Інвентар НКС

   Пошук
Вобласць:       Раён:

Абрад «Варварынская свяча»

Шыфр (у Дзяржаўным спісе): 53АК000070
Дата ўключэння: 12/09/2011
№ пратакола Рады: Пратакол пасяджэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ад 19.05.2010 № 169. Пастанова Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 12.09.2011 № 1214
Шыфр (у Інвентары): НКС-130306/01

Звесткі аб адказнасці адносна НКС

Куратар:

Аддзел культуры Мсціслаўскага райвыканкама. Адрас: вул. Калініна, 21, г. Мсціслаў;

Выяўленне элементаў НКС

Назва:

Абрад «Варварынская свяча»

Другая назва элемента НКС (прынятая ў канкрэтнай супольнасці, лакальны варыянт):

«Гуляць Варварыну свечку», «Гуляць свечку», «Вынас свячы»

Адпаведная(ыя) супольнасць(і), група(ы) альбо індывідуум(мы):

Жанчыны вёскі Басценавічы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці

Арэол распаўсюджвання:

Магілёўская вобласць » Мсціслаўскі раён » в. Басценавічы ;  

Кароткае апісанне элемента:

Абрад «Варварынская свяча» вёскі Басценавічы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці з’яўляецца аброчным. Асаблівасць дадзенага абраду заключаецца ў тым, што аброк (рознакаляровыя стужкі, тканіна, ручнікі) могуць прыносіць выключна жанчыны. Гэта звязана з тым, што свяча зроблена ў гонар святой пакутніцы Варвары, якая была забіта ўласным бацькам за тое, што спавядала хрысціянства. Абракаючыся, жанчыны просяць у свячы дапамогі, вераць у яе сілу і ўпэўнены, што калі свяча з’явіцца ў хаце, то з сабой абавязкова прынясе дабрабыт, здароўе і шчасце. Свяча нагадвае чалавека з узнятымі ўгару рукамі і складаецца з «цела», «галоўкі» і «ручак». Раз у год напярэдадні дня святой Варвары ўвечары 16 снежня свячу «амаладжваюць» – прымацоўваюць новыя самаробныя свечы да старых – і пераапранаюць у новае адзенне (сподняя рубашка, сукенка, пояс, вяночак), а потым ладзяць святочную вячэру. На наступны дзень жанчыны адвозяць свячу ў царкву для асвячэння. Мінулагодняя «вопратка» свячы застаецца ў храме і любы жадаючы можа, ахвяраваўшы царкве, узяць яе частку для сваёй сям’і. Увечары жанчыны збіраюца зноў, каб ушанаваць свячу ў новай хаце. Свяча пераходзіць па замкнёнаму колу ў якасці абярэга сям’і, гаспадаркі кожны год з адной хаты ў другую па чарзе далучэння да абраду яго ўдзельніц. У выпадку, калі любая жанчына з вёскі захоча абракнуцца, то свяча ў гэты ж год трапляе ў яе хату. Большасць удзельніц абраду – жанчыны сталага ўзросту. Да іх час ад часу далучаюцца жанчыны сярэдняга ўзросту, часцей за ўсё гэта блізкія сваячкі. Кола носьбітаў з’яўляецца дастаткова вузкім і ўключае каля 10 прадстаўніц розных сем’яў

Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента

Катэгорыя элемента:

Традыцыйныя цырымоніі » Абрады

Веды і навыкі, якія могуць быць карыснымі і цікавымі сучасным спажыўцам:

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:

Абрад і сёння захоўвае старажытную сакральную функцыю, якая заключаецца ў веры носьбітаў традыцыі ў звышнатуральную сілу свячы дапамагаць чалавеку, калі да яе звярнуцца і даць аброк. Менавіта гэта функцыя робіць абрад шанавання свячы актуальным для сучаснага грамадства. Па словах носьбітаў свяча дае здароўе сям’і, родным, таму яны «абракаюцца самі на сябе і на сваю сям’ю»; а «вопратка» свячы – святая і гаючая. Лічыцца, што дом, дзе знаходзіцца свяча, становіцца поўны дабрабыту, яго абыходзяць ліха і хваробы, калі ў хаце ёсць нежанатыя хлопцы ці незамужнія дзяўчаты, то яны абавязкова знойдуць сабе пару, бо святая Варвара нясе ў хату мір і спакой. У супольнасці прынята звяртацца да свячы на працягу ўсяго года: гаспадыня хаты, дзе сакральны атрыбут знаходзіцца, звяртаецца да яе, і калі здарыцца штосці добрае, і калі дрэнная падзея закране жыцццё. Абрад аб’ядноўвае ў вузкае кола свяшчэннага жаночага саюзу, што дае падставу ганарыцца сваёй прыналежнасцю да гэтай закрытай супольнасці. Адсюль узнікае і асноўны пастулат узаемаадносін між жанчынамі – гуртам, талакой прыйсці на дапамогу аднаму з членаў саюзу, калі здарыцца якая-небудзь бяда або чакае цяжкая праца, выканаць якую своечасова адной нельга. Такім чынам, можна меркаваць аб наяўнасці камунікатыўнай функцыі і функцыі ўнутранай рэгуляцыі жыцця супольнасці

