Абраду “Ваджэнне Сулы” ў Гомельскім раёне будзе нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

На пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, якое адбылося ў Міністэрстве культуры 5 сакавіка 2019 г., прынята рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці абраду “Ваджэнне Сулы” на другі дзень Вялікадня ў Гомельскім раёне. Другая прапанова аб наданні статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, падтрыманая сябрамі рады на паседжанні – мясцовы танец Дэмбраўская кадрыля са Шчучынскага раёна.

IMG_20190305_112436.JPG

Абрад “Ваджэнне Сулы” у Гомельскай вобласці ўяўляе сабой адметную праяву веснавой абраднасці, семантычна скіраваную на забеспячэнне добрай ураджайнасці на палетках і гародах, а таксама на здароўе ўсіх мясцовых жыхароў і засцярогу ад прыроднай стыхіі – маланкі. У ваджэнні Сулы аб’ядноўваюцца жыхары дзвюх суседніх вёсак – Гадзічава і Маркавічы. Асноўныя ўдзельнікі – мясцовая моладзь, выканаўцы абрадавых дзей – жанчыны і дзяўчаты, якія апранаюцца ў прыгожыя строі, вырабленыя сваімі рукамі з захаваннем мясцовых  адметнасцей. Слова “сула” ў разуменні вяскоўцаў азначае як само абрадавае дзейства, так і сукупнасць усіх яго ўдзельнікаў.

Ваджэнне Сулы адбываецца на другі дзень Вялікадня, распачынаючы час моладзевых гулянняў на вуліцы. Пачынаецца ў вёсцы Гадзічава адразу пасля Велікоднай літургіі, што праходзіць у мясцовай Свята-Кацярынінскай царкве. Жанчыны і дзяўчаты выходзяць на скрыжаванне дарог ля царквы і заводзяць старажытныя мясцовыя карагоды (“танкí”)., сярод якіх колавы “Як на нашай вуліцы шырокая возера”, “крывы”, што водзіцца змейкай “А ў крывога танка, да не выведу канца”, карагоды-гульні “Чарнабрывы каралёк” і “Падшыбну кабыліцу”, падчас апошняга падкідваюць угору маленькіх дзяўчатак з воклічамі “Вялікае расці!”, “Здаровае расці!”. Пасля ўсе ўдзельнікі абраду становяцца ў шэрагі, узяўшыся пад рукі, і ідуць лінейным карагодам “Як ішла Сула”, а затым з прыпеўкамі і песнямі пад гармонік у бок вёскі Маркавічы, уздоўж Кацярынінскага шляху. У Маркавічах на ўсіх скрыжаваннях дарог, якія трапляюцца ўдзельнікам Сулы падчас абыходу вёскі, “танкí” паўтараюцца, а рух уздоўж дарогі суправаджаецца гульнёй “Гарэпня”, спевамі “Як ішла Сула”, прыпеўкамі і песнямі пад гармонік. На ўсім шляху да Сулы далучаюцца ўсе ахвотныя. Завяршаецца абрадавае шэсце каля сельскага дома культуры, дзе маркаўчанка з кулічом на ручніку сустракае прадстаўніцу Гадзічава, і яны хрыстосуюцца. Свята заканчваецца сумесным частаваннем і гуляннем.

Штогадовае правядзенне абраду “Ваджэнне Сулы” ў вёсках Гадзічава і Маркавічы Гомельскага раёна было адноўлена ў 2007 г. пасля 40-гадовага перапынку (у 1967 г. традыцыя была прыпынена мясцовай уладай) намаганнямі мясцовых энтузіястаў пры падтрымцы ДУА “Маркавіцкі дзіцячы сад – сярэдняя школа”.

IMG_20190305_112924.JPG

Намінацыйныя дакументы падрыхтавалі сумесна прадстаўнік маладога пакалення носьбітаў традыцыі Віктар Шыпкоў, дзяржаўная ўстанова “Цэнтр культуры Гомельскага раёна”, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага райвыканкама пры куратарскай падтрымцы ўстановы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” і грамадскага эксперта Рэгіны Гамзовіч. Навуковую апрацоўку і ацэнку правялі эксперты – прафесар кафедры рускай і сусветнай літаратуры ўстановы адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны”, доктар філалагічных навук Валянціна Новак і вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклоры ўстановы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці”, магістр мастацтвазнаўства Ірына Глушэц.

IMG_20190305_112705.JPG

Прапанову па наданню элементу нематэрыяльнай культурнай спадчыны статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны прадставілі:

Галіна Пракапенка – носьбіт традыцыі, загадчык Маркавіцкага сельскага дома культуры дзяржаўнай установы “Цэнтр культуры Гомельскага раёна”;

Ірына Траццяк – галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага райвыканкама;

Ірына Глушэц – вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклоры ўстановы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці”.

Старшыня Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, намеснік Міністра культуры Сяргей Шарамецьеў падчас абмеркавання прапановы Гомельскага раёна звярнуў асаблівую ўвагу на адказнасць мясцовых органаў улады і носьбітаў адметнай праявы народнай культуры за яе захаванне, падтрымку і папулярызацыю.

 Тэкст: І. Глушэц, фота: І. Траццяк

 Даведка Інвентара НКС:

У 2019 годзе Ваджэнне сулы адбудзецца на другі дзень Вялікадня 29 красавіка. 

Штогод маляўнічы вясновы абрад знаходзіць адлюстраванне ў шэрагу цікавых фота і відэарэпартажаў:

2018 В Марковичах провели обряд «Сула» (Гомельская праўда)

2017 Гэтак рабілі продкі. Ваджэнне Сулы ў Маркавічах (Белсат)

2016 Обряд «Сула» в Гомельском районе (Гомельская праўда)

2015 Как шла Сула да вдоль села! (Маяк)

2014 «Ваджэньне Сулы» ў Маркавічах (svaboda.org)

2014 Абрад Сула ў вёсцы Маркавічы (budzma.by)

2013 Зноў Сула пайшла ўздоўж сяла (Радыё Свабода)


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.