ЯК АДЗНАЧЫЛІ Ў БЕЛАРУСІ СУСВЕТНЫ ДЗЕНЬ ПЧОЛ 20 МАЯ

ЯК АДЗНАЧЫЛІ Ў БЕЛАРУСІ СУСВЕТНЫ ДЗЕНЬ ПЧОЛ 20 МАЯ

24.05.2018

Многія краіны свету, закліканыя ААН, упершыню ў гэтым годзе адзначылі Сусветны дзень пчол. Ініцыятыва зыходзіла са Славеніі і была падтрымана Міжнароднай федэрацыяй пчалярскіх асацыяцый “Апімондзія” і Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыяй ААН, якая даўно б’е трывогу адносна гібелі пчол і інфармуе сусветную грамадскасць: пчолы і іншыя апыляльнікі забяспечваюць харчовую бяспеку людзей на планеце, ад іх залежыць трэцяя частка ўсёй прадукцыі ў свеце. 

Хто не пачуў гэты заклік?

         На жаль, рэспубліканскія СМІ Беларусі не адгукнуліся на падзею. Толькі БЕЛТА змясціла фотарэпартаж Сяргея Халадзіліна, з Лельчыцкага раёна, які ўсё-такі ўвайшоў у серыю сусветных навін, і Беларусь змагла заявіць пра існаванне на яе тэрыторыі астраўка жывога архаічнага ляснога промыслу. Навіны рэгіянальных СМІ (у асноўным Гомельшчыны і Гродзеншчыны)  змясцілі інфармацыю ААН пра тое, што 20 мая 2018 года ўпершыню будзе адзначацца як Сусветны дзень пчол. Безумоўна, гэтага мала для папулярызацыі ролі пчол у жыцці людзей. У Беларусі ў асноўным прайшла толькі навіна пра рашэнне ААН, а ў краіне ў цэлым святкаванне гэтага дня ініцыявалі энтузіясты.

         Лельчыцкі райвыканкам запрасіў журналістаў адлюстраваць падзею шырока ў нашай краіне і расказаць пра дзейнасць лельчыцкіх пчаляроў па догляду пчол у лесе ў веснавую пару, іх клопат пра захаванне пчол і спрадвечнага ляснога промыслу палешукоў, які захоўваецца тут як сямейная традыцыя і развіваецца ў вясковай супольнасці. Прыехалі толькі Сяргей Халадзілін (БЕЛТА) і Анатоль Гатоўчыц з Гомеля. Шкада! Але яшчэ ёсць шанс у рэспубліканскіх СМІ адлюстраваць у Год малой Радзімы высакародную працу лельчыцкіх пчаляроў увосень, на пачатку кастрычніка, калі яны будуць дапамагаць пчолам рыхтавацца да зімоўкі. 

Дзе ў Беларусі прайшло святкаванне Сусветнага дня пчол?

         Сусветны дзень пчол у Беларусі адзначылі Гродзеншчына і Гомельшчына — спрадвечныя пчалярскія рэгіёны архаічнага пчалярства. У Гродзенскім раёне ў аграгарадку Парэчча  18 мая напярэдадні першага Сусветны дзень пчол правялі мядовы фэст з багатай разнастайнай праграмай. “Уратуем пчол разам!” — такі заклік стаў лейтматывам свята, дзе былі прадстаўлены работы мастака Алеся Квяткоўскага на выставе “Пчалінае Узнясенне”, дзе пра пчолак расказалі студэнты факультэта біялогіі і экалогіі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, дзе можна было убачыць і пакаштаваць мёд і разнастайныя вырабы з яго, дзе была выстава ручных вырабаў з тэмай пчол і мёду. Маленькія танцоркі-пчолкі дзіцячай музычнай школы мастацтваў і дарослыя артысты з Парэчча дапоўнілі свята атмасферай радасці і прадставілі свой вобраз Пчалы. Усё гэта разам — сапраўдны гімн у гонар Сусветнага дня пчол. Гродзенцы збіраюцца праводзіць такія мядовыя фестывалі штогод і славіць пчол, папулярызаваць веды пра гэтых нястомных працаўніц і заклікаць іх берагчы.

         Лельчыцкі райвыканкам арганізаваў 20 мая ў гарадскім цэнтры культуры свята ў гонар Года малой Радзімы з прэзентацыяй лельчыцкага бортніцтва як элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Прэзентацыю вяла намеснік старшыні Лельчыцкага райвыканкама Шышканава Наталля Фёдараўна. Галоўны спецыяліст аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Галіна Аляксееўна Лісіцкая расказала пра  элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны раёна, а Іван Восіпаў, які прадстаўляў Лясное бортніцтва Беларусі на прыкладзе Лельчыцкага раёна на Рэспубліканскай радзе Міністэрства культуры, акрэсліў тыя аспекты ў захаванні промыслу, якія адпавядаюць Канвенцыі ЮНЕСКА 2003 года аб захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Вячаслаў Рыгоравіч Берусь, дырэктар Мілашавіцкага лясгаса, інфармаваў прысутных пра стан лясоў у выніку нашэсця караеда і ўплыў гэтай бяды на працу бортнікаў.         Завязалася дыскусія на прадмет неабходнасці ўключэння бортніцтва ў заканадаўства, правоў бортнікаў, захаванне традыцый звычаёвага права, прычын гібелі пчол. У рамках падзеі адбылася акцыя дарэння Лельчыцкаму краязнаўчаму музею ад бортнікаў раёна.