Арганізацыі (няўрадавыя, грамадскія, дзяржаўныя), якія спрыяюць практыцы перадачы элемента:

Аддзел культуры Мсціслаўскага райвыканкама, ДУА «Інстытут культуры Беларусі»

Паходжанне элемента:

Першапрычыну ўзнікнення традыцыі ўшанавання аброчнай свячы сённяшняе пакаленне вяскоўцаў ужо не памятае. Разам з тым пасляваенная гісторыя пераходаў свячы з хаты ў хату добра вядома ўсім жыхарам Басценавіч. Па словах вясковых жанчын, гісторыя той свячы, якая сёння перадаецца ў супольнасці і існуе ў вёсцы з 1905 г., звязана з лёсам некалькіх сем’яў. Юлія Андрэеўна Шумянцава – гаспадыня хаты, у якой свяча захоўвалася ў 2009 г., паведаміла, што яшчэ яе бабуля – Сяргеева Наталля Алентаўна, 1892 г. н., памятала як пачалі праводзіць гэты абрад і сама потым удзельнічала ў ім. У абрадзе «Варвараўская свечка» ўдзельнічала таксама і бабуля мужа Шумянцавай Ю. А. – Шумянцава Таццяна Уласаўна, 1894 г. н., і яе маці – Кулікова Ганна Васільеўна, 1924 г. н., якая прывяла Юлію Андрэеўну на абрад, калі той было 10 год. Вакол аброчнай свячы сфарміраваўся своеасаблівы саюз жанчын – прадстаўніц розных сем’яў, часцей за ўсё сталага і сярэдняга ўзросту, якія далучыліся да абраду, каб праз аброк свячы пазбавіцца кожная свайго асабістага гора ці няшчасця. З году ў год свяча пераходзіць з хаты ў хату, ад адной гаспадыні да другой. Паслядоўнаць чаргавання не парушаецца дзесяцігоддзямі. Жанчыны наперад ведаюць, праз некаторы час шаноўная «госця» вернецца «на кругі свае» і зноўку стане надзейным абярэгам для хаты, гаспадаркі, а найперш, для сям’і. Калі ж нейкая гаспадыня жадае далучыцца да саюза аднавясковак, то ў яе хату свяча завітае ў гэты жа год. Тым не менш носьбіты абраду «Варвараўская свечка» ўтвараюць замкнёнае кола, таму і свяча рухаецца з хаты ў хату адпаведна гэтаму колу. Верагодна, некалі была пачатковая кропка адліку часу і месца-хаты, а потым паступова далучаліся іншыя жанчыны. Г. Н. Далгунова, В. Н. Жабыка, І.В. Калтунова, І.В. Яўсеянка – носьбіты абраду «Варвараўская свечка» – расказалі, што яшчэ зусім нядаўна ў вёсцы было два гурты жанчын, якія аб’дноўваліся вакол дзвюх аброчных свечак. Сёння засталася толькі адна свяча. А вось з другой свячой адбылася нечаканая гісторыя, якая аказалася для мясцовага насельніцтва павучальнай і паўплывала на замацаванне ўстойлівасці традыцыі. Кола людзей, якое шанавала другую свечку паступова звужалася – састарэлыя людзі паміралі. Засталіся толькі дзве старэнькія бабулі, якія спачатку перадавалі свячу адна адной, а пазней у іх ужо проста не стала сілы штогод ездзіць у райцэнтр і асвячаць аброчную свечку ў царкве. Далучацца ж да іх гурту ніхто з маладзейшых аднавяскоўцаў чамусьці не пажадаў. Тады яны вырашылі раздзяліць свячу паміж сабой. Адна жанчына ўзяла сабе верхнюю частку тулава, галаву і рукі, а другая – ніжнюю. Літаральна праз кароткі час тая жанчына, якой дасталася ніжняя частка васковай фігуры, раптоўна памерла прама на рэпетыцыі ў клубе. Гэта здарэнне даволі моцна паўплывала на свядомасць людзей. Па вёсцы пайшла пагалоска: «Нельга дапускаць, каб спынялася традыцыя»

Стан бытавання:

па-ранейшаму захоўваецца ў сваім першапачатковым стане

Апісанне залежнасці элемента ад традыцыйнага культурнага ландшафта, у якім існуе элемент:

