Даследаваць і перадаваць спадчыну – мэты сустрэчы спецыялістаў ў Хойніцкім раёне!

Менавіта такія мэты паставілі перад сабой і сваімі калегамі з Хойніцкага раёна вядучыя метадысты аддзела народнай традыцыйнай культуры ўстановы Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці падчас працоўнай паездкі ў Хойніцкі раён, якая адбылася ў снежні 2018 года.

Спецыялісты з Гомеля сустрэліся з асноўным носьбітам і захавальнікам нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці “Абрад “Провады русалкі” в. Вялікі Бор Хойніцкага раёна” – аўтэнтычным фальклорным калектывам “Чысты голас” Вялікаборскага цэнтра вольнага часу ДУК “Хойніцкі раённы дом культуры”. Валянціна Кузьменка, мастацкі кіраўнік цэнтра і кіраўнік калектыву, Галіна Харошка, Ганна Ісачанка, Валянціна Шубянок, удзельніцы калектыву, расказалі пра вялікаборскія народныя традыцыі: святкаванне Каляд, Вялікадня, Провадаў русалкі, прастольных свят – Хрышчэння і Прачыстай (21 верасня), правядзенне дажынак і зажынак, выкліканне дажджу. Жанчыны выканалі калядныя і русальныя абрадавыя песні, згадалі і традыцыйныя пазаабрадавыя спевы, а таксама гісторыю назвы мясцовай Клімавай гары і іншыя цікавыя этнаграфічныя звесткі і жыццёвыя гісторыі, якія дапамаглі гомельскім спецыялістам скласці ўяўленне аб стане лакальнай фальклорна-абрадавай традыцыі.

Пад час правядзення маніторынгу дзейнасці Хойніцкага раённага краязнаўчага музея па захаванню абрада “Провады русалкі” у в. Вялікі Бор вывучана музейная экспазіцыя, прысвечаная дадзенаму абраду. На асобных стэндах у музеі прадстаўлены мясцовыя традыцыі бортніцтва, якое таксама мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, уваходзіць у склад элемента НКС “Лясное бортніцтва Беларусі”. З супрацоўнікамі музея абмеркаваны накірункі работы па прэзентацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

09_Хойнікі_Глушэц_семінар_0138.JPG

Праграма паездкі ўключала ўдзел у семінары работнікаў клубных устаноў культуры Хойніцкага раёна па тэме “Моладзь і традыцыйная народная культура”. Адкрыла семінар галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Хойніцкага райвыканкама Алена Барысенка. Вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах установы “Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці” Людміла Мельнікава распавяла ўдзельнікам аб мясцовых ініцыятывах як крэатыўным кампаненце традыцыйнай народнай культуры, праектнай дзейнасці і працы на перспектыву ў гэтым напрамку, вядучы метадыст па этнаграфіі і фальклоры гэтай жа ўстановы Ірына Глушэц – аб стане і тэндэнцыях развіцця аматарскіх і аўтэнтычных фальклорных калектываў Гомельскай вобласці. Вопытам работы клуба нацыянальнай кухні, гульні і абраду “Традыцыя” Стралічаўскага цэнтра вольнага часу падзялілася яго дырэктар Наталля Кавалёва, аб старажытным абрадзе “Провады русалкі” ў аграгарадку Вялікі Бор падрабязна расказала мастацкі кіраўнік Вялікаборскага цэнтра вольнага часу Валянціна Кузьменка, адна з асноўных захавальніц гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Дырэктар Хойніцкага раённага дома рамёстваў Вольга Зелянкоўская на прыкладзе прадстаўленай удзельнікам семінара выставы пазнаёміла з далучэннем дзяцей і моладзі да прыгажосці і багацця народных рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама правяла майстар-клас па вырабу сувенірных навагодніх рукавічак. Практычную частку мерапрыемства працягнулі ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Спадчына” ДУК “Цэнтр культуры г. Хойнікі” пад кіраўніцтвам Ліліі Краўчанкі. Яны выканалі традыцыйныя народныя песні і з дапамогай дзяўчат – удзельніц самадзейнасці цэнтра культуры – правялі майстар-клас па народных танцах. Яшчэ адна інтэрактыўная складовая семінара была прадстаўлена раённымі клубнымі работнікамі – удзельнікі мерапрыемства маглі прадэгуставаць мясцовыя стравы беларускай кухні і распытаць рэцэпты найбольш упадабаных з іх.

13_Хойнікі_Мельнікава_выставы_133.jpg

Фотасправазда з семінара тут

Тэкст: І. Глушэц

Фота: І. Глушэц, Я. Заяц, Л. Мельнікава


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.