Пяць адметных праяў НКС захоўваюцца ў Глыбоцкім раёне

Пяць адметных праяў НКС захоўваюцца ў Глыбоцкім раёне

28.10.2019

Глыбоцкая зямля славіцца не толькі сваімі краявідамі, шматлікімі помнікамі і архітэктурнай спадчынай, але і адметнымі праявамі нематэрыяльнай культуры. Нашы звычаі, традыцыі, абрады, культура харчавання па сённяшні дзень застаюцца жывымі і самабытнымі. Глыбоччына можа пахваліцца пяццю элементамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія ўвайшлі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Два элементы характэрны ўсяго гісторыка-этнгаграфічнага рэгіёна Паазер’я – гэта традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў і традыцыйная страва “клёцкі з душамі”, а тры элементы НКС захоўваюцца толькі ў нас – тэхналогія прыгатавання традыцыйнай стравы “Масляны баран”, традыцыйная тэхналогія выпечкі жытняга хлеба і абрад “Насіць намётку”.

Традыцыйная выпечка аржанога хлеба Лупач С. А. з в. Дзеркаўшчына, прыгатаванне стравы “масляны баран” Хрол М. І. з в. і Мацюкова і “клёцак з душамі” Суднік Я. Р. з в. Восава і Пацянкоўскай В. Ф. з в. Гатаўшчына з’яўляюцца адметнымі праявамі лакальнай культуры. Захаванне рэцэптуры і тэхналогіі гэтых страў садзейнічае ўмацаванню ідэнтычнасці мясцовага насельніцтва і вылучае мясцовую культуру сярод іншых раёнаў вобласці і краіны.

На сённяшні дзень гэтыя элементы па-ранейшаму захоўваюць сваю жыццяздольнасць і адпавядаюць усім характырыстыкам НКС. Жыхары вёсак Дзеркаўшчына,  Мацюкова, Гатаўшчына лічаць гэтыя традыцыі важнымі для спецыялістаў, якія могуць выкарыстоўваць старадашнія рэцэпты ў сучаснай тэхналогіі выпечкі хлеба і вырабу масла, прыгатавання клёцак. Таксама гэта неабходна для нашчадкаў, якія павінны не толькі ведаць пра іх існаванне, але і валодаць сакрэтамі іх прыгатавання. Тым больш, што гэтыя стравы з’яўляюцца натуральным харчаваннем, карысным для здароўя чалавека.

Нашы нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці выкарыстоўваюцца не толькі ў штодзённым жыцці. Хлеб выпякаецца па замовах, якія паступаюць з розных куточкаў Беларусі, а таксама для турыстаў, замежных гасцей, розных дэлегацый, уладальнікаў аграсядзіб. “Масляны баран” з’яўляецца стравай святочнага стала, а натуральнае вясковае масла, з якога ён вырабляецца, важным складнікам паўсядзённага харчавання. Марына Іванаўна Хрол, майстар па прыгатаванні гэтай стравы, па просьбе многіх вяскоўцаў гатуе “барана” для ўжывання на Вялікдзень. Не адзін майстар-клас правяла яна для навучэнцаў Глыбоцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя, якія атрымліваюць кваліфікацыю “повар”. Цяпер з лёгкай рукі ліцэістаў “Масляны баран” упрыгожвае сваёй арыгінальнасцю сталы не толькі в. Мацюкова, але і шматлікіх раёнаў Віцебскай вобласці. Няма, напэўна, на нашых фальклорных святах такога госця, які б не спрабаваў глыбоцкіх клёцак з мясам, з грыбамі, макам, якія прапануюцца на выставы-дэгустацыі гаспадынямі Суднік Я.Р. і Пацянкоўскай В.Ф.

Дадзеныя элементы выкарыстоўваюцца ў якасці мясцовага брэнду ў час разнастайных фестываляў і, юбілейных урачыстасцей, свят традыцыйнай культуры і народнага календара – “Масленіца”, “Дажынкі”, “Квітней, Глыбоччына!”, “Вішнёвы фестываль”, ”Восеньскі кірмаш”, “Дударскі рэй”, свята беларускай нацыянальнай кухні, свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі, сустрэч турыстаў і дэлегацый.