Значным элементам культурнага ландшафту выступае наяўнасць тут такога рамяства як пчалярства. Кожны год для правядзення абраду патрэбен воск, які выкарыстоўваецца для «амаладжэння» свячы. Жанчыны-ўдзельніцы абраду купляюць воск у мясцовага пчаляра і падлепліваюць свячу – прымацоўваюць яго да «тулава», «рук» і «галавы». Таксама важным элементам з’яўляецца захаванне традыцыйнай структуры сялянскай хаты: свяча разам з абразом святой Варвары і хлебам ставіцца на самае важнае месца ў хаце – покуць. Лічыцца, што свяча мае вочы, якія ёй закрываць нельга, таму ні адна гаспадыня ніколі не схавае свячу

Мова альбо дыялекты, якія выкарыстоўваюцца:

Мясцовая гаворка

Матэрыяльныя аб’екты, якія звязаны з практыкай элемента:

Да матэрыяльных аб’ектаў, звязаных з практыкай элемента, адносяцца:- свяча, выява якой нагадвае чалавека з узнятымі ўгару рукамі і складаецца з «цела», «галоўкі» і «ручак»;- «адзенне» свячы: начная кашуля белага колеру, верхняя сукенка ў кветачку, стужка-пояс. У якасці ўпрыгожванняў у верхняй частцы сукенкі на стужку-пояс завязваюцца іншыя рознакаляровыя стужкі, зверху над «галаваой» свячы размяшчаецца вяночак, зроблены з выгнутага дугой дроту, на які прымацоўваюцца рознакаляровыя папяровыя кветкі;- абраз святой пакутніцы Варвары, які павінен пастаянна знаходзіцца каля свячы; - да святочнай вячэры ў залежнасці ад дня тыдня рыхтуюцца стравы. Вось як гэта тлумачаць мясцовыя жанчыны: «Чысло адно і то жэ, а дні – разныя. Еслі пятніца або серада – посная вячэра. А еслі другі дзень – ня посны». Як правіла, на стале заўсёды прысутнічаюць: вараная бульба, квашаная капуста, агуркі, яечня, кісель;- абрадавы хлеб – па цэнтры булкі хлеба робіцца невялікая выемка, куды насыпаецца соль і ставіцца невялікая свечка, зробленая ў час пераапранання вялікай свячы. Хлеб змяшчаецца каля іконы святой Варвары.У якасці падарункаў свячы, што прыносяць жанчыны, якія абракаюцца і, тым самым, далучаюцца да абраду, могуць выступаць рознакаляровыя стужкі, ручнікі, кавалкі тканіны і інш.

Іншыя нематэрыяльныя элементы, звязаныя з практыкай элемента:

У час абраду носьбіты традыцыі спяваюць псалмы, прысвечаныя жыццю святой пакутніцы Варвары; гатуюць ежу для развітальнага стала ў хаце, дзе свяча год знаходзілася да абрадавай дзеі і да стала, які накрываецца ў новай хаце, дзе свяча будзе стаяць год наступны

Мадэлі перадачы элемента ў супольнасці:

Кола носьбітаў абраду з’яўляецца дастаткова вузкім і ўключае 8–10 прадстаўніц розных сем’яў. Пераважная большасць удзельніц – людзі сталага ўзросту, разам з тым да іх час ад часу далучаюцца жанчыны сярэдняга ўзросту, часцей за ўсё гэта блізкія сваякі: дачка або нявестка. Усіх жанчын аб’ядноўвае якое-небудзь няшчасце, нядоля, гора ці бяда.Калі ж да гурту жанчын жадае далучыцца яшчэ некалькі прадстаўніц супольнасці, то перавага аддаецца сяброўкам, добрым суседзям, хай сабе і далёкім, але сваякам. Такім чынам, у дачыненні да дадзенага элемента вылучаюцца дзве мадэлі перадачы – вертыкальная і гарызантальная. Да вертыкальнай мадэлі адносіцца перадача праз сям’ю ад пакалення да пакалення, а да гарызантальнай – перадача ўнутры лакальнага соцыўма вясковай супольнасці паміж сем’ямі

Пагрозы для існавання і перадачы элемента:

Сталы ўзрост, а таксама адносна малая колькасць непасрэдных захавльніц традыцыі

Ключавыя словы

Аброк, свяча, святая Варвара

Прыналежнасць да спісаў ЮНЕСКА

Дакументы, звязаныя з элементам

Бібліяграфія.doc

Бібліяграфія.doc

Звязда-2.pdf

Звязда-2.pdf

Звязда.pdf

Звязда.pdf

Партал Горкі.pdf

Партал Горкі.pdf

Псалмы_тэксты.docx

Псалмы_тэксты.docx

Фотафіксацыя

Відэафіксацыя

РАДАВОД _ГУЛЯННЕ СВЯЧИ_MPEG2_ARCHIVE_PAL.mpg