Народная гульня моладзі «Яшчар» як архаічная праява культурнай спадчыны беларусаў

Народная гульня моладзі «Яшчар» як архаічная праява культурнай спадчыны беларусаў

07.05.2018

На пасяджэнні Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны 28 красавіка 2018 г. прынята рашэнне аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці народнай гульні моладзі “Яшчар” у Пастаўскім раёне. Прапанову падрыхтавала Чатовіч Людміла Яўгенаўна, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна на падставе грунтоўнага вывучэння гэтай архаічнай традыцыі на тэрыторыі Беларусі, працяглых этнаграфічных даследаванняў у сваім раёне і актыўнай дзейнасці па пашырэнню практыкі народных гульняў сярод дзяцей і моладзі. Прапануем Вашай увазе яе даклад, падрыхтаваны для прэзентацыі элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Міністэрстве культуры.

Традыцыйная гульня моладзі “Яшчар” (або “Яшчур”) вядома на Пастаўшчыне, пэўна, з самых старажытных часоў. Падчас фальклорна-этнаграфічных экспедыцый Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна былі запісаны звесткі аб гэтай гульні ад носьбітаў традыцыйнай культуры, якія нарадзіліся ў 10-х - 30-х гг. ХХ ст. Яны сведчаць аб шырокім распаўсюджанні ў нашай мясцовасці гэтай з’явы народнай культуры. У фальклорным архіве Пастаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці захоўваюцца 18 тэкставых, аўдыя- і відэазапісаў гэтай гульні. Правядзенне “Яшчара” пэўным чынам адрознівалася ў розных мясцінах Пастаўшчыны. Гэта датычыцца не толькі слоў напеваў, але і самога ходу гульні.

Гульня “Яшчар” ці “Яшчур” (“Яша”, “Олей”) па даследаваннях этнографаў увасходзіць да славянскай раннетрадыцыйнай культуры язычніцкіх часоў і ўяўляе сабой старажытны помнік нематэрыяльнай культуры. Найбольш раннія знойдзеныя выявы – сведчанні культу змей (яшчураў, драконаў) адносяцца яшчэ да канца верхняга палеаліту (12‑10 тыс. год таму). Значэнне гэтага вобраза як сімвала ўрадлівасці прысутнічае ў ранняй міфалагічнай сімволіцы старажытных земляробчых культур. Гэты мiфалагiчны матыў з пэўнымі акцэнтамі выяўляецца і ў легендзе пра святога Юрыя-Георгiя, што перамог Дракона-змея.

Фіксацыі і даследаванні гульні “Яшчур” на Беларусі зроблены шэрагам навукоўцаў, сярод якіх Н. Я. Нікіфароўскі, М. В. Доўнар-Запольскі, Я. Ф. Карскі, К. Машынскі, І. А. Сербаў, П. В. Шэйн і інш. На падабенства зместаў  старажытнай рускай веснавой гульні “Олей”, запісанай таксама і ў Беларусі, і “Яшчур” указвае А. Лозка [4]. Беларускі навуковец адзначае, што “беларускія варыянты выглядаюць больш кансерватыўнымі, архаічнымі” [2]. Паводле навуковых прац вобраз Яшчара вызначаецца як старажытны міфічны персанаж, сакральны сімвал дзявочага сталення, які з часам стаў вядучым героем папулярнай маладзёвай забавы. Яна ўвасходзіць да абраду шлюбнай ініцыяцыі моладзі і павышэння дзетароднай функцыі маладых жанчын язычніцкіх часоў праз сімвалічнае ўміранне  і  далучэнне да моцнага “мужчынскага пачатку” – жыватворнай сілы па аналогіі з плоднасцю зямлі, якую засяваюць. У змястоўнай працы сучаснай беларускай даследчыцы Т. Бярковіч “Песенна-гульнявыя дзеі перыяду сонцавароту ў этнамузычнай традыцыі беларусаў” аўтар між іншых даследуе варыянты “Яшчара”, запісаныя на Пастаўшчыне [3], дзе адзначае мясцовыя напевы ў гульні як тыпавыя. К. Сідаровіч падкрэслівае: “Характар музычнай кадыфікацыі, у якім дамінуе рытмавая аснова, сведчыць пра перавагу гульнявой і карагоднай дынамікі, вызначальнай для каляднага часу” [7, с. 86]. І. Алексніна робіць высновы, што гэта гульня “паступова губляе свой першапачатковы язычніцкі сэнс, уяўляе сабой гульнёвую тэатралізацыю  з элементамі імправізацыі” [1]. Даследчыкі адзначаюць відавочную трансфармацыю гэтага жанра народнай спадчыны ад абраду да гульні. На працягу часоў “Яшчар” і на Варапаеўшчыне-Галбейшчыне працярпеў пэўную эвалюцыю, зберагаючы ўсё ж такі яркія архаічныя рысы, мае мясцовыя асаблівасці, якія даюць магчымасць вызначыць гістарычную, этналагічную, эстэтычную вартасці гэтай адметнай з’явы народнай культуры Пастаўшчыны, што адпавядае патрабаванням да гісторыка-культурнай каштоўнасці, вызначаным у п. 1.2 арт. 92 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

