзенскі раён » г. Узда;  

Кароткае апісанне элемента:

Казкавы рэпертуар Лідзіі Міхайлаўны Цыбульскай, 1927 г. н., жыхаркі вёскі Магільнае Удзенскага раёна ўключае казкавыя сюжэты ў асноўным шырока вядомыя па ўсёй Беларусі, але якія на сённяшні дзень практычна зніклі з жывога бытавання. У выкананні Лідзіі Міхайлаўны ўсе гэтыя сюжэты набываюць свае гучанне, трактоўку, мастацкі выгляд, у якім гарманічна спалучаюцца традыцыйнасць і імправізацыйнасць. Унікальнасць апавядальнай манеры Лідзіі Міхайлаўны ў тым, што казкі перанятыя ёй ад сваіх бацькоў вусным шляхам, да таго ж засвоены не толькі казкавыя сюжэты, але і народная апавядальная манера. Казкі выконваюцца спакойна-разважліва, павольна, але, разам з тым, інтанацыйна выразнай і эмацыянальна насычанай. У Л. М. Цыбульскай няма раз і назаўсёды зададзенага канона расказвання аднаго і таго ж сюжэта. Пры нязменнай фабуле, казка ў яе вольна вар’іруецца ў дэталях, дапаўняецца песеннымі ўстаўкамі (Лідзія Міхайлаўна выдатная спявачка), этнаграфічнымі замалёўкамі, заўсёды вельмі арганічнымі для кожнага тэксту. Казкі ў выкананні Лідзіі Міхайлаўны, пабудаваныя па законах казкавай архітэктонікі (зачын, канфлікт, кульмінацыя, канцоўка, рытміка-меладычныя медыяльныя формулы), ім уласціва строгая паслядоўнасць у перадачы сюжэта, уключэнне рытмічна арганізаваных формул, своеасаблівая распрацоўка мастацкіх дэталей, якія запавольваюць казкавае дзеянне, эпізуюць сюжэт. Мясцовая супольнасць ганарыцца казкамі Лідзіі Міхайлаўны, яны з’яўляюцца своеасаблівым брэндам Уздзеншчыны. Дзеці ў школах раёна з задавальненнем чытаюць мясцовыя казкі, яны ўвайшлі ў рэпертуар дзіцячага фальклорнага гурта "Калыханка" Міханавіцкага дома фальклору Мінскага раёна

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Вусныя традыцыі і формы выражэння » Казкі

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Уменне выразна, цікава і займальна расказаць казку карысна для самых розных катэгорый сучаснага грамадства. Па-першае, гэта патрэбна для сямей, дзе гадуюцца дзеці. Казка мае велізарны выхаваўчы і эстэтычны патэнцыял, яна знаёміць дзіця з акаляючым светам у вобразнай форме, развівае мысленне і фантазію, вучыць розуму і дабру. Калі ў сям’і ёсць расказчык казак, яму будзе цікава (пры ўмове папулярызацыі элемента) знаёміцца з манерай расказвання іншых казачнікаў, вучыцца ў іх. Па-другое, майстэрства апавядання цікавіць артыстаў апавядальнага жанру, выкладчыкаў як фальклорных, так і акцёрскіх дысцыплін, самадзейных выканаўцаў і інш. Народныя расказчыкі, падобныя Лідзіі Міхайлаўне Цыбульскай, валодаюць і бліскуча карыстаюцца ўсім багаццем інтанацыйных выяўленчых характарыстык пры дапамозе якіх перадаюцца эмацыянальны стан казачных персанажаў, хуткі і павольны рух, сілы дабра і зла і інш. Інтанацыя стварае гукавы вобраз казкі, які найбольш непасрэдна і моцна ўздзейнічае на слухача ва ўмовах вуснай культуры, і які практычна немагчыма перадаць графічнымі пісьмовымі сродкамі. Акрамя таго, народныя расказчыкі ніколі не перагрувашчваюць выкананне наўмыснай выразнасцю, ім уласціва лёгкасць, стрыманасць, пачуццё меры і гумару.Усе гэтыя станоўчыя якасці ўласцівыя манеры расказвання Лідзіі Міхайлаўны Цыбульскай і, паколькі яе казкі ў апошнія гады неаднаразова запісваліся на лічбавыя тэхнічныя сродкі фіксацыі (аўдыя, відэа), для прафесіяналаў гэта можа служыць майстрам-класам народнага выканання апавядальных жанраў

