Летнік па традыцыйным ткацтве “Кросенцы” ў Неглюбцы

У вёсцы Неглюбка Веткаўскага раёна 21-25 жніўня праходзіла вельмі цікавае, пазнавальнае і займальнае мерапрыемства для аматараў беларускіх народных традыцый – летнік па традыцыйным ткацтве “Кросенцы”. У 2019 годзе летнік праходзіў ужо другі раз. Многія ўдзельнікі настолькі захапіліся ім у 2018 годзе, што зноў прыехалі ў Неглюбку і прывезлі з сабой сваіх сяброў і знаёмых. Традыцыя неглюбскага ткацтва, якое з’яўляецца вызначальным складнікам нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці “Неглюбская народная тэкстыльная традыцыя”, становіцца ўсё больш папулярнай. Летнік прайшоў пад дэвізам “Спазнаем традыцыю разам!”

На сайт-2.jpg

Праграма летніка была насычаная і рознабаковая, але галоўны яе складнік сустрэчы з неглюбскімі ткачыхамі,  майстар-класы па снаванні асновы і запраўцы кроснаў, па ткацтве “у проста”, “у крушкі”, “бранне”, “закладанне”, па вырабе “неглюбскай гарлячкі” і “неглюбскага кубка”, асобны майстар-клас  “панёўны дзень”. Для ўдзельнікаў былі прапанаваны лекцыі Галіны Нячаевай “Ручнік – шлях” і  Пятра Цалкі  “Як жа на тым свеце пазнавацца будзем?...” пра неглюбскі строй. Дні ў летніку распачыналіся галасавой гімнастыкай і спевамі, а сканчаліся вечарынамі са спевамі і танцамі.

На сайт-3.jpg

Сваім ведамі і ўменнямі з удзельнікамі летніка шчодра дзяліліся Галіна Рыгораўна Нячаева і Пятро Міхайлавіч Цалка – старэйшы і малодшы дырэктары ДУК “Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава”, Людміла Васільеўна Кавалёва – народны майстар Рэспублікі Беларусь, кіраўнік гуртка "Ніток" Неглюбскага цэнтра ткацтва, Наталля Кадзетава – настаўнік па традыцыйных спевах, Дзмітрый Тарасаў – кіраўнік гомельскай "Школкі бытавога танца".

На сайт-4.jpg

Усе ўдзельнікі засталіся задаволены тыднем, праведзеным у Неглюбцы, аб гэтым сведчаць мноства водгукаў і фота, зробленых падчас навучання і каларытнага неглюбскага адпачынку. З дадзенай інфармацыяй можна азнаёміцца ў афіцыйнай групе летніка “ВК” https://vk.com/event169610770, а таксама ў раённай газеце:  У аграгарадку Неглюбка прайшоў фестываль ткацкага рамяства (Голас Веткаўшчыны)

Тэкст: Цалка П.М, Ярмак В.В.

Фота: удзельнікі летніку, Лупекін А.

На сайт-5.jpg


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.