Элемент суадносіцца з найбольш старажытнымі праявамі культурнай спадчыны Беларусі, што ярка адлюстроўваецца як у марфалогіі запісаў тэкстаў з Пастаўшчыны (“Яшчар зямлю точыць… // Жаніціся хочыць…”; “Арэшкі лускае – дзевак выбірае”, сядзіць “пад яловым кусточкам”, “пад лазою”, бярэць дзяўчыну “за русую коску”, якая можа быць “у сінім паясе”; рэфрэны: “Ой, на мора!”, “Гэй, нам!” – апошні адпавядае варыянтам, запісаным літоўскім этнамузыколагам Д. Урбанавічэне, якая лічыць, што гэты рэфрэн-заклік азначае “Пойдзем!” - спасылка Т. Бярковіч), так і ў структуры самога ходу гульні – адбіранне Яшчарам вянка – сімвала цнатлівасці ці хусткі – замены вянка зімой; зварот-просьба да Яшчара – “выплакванне вянка”. Вызначаюцца і як архаічныя з’явы прымеркаванасць некаторых запісаў да веснавога і летняга часу, народнага свята Купалле, калі гулялі менавіта з вянкамі (в. Рабекі, в. Голбія, в. Грэйцева), варыянт разбягання дзяўчат, якіх Яшчар ловіць, – магчымае дачыненне да “адгонных абрадаў” (супраць інцэсту) [6] накшталт старажытнай славянскай гульні “Яшчур” альбо “Яша” (в. Манеўшчына, в. Юнькі), пакіданне ўдзельніц гульні вядучым-Яшчарам каля сябе – іх сімвалічнае “прысваенне” (в. Відлы), а таксама  пераапрананне галоўнага персанажу (в. Вайшкуны, в. Гута-Голбія). Выяўляюцца і як найбольш старажытныя такія ўмовы для дзяўчат, як выкуп вянка пацалункам Яшчара, забарона смеху, што было распаўсюджаным іспытам пры ініцыяцыях моладзі.

Адноўлены варыянт “Яшчара” адрозніваецца большай захаванасцю ад трансфармацыі ў параўнанні з аналагічнымі, дзе ўжо карагодам маглі хадзіць таксама хлопцы і дзеці. Вядучаму-Яшчару можна было аддаць не толькі вянок ці хустку, але і любую сваю рэч, а потым яе выкупіць, выканаўшы пэўнае заданне. Таксама гульня выкарыстоўвалася дзеля падбора пар. Змены ў ходзе гульні прасочваюцца і ў выпадках падабенства на гульнёвы карагод “Падушачка”, а таксама ў аб’яднанні “Яшчура” з гульнямі “Жмуркі”, “Кальцо да мяне”, якія таксама маюць сваё архаічнае паходжанне.

Мастацкімі асаблівасцямі адноўленага варыянту Варапаеўшчыны-Галбейшчыны з’яўляюцца захаванасць меладычнага складніка – архаічнага “карагодна-гульнявога слаўлення” і “выплаквання вянка” (па даследаваннях Т. Бярковіч), апрананне вядучага персанажа ў вывернуты кажух і шапку,  падпярэзванне дзягай, яго імкненне ствараць вобраз грознай існасці, што надае гульні пэўнай тэатралізацыі і дынамікі. Вызначаецца і выкарыстанне ў гульні мясцовай гаворкі, якая адносіцца да паўночна-ўсходняга дыялекта беларускай мовы (полацкая група дыялектаў) з відавочным уплывам польскай мовы.

