Дэмбраўскай кадрылі і абраду “Сула” нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

26.03.2019

Мясцовы танец “Дэмбраўская кадрыля” са Шчучынскага раёну і абрад “Ваджэнне Сулы” на другі дзень Вялікадня ў Гомельскім раёне атрымалі статус  нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Аб гэтым сведчыць Пастанова Мінстэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 19.сакавіка 2019 г. № 16, якая прынята на падставе рашэння  Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, паседжанне якой адбылося ў Міністэрстве культуры 5 сакавіка 2019 г.

Абодва элементы НКС з’яўляюцца выдатнымі ўзорамі мясцовых традыцый, што адноўлены і актыўна падтрымліваюцца маладым пакаленнем. Пра абрад “Ваджэнне Сулы” на другі дзень Вялікадня у вёсках Гадзічава і Маркавічы Гомельскага раёна можна даведацца з адпаведнага артыкула. Мясцовай урачыстасці, якая сёлета адбудзеца 29 красавіка, прысвечаны асобныя старонкі ў сацсетках, праз якія маладая мясцовая супольнасць аматараў традыцыйнай культуры штогод запрашае ўсіх на свята.

Мясцовы танец “Дэмбраўская кадрыля”, які танцуюць да сённяшняга дня ў аграгарадку Дэмбрава Шчучынскага раёна дарослыя і дзеці, суправаджае мясцовыя святы і вечарынкі ўжо амаль сотню гадоў. Калісьці даўно стваралі і захоўвалі адметную мясцовую кадрылю жыхары вёскі Стараўшчына, менавіта яе падхапілі і зрабілі шырока вядомай аматары традыцыйных танцаў і музыкі вёскі Дэмбарава. Кадрыля апісана ў трэцім томе “Гродзенскае Панямонне” шасцітомнага выдання “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў”

Беларускія кадрылі адрозніваюцца вялікай разнастайнасцю мясцовых харэаграфічных форм і характарам выканання, для якога ўласціва нязмушанасць, выразнасць, весялосць і зладжанасць. Адметнасцю кадрыляў Гродзеншчыны даследчыкі лічаць арыгінальныя перабудовы, цікавыя прасторавыя малюнкі і фігуры з імклівымі і мудрагелістымі пераходамі паміж імі Усе гэтыя выразныя адметнасці ў поўнай меры ўвасабляе Дэмбраўскай кадрыля, у якой шматразова адбываецца імклівая змена фігур і партнёраў ў танцавальных парах. Танец у парах чаргуецца з фігурамі ў тройках, у шэрагах, па колу і іншых. Шаснаццаць розных фігур змяняюць адна адну на працягу пяці хвілін танца. Мелодыю Дэмбраўскай кадрылі захоўваюць сямейныя дынастыі народных музыкаў і прафесійныя ансамблі.

Спецыялісты Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці падрыхтавалі відэафільм “Мясцовы танец “Дэмбраўская кадрыля”, у якім адлюстравалі ўспаміны пра гэты танец жыхароў Дэмбрава і ваколіц, яго значэнне для культурнага жыцця мясцовай супольнасці. Заняткі для дзяцей ў ансамблі “Скарбоначкага” Дэмбраўскага сельскага Дому фальклору, дзе вучацца танцаваць кадрылю і іншыя мясцовыя танцы, бацькі плануюць ўжо з дзіцяга садка. А моладзь, што выехала ў іншыя месцы, ужо там ладзіць любімую кадрылю.

У экспертным заключэнні вядомага беларускага этнахарэографа М.А. Козенкі адзначаецца, што Дэмбраўская кадрыля мае вялікую значнасць з пункту гледжання этналогіі, бо ў жывой форме данесла асаблівасці стылю (кампазіцыі, структуры, лексікі) і выканання народных кадрыляўі заходняга рэгіёну Беларусі, адлюстроўвае спецыфіку адной з лакальных мастацкіх практык уласна беларускага пластычнага выражэння ў сферы танцавальнай культуры, з’яўляецца адметным мастацкім узорам, які пры падтрымцы і трансляцыі здольны ўплываць на фарміраванне эстэтычных густаў моладзі. Эксперт звярнуў асаблівую ўвагу на наяўнасць механізмаў самазахавання, якія забяспечылі працяглае існаванне Дэмбраўскай кадрылі ва ўмовах няўстойлівага сацыякультурнага кантэктсту.

Гэты яскравы і самабытны ўзор беларускай нацыянальнай харэаграфічнай культуры прадставілі ў Міністэрстве культуры спецыялісты, якія падрыхтавалі дакументы прапановы аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці:

Барэль Алена Аляксандраўна – загадчык аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці;

Аліхвер Алена Іванаўна – загадчык аддзела культуры і адпачынку “Дэмбраўскі сельскі Дом фальклору;

Базылькевіч Асіят Магамедаўна – старшы інспектар упраўлення эканомікі Шчучынскага райвыканкама;

Козенка Мікалай Аляксеевіч – выкладчык Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” г. Мінска, этнахарэограф, навуковы і мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”

Віншуем мясцовыя супольнасці і супрацоўнікаў устаноў культуры Гомельскага і Шчучынскага раёнаў з атрыманнем статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці для адметных праяў нематэрыяльнай культурнай спадчыны сваёй мясцовасці!

Алена Каліноўская, вядучы спецыяліст ІПКіПК БДУКМ


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.