         Патомныя бортнікі з Глушкавічаў, якія прыехалі на свята, прывезлі, дзякуючы дапамозе Мілашавіцкага лясгаса,  калодны вулей, якому гадоў 150-200, і паставілі яго каля будынка музея. Гэта дар Рыгора Самойлавіча Радзілаўца — калода прадзеда. А ці ён яе рабіў, ці можа яшчэ яго бацька — ніхто не памятае. Жэнь са скуры лася са знакамі невядомага бортніка перадаў музею Васіль Іванавіч Шкудун. Мікалай Данілавіч Астаповіч з Мілашавічаў падарыў колеса работы яго бацькі Данілы Якаўлевіча. 

Польшча таксама уключыла бортніцтва ў свой Нацыянальны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. На захаванне Лельчыцкаму краязнаўчаму музею Іван Восіпаў і Рэгіна Гамзовіч перадалі падарунак Міністэрства культуры і народнай спадчыны Польшчы — фотаальбом Кшыштафа Хейке “Апошнія бортнікі Еўропы”, дзе змешчаны матэрыял пра 36 бортнікаў з Беларусі, які выдадзены ў Варшаве ў 2017 годзе. Сустракаўся аўтар і з лельчыцкімі пчалярамі. Праўда, не пра ўсіх напісаў у гэтым выданні. Але праца зроблена грунтоўная і каштоўная. Праўда, як і мы да 2017 года, пан Кшыштаф не ведаў, колькі бортнікаў працуе ў Лельчыцкім раёне.  

         Жыхары Лельчыцаў 20 мая сціпла адзначылі Сусветны дзень пчол. Магчыма таму, што яны такія ж руплівыя і працавітыя гаспадары, як пчолы: вясной трэба засеяць, а ў маі ўжо і палоць агароды, пчалярам —паспець дагледзець пчол перад раеннем — пачысціць вуллі, зацягнуць новыя калоды, затварыць іх (тварба і лекаванне — асноўныя віды працы мясцовых бортнікаў вясной). Усяго ў раёне жывую спрадвечную традыцыю догляду пчол у лесе захоўвае каля 200 бортнікаў (у асноўным спадчынных). Сярод іх прыкладна палова актыўных, якія ўзлазяць на дрэвы, робяць новыя вуллі і ўсцягваюць іх на дрэвы, пільна сочаць за сваімі пчоламі ў лесе, даглядаюць так, як і сваю ўласную гаспадарку. А другая палова — гэта паважаныя вопытныя настаўнікі, якія перадаюць накоплены вякамі вопыт новаму пакаленню. Традыцыя сямейная, але захоўваецца і ў вясковым асяроддзі, калі суседзі і сябры кааперыруюцца для сумеснай працы, дапамагаюць адзін аднаму. А калі падлічыць сыноў, зяцёў, пляменнікаў і ўнукаў, якія выехалі з раёна ў пошуках працы на сталае месца жыхарства ў гарады, то можна лічыць, што ў Лельчыцкім раёне бортнікаў значна больш за 200. Яны прыязджаюць два разы на год вясной і ўвосень, каб дапамагчы старым бацькам і сваякам у іх клопаце пра пчол.  

Пчолы і традыцыйная культура

         Уся традыцыйная культура жыхароў Лельчыцкага раёна ўтрымлівае выкарыстанне ляснога мёду, воску і свечак у абрадах народнага календара, звычаях і сямейных абрадах. А пчала лічыцца дараванай Богам, жыццё якой і працавітасць — прыклад для людзей. Лес — тое асяроддзе, у якім нараджаюцца, жывуць, працуюць і адыходзяць у нябыт лельчыцкія палешукі. Сучасныя бортнікі выдатна разумеюць, што дзякуючы пчолам іх лес багаты на ягады, а зямля корміць раслінамі, якія яны апыляюць. Таму ўжо даўно занепакоены тым, што шмат пчол гіне зімой, а мядовы ўзятак стаў намнога бяднейшым, як у продкаў. Хоць і ў продкаў мёд быў не заўсёды, пра што сведчыць прыказка: “Хочаш меду есці, май вуллёў 200 і не ў адном месцы”. То пчолы не селі ў вулей, то вымерлі зімой, то ім нашкодзіла жаўна, куніца, мышы або мурашкі… І зараз мёд ёсць у тых, хто даглядае калод 30-40 як мінімум. У некаторых яшчэ ад продкаў засталіся вуллі ў лесе, і разам з новымі яны даглядаюць па 80-100 штук, якія паспрабуй аб’ехаць і пачысціць два разы на год, калі працуеш і маеш уласную гаспадарку…         

Бортніцтва як нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць. 