Гульня “Яшчар” аднаўлялася ў 90-х гг. у дзіцячых фальклорных гуртках  на сяле і Нядзельным ліцэі беларускай культуры, які існаваў у той час у Паставах  на базе Вучэбна-метадычнага цэнтра аддзела культуры. Пасля перапынку традыцыйная гульня “Яшчар” з 2012 г. ізноў бытуе ў асяродку моладзі на вечарынах у вёсцы Гута Варапаеўскага пасялковага Савета. Перайманне яе ўдзельнікамі фальклорнага гуртка моладзі Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра адбылося пры сустрэчах з мясцовымі носьбітамі традыцыйнай культуры. Удакладненне аднаго з найбольш архаічных варыянтаў для гэтай тэрыторыі былі зроблены па выніках мэтанакіраваных экспедыцый супрацоўнікаў Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна (па ўзоры першай паловы ХХ ст.).

Гульня “Яшчар” у атачэнні іншых народных гульняў, спеваў, традыцыйных варожбаў і мясцовых варыянтаў побытавых танцаў – Кракавяк, Падэспань, Лысы, Лявоніха, Абэрак, вальсаў, полькаў, гульнёвых карагодаў праводзіцца на калядных, велікодных вячорках, свяце Купалле, якія арганізуе фальклорны гурток СКЦ пад кіраўніцтвам вялікай аматаркі народнай культуры, дырэктара гэтай установы, харэографа па адукацыі Тамары Валянцінаўны Маслоўскай. Вечарыны  часцей адбываюцца ў танцавальнай зале, які аформлены ў беларускім народным стылі – пад этнаграфічную хату. Музычнае суправаджэнне ажыццяўляе ансамбль народных інструментаў сям’і Пачкоўскіх – лаўрэат абласных святаў-конкурсаў “Грай, гармонік!”, удзельнік V Рэспубліканскага этнаграфічнага канцэрта “Фальклор беларускай глыбінкі” пад кіраўніцтвам таленавітага народнага музыканта і майстра народных інструментаў, главы сям’і Аляксандра Генадзевіча, што з’яўляецца таксама адметнай рысай “Гуцкіх вячорак”. Удзельнікамі такіх, кажучы па-мясцоваму, “вечарушак”, з’яўляюцца, акрамя фальклорнага гуртка, моладзь і дарослыя з в. Гута і яе наваколля – вёсак Голбія, Вайцяхі, Белькі, Полава, Рагоўскія, Косаўшчына Варапаеўскага пасялковага Савета. На вясёлыя імпрэзы  прыходзяць бацькі, настаўнікі, старэйшыя жыхары наваколля, якія ставяцца да іх як да спрыяльнай магчымасці перадачы сваёй культурнай спадчыны. Часам далучаюцца госці з іншых клубаў раёна.

Для ўключэння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь прапануецца варыянт, які адноўлены на аснове ўспамінаў прамых носьбітаў традыцыі Варапаеўшчыны-Галбейшчыны (адлегласць паміж г. п. Варапаева і в. Гута-Голбія – 8 км) і які, верагодна, найбольш архаічны з іншых. У пачатку забавы выбіраецца вядучы – хлопец-Яшчар, якога пераапранутым садзяць у сярэдзіне, і вакол яго рухаецца карагод дзяўчат з песняй (“карагодна-гульнявое слаўленне”). Падчас карагода Яшчар выбірае сабе “панну”, у якой ён забірае хустку альбо вянок, а потым кожная дзяўчына спявае вядучаму традыцыйную песню-просьбу (“выплаквае вянок”) і выконвае яго заданні, каб вярнуць сваю рэч. Таксама можна было ісці да Яшчара, а потым аддаляцца. Яшчар мог спецыяльна апранацца ў вывернуты кажух, шапку, падпярэзвацца дзягай альбо ручніком.