Тэхнолагамі Глыбоцкага хлебазавода і Глыбоцкага малочна-кансервавага камбіната распрацаваны лагатыпы этыкетак з рэцэптурай прыгатавання хлеба і прыгатавання масла. Аформлены бігборды з фотаздымкамі носьбітаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Глыбоччыны, буклеты, зборнікі.

Носьбіты гэтых традыцый запрашаюцца на розныя мерапрыемствы: семінары, творчыя вечары, вечары-сустрэчы з народнымі майстрамі. Праводзяць майстар-класы, дзе шчодра дзеляцца сакрэтамі па заквасцы і выпечцы хлеба, прыгатаванні масла і вырабу “маслянага барана”, прыгатаванні “клёцак з душамі” з вучнямі школ, настаўнікамі, работнікамі культуры, удзельнікамі розных дэлегацый (з Латвіі, Германіі, Літвы, Польшчы, Расіі, ЗША і г.д.).

Наведваюць нашых майстроў і спецыялісты: генеральны дырэктар сталічнага прыватнага прадпрыемства “Хлебная кампанія” Юрый Шалухоў і пекар-энтузіяст з Масквы Сяргей Кірылаў, натхняльнік, заснавальнік і саўладальнік брэнда маскоўскіх пякарняў “Прафесар Пуф”, які вядзе свой блог “Хлеб & Хлеб. Рамесленая выпечка хлеба”, дзе расказвае пра розныя методыкі выпечкі хлеба. Ён з’яўляецца аўтарам электроннай кнігі “Ржаной хлеб. Азбука домашнего пекаря”, у якой апісвае, як пячэцца хлеб у розных куточках Расіі, Прыбалтыкі, Беларусі і іншых краінах. Пазнаёміўшыся з рэцэптурай Сцепаніды Александраўны, паспрабаваў “рэканструяваць” гэты старажытны рэцэпт, паслядоўна размясціўшы на старонцы блога ўсе свае дзеянні. Але жаданне пазнаёміцца бліжэй з С.А.Лупач, паспрабаваць хлеба, зробленага менавіта яе рукамі, перавысіла, і ў адзін з чэрвеньскіх дзянькоў ужо разам с майстрам і Юрыем Шалуховым яны пяклі той самы духмяны і самы смачны хлеб. Гэта сустрэча знайшла адлюстраванне ў рэпартажы Старинный белорусский ржаной хлеб бабушки Степаниды

На Рэспубліканскім фестывалі дзвюх рэк у Докшыцах на выставе тэматычных пляцовак “Вобразы мілага, роднага краю” быў прадстаўлены жытні хлеб, выпечаны Докшыцкім хлебазаводам па рэцэпту С. А. Лупач, які змог набыць кожны жадаючы.

У сродках масавай інфармацыі і інтэрнэт-прасторы неаднойчы былі апублікаваны фота- і відэарэпартажы пра носьбітаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Глыбоцкага раёна:

“Хлеб – ён святы!.. Хлеб нібы жывы!..” (СБ, 2013)

Фота- і відэарэпартаж: як у Глыбоцкім раёне пякуць хлеб па старажытных рэцэптах (Край.by, 2014)

Живой хлеб Глубоччины. Репортаж If.by (interfax.by, 2014)

"Жывы хлябок". Як на Глыбоччыне пякуць жытнік па рэцэпце, якому больш за 200 гадоў (tut.by, 2015)

 «Спадчына» — Дерковщина (МІНСК TV, 2015)

Жывая культура. Прыгатаванне традыцыйнай стравы "Масляны баран" (Беларусь 3, 2018)

Жывая культура. Традыцыйная тэхналогія выпечкі жытняга хлеба ў вёсцы Дзеркаўшчына (Беларусь 3, 2018)

«Хлебу нашему несколько веков, а знаменитый теперь на всю Беларусь рецепт тот же» (kp.by, 2019)

Рэдакцыя раённай газеты “Веснік Глыбоччыны”, мясцовае радыё рэгулярна асвятляюць традыцыі Глыбоччыны на сваіх старонках.

