Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Дзіцячы калядны абрад “Куры” Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 53Б0000102
Дата ўключэння: 02/08/2016
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 16.01.2013 № 199. Пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 02.08.2016 № 607
Шыфр (у Інвентары): НКС-130307/02

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-астветнай работы. Адрас: вул. Першамайская, 10, г. Магілёў, 212010;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Дзіцячы калядны абрад “Куры” Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

Куры

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жыхары вёсак Дзмітраўка, Віркаў і Нясета Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці (дзеці і дарослыя)

Арэол распаўсюджвання:

Магілёўская вобласць » Клічаўскі раён » в. Нясета;   Магілёўская вобласць » Клічаўскі раён » в. Віркаў;   Магілёўская вобласць » Клічаўскі раён » в. Дзмімтраўка;  

Кароткае апісанне элемента:

Калядны абрад «Куры» звязаны з правядзеннем так званых Святак – зімовых свят ад Нараджэння Хрыстова да Вадохрышча і праводзіцца штогод на Шчодры вечар 13 студзеня. Абрад унікальны тым, што ўдзельнічаюць у ім толькі дзеці (ва ўзросце ад 6 да 14 год). Яшчэ адна цікавая асаблівасць традыцыі – у калядным гурце няма традыцыйных для калядавання масак-персанажаў – тут не водзяць ні казу, ні мядзведзя, ні каня. Дзяўчынкі і хлопчыкі апранаюцца ў абрадавае адзенне, упрыгожваюць калядную зорку, з песнямі ідуць па вёсцы і, падыходзячы да хат, пяюць калядныя святочныя песні, сярод якіх ёсць спецыяльная песня «Куры». Гаспадары хаты ў сваю чаргу частуюць удзельнікаў гурту ежай – смажанымі блінамі, салам і цукеркамі. Абрад завяршаецца з заходам сонца. Абрадавая дзея звязана з спецыяльнымі абрадавымі атрыбутамі: касцюмам, каляднай зоркай і свячой, якая гарыць у каляднай зорцы каля абраза Божай Маці. Удзельнікамі абраду ў свой час у дзяцінстве было не адно пакаленне жыхароў вёсак Дзмітраўка, Віркаў і Нясета. Многія з іх сёння – бабулі і дзядулі, бацькі, старэйшыя сёстры – з энтузіязмам распавядаюць сучасным удзельнікам каляднага гурту як трэба калядаваць, перадаюць ім песні, расказваюць парадак дзеянняў. Калядны абрад «Куры» па-ранейшаму з’яўляецца актуальнай культурнай з’явай, перадаецца з пакалення ў пакаленне і прызнаецца супольнасцю сваёй нематэрыяльнай каштоўнасцю

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя цырымоніі » Абрады

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

У вясковай культуры Клічаўскага раёна яшчэ жыва традыцыя святкавання калядных абрадаў. Дзеці, жыхары вёсак Дзмітраўка, Віркаў і Нясета Клічаўскага раёна, штогод 13 студзеня збіраюцца ў гурты, каб прайсці па вёсцы, праславіць гаспадароў, паспяваць калядныя песні. Дзеці, удзельнікі калядных гуртоў, ведаюць гісторыю ўзнікнення абраду, ведаюць і пяюць традыцыйную калядную песню «Куры», якую ў кожнай вёсцы пяюць па-рознаму. Таму з упэўненасцю можна меркаваць аб тым, што гэта традыцыя, якая захавала пераемнасць на ўзроўні супольнасці і сям’і, ад пакалення да пакалення, застанецца і далей сацыяльна і культурна запатрабаванай. Асобныя элементы гэтага каляднага абраду (песні, калядная зорка) могуць выкарыстоўвацца сучаснымі фальклорнымі і музычнымі гуртамі, вывучацца ў музычных школах, студэнтамі падчас правядзення фальклорных экспедыцый, выкарыстоўвацца як элемент турыстычнага прадукту для агратурыстычных гаспадарак Клічаўшчыны. Сам калядны абрад можа быць цікавым і карысным у якасці часткі агратурыстычнага маршруту раёна і вобласці, бо калядаванне дазваляе прысутнасць «гледачоў» абраду