Гульня “Яшчар” у комлексе народных гульняў“У лямура”, “У суседку”, “На вішаньку”, “Адам і Ева”, “Споведзь”, “Галубка”, “У кісяля”, “Карміць галубцоў”, “Золата” (“Цыбулька”, “Вугалёк”), “У ручаёк”, гульнёвых карагодаў “Падушачка”, “У карагодзе мы былі” выконвае як кансалідуючую функцыю ў свядомасці ўдзельнікаў і назіральнікаў, так і сацыялізуючую, спрыяючы зносінам і новым знаёмствам маладых людзей. Удасканальваюцца не толькі іх фізічныя і псіхалагічныя якасці,  але і навыкі ўзаемадзеяння, у тым ліку з прадстаўнікамі працілеглага полу. Эстэтычны кампанент такіх народных забаў для спажыўцоў традыцыі выступае як творчае самавыяўленне, эмацыянальная экспрэсія, бо выкарыстоўваюцца таксама музычныя, песенныя, вершаваныя, танцавальныя складнікі. Веды пра гульню “Яшчар” і іншыя традыцыйныя гульні, якія праводзяцца разам, іх выкарыстанне ў святочных і культурна-адпачынкавых праграмах падтрымліваюць сувязь часоў, захаванне і пераемнасць народнай культурнай спадчыны. Яны  карысныя для педагогаў і культработнікаў пры арганізацыі пазнавальна-выхаваўчай дзейнасці ва ўстановах культуры і адукацыі, для правядзення імпрэз па народных традыцыях. На такіх “вечарушках” юнакі і дзяўчаты заахвочваюцца да вывучэння беларускай міфалогіі, а носьбіты фальклору, старэйшае пакаленне, маюць магчымасць далучыцца да мясцовай супольнасці, успомніць сваю маладосць, адчуць яркія станоўчыя эмоцыі. Дзякуючы традыцыйнаму зместу, выкарыстанню мясцовага дыялекта і аўтэнтычнага музычнага суправаджэння, такія праявы народнай культуры, як музыка, гульні, танцы, спевы, традыцыйныя варожбы моладзі, могуць уяўляць сабой цікавасць і для турыстаў як своеасаблівыя фальклорна-этнаграфічныя адметнасці краю. Такім чынам, “Гуцкія вячоркі” могуць выконваць функцыю рэсурса турыстычна-рэкрэацыйнага развіцця.

Спрыяюць практыцы перадачы элемента, акрамя Гуцкага сацыяльна-культурнага цэнтра, іншыя клубныя ўстановы раёна і асабліва суседзі – наведвальнікі Варапаеўскага горпасялковага Дома культуры, Гуцкая сярэдняя школа, іншыя школы раёна, дзе праводзяцца розныя мерапрыемствы фальклорнага накірунку.

Запісы гульні “Яшчар” датуюцца пераважна пачаткам ХХ ст., а  тэрыторыя яе бытавання насіла “куставы” характар, хоць і ахоплівала амаль усе беларускія губерніі, як адзначае эксперт элемента А. Ю. Лозка. Пэўна, нелішнім будзе адзначыць, што вобраз Цмока стаў своеасаблівым брэндам Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. Згодна мясцовай легендзе і рамана У. Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» ён жыў у Лепельскім возеры, пасля святочнага пачастунку  Цмок благаслаўляў маладых на вяселлі. З гэтай нагоды ў Лепелі пачалі ладзіцца міжнародныя фестывалі міфалогіі.