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

З сацыяльна-педагагічнага пунту гледжання надзвычай важнымі на сённяшні дзень з’яўляюцца сацыялізуючая, крэатыўная, культурна-этнічная і вербальна-вобразная функцыі казак. Сацыялізуючая функцыя народных казак — гэта далучэнне дзяцей да агульначалавечага і этнічнага вопыту, да народнай культуры сваёй радзімы, да сродкаў спасціжэння свету і выхавання, якія ўласцівыя для нацыянальнай культуры і мовы. Крэатыўная функцыя казак — гэта здольнасць выяўляць, фарміраваць, развіваць і рэалізаваць творчы патэнцыял асобы, яе вобразнае і абстрактнае мысленне. Добра расказаная казка актуалізуе ўсе органы пачуццяў чалавека, з’яўляецца асновай для стварэння ўсіх відаў, жанраў, тыпаў эстэтычнай творчасці. Культурна-этнічная функцыя — гэта далучэнне дзіцяці праз казку да гістарычнага вопыту свайго народа, да яго этнічнай культуры, быту, мовы, атрыбутыкі. Лексіка-вобразная функцыя казак — гэта фарміраванне моўнай культуры асобы, валоданне шматзначнасцю і мастацка-вобразным багаццем маўлення. Казка для дзіцяці — не толькі літаратурны твор, гульня — гэта жыццё, прымальны і сугучны магчымасцям дзіцяці сродак матэрыялізацыі адносін і акалічнасцей, якія яго хвалююць, канстытуцыя маралі і звод законаў быцця, правіл жыцця ў супольнасці, катэгорый дабра і зла. Народныя казкі з’яўляюцца таксама важным фактарам нацыянальнай ідэнтыфікацыі, уплываюць на развіццё літаратуры, народнага мастацтва, нацыянальнай культуры ў цэлым

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Аддзел культуры Уздзенскага райвыканкама, Уздзенскі раённы цэнтр культуры, Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці, Нёманскі СДК, Нёманская сярэдняя школа

Паходжанне элемента:

Усе свае казкі Лідзія Міхайлаўна засвоіла вусным шляхам ад маці і дзядулі ў сітуацыі традыцыйнай сямейнай камунікацыі, тыповай адносна пераемнасці ў народнай культуры. У сваю чаргу, Лідзія Міхайлаўна расказвала казкі сваім дзецям і ўнукам. У 70-я гг. ХХ ст. адбылося “адкрыццё” Лідзіі Міхайлаўны ў асяродку акадэмічнай навукі беларускімі вучонымі-фалькларыстамі падчас фальклорных экспедыцый ва Уздзенскі раён. Першым збіральнікам і папулярызатарам творчасці і таленту Л. М. Цыбульскай стала Г. А. Барташэвіч, якая ўключыла казкі Л. М. Цыбульскай у акадэмічныя тамы серыі “БНТ”. “Чарадзейныя казкі” (Чарадзейныя казкі : у 2 ч. – Ч. 2 / Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; склад. К. П. Кабашнікаў, Г. А. Барташэвіч; 2-е выд., выпр. і дапрац. — Мінск, Бел. навука, 2003.), “Казкі ў сучасных запісах” (Казкі ў сучасных запісах / Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; склад. К. П. Кабашнікаў, Г. А. Барташэвіч; Мінск, Навука і тэхніка, 1989), расказазала пра казачніцу ў кнізе “Сустрэчы з казкай” (Кабашнікаў К. П., Барташэвіч Г. А. Сустрэчы з казкай, – Мінск, Нар. асвета, 1984). Пра казкі і казачніцу маецца таксама артыкул у энцыклапедыі “Беларускі фальклор”, напісаны Г. А. Барташэвіч (Барташэвіч Г. А. Цыбульская // Беларускі фальклор. Энцыклапедыя у 2-х т. – T. 2. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2006. – С. 717 – 718). Пасля серыі гэтых публікацый з’явілася запатрабаванасць Л. М. Цыбульскай як расказчыцы не толькі ў сям’і, але і ў вёсцы: Лідзію Міхайлаўну сталі запрашаць у мясцовую школу на ўрокі літаратуры. “Другое адкрыццё” ў навуковым і культурным асяродках Лідзіі Міхайлаўны як унікальнай казачніцы адбылося ў 2006 г. падчас экспедыцыі ва Уздзенскі раён А. М. Боганевай і Т. Б. Варфаламеевай. Ад Л. М. Цыбульскай былі за 2 наведванні запісаны не толькі 15 казак, але таксама жанры няказкавай прозы: легенды, былічкі, апавяданні пра цуды, вусныя бытавыя расказы і інш. Тэксты, запісаныя ў гэтай экспедыцыі былі ўключаны ў кнігу “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. Цэнтральная Беларусь” (Народная проза Цэнтральнай Беларусі // Традыцыйная мастацкая культура беларусаў у 6 т. – Т. 5. Цэнтральная Беларусь : у 2 кн. // А. М. Боганева [і інш.]; аўтар ідэі і агул. рэд. Т. Б. Варфаламеевай. – Кн. 2. — Мінск : Выш. шк., 2011). У дыск да гэтай кнігі таксама ўключаны казкі, якія расказвае Л. М. Цыбульская. Акрамя таго, пра Л. М. Цыбульскую, яе казкі і творчую манеру пісала А. М. Боганева ў публікацыі ў навуковым расійскім часопісе “Живая старина” (Боганева, А. М. Мастерство классического сказительства. Лидия Михайловна Цыбульская // Живая старина. – 2011. – № 2. –– С. 5–8)

