Калядныя звычаі Пастаўшчыны ў межах акцыі “Ведай свой край. Народная культура”

Цэнтр культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна распачаў культурна-асветніцкую акцыю “Ведай свой край. Народная культура”, прысвечаную Году малой радзімы, удзелам у занятках “Школы актыўнага грамадзяніна”, якая арганізавана ў сярэдніх агульнаадукацыйных школах раёна і ставіць сваімі мэтамі фарміраванне ў вучняў гатоўнасці ўдзельнічаць у грамадска-палітычным жыцці краіны, самастойна прымаць рашэнні ў сферы грамадскіх зносін, несці адказнасць за прынятыя рашэнні і іх вынікі. Гэтыя задачы непарыўна злучаны з мэтамі выхавання асобы, якая ведае і любіць свой родны край, паважае і падтрымлівае яго традыцыі, у тым ліку ў галіне народнай культуры, якая тысячагоддзямі стваралася нашымі продкамі і пакінула нам яркія праявы ў розных жанрах фальклору.

Вучнямі старэйшых класаў Пастаўскай гімназіі быў праведзены экскурс па народных святах, што захаваліся на Пастаўшчыне, іх абрадавым і звычаёвым змесце, сучасным стане традыцыйнай культуры краю. Яны пазнаёміліся з элементамі народнай культуры Пастаўшчыны, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Гэта народны роспіс па тканіне “Маляванка” і “Клёцкі з душамі” – любімая страва нашых землякоў. А пра гісторыка-культурную каштоўнасць – народную гульню моладзі “Яшчар”, якая адноўлена ў фальклорным гуртку Гуцкага СКЦ, і іншыя мясцовыя традыцыйныя забавы быў прадэманстраваны відэафільм. Гульня “Яшчар” часцей праводзілася менавіта на калядных вечарынах, дзе спявалі, танчылі, ладзілі розныя гульні, дзе хлопцы часта знаходзілі сабе дзяўчат. На жаль, каляднае ігрышча “Жаніцьба Цярэшкі” і абыход двароў на “Тры Каралі”, прыняты даўней у каталікоў на Пастаўшчыне, з часам адышлі, але многае і застаецца.

245A9832.jpg

На Каляды ладзіліся зімовыя забавы, варожбы, вечарыны. У галоўныя святы салярнага цыкла, паводле народнаых уяўленняў, часова аб’ядноўваліся “той і гэты свет”. Яны суправаджаліся вясёлым гуляннем, рознымі праявамі карнавальнай стыхіі, пераапрананнямі і варожбамі. І таму магчымы былі нязвыклыя паводзіны, магічныя рытуалы. У нашым раёне і цяпер захоўваецца абрад віншавальнага абходу калядоўшчыкаў (у в. Масленікі іх звалі “калядоўнікі”, калядоўшчыкаў з зоркай у Кураполлі – “хрыстаславамі”) са святочнымі песнямі і словамі, нават міні-відовішчамі.

Раней, як расказваюць сталыя людзі, па Калядзе хадзілі ў асноўным хлопцы, “надзеўшыся ў цыганоў”. Павадыр вадзіў “мядзведзя”, “казу” як старажытныя сімвалы дабрабыту і пладароднасці, чаго і жадалі гаспадарам. У 30-я гг. ХХ ст. на Пастаўшчыне каталікі спявалі польскія калядкі “Сярод начной цішы”, “Цяпер у Бэтлееме”, праваслаўныя – “Небо и земля ныне торжествуют”, пазней яшчэ “Саду, мой саду, Каляда!” А. М. Казакевіч з в. Цешалава ўспамінала песню на беларускай мове “Ай, калядачкі, прыбліжыцеся!”, а таксама, як танцавалі каля касцёла, і як з Пастаў і навакольных вёсак прыходзілі пераапранутыя хлопцы. М. Я. Лапін з в. Ярэва паведамляла, што памятае з юнацтва, як “хадзілі па Калядзе” “Стары год” і “Новы год”. “Стары” на развітанне просіць што-небудзь пакласці ў торбу, а “Новы” абяцае, што, калі добра падорыш, то і год будзе ўрадлівым. Потым гуртом заходзіла моладзь і спявала песні “на заказ”. У гурце абавязкова прысутнічае “каза”, а таксама “дзед” або “цыган” з “мядзведзем” ці “канём”, Механоша (носіць мех для пачастункаў ад гаспадароў) і Звяздар (носіць васьміканцовую зорку на ўспамін аб Віфлеемскай). Традыцыйна “цыганка” варожыць гаспадарам, а “каза”, валіцца на падлогу, каб яе, “знямоглую”, падсілкавалі. У сучаснасці культработнікі ў калядны гурт уводзяць і іншыя персанажы. У Варапаеве, напрыклад, прысутнічалі смешна апранутыя парныя героі – “мужык з жонкай”, “дохтар з тэрмометрам”, а ў Парыжы таксама і Дзед Мароз са Снягуркай (аб’яднанне старажытных калядаў з цяперашнім святам Новага года).

245A9820.JPG

Продкі пакінулі нам і калядныя варожбы, бо ва ўсе часы для людзей цікава зазірнуць у сваю будучыню. Распаўсюджанай на Пастаўшчыне была варажба з воскам, калі дзяўчаты лыжкай наліваюць растоплены воск у міску халоднай вады. Калі ён застыне, выбіраюць фігурку з вады і перад запаленай свечкай выклікаюць цень і тлумачаць форму, якая атрымліваецца. Таксама ставілі пад ложак міску з вадой, наеўшыся салёных клёцак – суджаны падасць вады напіцца; абутак кідалі праз плячо – куды яго насок будзе скіраваны – адтуль прыедуць сваты; абдымалі плот – “у пару будзеш ці не?” і яшчэ рабілі шмат чаго. Рытуальныя свавольствы хлопцаў – незласлівыя розыгрышы (“шкоды”, “пусткі”) асабліва былі распаўсюджаны на Васілле – “Стары Новы год”, калі парадак яшчэ не ўсталяваўся, акаймляючае наваколле знаходзіцца “па-за пабудовай свету”.

Калядны гурт у в. Вярэньки, 2000-я гг. Фота з архиву ЦКиНТ.jpg

Калядны гурт у в. Вярэнькі, 2000-я гг. Фота з архіву ЦКіНТ

З песнямі, віншаваннямі ды найлепшымі пажаданнямі прайшлі "Калядныя вячоркі" у Дунілавічах, пра якія ўжо пісала газета “Пастаўскі край”. Цэнтр культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна плануе працяг акцыі “Ведай свой край. Народная культура” для юных пастаўчан у 2020 годзе.

 Л.Я.Чатовіч,

метадыст ЦКіНТ Пастаўскага раёна

Фота С. Вшыўкава


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.