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Традыцыйныя калядныя дзеянні дзеці перанялі ад сваіх бабуль, матуль і старэйшых сясцёр, захаваўшы і выкарыстоўваючы пры гэтым традыцыйныя матэрыяльныя прадметы: касцюм, калядную зорку, свячу. Разам з абрадам дзеці перанялі і павагу да сваёй культуры, цікавасць і адкрытасць да ўспрымання спадчыны сваёй мясцовасці, спадчыны, якая вылучае і абазначае лакальную культуру. Тым болей, што гэты абрад шануецца і старанна зберагаецца мясцовай супольнасцю, аб’ядноўвае яе адносна агульнай зацікаўленасці на глебе традыцыі. Калядная пара – заўсёды час забаў і весялосці, асабліва для дзяцей. Таму ў дадзеным выпадку актуальнай з’яўляецца забаўляльная функцыя абраду, а таксама камунікатыўная і сацыялізуючая, бо ў час абраду дзеці актыўна кантактуюць з мясцовымі жыхарамі. Некаторыя сталыя жыхары вёсак жывуць адны, бо іх дзеці і ўнукі раз’ехаліся ў гарады. Для іх прыход калядоўшчыкаў – радасная і доўгачаканая падзея

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Раённы выканаўчы камітэт, аддзел культуры Клічаўскага райвыканкама, дзяржаўная ўстанова культуры «Цэнтралізаваная клубная сістэма Клічаўскага аддзела культуры», раённая рэдакцыя газеты «Сцяг Саветаў»

Паходжанне элемента:

Каляднаму абраду «Куры» каля ста год. У ім ўдзельнічалі яшчэ бабулі і матулі сучасных удзельнікаў абраду. Абрад раней праводзіўся ў кожнай вёсцы Клічаўскага раёна. Аднак з цягам часу ў некаторых вёсках знік, а застаўся толькі ў трох – Дзмітраўка, Віркаў і Нясета. Як расказвае Фясько Марыя Дзмітраўна, 1935 г. н. з вёскі Віркаў, абрад «Куры» праводзіўся ў вёсцы даўно. Дзеці, якім было ад 10 да 14 год, збіраліся ў каго-небудзь у хаце, павязвалі хусткі, рыхтавалі мех або кошык і ішлі калядаваць. У в. Віркаў звязду не насілі. Ніякіх калядных касцюмаў не аддзявалі. «Я сама з пяці гадоў хадзіла ў гурце калядаваць і пела калядную песню “Куры”. Чаму назвалі “Куры”? Дзеці ходзяць малыя, шчабечуць… Таму дарослыя і назвалі “Куры” або “Кураняты”… Прыйдзем пад акно і гаворым: “Шчодры вечар, святы вечар! Дазвольце курам папець?” Калі дазвалялі гаспадары, то мы пелі: “Эй, куры, куры, не пейце рана. Святы вечар! Не пейце рана, не будзіце пана. Не будзіце пана, сам пан устане…» (запісана ад Фясько Марыі Дзмітраўны, 1935 г. н., жыхаркі в. Віркаў). У асноўным спявалі больш малодшыя дзеці, якія і стаялі пад акном, а большыя дзеці назіралі ля вугла. З хаты выходзіла гаспадыня, выносіла звычайныя тонкія бліны і скварку сала дзецям. Казала такія словы: «Дзякуй вам, што не забыліся, завіталі, песню праспявалі. Вазьміце і ад мяне пачастунак». «Куры» дзякавалі гаспадарам: «Дзякуй, мая мамка, хай будзе ў цябе і ў доме, і ў хляве, і ў дварэ, і прыбытак і ў скаціне, і ў сям’і». Потым дзеці збіраліся ў каго-небудзь у хаце і дзялілі паміж сабой накалядаваныя гасцінцы. Па словах носьбіта М.В. Навумчык (1928 г. н., в. Нясета), у вёсцы таксама хадзілі гурты і спявалі песню. Касцюмы калядныя не апраналі, толькі паверх кажуха ці паліто павязвалі вялікія хусткі. У в. Дзмітраўка ўдзельнікі гуртоў насілі калядную зорку і апраналі касцюмы

Стан бытавання:

развіццё ці распаўсюджванне

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Вёскі Дзмітраўка, Віркаў і Нясета знаходзяцца ў маляўнічым месцы Клічаўскага раёна, вакол іх густыя лясы і шырокія палі. У вёсцы Дзмітраўка нешырокая вясковая вуліца, якая некаторы час назад была заасфальтавана. Уздоўж вуліцы, па абодвух баках, стаяць драўляныя хаты, у некаторых дварах ёсць студні. Архітэктура і інтэр’ер драўляных сельскіх хат не змяніліся, і гэта не здзіўляе, бо у вёсцы жывуць у асноўным людзі сталага ўзросту. Вёскі Нясета і Віркаў выглядаюць больш сучасна – гэта аграгарадкі: тут разам з драўлянымі хатамі будуюцца цагляныя дамы для маладых сем’яў. Вёска Нясета з’яўляецца і чыгуначным прыпынкам паміж Магілёвам і Мінскам. Галоўныя вуліцы вёсак шырокія і заасфальтаваныя. Традыцыйны ландшафт, у якім праходзіць калядны абрад паступова мяняецца: знікаюць драўляныя дамы, з’яўляюцца новыя пабудовы. Сам абрад, праходзіць пакуль што у традыцыйным ландшафце, які мясцовыя жыхары, а таксама раённыя і сельскія ўлады старанна захоўваюць. Маршрут каляднага гурту не мяняецца ўжо шмат год – ад пачатку і да канца вуліцы

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Мясцовыя жыхары размаўляюць на мясцовай гаворцы

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Матэрыяльнымі аб’ектамі звязанымі з практыкай правядзення абраду, з’яўляецца касцюм, які дзяўчаты апранаюць, і калядная зорка, з якой ходзяць калядаваць.Калядны касцюм дзяўчынак складаецца з традыцыйных рознакаляровых спадніц, у асноўным чорнага колеру з нашытымі па нізе стужкамі, а таксама – вышытых кашуль, абавязкова вышытага фартуха, цёплага верхняга паліто або старога футра. На галаву павязваюць хусткі, на ногі абуваюць боты. Такі калядны касцюм апраналі яшчэ бабулі і матулі дзяўчынак. «Што маці дасць надзець набуць, у тым і хадзілі калядаваць… А потым неяк і заўсёды сталі надзяваць», – гавораць Н.І. Каледзіч з в. Віркаў і М.В. Навумчык з вёскі Нясета.Калядная зорка зроблена з дрэва. На доўгай тонкай палцы знаходзіцца чатырохкутная зорка, у сярэдзіне якой адмысловае месца для абраза Божай Маці і свечкі. Таксама да матэрыяльных аб’ектаў можна аднесці і кошык з лазы, які носіць механоша

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

Песні, пажаданні ад удзельнікаў гуртоў (дадаюцца)

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

На сённяшні час існуе некалькі мадэлей перадачы элемента:- у сям’і (дзяўчынкі пераймаюць манеру выканання песен ад сваіх матуль, бабуль і старэйшых сясцёр);- ад пакалення да пакалення: носьбіты перадаюць дзяўчынкам, удзельніцам калядных гуртоў, тэксты песень, хусткі, кашулі, парадак правядзення абраду;- у гурце – ад старэйшых дзяўчынак, малодшым – з голасу;- праз сродкі масавай інфармацыі;- праз выпуск буклетаў, альбомаў;- праз удзел этнаграфічных таварыстваў у фіксацыі абраду, пераемнасці і вывучэнні традыцый;- праз удзел вучняў школы ў правядзенні абраду (удзельніцы абраду вучацца ў мясцовай агульнаадукацыйнай і музычнай школах);- праз дэманстрацыю відэафільма, знятага Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і культурна-асветнай работы сумесна з тэлеканалам «Магілёў 1»

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

- сталы ўзрост жанчын-захавальніц традыцыі;- паступовае знікненне традыцыйнага ландшафту, у якім праводзіцца абрад (пабудова новых сучасных дамоў, змена архітэктуры вёскі)

Ключавыя словы

Шчодры вечар, дзеці, Каляды, калядная зорка

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Купалачка_гурт.pdf

Купалачка_гурт.pdf

Рэспубліка.pdf

Рэспубліка.pdf

Сцяг_Саветаў.pdf

Сцяг_Саветаў.pdf

пажаданні_куранят.pdf

пажаданні_куранят.pdf

песні.pdf

песні.pdf

Фотафіксацыя

Відэафіксацыя

РАДАВОД КАЛЯДКИ.avi

Аўдыёфіксацыя

2011-08-14-Куры-песня А куры не пейце рана-Н. Каледзіч-Віркаў_Клічаўскі р-н_архіў СЭТ.mp3:

2011-08-14-Куры-песня А куры не пейце рана-Віркаў_Клічаўскі р-н_архіў СЭТ-converted.mp3

1998-Куры-песня Ой, куры-куры-Н. Казак-Віркаў_Клічаўскі р-н-зап. М. Казак.mp3:

1998-куры-песня Ой, куры-куры-Н Казак-Віркаў-converted.mp3