Стан бытавання:

пад пагрозай знішчэння

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Сюжэты народных казак апавядальнікам падказвае само вясковае жыццё: тут і збор ягад у лесе, і святкаванне Купалля, Каляд, сельскагаспадарчыя працы, стасункі ў сям’і. Праз казкі Лідзіі Міхайлаўны мы можам даведацца пра некаторыя вельмі архаічныя дэталі побыту беларусаў, такім чынам, казкі з’яўляюцца дадаткам да звестак з этнаграфічных крыніц. У тэксты Лідзія Міхайлаўна арганічна ўплятае народныя песні, якія самі сабой уяўляюць вялікую культурную каштоўнасць, прэзентуюць абрадавы цыкл Уздзеншчыны

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Гаворка Уздзенскага раёна належыць да групы сярэднебеларускіх гаворак, якія адлюстроўваюць асаблівасці паўднёва-заходняга дыялекту ў сістэме камунікатыўных сродкаў маўленчага забеспячэння асоб сталага ўзросту карэннага мясцовага насельніцтва. Асаблівасці Уздзенскай гаворкі найбольш адметна праяўляюцца ў марфалагічным ладзе (са шматлікіх асаблівасцей прывядзем толькі некалькі характэрных): • Канчаткі -э, -е ў назоўніках мужчынскага роду множнага ліку ў назоўным і вінавальным склонах пры флектыўным націску і канчаткі –і, -ы пры розным характары націску: грыбэ, дубэ, груздэ, баравіке, цюке, каласэ і інш. • Канчатак -ох, -ёх пад націскам, і -ах (-ях) не пад націскам у назоўніках меснага склону множнага ліку: на кулёх, хутарох, у гаршкох, па межах, людзях, калодзесях і інш. • Канчаткі -мо, -ма ў першай асобе множнага ліку дзеясловаў абвеснага і загаднага ладу: жнімо, седзімо, продамо, купляйма і інш. • Ненаціскны канчатак -уй адпаведна флексіі -ай у іншых тыпах беларускага дыялектнага і літаратурнага маўлення ў словаформах жаночага роду роднага, давальнага, меснага склонаў адзіночнага ліку з функцыянальнай роляй азначэння: гэтуй, маленькуй, нашуй і інш. У галіне лексікі ў мясцовым маўленні ўжываецца істотная колькасць абазначальных сродкаў, якія ўвасабляюць нацыянальную моўную спецыфіку. Гэтыя сродкі з’яўляюцца дыферэнцыяльнымі ў мясцовых гаворках рэгіёна, а таксама маюць статус нарматыўных у сучаснай беларускай ліатаратурнай мове: абавязкова, абміраць, абрус, агуркі, адразу, акраец, валёнкі, валошкі, гаспадарка, гасцінец, знахар, куфар, ланцуг, спадніца, хустка, яйка і інш. Для сістэмы граматычных форм іменных часцін мовы, а таксама для спрагальных дзеяслоўных форм гаворак паўднёвага захаду цэнтральнай зоны вельмі важнымі з’яўляюцца архаічныя марфалагічныя асаблівасці. Яны як рэшткі старых граматычных форм, але яшчэ вельмі прадуктыўных у сучасным маўленні, сур’ёзна пашыраюць рэпертуар марфалагічных сродкаў гэтай групы гаворак, укладняючы іменныя скланяльныя і дзеяслоўныя спрагальныя парадыгмы варыянтнасцю. Іх наяўнасць — яскравае сведчанне мясцовых дыялектных традыцый

