Выкарыстанне нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей у турыстычнай дзейнасці

Выкарыстанне нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей у турыстычнай дзейнасці

У раздзеле «Рэсурсы / Інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы» сайта «Жывая спадчына Беларусі» апублікаваны аналіз матэрыялаў анкетавання «Выкарыстанне нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей у турыстычнай дзейнасці», праведзенага Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКМ у межах маніторынга дзейнасці па захаванню нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей уключаных у турыстычную дзейнасць.

Уключэнне нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей у турыстычную дзейнасць садзейнічае выкананню мэтаў Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, сярод якіх – прыцягненне ўвагі на мясцовым, нацыянальным і міжнародным узроўнях да важнасці нематэрыяльнай культурнай спадчыны і яе ўзаемнага прызнання. У 2019 годзе прыняты План мерапрыемстваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь па развіццю культурна-пазнавальнага турызму, адзін з пунктаў якога – гэта маніторынг дзейнасці па захаванню нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія выкарыстоўваюцца ў турыстычнай дзейнасці.

У кожнай вобласці вылучаецца пэўная колькасць нематэрыяльных каштоўнасцей, турыстычны патэнцыял якіх выкарыстоўваецца найбольш актыўна. У цэлым па краіне 52% нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей мэтанакіравана ўключаны ў розныя формы турыстычнай дзейнасці. Значна большы гэты паказчык толькі ў Віцебскай і Гродзенскай абласцях. Гэта сведчыць пра сістэмную работу, якая праводзіцца ўстановамі культуры па вывучэнню і выкарыстанню турыстычнага патэнцыялу адметных праяў мясцовай нематэрыяльнай культурнай спадчыны, як да надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, так і пасля ўключэння ў Дзяржспіс.

Цікавыя, прывабныя для турыстаў ініцыятывы можна знайсці ў кожнай вобласці, у аналізе анкетавання прадстаўлены адметныя мерапрыемствы абласнога, раённага і мяцовага ўзроўню. Найбольш эфектыўнымі яны становяцца пры аб’яднанні розных відаў мясцовай спадчыны для прадстаўлення цэласнага вобраза традыцыйнай культуры. Утварэнню турыстычна-прывабных асяродкаў народнай спадчыны спрыяе цеснае супрацоўніцтва ўстаноў культуры, адукацыі, спорту і турызму, мясцовых органаў улады, міжнародных праграм падрымкі.

Патэнцыял нематэрыяльнай культурнай спадчыны для развіцця культурна-пазнавальнага турызму, а таксама ўплыў турызму на жыццядзейнасць нематэрыяльнай культурнай спадчыны і ўстойлівае развіццё адпаведных тэрыторый патрабуе больш грунтоўнага вывучэння і аналізу на абласным узроўні. У поўнай меры турыстычны патэнцыял нематэрыяльнай культурнай спадчыны выкарыстоўваецца толькі ў асобных раёнах. Шматлікія прыклады выдатных мясцовых ініцыятыў і раённых мерапрыемстваў паказваюць, што пры творчым падыходзе ўстаноў культуры да работы з нематэрыяльнай культурнай спадчынай яе рэсурсы могуць быць выкарыстаны для развіцця адметных культурных праектаў і брэндавых мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць захаванню культурнай разнастайнасці і ўмацаванню супольнасцей носьбітаў беларускай традыцыйнай культуры.

Каліноўская А.Т.,
вядучы спецыяліст ІПКіПК БДУКМ


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.