Як захоўваць казкі?

Як захоўваць казкі?

Нематэрыяльная культурная спадчына (НКС), каб быць захаванай, павінна бесперапынна аднаўляцца і перадавацца ад пакалення да пакалення. Існуе рызыка, што некаторыя элементы «жывой спадчыны» могуць знікнуць без падтрымкі з боку як дзяржаўных устаноў, так і грамадскіх аб’яднанняў або проста зацікаўленых асоб. Таму стварэнне умоў і засваенне дзейсных форм аховы НКС бачацца асабліва актуальнымі для элементаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Гэтай тэме быў прысвечаны абласны семінар «Формы работы па захаванні і папулярызацыі элемента НКС «Казкавая традыцыя Уздзеншчыны ў рэпрэзентацыі Лідзіі Міхайлаўны Цыбульскай з в. Магільна Уздзенскага раёна Мінскай вобласці», які праводзіўся Мінскім абласным цэнтрам народнай творчасці 24 мая 2018 г. на радзіме вядомай казачніцы.

Майстэрства аповяду казак Лідзіяй  Міхайлаўнай Цыбульскай унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікіі Беларусь і Нацыянальны інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. На жаль, наяўнасць статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці не абараняе ў поўнай меры гэты элемент ад яго знікнення. Складанасць пераемнасці казкавай традыцыі Уздзеншчыны выяўляецца ў вялікім майстэрстве Л. М. Цыбульскай, якая, на жаль, ужо пайшла з жыцця. Лідзія Міхайлаўна была вельмі таленавітай асобай, у яе творчасці гарманічна спалучаліся традыцыйнасць, імправізацыійнасць, асабісты мастацкі густ, што надавала апавядальнай манеры казачніцы характэрныя адметнасці, якія даволі складана пераняць і засвоіць. Цікавы факт: з вялікай сям’і, у якой расло пяцёра дзяцей, Лідзія Міхайлаўна адзіная пераняла казкі ад сваёй маці, якая ў сваю чаргу, таксама адзіная са свайго пакалення, засвоіла іх ад бацькі.

Раённымі і абласнымі дзяржаўнымі органамі кіравання, установамі культуры і адукацыі прадпрымаюцца меры па захаванні казкавай традыцыі Уздзеншчыны. Пры жыцці Лідзію Міхайлаўну часта запрашалі на рэгіянальныя святы, мерапрыемствы ў мясцовай школе, дзе яна расказвала малодшаму пакаленню казкі. Нават пасля таго, як Л. М. Цыбульская адышла ў нябыт, працягвалася традыцыя сустрэчы з яе казкамі на літаратурных вечарынах “Казкі і гулі ад бабулі”, выставах дзіцячых малюнкаў па казках Л .М. Цыбульскай, спектаклях дзіцячага лялечнага тэатра “Церамок”і драматычнага калектыва “Усмешка”. Актыўную дзейнасць па далучэнню дзецей рознага ўзросту ва ўстановах адукацыі да казакавай традыцыі Л.М. Цыбульскай праводзіць кіраўніца калектыва аматарскай творчасці Нёманскай СШ імя І.Д. Гурскага Каладзінская Алена Іванаўна. Падчас семінара вучні школы прадставілі інсцэніроўку казачнай гісторыі “Пра піражок”, у падрыхтоўцы якой таксама прымала удзел загадчыца адзела культурна-дасугавай дзейнасці Уздзенскага РДК Цвірко Людміла Казіміраўна. Сцэнічнае ўвасабленне казкавага жанру было прапанавана ўдзельнікам семінара як адна з форм работы па захаванні і прасоўванні элемента, а супрацоўніцтва паміж спецыялістамі мясцовай школы і Дома культуры можна разглядаць як мадэль выніковага ўзаемадзеяння ўстаноў розных сфер па папулярызацыі НКС, якое неабходна працягваць і развіваць надалей.

