Купальскі варыянт народнай гульні ”Яшчар“ у вёсцы Гута

Купальскі варыянт народнай гульні ”Яшчар“ у вёсцы Гута

11.09.2020

У пачатку жніўня ў Пастаўскім раёне адбылася цікавая падзея прыехалі супрацоўнікі тэлеканала ”Беларусь 3“, каб падрыхтаваць новую перадачу ”Жывая культура“, якая цалкам прысвячаецца нематэрыяльным гісторыка-культурным каштоўнасцям нашай краіны. Каманда спецыялістаў на чале з прадзюсерам Надзеяй Габец ставілі сваёй мэтай асвяціць у сваёй вераснёўскай перадачы найбольш рэдкі  з вядомых на Беларусі купальскі варыянт народнай гульні моладзі ”Яшчар“ у вёсцы Гута, якая ў 2018 г. набыла статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Фальклорны гурток Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра адказна падрыхтаваўся да здымкаў перадачы. З дапамогай аднавяскоўцаў было адпаведна абсталявана месца каля маляўнічага дэндрапарка і Гуцкага возера, падрыхтаваны неабходны рэквізіт, касцюмы.

Жанчыны спявалі купальскія песні, моладзь гуляла ў ”Яшчара“. Дзяўчаты,  прыпяваючы песню-ўслаўленне галоўнага героя, вадзілі ў вяночках карагод, а гарэзлівы Яшчар – Арцём Кухальскі –  важна сядзеў на драўлянай калодцы пасярод у дубовым мужчынскім вянку і плашчы ”ў этнастылі“ (з саматканай пасцілкі). Сабраўшы вянкі ўдзельніц гульні, ён патрабаваў іх выкупіць, загадваючы розныя заданні, якія патрэбна, праспяваўшы песню-”выплакванне вянка“, абавязкова выканаць.

Працэс відэазапісу быў няпросты: патрабавалася і змяніць ракурс, і планы здымкаў, і, каб зрабіць выгляд зверху, выкарыстаць квадракоптары, і засяродзіць увагу на асобных элементах. Усе прысутныя стараліся як мага лепш прыняць удзел у гэтым творчым працэсе. Спадзяёмся, што тэлегледачам спадбалася перадача, прэм’ера якой адбылася 10 верасня. У хуткім часе яе можна будзе пабачыць на youtube-канале Беларусь 3. Апошнім часам перадача выходзіць па чацвяргах у 17.45.

Хочацца адзначыць разважлівую прафесійную працу рэжысёра перадачы Уладзіміра Біндзюкова і ўсіх аператараў. Вельмі прыемна было таксама працаваць з абаяльнай, адукаванай і інтэлігентнай вядучай Кацярынай Ваданосавай, якая, дарэчы, сама рыхтуе сваё прыгожае адзенне з традыцыйнай беларускай вышыўкай.

Акрамя калектыву моладзі на чале з Тамарай Маслоўскай, сямейнага ансамбля Аляксандра Пачкоўскага, у здымках тэлеперадачы прынялі ўдзел знаўцы фальклору – Г.І. Язёнак, Г.Г. Болт, Р.М. Галяш з Гуты, пастаўчанка Г.П. Танана.

Телеперадача ”Жывая культура“ стварае фонд традыцыйнай спадчыны, робіць бачнымі і даступнымі для самай шырокай аўдыторыі нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці нашай любай Беларусі. 

Людміла Чатовіч, метадыст ЦКіНТ Пастаўскага раёна

Карагод у гульни Яшчар.jpg

Выпрошванне свайго  вянка у Яшчара.jpg

Фота Уладзіміра Біндзюкова





Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.