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Абрадавыя і пазаабрадавыя песні Уздзеншчыны (Лідзія Міхайлаўна робіць песенныя ўстаўкі ў свае апавяданні)

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Лідзія Міхайлаўна засвоіла манеру расказвання казак у сям’і і расказвала іх сваім дзецям і ўнукам. Яе запрашалі ў школу расказваць казкі вучням. Выхаванцы Ларысы Мікалаеўны Рыжковай з узорнага фальклорнага гурта “Калыханка” перанялі казкі Л. М. Цыбульскай праз аўдыязапісы, зробленыя падчас навуковых экспедыцый

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Асноўнай пагрозай з’яўляецца малая колькасць пераймальнікаў выканальніцкага майстэрства. Узрост і стан здароўя Лідзіі Міхайлаўны часам не дазваляюць ёй удзельнічаць у мерапрыемствах, перадаваць сваё майстэрства так актыўна, як яна хацела б. Апавядальная манера засвойваецца ў дзяцінстве (як і манера выканання народных песень), таму перадача яе ўскладняецца, калі ў пераймальнікаў няма магчымасці бавіць шмат часу з носьбітам традыцыі. Лягчэй пераняць сюжэты казак

Ключавыя словы

Казкі, казкавыя сюжэты, дзеці, дыялект, гаворка, фальклор

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Традыцыйная мастацкая культура беларусаў.pdf

Традыцыйная мастацкая культура беларусаў.pdf

живая старина.pdf

живая старина.pdf

Фотафіксацыя

Відэафіксацыя

Cybulskaja_1.avi

Cybulskaja_2.avi

Cybulskaja_3.avi

Cybulskaja_4.avi

Аўдыёфіксацыя

file0045.mp3:

file0045-converted.mp3

file0046.mp3:

file0046-converted.mp3

file0047.mp3:

file0047-converted.mp3

file0049n.mp3:

file0049n-converted.mp3

file0050.mp3:

file0050-converted.mp3

file0051.mp3:

file0051-converted.mp3

file0052.mp3:

file0052-converted.mp3

file0053.mp3:

file0053-converted.mp3

file0054.mp3:

file0054-converted.mp3

file0055.mp3:

file0055-converted.mp3

file0056.mp3:

file0056-converted.mp3

file0057.mp3:

file0057-converted.mp3

file0059.mp3:

file0059-converted.mp3

file0060.mp3:

file0060-converted.mp3

file0061.mp3:

file0061-converted.mp3

file0064.mp3:

file0064-converted.mp3

file0065.mp3:

file0065-converted.mp3

file0066.mp3:

file0066-converted.mp3

file0067.mp3:

file0067-converted.mp3

file0068.mp3:

file0068-converted.mp3

file0069.mp3:

file0069-converted.mp3

file0070.mp3:

file0070-converted.mp3

file0072.mp3:

file0072-converted.mp3

file0078.mp3:

file0078-converted.mp3

file0079.mp3:

file0079-converted.mp3

file0080.mp3:

file0080-converted.mp3

Кацярына Мінько.mp3:

Кацярына Мінько-converted.mp3

Ларыса Мікалаеўна Рыжкова.mp3:

Ларыса Мікалаеўна Рыжкова-converted.mp3

Міхаіл Зімарын.mp3:

Міхаіл Зімарын-converted.mp3

Уладзіслаў Шарэйка.mp3:

Уладзіслаў Шарэйка-converted.mp3

казка Пра дзеда і мядзведзя.mp3:

казка Пра дзеда і мядзведзя-converted.mp3

казка Спевы ваўка.mp3:

казка Спевы ваўка-converted.mp3

17.05.2018_Выступ Таццяны Цыбульскай_дачкі вядомай казачніцы_на міжнародным форуме даследчыкаў НАН.m4a:

17.05.2018_Выступ Таццяны Цыбульскай_дачкі вядомай казачніцы_на міжнародным форуме даследчыкаў НАН.m4a