«Свята клёцак» упершыню адбылося ў Паставах

Раённае «Свята клёцак» прайшло ў Паставах 5 мая 2019 г. ў рамках агляду-конкурсу аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна. Ідэя свята нарадзілася з той нагоды, што нашы клёцкі “з душамі”, як традыцыйная страва заходніх раёнаў Віцебшчыны у 2017 г. былі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Імпрэза адбылася на пляцоўцы каля кінатэатра “Радзіма” і прыцягнула ўвагу многіх пастаўчан.

i (1).jpg 

Назва “клёцкі” паходзіць ад нямецкага кnödel”, што азначае мучныя вырабы, якія існуюць у аўстрыйскай, беларускай, латышскай, літоўскай, польскай, татарскай, украінскай і іншых нацыянальных кухнях. У нас на Беларусі гэта традыцыйная страва з таркаванай бульбы, пшанічнай альбо іншай мукі. Клёцкі могуць быць у форме невялічкіх галачак, якія забельваюць малаком ці заскварваюць. Традыцыйна клёцкі таксама начыняюць грыбамі,  гароднінай, салам альбо мясам. У старажытнасці такія клёцкі былі абавязковай стравай памінальнага стала. У цяперашні час  гэта будзённая альбо святочная страва беларусаў. На Пастаўшчыне асабліва ў пашане клёцкі з мясам.

Сельскія клубныя ўстановы прапанавалі ўвазе журы на чале з намеснікам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пастаўскага райвыканкама І. Ф. Лойкаі гледачоў выставы сваёй дзейнасці і дасягненняў са стравамі нацыянальнай кухні і з дэгустацыямі, дзе абавязкова былі прадстаўлены клёцкі па адметных мясцовых рэцэптах. На ўпрыгожанай у народным стылі імправізаванай сцэне ля ўвахода ў кінатэатр прадэманстравалі свае творчыя візіткі ўдзельніцы клубаў “Сяброўка” Камайскага ДК, “Гаспадынька” Гуцкага СКЦ, клуб маладой сям’і “Бусел” Дунілавіцкага СДК, аматарскія аб’яднанні “Формула здароўя” і “Памяць Сікоры” Варапаеўскага ГПДК, народная жаночая суполка “Юнчанка”Юнькаўскага СДК і аматарскае аб’яднанне “Шчаслівая жанчына” Навасёлкаўскага ЦК, кіраўнік якога Наталія Сцегніенка ўпрыгожыла гэта выступленне цудоўнай песняй. Таксама свае спеўныя таленты паказалі вакальная група Дунілавіцкага СДК, якая ўрачыста адкрыла свята песняй Л. Захлеўнага “Хлеб ды соль”, Крысціна Багушэвіч з Варапаева, Ангеліна Кухальская з Лынтуп, Алена Болт з Гуты, якая гарэзліва выканала прыпеўкі менавіта аб клёцках, і інш. Дырэктар Цэнтра культуры К. В. Грэська шчыра падзякавала жыхару вёскі Гута А. Т. Красоўскамуза прадстаўленую магчымасць запісу з дапамогай дырэктара мясцовай клубнай установы Т. В. Маслоўскай рэцэпта традыцыйных клёцак, які і быў прапанаваны ад Пастаўскага раёна ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

i (16).jpg 

Словы ўслаўлення беларускай нацыянальнай кухні па “Кулінарнаму адступленню” з рамана ў вершах Ніла Гілевіча “Родныя дзеці” па-акцёрску ўвасобілі на сцэне Святлана Марозава іЯн Каськевіч. Вясёлыя гаспадыні ў выкананні Людмілы Мелец і Вольгі Лойка правялі гульнёвы аўкцыён бульбяных страў, напрыканцы якога самым актыўным былі ўручаны прыгожыя ільняныя мяшэчкі з бульбай, а работнікі Курапольскага СДК Марына Смулько і Валянціна Міхалевіч разам з удзельнікамі дзіцячага клуба выходнага дня “Забаўнік” ладзілі  гульнёвую праграму “Беларуская бульбачка”, у якой ахвотна  прынялі ўдел не толькі дзеці, але і дарослыя. Прадстаўнікі аматарскіх аб’яднанняў Камайскага СДК і іншыя майстры навучалі гледачоў сакрэтам рукадзелля падчас майстар-класаў. На свяце можна было таксама пачаставацца смачнымі клёцкамі з разнастайнымі начынкамі, заняцца аэробікай разам з удзельніцамі клуба “Формула здароўя”, выйграць саджанец  вішні ад клуба садаводаў “Памяць Сікоры”, патанчыць і проста атрымаць добры настрой, катораму пасадзейнічала і надвор’е, не змяніўшы сваёй традыцыі падараваць лагодны сонечны дзянёк на завяршэнне велікоднага тыдня.

i (14).jpg 

Хочацца падзякаваць ўсім ўдзельнікам свята за адказную падрыхтоўку і дадаць, што за актыўнае зберажэнне нематэрыяльнай гісторыка-культурнгай каштоўнасці традыцыйна стравы “Клёцкі “з душамі” на свяце быў узнагароджаны жаночы клуб “Гаспадынька” Гуцкага СКЦ. Аматарскае аб’яднанне “Сяброўка” Камайскага СДК, дзе ўдзельніцы падрабязна распавялі аб камах і клёцках, сталі лепшымі ў намінацыі “Разнастайнасць варыянтаў клёцак па мясцовых рэцэптах” разам з клубам “Бусел” з Дунілавіч. Народны жаночы клуб “Юнчанка” здзівіў багатай маляўнічай выставай дэкаратыўна-прыкладной творчасці, аматарскія аб’яднанні “Залатыя ручкі” і “Фантазія” Лынтупскага ГПДК – цікавымі рукатворнымі калекцыямі, клуб “Формула здароўя” з Варапаева атрымаў заслужаную ўзнагароду – дыплом “Яркае мастацкае прадстаўленне аматарскага аб’яднання”, а “Памяць Сікоры”, таксама варапаеўцы, разам з клубам“Забаўнік” з Кураполля – за “Змястоўнае прадстаўленне дзейнасці аматарскага аб’яднання”. За папулярную выставу кулінарнага накірунку адзначаны клубы па інтарэсах “Шчаслівая жанчына” Навасёлкаўскага ЦК, дзе былі прадстаўлены разнастайныя варэнні і нарыхтоўкі з садавіны і гародніны, а таксама “Сяброўкі” Ярэўскага с/к, якія паказалі не толькі свае ўменні ў хатняй гаспадарцы, але і чыталі вершы, спявалі, нават гралі на гармоніку. У гэтай намінацыі быў узнагароджаны таксама клуб “Сяльчанка” Парыжскага СДК, ўдзельніцамі якога была падрыхтавана вялікая выстава для раённага семінара клубных работнікаў “Роля ўстаноў культуры ў развіцці рэгіянальных брэндаў”, арганізаванага Пастаўскім цэнтрам культуры і народнай творчасці напрыканцы красавіка. Дзіцячы клуб “Прызбачка” Варапаеўскага ГПДК атрымаў дыплом “Цікавы майстар-клас”.

i (4).jpg 

Людміла Чатовіч,
метадыст Пастаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці
Фотаздымкі Сяргея Вшыўкава

Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.