Гісторыі жывая ніць: як нараджаўся рукатворны цуд у Гродне

Гісторыі жывая ніць: як нараджаўся рукатворны цуд у Гродне

14.08.2020

У ткацкай лабараторыі Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці сёлета нарадзілася ідэя стварэння незвычайнага габелена. 75-я гадавіна Вялікай Перамогі стала сапраўднай крыніцай натхнення для адораных творцаў.

Выраб адметных тканых палотнаў з нагоды юбілейных дат і памятных падзей – гэта нязменная традыцыя метадычнага цэнтра, якая бярэ свой пачатак з сярэдзіны мінулага стагоддзя.

Прэзентацыя маштабнага габелена з выявай маці Беларусі стала  самым знакавым эпізодам святкавання Дня Незалежнасці ў Гродне. Эксклюзіўны рукатворны падарунак для роднага краю 3 ліпеня быў выстаўлены на ўсеагульны агляд у гістарычным цэнтры горада. Дарэчы, гэта была даволі рэдкая ў сусветнай практыцы дэманстрацыя палатна на адкрытым паветры. У гэты дзень кожны жадаючы мог падысці да ўнікальнага твора і адчуць яго неверагодную энергетыку!

Аб’ёмны габелен, які стаў сімвалам нязломнай сілы патрыятызму і духоўнай велічы нашай Радзімы, аказаўся справай не аднаго дня…

Больш за паўвека таму назад гродзенскі мастак-тэкстыльшчык Фелікс Антонавіч Шунейка заснаваў у родным горадзе ўнікальную творчую майстэрню. Па яго эскізах быў сканструяваны адзіны ў Беларусі ткацкі станок з вертыкальнай асновай – асаблівы гонар метадычнага цэнтра. Кросны вось ужо на працягу 40 гадоў верай і праўдай служаць пераемніцы бацькоўскай справы – Алене Феліксаўне Шунейка.

30 гадоў таму скарбонка работ творчай сямейнай дынастыі Шунейкаў папоўнілася маштабным габеленам “Вясна Панямоння”, прысвечаным 45-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да 75-годдзя Гродзенскага метадычнага цэнтра народнай творчасці Алена Феліксаўна выткала грандыёзнае палатно “Вясёлка творчасці”. Шырокае грамадскае прызнанне па праву атрымала работа “Гродзенская ратуша 1784”, вырабленая да 890-годдзя Гродна, якая арганічна дапоўніла цыкл твораў з выявамі архітэктурных помнікаў горада.

Трэба сказаць, што тэхніка, якой валодае гродзенская чараўніца ткацкага рамяства, аўтарская, заснаваная на мясцовых ткацкіх традыцыях. Творчасць майстра Алены Шунейка па вырабу габеленаў у традыцыях падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва, як адметная праява нематэрыяльнай культурнай спадчыны, у 2016 г. уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

20200512_162221.jpg

Першая нітка сёлетняга пераможнага габелена была закладзена напачатку лютага. Аўтар эскіза твора – кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, брат гродзенскай майстрыхі Яўген Феліксавіч Шунейка. У рэалізацыі цікавай задумы Алене Феліксаўне дапамагала калега і пераемніца ткацкага рамяства Юлія Барадзіна. Супрацоўнікі метадычнага цэнтра адразу аб’явілі конкурс на лепшую назву габелена. З 70 прапаноў была выбрана самая ўдалая. “Гісторыі жывая ніць” – менавіта такую назву атрымала знакавае палатно.

За рэкордна кароткі тэрмін майстрыхі здзейснілі немагчымае – праз дробныя дэталі і далікатныя колеравыя “мазкі” распавялі цікавую гісторыю, знітавалі мноства вобразаў, напоўнілі кожны сантыметр палатна нястомнай энергіяй працавітых рук… 151 дзень (1200 гадзін!) у творчай лабараторыі кіпела праца. Звычайна падобнага кшталту работы выконваюцца на працягу двух гадоў. Практычна цэлы кіламетр рознакаляровых нітак (і гэта без нітак асновы і прыбіўной ніткі) спатрэбіўся ткачыхам, каб “сплесці” гісторыю – ад глыбокай даўніны да сучаснасці.