Калі ў кастрычніку 2017 года збіраўся матэрыял з мэтай надання лясному бортніцтву Беларусі на прыкладзе Лельчыцкага раёна статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, пчаляры з усіх вёсак выказвалі сваю занепакоенасць гібеллю пчол і прасілі данесці гэта да вучоных. Таму закліканыя экспертамі з Мінска вучоныя Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах пад кіраўніцтвам загадчыка лабараторыі гэтага цэнтра Алега Прышчэпчыка з 18 па 19 мая прыехалі ў складзе 6 супрацоўнікаў у раён, каб убачыць працу ў лесе аднаго з бортнікаў у Глушкавічах, а таксама пасачыць за насякомымі ў гэтую пару, сабраць матэрыял з некаторых вуллёў, у якіх пчолы загінулі. Алег Прышчэпчык лічыць, што ў выніку перамешвання генетычнага матэрыялу (яшчэ ў пасляваенны час у Беларусь у межах спецыяльнай праграмы пачалі завозіць пчол з Украіны, Каўказа, Карпатаў) пчолы-метысы дрэнна зімуюць, хварэюць.  Гэта адна з прычын гібелі пчол. Магчыма, у Беларусі цёмная лясная палеская пчала (дзікая, агрэсіўная) захавалася толькі ў Лельчыцкім раёне. І тады неабходна стварыць яе рэзерват і вывучаць тэхналогіі догляду пчол у лесе, якія захоўваюць мясцовыя пчаляры і перадаюць з пакалення ў пакаленне. На гэта спатрэбяцца гады працы. Кароткая няпланавая экспедыцыя Цэнтра была пачаткам такой працы. Будзем спадзявацца на яе працяг і дапамогу вучоных пчолам і лельчыцкім бортнікам.

         Экспедыцыя ў складзе грамадскага эксперта ў галіне нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэгіны Гамзовіч, эксперта па бортніцтву ад Студэнцкага этнаграфічнага таварыства (акрэдытаванага ў ЮНЕСКА) Івана Восіпава, фотамастака Альфрэда Мікуса працавала ў раёне з 16 па 20 мая. У выніку — 15 гадзін відэаматэрыялу, 4 тысячы фатаграфій, аўдыязапісы. Столькі ж матэрыялу было запісана ў кастрычніку 2017 года, да таго ж — 14 гадзін відэаматэрыялу радзілавіцкага вяселля (традыцыя в. Дзяржынск), дзе пчала, мёд і воск традыцыйна змацоўваюць жыццё маладых. Ёсць таксама фільм 1992 года Рэгіны Гамзовіч “Восень на Палессі” вытворчасці БТ, дзе фігуруюць два бортнікі з в. Дзяржынск. Да таго ж аўдыязапісы і фота з экспедыцый 2010-2014 гадоў. І гэтага яшчэ мала. Запісы трэба працягваць, каб засталася памяць і на яе аснове была забяспечана пераемнасць багатай традыцыі, якая ўключае ў сябе іншыя лясныя промыслы, рамёствы, абрады народнага календара і звычаі, фальклорную спадчыну гэтага краю. Праца вядзецца на энтузіязме і за ўласны кошт. У выніку аўтары спадзяюцца, што іх ініцыятыва будзе падтрымана і знойдзецца магчымасць фінансаваць праект выдання багата ілюстраванай кнігі пра лясное бортніцтва Беларусі на прыкладзе Лельчыцкага раёна.

         Практыка гэтага ляснога промыслу, найбольш пашыраная на тэрыторыі Убарцкага Палесся, каштоўная тым, што ніколі не перарывалася. Яна існуе і развіваецца, перадаецца з пакаленне ў пакаленне. Толькі пра гэта не ведаюць не толькі ў Еўропе, але і ў Беларусі мала каму вядома, што такое бортніцтва. У Год малой Радзімы варта было б ушанаваць лельчыцкіх бортнікаў як самых шчырых патрыётаў, якія прысвячаюць свайму лясному краю сваю высакародную, нялёгкую і часта небяспечную  працу, расказаць пра іх усяму свету!

 Рэгіна ГАМЗОВІЧ,

журналістка, грамадскі эксперт у галіне нематэрыяльнай культурнай спадчыны

Мінск, май 2018

Ілюстрацыя: Іван Осіпаў,  Alfred Mikus


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.