У пачатку 2018 г. года майстры Скавырка С.А., Хрол М.І. і метадыст па народнай творчасці Нікіфаровіч Н.У. былі запрошаны на Віцебскае абласное тэлебачанне, дзе ў праграме Вечерний Витебск (13.02.2018) пазнаёмілі тэлегледачоў з нематэрыяльнай культурнай спадчынай Глыбоччыны, прадставілі свае работы і паказалі майстар-класы.

Маляваныя традыцыйныя дываны Глыбоччыны з’яўляюцца яркім феноменам мясцовай культуры, якія маюць сваю багатую гісторыю развіцця, шырокі арэал распаўсюджвання. Традыцыя маляваных дываноў перадаецца ад майстроў сталага ўзросту маладому пакаленню. Носьбіты з ахвотай вучаць усіх жадаючых падчас правядзення святаў, гарадскіх кірмашоў у раёне, абласных святаў народнай культуры, на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы народнай творчасці рамёстваў “Вясновы букет” у г. Мінску, абласным свяце “Горад майстроў” у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. На V Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі была арганізавана персанальная выстава Скавыкі С.А. “Дзіва дзіўнае”, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння Язэпа Драздовіча. Менавіта маляванка стала эмблемай Міжнароднага фэста дударскіх рэгіёнаў на Глыбоччыне.

Заняткі па маляванні дываноў праводзяцца з вучнямі мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча, у школах горада і раёна. Святлана Анатольеўна Скавырка, дырэктар Глыбоцкага дома рамёстваў, вядзе гурток выяўленчага мастацтва і роспісу па палатне, які двойчы на тыдзень наведваюць каля 15 вучняў.

Перыядычна ладзяцца выязныя дзіцячыя выстаўкі маляванак у школах, выставачных залах Дома рамёстваў, ЦТК і НТ, музеі.

Абрад “Насіць намётку” жыхароў в. Папшычы з’яўляецца мадыфікацыяй старажытнага абыдзёнага абрада. Здзяйсненне абыдзенага рытуалу спалучаецца з ушанаваннем продкаў, спрыяе выхаванню ў новых пакаленняў паважлівых адносінаў да продкаў і захаванні сваёй культурнай адметнасці. Практыка здзяйсенення абрада не перарываецца. На свята Спаслання Духа Святога на апосталаў (па календары каталіцкай канфесіі) ў чарговы раз разам з жыхарамі вёскі Папшычы прынялі ўдзел у правядзенні абраду “Насіць намётку”  кіраўнікі ўстаноў культуры, караспандэнты раённай газеты. Зняты відэафільм правядзення абраду ў  2019 г., артыкулы і відэарэпартажы захоўваюцца на інтэрнэт-старонках:

У Папшычах не забываюць пра традыцыі продкаў і штогод носяць намётку (+відэа) (Catholicnews.by,  2016)

Біскуп Алег Буткевіч узначаліў парафіяльнае свята ў Папшычах (+відэа) (Catholicnews.by,  2018)

Зберагаючы нематэрыяльнае (досвед школы аг. Удзела Глыбоцкага раёна) (livingheritage.by, 2019)

Папшыцкую намётку згарнулі па прапанове біскупа (livingheritage.by, 2019)

Захаванню жыццядзейнасці і пераемнасці адметных праяў нематэрыяльнай культурнай спадчыны спрыяюць дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі, якія забеспячваюць носьбітаў неабходным абсталяваннем і прадуктамі (рамонт печаў, завоз дроў, ржаной мукі, малака і г.д.). Але хацелася б, каб носьбітаў традыцый не толькі актыўна выкарыстоўвалі падчас мерапрыемстваў, але і падтрымвалі на дзяржаўным узроўні.

Н.У. Нікіфаровіч

метадыст па народнай творчасці метадычнага аддзела Глыбоцкага ЦТК НТ 


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.