Фэст «Пятровіца» запрашае на беларускі «танцавальны інтэнсіў»!

Фэст «Пятровіца» запрашае на беларускі «танцавальны інтэнсіў»!

01.06.2018

У восьмы раз на Любаншчыне 9-12 ліпеня пройдзе рэгіянальны фэст традыцыйнай культуры «Пятровіца». Арганізатараў вельмі цешыць, калі на фэст прыязджаюць спрытныя танцоры. Але асаблівую адказнасць яны адчуваюць перад тымі, хто наважваецца прыехаць на фэст для таго, каб пачаць танцаваць беларусія танцы. Менавіта для іх сёлета будзе арганізаваны «Пятроўскі танцавальны інтэнсіў» 8 ліпеня прысвечаны асновам беларускіх танцаў, падчас якога ўсё навучанне будзе скіравана на пачаткоўцаў.

Арганізатары абяцаюць тлумачыць падрабязна і ўпарта, граць павольна і доўга, апроч гэтага, забяспечыць чыстай вадой і вольным паветрам, для лепшага засвойвання матэрыялу і агульнага аздараўлення арганізма.

Каго чакаюць?

Тых, хто па нейкіх прычынах яшчэ не зрабіў свой першы трохкрок у свет танцаў.

Тых, хто яшчэ не ведае што трэба рабіць з рукамі і нагамі падчас танца.

Тых, каму трэба “ўтаптаць трохкрок” і “дакружыць вальс”.

Тых, хто вельмі хоча вальней пачувацца на танцавальных вечарынках.

Тых, хто мае пытанні  датычныя танцаў і вечарынак.

Аматараў актыўнага, вельмі актыўнага, адпачынку.

Хто выкладае? 

Дапаможа затанцаваць  аўтар методыкі выкладання танцаў дзецям, слынны этнограф і харэограф  Сяргей Выскварка.

Выкладачык з вопытам у чвэрцьстагоддзя ведае як укласці рытм у рукі і ногі шасцігадоваму дзіцяці і як растанцаваць бабулю з кіёчкам.

Больш пра гэтага цікавага і самавітага чалавека з Любаншчыны спытайце ў гугл ці чытайце на сайце фэста «Пятровіца»

Што ў праграме?

Падчас 8-гадзінных заняткаў удзельнікі  навучацца чуць і адрозніваць рытм, авалодаюць асноўнымі рухамі, трохкрокам і  вальсавым крокам, асвояць 5-10 побытавых танцаў.

Больш таго, яны пазнаёмяцца з танцавальным этыкетам, з відамі танцаў, перыядамі і гісторыяй іх з’яўлення.

Калі не заглыбляцца ў псіхалагічныя і аздараўляльныя аспекты танцаў, удзел у такім навучанні дапаможа хутка і весела развіць у сабе танцора. Пасля інтэнсіву можна смела кіравацца на танцавальныя вечарынкі ў сталіцы і іншых гарадах.

Якія ўмовы?

Заняткі адбудуцца ў в. Шыпілавічы Любанскага раёна, там жа дзе адбываецца Пятровіца.

З Мінску будзе арганізаваная маршрутка, якая адправіцца меркавана ў 8.00 ад Чыгуначнага вакзала.

Заканчэнне заняткаў і ад’езд будуць залежаць ад колькасці і жаданняў удзельнікаў.

Будзе арганізаваная маршрутка, якая адправіцца ў Мінск у 17.00 або ў 19.00.

Праезд у маршрутцы каштуе 10 рублёў у адзін бок.

Ежу варта прадумаць самім. Арганізатары прапануюць гарбату і халодныя напоі. У вёсцы ёсць харчовая крама.

Удзел у інтэнсіве бескаштоўны. Вітаюцца ахвяраванні на арганізацыю заняткаў (5 руб).

Ёсць пытанні? Дасылайце на piatrovica@gmail.com

Даведацца болей пра Пятроўскі інтэнсіў і Пятровіцу, а таксама зарэгістравацца можна на http://piatrovica.by/

Даведацца праграму наступных дзён фэсту і паглядзець фота мінулых гадоў можна тут



Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.