Зберагаючы нематэрыяльнае (досвед школы аг. Удзела Глыбоцкага раёна)

Зберагаючы нематэрыяльнае (досвед школы аг. Удзела Глыбоцкага раёна)

У пачатку года школьнікі аграгарадка Удзела і яго ваколіц сабраліся, каб больш даведацца пра нематэрыяльную культурную спадчыну. Справа ў тым, што ў школу завітаў выпускнік гістарычнага факультэта БДУ Дзяніс Філіпчык, які пазнаёміў вучняў з асаблівасцямі абрада в. Папшычы “Насіць намётку” і са шляхам яго ўключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Сустрэча атрымалася цёплай, цікавай і, самае галоўнае, плённай. Але аб усім па парадку.

Глыбоцкі раён можа ганарыцца не толькі сваёй архітэктурнай спадчынай, шматлікімі помнікамі, пазнавальным для турыстаў абліччам, але і спадчынай нематэрыяльнай. Нашы звычаі, традыцыі, абрады, рамёствы, культура харчавання і па сённяшні дзень застаюцца жывымі, унікальнымі, самабытнымі. У выніку грунтоўнай працы ў раёне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь трапілі пяць элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны (далей НКС). Гэта два элементы характэрныя для цэлага рэгіёна – традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я і традыцыйная страва “Клёцкі з душамі” Віцебскай вобласці і тры элементы НКС, якія можна ўбачыць толькі ў нас – тэхналогія прыгатавання традыцыйнай стравы “Масляны баран”, традыцыйная тэхналогія выпечкі жытнёвага хлеба і абрад “Насіць намётку”. Наданне абраду ці тэхналогіі статуса нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці робіць элемент вядомым, прыцягвае ўвагу СМІ, і, самае галоўнае, спрыяе ўсведамленню значнасці, каштоўнасці нематэрыяльнай спадчыны сярод носьбітаў і тых, хто традыцыю гэту працягвае, падтрымлівае. Міжнародны досвед падказвае, што менавіта гэта з’яўляецца самым важным для захавання спадчыны. Калі лакальная супольнасць, асабліва самыя маладыя носьбіты, разумеюць значнасць і важнасць такой спадчыны, то яны і будуць яе пераймаць, захоўваць і перадаваць сваім нашчадкам.

Удзелаўская дзіцячы сад-сярэдняя школа прадэманстравала адзін з найлепшых варыянтаў папулярызацыі НКС. У рэсурсным цэнтры “Звычаі і абрады беларусаў” створана па-мастацку аформленая інсталяцыя, якая дэманструе абрад “Насіць намётку”: хлопчык і дзяўчынка, апранутыя ў нацыянальныя строі, трымаюць палатно намёткі, якое далей панясе ўся вёска. Проста і лаканічна паказана частка абрада. Убачыць абрад можна толькі раз на год, а ў рэсурсным цэнтры можна пабачыць яго рэканструкцыю заўсёды. Самае галоўнае, што педагогі і вучні змаглі паказаць не проста рамёствы, промыслы, культуру харчавання, але сутнасць абраду. Далёка не кожны музей спраўляецца з такой задачай, а настаўнікі і школьнікі справіліся! Далучэнне вучняў да скарбаў традыцыйнай культуры ў такім выглядзе будзе і цікавым, і карысным для яе захавання.         У школе аг. Удзела-2.jpg

Адметна тое, што навучэнцы школы адначасова з’яўляюцца і будучымі носьбітамі абраду: Кушнярэвіч Алёна, Кушнярэвіч Віталій, Кушнярэвіч Кацярына, Кушнярэвіч Улад, бацькі якіх нарадзіліся і выраслі  ў вёсцы Папшычы.

Але ў справе захавання НКС нельга спыняцца, нельга губляць час. Бо адыходзяць бабулі і дзядулі (носьбіты традыцыі), з’язджаюць людзі ў гарады... Так і спадчына можа згубіцца... Ды не ўсё так кепска. Такое адчуванне склалася менавіта падчас сустрэчы, асабліва, калі заглянеш у жывыя, гарэзлівыя, і самае галоўнае, цікаўныя вочкі маленькіх слухачоў. Хочацца верыць і спадзявацца, што яны не кінуць сваёй спадчыны, зберагуць і перададуць наступным пакаленням.

Дзяніс Філіпчык, гісторык

У школе аг. Удзела.jpg

Больш інфармацыі па тэме:

Як незвычайны абрад з Глыбоччыны трапіў у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі (Westki.info / 2014)

Как мы справляли старинный обряд в Глубокском районе (Витебский курьер / 2017)

Нематэрыяльная спадчына: цікавосткі з Глыбоччын (Культура / 2016)


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.