Традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення атрымае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

Традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення атрымае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

16.01.2019

Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці будзе нададзены традыцыйнай тэхналогіі спіральнага пляцення Гарадоцкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага раёнаў Віцебскай вобласці і г. Віцебска. Такое рашэнне было прынята 15 студзеня 2020 г. на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны ў Міністэрстве культуры.

Старажытнае рамяство і яго сучаснае ўвасабленне майстрамі Віцебскай вобласці на пасяджэнні навукова-метадычнай рады прадставілі:

Сіманковіч Васіль Паўлавіч – народны майстар спіральнага пляцення і лозапляцення, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, кіраўнік гурткоў філіяла “Дома рамёстваў і фальклору” ДУК “Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці” Гарадоцкага раёна”;

Вакар Людміла Уладзіміраўна – вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ, кандыдат мастацтвазнаўства; навуковы эксперт па тэме “Традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення Гарадоцкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага раёна і г. Віцебска Віцебскай вобласці”;

Уліновіч Надзея Васільеўна – загадчык аддзела традыцыйнай культуры Віцебскага АМЦНТ;

Гушча Марына Леанідаўна – народны майстар, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, загадчыца філіяла “Дома рамёстваў і фальклору” ДУК “Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці” Гарадоцкага раёна”.

Віц.дэлегацыя на радзе.jpg

У экспертным заключэнні Вакар Л.У. адзначыла наступнае:

Спіральнае пляценне – адзін з самых старажытных і распаўсюджаных відаў пляцення ў традыцыйнай культуры. Менавіта такім спосабам беларусы, як і многія народы земляробчай культуры Еўропы, выраблялі прадметы хатняга ўжытку: посуд для захавання прадуктаў харчавання і адзення, мэблю, вуллі, абутак, палавікі. Ёмістасці са спіральнага пляцення маюць разнастайныя памеры і формы. Самыя вялікія магуць змяшчаць ў сябе дзесяткі кілаграмаў збожжа. Яны маюць вартасці лёгкага, трывалага, экалагічнага посуду. Сцісла сплеценыя сценкі гіграскапічныя, не прапускаюць ваду, іх не прагрызаюць мышы, і яны забяспечваюць неабходную для захавання зерня, альбо мукі вентыляцыю.

Тэхналогія спіральнага пляцення даволі простая: жгуты саломы ўкладваюцца па спіралі і злучаюцца паміж сабой лазовымі стужкамі, каранямі хвойных парод дрэў, ільнянымі альбо канаплянымі ніткамі. Спачатку ўкладаюць па спіралі круглае або авальнае дно, а пасля нарошчваюць вышыню і аб'ём сценак. Тэхналогія дазваляе звужаць або пашыраць аб’ём, рабіць круглыя, цыліндрычныя і шарападобныя ёмістасці. Мастацка-дэкаратыўныя вартасці вырабаў спіральнага саломапляцення залежаць ад шматлікіх фактараў: ад эластычнасці падрыхтаванага матэрыялу, розных адценняў колеру матэрыяла (ад светла жоўтага да цёмна-карычневага), канструктыўнай формы вырабу, ад рытму дэкаратыўных радоў аплёткі.

У традыцыйнай культуры Беларусі захаваліся разнастайныя гаспадарчыя вырабы, плеценыя з саломы, лазы, каранёў. Паводле гісторыяграфічнага даследавання В. А. Лабачэўскай, напачатку ХХ ст. нямецкі этнограф Фрыц Куршман даследаваў сялянскі побыт паўночна-заходняй Беларусі і быў уражаны шматлікасцю і разнастайнасцю форм саламяных ёмістасцяў. Асабліва яго ўразілі корабы, падобныя на антычныя амфары.

Раней шырока распаўсюджаная, сёння тэхналогія спіральнага саломапляцення захавалася і развіваецца ў Браслаўскім, Верхнядзвінскім, Гарадоцкім раёнах Віцебскай вобласці і ў г. Віцебску. Яе пераемнасць адбылася вусным шляхам ад носьбітаў рамеснай традыцыі А. М. Краўчука (г. Віцебск, 1937 г.н.), П. К. Карэніка (1906 – 1997) і М. Б. Чэркаса (1926 – 2018) (Браслаўскі раён). Новае пакаленне майстроў выдатна засвоіла традыцыйныя формы і тэхніку пляцення, мае свае распрацоўкі сучасных, утылітарных і сувенірных формаў, свае варыятыўныя адметнасці ў скарыстанні матэрыялаў і тэхналогіі. Вырабы майстроў захоўваюць архаічную прастату і манументальнасць формаў.

Пра адпаведнае рашэнне паведамляе сайт Міністэрства культуры і БелТА

У Беларусі папоўнілі спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў (Беларусь 1, 2020)


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.