Цікавую практыку работы з дзецьмі праз казку прадэманстравала Ларыса Мікалаеўна Рыжкова, кіраўніца фальклорнага гурта “Калыханка” з пасёлка Міханавічы Мінскага раёна. Падчас этнаграфічных экспедыцый па Беларусі яна засвойвала майстэрства аповяду казак ад многіх носьбітаў, у тым ліку і Лідзіі Міхайлаўны Цыбульскай, пасля выкарыстоўвала казкавы жанр на занятках з дзецьмі. На семінары вельмі яскрава, з песеннымі ўстаўкамі яна рассказала адну са шматлікіх казак Лідзіі Міхайлаўны “Пра Філіпку-сынка”, Падчас яе аповяду да выканання песенных урыўкаў актыўна далучаліся прысутныя ў зале малодшыя школьнікі, што сведчыла аб добрых ведах зместу казкі з боку дзяцей. Дзейнасць Л. М. Рыжковай – гэта прыклад ролі зацікаўленай асобы ў захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны .

Адной з важных падзей семінара стала прэзентацыя зборніка «Казкі з прынёманскай хаткі» пад аўтарствам Л. М. Цыбульскай, дзе змешчаны 9 казак. Выданне прадставіла вядучы метадыст па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны ДУ «Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці» Ганна Эдуардаўна Вярыга-Мартыновіч. У працы над зборнікам прымалі ўдзел супрацоўнікі Уздзенскага РДК і Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці. Пэўную колькасць экзэмпляраў перадалі мясцовай школе і бібліятэцы. Зборнік казак быў уручаны і сыну Лідзіі Міхайлаўны, Мікалаю Мікалаевічу Цыбульскаму. Падчас правядзення семінара ён падзяліўся ўспамінамі пра сваю маці як добрую спявачку, таленавітую майстрыху і, увогуле, руплівую гаспадыню. Трэба адзначыць, што пакуль дзеці вядомай апавядальніцы не вызначаюць сябе пераймальнікамі казачнай традыцыі, але шчыра гатовы прадставіць творчасць знакамітай матулі на розных мерапрыемствах. Так, дачка Лідзіі Міхайлаўны, Таццяна Мікалаеўна Цыбульская на міжнародным форуме даследчыкаў беларускай казкі, які адбыўся 17-18 мая ў Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, годна прадставіла дзейнасць сваёй маці і рассказала адну з казак у характэрным для Л. М. Цыбульскай стылі.

Казкавая традыцыя мае глыбокія карані і ў Любанскім раёне. Вядучы метадыст па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны ДУ «Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці» Наталля Сухая прэзентавала зборнік «Казкі з быллю напалову», у якім яна выступіла як мастачка. Аўтарам метадычнага выдання з’яўляецца вядомы збіральнік, даследчык і папулярызатар беларускай традыцыйнай культуры, этнахарэограф, этнапедагог С. Г. Выскварка Неабходна адзначыць, што дзейнасць такіх спецыялістаў, як С. Г. Выскварка, мае практычныя вынікі, складаецца ў пэўныя практыкі захавання як асобных элементаў, так і нематэрыяльнай культуры рэгіёна ўцэлым. Менавіта такі досвед можна вывучаць і выкарыстоўваць для захавання мясцовых традыцый іншых рэгіёнаў.

Па выніках праведзенага семінара можна адзначыць, што прадстаўленныя формы работы ўстаноў культуры і адукацыі Уздзенскага раёна, Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці спрыяюць прасоўванню ведаў пра майстэрства вядомай казачніцы, падтрымліваюць і ўмацоўваць культурную прастору для з’яўлення маладых таленавітых пераемнікаў традыцыі. Удзельнікі семінара выказалі спадзяванні, што казкавая традыцыя, якую захавала і перадала нам Л. М. Цыбульская, застанецца элементам «жывой спадчыны» Уздзеншчы.

Алена Гумінская


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.