 На Пастаўшчыне, як сведчаць фіксацыі, арэал выкарыстання гэтай гульні быў паўсюдным. Сучасная сітуацыя бытавання старажытнага артэфакта вельмі нязначная. На жаль, яго існаванню і на Пастаўшчыне пагражаюць гістарычныя змены ў сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці соцыуму. Змяншаецца колькасць моладзі на сяле, больш прыарытэтнымі робяцца іншыя інтарэсы маладых людзей, развіваюцца сучасныя культурна-адпачынкавыя формы. На Пастаўшчыне прымаюцца пэўныя захады па ахове і папулярызацыі гэтага элемента НКС. “Яшчар” разам з іншымі праявамі традыцыйнай культуры выкарыстоўваецца падчас правядзення культурна-этнаграфічных акцый “Святкуем па-беларуску” з выездам фальклорнага гуртка Гуцкага СКЦ у іншыя клубы раёна. На такія імпрэзы запрашаюцца не толькі моладзь, але і людзі розных узроставых катэгорый, сярод якіх і старэйшыя жыхары – носьбіты народных традыцый. Яны з цікавасцю сочаць за дзеяй, часам выказваюць кампетэнтнае меркаванне наконт традыцыйных гульняў і танцаў, якія прапануюцца на такіх вечарынах, іх мясцовых асаблівасцях. Гульня “Яшчар” уводзіцца ў праграму народных святаў Каляды, Купалле ва ўстановах культуры і адукацыі Пастаўшчыны, традыцыйнага раённага “Шляхецкага балю”. У мэтах захавання гісторыка-культурнай спадчыны апошнія тры гады Цэнтр культуры і народнай творчасці праводзіць “Гадзіны народных гульняў” у агульнаадукацыйных школах. Мы імкнёмся прыцягнуць увагу грамадскасці да значнасці такіх элементаў, актывізаваць прамое садзейнічанне іх захаванню з боку зацікаўленай супольнасці, папулярызаваць праз публікацыі ў СМІ, інтэрнэт, тэлебачанне. Правядзенне этнавечарын з адпаведным зместам уключана ў заяўку на міжнародны праект па Праграме  трансмежавага супрацоўніцтва “Латвія-Літва-Беларусь” на 2014-2020 гг. у рамках Еўрапейскага інструмента суседства, плануецца выданне буклета аб рабоце Гуцкага СКЦ па фальклорнаму накірунку. Згодна арт. 107 Кодэкса аб культуры Пастаўскі райвыканкам дае згоду ўсебакова падтрымліваць работу фальклорнага гуртка Гуцкага СКЦ, умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу  ўстановы, ствараць умовы для выезду калектыву ў раёне і за яго межы, а таксама заахвочваць носьбітаў і пераймальнікаў народнай спадчыны. Робяцца захады па пашырэнні архіву ЦКіНТ па запісах мясцовых народных гульняў, па рэкамендацыі ўвядзення ў гадавыя планы выхаваўчай работы агульнаадукацыйных школ раёна свят па народных традыцыях і “Гадзін народных гульняў Пастаўшчыны”. У 2018 г. ЦКіНТ разам з рэдакцыяй “Паставы-ТБ” будзе падрыхтаваны відэафільм “Пераймаем спадчыну”. Таксама адпаведны сюжэт сёлета прадугледжваецца ў праекце “Культура Віцебшчыны” тэлеканала “Віцебск”. У наступным годзе маецца намер знайсці сродкі для выдання зборніка “Народныя гульні Пастаўскага краю” і распаўсюдзіць яго сярод культработнікаў і педагогаў.

Згодна п. 5.1 арт. 87 Кодэкса прадстаўлены матэрыялы фіксацыі Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна, навуковай апрацоўкі культурнай каштоўнасці – гульні “Яшчар” у навукова-даследчай працы Л. Чатовіч “Народная гульня моладзі “Яшчар” як архаічная праява культурнай спадчыны беларусаў (да пытання заяўкі на ўключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь гульні “Яшчар” у Пастаўскім раёне”), дзе зроблены высновы, што ў параўнанні з даступнымі для аналізу сучаснымі запісамі гульні з іншых рэгіёнаў Беларусі (Віцебская, Гродзенская, Мінская вобласці), дзе прагледжваецца большая трансфармаванасць сэнсу старажытнага абраду жаночай ініцыяцыі, можна адзначыць, што большасць варыянтаў гэтага элемента Пастаўшчыны вызначаюцца найбольшай старажытнасцю, а перайманне фальклорным гуртком Гуцкага СКЦ найбольш архаічнага з запісаных ў гэтай мясцовасці з’яўляецца аутэнтычным.

Адпаведны даклад і мультымедыйная прэзентацыя адбыліся на Рэспубліканскім навукова-практычным семінары “Пастаўскі край на гісторыка-культурнай карце Беларусі”, арганізаваным Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН па ініцыятыве Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа 20-21 красавіка 2017 г. у Паставах, а таксама пасля апрацоўкі новых мясцовых фальклорных запісаў 15 снежня 2017 г. на Абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Традыцыйны фальклор у сучаснасці” ў г. Лепель Віцебскай вобласці.