IMG_7307.JPG

Каляровы бардзюр габелена ўпрыгожваюць элементы традыцыйнага беларускага арнаменту і прыродныя сімвалы Беларусі – валошка і папараць. У ніжняй частцы палатна памерам 1,5 х 2 метры вытканы замалёўкі партызанскіх будняў, ваенных дзеянняў, шчаслівыя моманты святкавання Перамогі, якія ўражваюць сваёй дэталёвасцю. Зброя, перабінтаваная рука, ваенная сумка медсястры і нават маленечкія медалі на грудзях герояў – усё гэта неверагодным чынам знайшло сваё адлюстраванне ва ўдалай кампазіцыі.

Цёмная па настроі і колеравай гаме паласа змяняецца светлай, на якой майстрыхі з уласцівай ім карпатлівасцю намалявалі ніткамі насычанае жыццё гараджан і сялян. У “вясковай” частцы габелена мы бачым паўсядзённасць працаўнікоў зямлі, а ў “гарадской” – будні прадстаўнікоў самых розных прафесій. Углядаешся ў габелен – і выявы мірнага жыцця нібыта ажываюць, напаўняюцца народнымі мелодыямі, гулам машын, шапаценнем каласоў і бусліным клекатаннем. Сялянка са снапом, музыкант, навуковец, мастак, будаўнік – кожны персанаж, па сцверджанню аўтраў твора, трапіў на палатно невыпадкова.

Верхні, самы светлы ўчастак габелена – сімвалічная зборная гарадская панарама культавых помнікаў архітэктуры Беларусі: Холмскія вароты Брэсцкай крэпасці, Трыўмфальная арка ў Магілёве, Фарны касцёл у Гродне, Кафедральны сабор Пятра і Паўла ў Гомелі, Віцебская ратуша і Абеліск Перамогі ў Мінску. Па словах Яўгена Шунейкі, аўтара эскіза габелена, уплеценыя ў арнамент славутыя сімвалы нашых абласцей – гэта ўнікальная з’ява ў мастацтве. Аб'ядноўвае кампазіцыю вобраз непадуладнай выпрабаванням маці Беларусі, на яе руках – дзіця з голубам як увасабленне мірнай будучыні.

Грандыёзная карціна выткана з сотняў самых разнастайных колераў і адценняў. У працы прысутнічае літаральна ўся колеравая гама – ад стрыманых пастэльных тонаў да яркіх і сакавітых “акварэляў”. Некаторыя ніткі падарылі зацікаўленыя праектам гродзенцы, шмат рознакаляровых клубочкаў прынеслі калегі ткачых. І як ні дзіўна, твору ідэальна падышлі і па колеры, і па якасці жоўтыя ніткі, афарбаваныя 50 гадоў таму бацькам Алены Феліксаўны.

20200701_152223_ред.jpg

Сёння багатая палітра фарбаў, як вясёлка, ззяе на палатне і стварае дзіўную атмасферу ўсеагульнага яднання, радасці, гонару за сваю краіну і нацыю. Магчыма, сакрэт энергетыкі твора хаваецца не толькі ў таленце ўмеліц, але і ў своеасаблівым абярэгу – закладзеных у габелен жаночых валасах, якія з’яўляюцца ўмяшчальняй магутнай жыццёвай сілы. А можа, габелены Алены Феліксаўны атрымліваюцца такімі атмасфернымі і “жывымі”, бо яна заўсёды пачынае працу з малітвы?.. Знакамітая гродзенская майстрыха ахвотна дзеліцца сваімі “прафесійнымі таямніцамі” з усімі жадаючымі. Пазнаёміцца з Аленай Шунейка і ўбачыць габелен можна ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. У хуткім часе твор чакае падарожжа па іншых гарадах Беларусі.

Алена Феліксаўна засталася вельмі задаволеная канчатковым вынікам адказнай творчай справы. Майстр ысе, адданай роднай зямлі, самім лёсам наканавана тварыць, радаваць і здзіўляць… У сваё дзецішча яна ўклала душу, велічэзную працу і бязмежны талент! Твору, выкананаму з такой любоўю і самааддачай, прадвызначана доўгае жыццё.

Бялькевіч Ала Антоніеўна,
рэдактар ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”

Бацькавы кросны (СТВ, 2020)


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.