Гісторыка-культурная значнасць элемента была адлюстравана ў шматлікіх публікацыях, у тым ліку эксперта элемента – кандыдата філалагічных навук Лозкі А.Ю. і галоўнага спецыяліста аддзела інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння дадатковай адукацыі дарослых ІПКіПК БДУКМ Каліноўскай А.Т..

Такім чынам, Цэнтр культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна прапануе ўключыць народную гульню “Яшчар” у комплексе з іншымі мясцовымі варыянтамі беларускіх народных гульняў ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь на падставе адпаведнасці крытэрыям, выкладзеным у арт.  92 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, як яркую праяву нацыянальнай культурнай спадчыны, якая мае выразную гістарычную, этналагічную і эстэтычную вартасці, а таксама спрыяе кансалідацыі мясцовай супольнасці, творчаму развіццю і сацыялізацыі моладзі, выхаванню сапраўдных беларусаў.

Людміла Чатовіч,

вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна

Літаратура

1.             Алексніна, І. А. Карагод-гульня “Яшчур” (“Яшчар”) у кантэксце ўсходнеславянскага фальклорнага тэатра / І. А. Алексніна // Беларуская культура ва ўмовах глабалізацыі: матэрыялы нав. канф., прысв. 35‑годдзю БДУКМ, Мінск, 3 снежня 2010 г.: у 2 т. / Беларус. дзярж. унів. культ. і маст.; рэдкал.: М. А. Мажэйка [і інш.]. – Мінск: БДУКМ, 2011. – Т.1. –  С. 224-228.

2.             Беларускі народны каляндар [Электронны рэсурс ] / Аўт.-укл. А. Ю. Лозка – 2-е выд. перапрац. і дап. – Мінск: Полымя, 2002. – 240 с. Рэжым доступу: http://shkola.of.by/narodniya-guleni-vuchebni-dapamojnik-vitrimki-z-knigi-minsk-20.html?page=2. – Дата доступу: 12.04.2017.

3.             Бярковіч, Т. Песенна-гульнявыя дзеі перыяду сонцавароту ў этнамузычнай традыцыібеларусаў / Т. Бярковіч. – Мінск: Бел. дзярж. акадэмія музыкі, 2015. -169 с.

4.             Гульні, забавы, ігрышчы / Склад. А. Ю. Лозка. – Мінск: Беларуская навука, 1996. – 534 с.: нот. іл. – (Бел. нар. творчасць).

5.             Иванов, В. В. Змей [Электронны рэсурс] / В. В. Иванов // Мифы народов мира: энциклопедия: электронное издание / гл. ред. С. А. Токарев. – М.: Рос. энцикл., 2008. –  С. 387-389.

6.             Козлова, Н. К. Восточнославянские мифологические рассказы о змеях. Систематика. Исследование. Тексты. Монография. [Электронны рэсурс] / Н. К. Козлова; Научн. ред. В. М. Гацак. Омск: Издат. дом “Наука”, 2006 460 с. – Рэжым доступу: http://svitk.ru/004_book_book/15b/3317_kozlova-o_zmeyah.php. –  Дата доступу: 16.05.2017.

7.             Сідаровіч, К. Міф і рытуал у беларускай песенна-гульнявой дзеі “Яшчар”. [Электронны рэсурс] / К. Сідаровіч. // Фалькларыстычныя даследаванні: Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі : зб. навук. арт. Вып. 10 / пад нав. рэд. В. В. Прыемка, Т. В. Лук’янавай; уклад.: Т. А. Марозава. – Мінск : Права і эканоміка, 2013. – С.82-86. – Рэжым доступу: http://elib.bsu.by/bitstream/123456789/90726/1/Ксенія%20Сідаровіч%20Міф%20і%20рытуал%20у%20беларускай%20песенна-гульнявой%20дзеі%20_Яшчар_.pdf. – Дата доступу: 10.03.2018.


Зварот да спісу


Форум для отзывов 1 не существует.